Беларусі патрэбны фемінізм і вось чаму

Роўная пазіцыя жанчын у грамадстве зробіць беларускую эканоміку лепшай, бізнес больш надзейным, а сем’і трывалымі.
Марыя Русак· 22 Сакавіка 2016
Беларусі патрэбны фемінізм і вось чаму

Фемінізм – гэта хіба адзін з самых складаных і спрэчных тэрмінаў ХХ стагоддзя. Фемінізм выступае за роўныя правы жанчын, права на працу і адукацыю. Тым не меней у Беларусі гэтае паняцце застаецца незразумелым і палітычна заангажаваным. Ды і шмат хто лічыць, што ў беларускіх жанчын і так усё добра. Але насамрэч гэта не так і шкодзіць усёй краіне.

Эфектыўнае працаўладкаванне

Нягледзячы на тое, што намінальна ў Беларусі не існуе дыскрымінацыі жанчын пры прыёме на працу, пытанні пра сямейнае становішча і наяўнасць дзяцей часам адыгрываюць вырашальную ролю на сумоўі. У 8 % выпадкаў працадаўцы пазначаюць жаданы пол кандыдата – прыблізна 5 % прапаноўваюць працу толькі мужчынам, а 3 % – толькі жанчынам.

Некаторыя працы застаюцца проста забароненымі для жанчын.

Жанчыны маюць вельмі абмежаваны выбар спецыяльнасцяў у акадэміі Міністэрства ўнутраных  справаў ці наагул не могуць навучацца ў Вайсковай акадэміі. У Беларусі існуе заканадаўча замацаваны спіс з 181 працаў, якія не пасуюць для жанчын, як гэта назваў Савет міністраў, «у мэтах паляпшэння ўмоваў працы жанчын, занятых у народнай гаспадарцы, і аховы іх здароўя».

Такі спіс існуе з 1932-га года і неаднаразова змяняўся. Напрыклад, згодна з заканадаўствам, жанчына не можа кіраваць аўтобусам на міжгародніх маршрутах, не можа быць разніком жывёлы, не можа ўкладваць асфальт ці фасаваць касметычную прадукцыю.

Фемінізм патрэбны беларусам, каб навучыцца вызначаць прыдатнасць да працы паводле кваліфікацыі ды адукацыі, а не біялагічных прыкметаў.

Калі праца выконваецца аднолькава добра, то якая розніца, хто яе робіць?

Такі падыход паспрыяе дыверсіфікацыі працоўных месцаў і палепшыць канкурэнтаздольнасць, дзе “традыцыйна мужчынскія” працы жанчыны змогуць выконваць лепей.

Больш магчымасцяў для ўсіх

У Беларусі жанчыны складаюць 53,4 % ад агульнага працоўнага насельніцтва краіны, што робіць унёсак жанчын у эканоміку вельмі значным. Тым не меней па дадзеных на 2014 год заробак жанчын у Беларусі ў сярэднім складае 76.6 % ад заробку мужчын.

Нельга сказаць, што жанчын прымушаюць працаваць у сферах з больш нізкім заробкам. Але праз традыцыйныя штампы выхавання жанчыны працуюць у больш нізкааплатных сферах як, да прыкладу, ахова здароўя і адукацыя. Акрамя меншых магчымасцяў патрапіць на кіраўнічыя ды іншыя больш высокааплатныя пасады, вялікую ролю адыгрываюць сацыяльная чаканні. Такія працы, як сацыяльны працаўнік, традыцыйна пазіцыянуюцца як “жаночыя” і асацыююцца з якасцямі больш уласцівымі жанчынам.

Фемінізм патрэбны беларусам для таго, каб змяніць сацыяльныя чаканні. Напрыклад, у Нарвегіі мужчына выбірае паміж вайсковай павіннасцю ці працай у дзіцячым садку. Гэта паказвае, што няма “больш” ці “менш” мужчынскіх прафесіяў. Больш за тое, адэкватная кампенсацыя жанчынам за іх працу здыме з мужчынаў сацыяльны цяжар забяспечвання сям’і і дазволіць будаваць беларускія сем’і ва ўмовах роўнага партнёрства, а не фінансавай залежнасці. Пры адсутнасці такіх сацыяльных установак беларускія мужчыны змаглі б рэалізаваць сабе ў іншых сферах – у адукацыі ці сацыяльнай працы.

Збалансаваныя сем’і

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі жанчына можа вучыцца і працаваць амаль што роўна з мужчынамі, большая частка хатніх абавязкаў усё яшчэ ляжыць на жанчыне.

У Канадзе палічылі, што такая “бясплатная” хатняя праца складае ад 34 да 39% ВУП краіны, а ў Беларусі яна амаль што поўнасцю выконваецца жанчынамі.

Такім чынам, большасць беларускіх жанчын не толькі атрымлівае на 25 % менш за сваіх калег, але іх агульны працоўны дзень складае на 2 гадзіны больш кожны дзень, улічваючы працу па гаспадарцы.

Фемінізм беларусам патрэбны для таго, каб зразумець, што хатнія працы не з’яўляюцца выключна жаночым абавязкам. Абавязкі па гаспадарцы і даглядзе за дзецьмі павінны дзяліцца пароўну. Напрыклад, у Беларусі каля 3 тыс. беларускіх мужчын штогод афармляюць адпачынак па доглядзе за дзіцём, але гэта складае толькі 1 % усіх, хто знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Але калі мужчыны кахаюць сваіх жонак, то павінны ім дапамагчы працягваць працу ці вучобу.

Больш роўны падыход да дзіцячага выхавання палепшыць стасункі дзяцей з бацькамі і адпаведна павысіць узровень дзіцячага развіцця з-за большай увагі абодвух бацькоў.

Больш прадстаўнічасці ў бізнесе і кіраванні

Беларусь займае 27-ы радок у спісе краінаў, якія намінальна дасягнулі 30 % мэтавага паказніка па ўдзеле жанчын у працэсе прыняцця рашэнняў – у Нацыянальным сходзе іх 29,7 %. Тым не меней з 24 міністэрстваў толькі 2 узначальваюць жанчыны – Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства працы і сацзабеспячэння.

Нават у адукацыі і медыцыне, магчыма, самых “фемінізаваных” галінах, кіроўныя пасады займаюць мужчыны.

Фемінізм патрэбны беларусам для таго, каб зразумець, што жанчынам неабходна больш рэпрэзентацыі як на заканадаўчым, так і на бізнес-узроўні. Каля 25 % бізнесу ў Беларусі – гэта фірмы, якія ўзначальваюць жанчыны. Большая частка з іх працуе ў сферах, якія традыцыйна лічацца «мужчынскімі»: у прамысловай вытворчасці, будаўніцтве, інавацыйных вытворчасцях.

Сусветная статыстыка паказвае, што жаночы бізнес у чатыры разы менш схільны да банкруцтва, чымся бізнес у сярэднім. Пры гэтым на сённяшні дзень 72 % з усіх прэтэндэнтаў на пазіцыі топ-менеджараў у Беларусі – гэта мужчыны і толькі 28 % – жанчыны. Большая колькасць жанчын-прэтэндэнтак на такія пасады магла б зрабіць беларускі бізнес больш паспяховым.

Такім чынам, больш жанчын на кіроўных і бізнес-пасадах у Беларусі дазволіць не толькі палепшыць рэпрэзентацыю жанчын, але і зрабіць беларускі бізнес больш паспяховым і стабільным.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 3 Кастрычніка
Як выканаць мару Лукашэнкі і падвоіць насельніцтва Беларусі
Як выканаць мару Лукашэнкі і падвоіць насельніцтва Беларусі
Тры крокі да павелічэння нараджальнасці ў краіне.
Рыгор Астапеня· 5 Ліпеня
Беларускія ўлады няправільна змагаюцца з суіцыдамі
Беларускія ўлады няправільна змагаюцца з суіцыдамі
У Беларусі ад суіцыдаў памірае ў пяць разоў болей людзей, чым ад звычайных забойстваў. Але пры гэтым улады робяць вельмі мала, каб зменшыць колькасць самагустваў. 
Іна Чанчавік· 29 Чэрвеня
Наколькі беларускія жанчыны далёкія ад фемінізму?
Наколькі беларускія жанчыны далёкія ад фемінізму?
Нягледзячы на тое, што беларускія жанчыны відавочна дыскрымінуюцца, большасць саміх жанчын скептычна ставіцца да феміністычных ідэй.