• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Коза ностра футболу

    Або чаму ў Бразіліі на кожным слупе напісана “F*ck FIFA”.

    У час, калі чэмпіянат свету па футболе падыходзіць да сваёй кульмінацыі, варта задумацца, хто стаіць за правядзеннем самай медыйнай падзеі свету, колькасць гледачоў якой большая, чым нават на Алімпійскіх гульнях.

    The Fédération Internationale de Football Association ‑ міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцыяў ‑ аб’ядноўвае не толькі федэрацыі футболу, але і футзала (міні-футбол), і пляжнага футболу. FIFA адказвае за арганізацыю буйных міжнародных турніраў футболу, а галоўнае ‑ чэмпіянату свету. Сёння там працуе каля 310 чалавек з больш чым 35 краінаў. Вынік сусветнай глабалізацыі відавочны – FIFA непазнавальная ад сціплага пачатку ў 1904 годзе, калі ў асацыяцыю ўваходзіла ўсяго сем краінаў.

    Хоць прывабны сайт федэрацыі расказвае пра праграмы “Футбол для надзеі”, “Сумленная гульня” ці кампанію супраць расізму, FIFA сама любіць брудны спорт. Мала хто ведае, што на паперы асацыяцыя з’яўляецца недзяржаўнай і некамерцыйнай арганізацыяй, якая падпарадкоўваецца заканадаўству Швейцарыі. Нягледзячы на гэта, яе непасрэдны прыбытак ад правядзення футбольных спаборніцтваў вылічваецца мільярдамі долараў.

    Такія вялікія грошы не маглі абмінуць увагу грамадскасці, але лідарамі арганізацыі яны дэкларуюцца як “рэзерв”. У нечэмпіянатным 2013 годзе FIFA зарабіла больш за $ 1,3 млрд., але зарэгістравала чыстым прыбыткам толькі 72 млн. Пры гэтым, статус некамерцыйных арганізацыяў дазваляе такім гігантам як FIFA не сплочваць падаткі.

    Сумленная гульня?

    Сусветныя медыі асацыююць кіраўніцтва FIFA з драпежніцтвам, карупцыяй і вялікімі хабарамі, а выбар месцаў правядзення чэмпіянатаў выглядае даволі спрэчным. Паўднёвая Афрыка, Бразілія, Расея і Катар складаюць неадназначны спіс краінаў з не самаю падрыхтаванаю інфраструктураю, а што самае галоўнае, з нізкімі ўзроўнямі празрыстасці фінансавых аперацыяў і працэдураў размеркавання рэсурсаў.

    Большасць прыбыткаў FIFA наўпрост звязаныя з падзеямі чэмпіянатаў свету. Мундыяль у Паўднёвай Афрыцы прынёс амаль $ 2,5 млрд толькі праз продаж тэлевізійных правоў і крыху болей за мільярд праз продаж маркетынгавых правоў. Паўднёваафрыканскі чэмпіянат свету прыпадае на 87% ад агульнага даходу ФІФА падчас апошняга фінансавага цыклу. Лічбы ў 2014-ым павінны быць падобнымі, дасягаючы $ 5 мільярдаў.

    FIFA таксама атрымоўвае грошы ад ліцэнзавання. Ведаеце Fuleco, цацку-талісман чэмпіянату ў Бразіліі? Толькі ён адзін павінен магічна ператварыцца ў $ 37 млн. для федэрацыі.

    3

    Як і любая іншая некамерцыйная арганізацыя ў адпаведнасці са швейцарскімі законамі, FIFA не плоціць падатак на прыбыткі ад чэмпіянату свету. Больш за тое, FIFA атрымала права не плаціць іх і ў Бразіліі. У адпаведнасці з заканадаўствам Бразіліі быў створаны “шэраг ільгот па федэральных падатках, якімі надзяляюцца выключна: (1) сама FIFA і звязаныя з ёй прадпрыемствы, зарэгістраваныя за мяжою; (2) бразільскі філіял FIFA і бразільская крыніца трансляцыі; (3) дастаўцы паслугаў FIFA, якія знаходзяцца ў Бразіліі; (4) асобы-нерэзідэнты Бразіліі, якія будуць працаваць падчас чэмпіянату”. Такія ж самыя пагадненні FIFA патрабуе ад кожнай краіны, дзе праводзіцца чэмпіянат.

    Падатковая служба Бразіліі падлічвае, што падчас Кубку ў гэтым годзе эканамічныя “выключэнні” будуць каштаваць краіне $ 250 млн. Іншыя крыніцы падаюць лічбы ў два разы большыя. Некаторыя называюць гэта “поўнай субсідыяй” Кубка краінамі-гаспадарамі, пры чым, у цяперашнім кантэксце, краінамі з не вельмі стабільным эканамічным узроўнем. Чэмпіянат у Бразіліі каштуе краіне прыблізна $ 14 млрд., у той час, калі 16 адсоткаў бразільцаў жывуць па-за мяжой беднасці.

    Падчас выбрання Бразіліі краінай чэмпіянату 2014, зразумела, адбываўся эканамічны росквіт. Але грошы, накіраваныя на будаўніцтва стадыёнаў і задавальненне FIFA не прынеслі карысці звычайным жыхарам і не паспрыялі развіццю гарадской інфраструктуры. І нават калі рэстарацыі і гатэлі будуць поўнымі падчас чэмпіянату, гэта не зробіць сальда пазітыўным. Як і падчас чэмпіянату свету ў Паўднёвай Афрыцы, надзеі на стварэнне новых працоўных месцаў і развіццё гарадоў сабе не апраўдалі. Менавіта таму адбываюцца пратэсты супраць чэмпіянату ў краіне, якая любіць футбол больш за жыццё.

    Выбары, як у Беларусі

    Акрамя нясплочвання падаткаў, FIFA вядомая сваймі прэзідэнцкімі выбарамі. Ёзэф Блятэр кіруе арганізацыяй з 1998, хоць сам мае 78 год. Ён жыве ў Цюрыху, размаўляе на пяці мовах і лічыцца адным з самых уплывовых людзей у свеце: 69-ае месца на 2013 год у спісе Forbes. Transparency International часта звяртаецца з заклікам да федэрацыі змяніць структуру кіравання.

    Існуюць меркаванні, што краіны, якія атрымоўваюць права праводзіць чэмпіянат, іх наўпрост набываюць. Напрыклад, як кажа генеральны сакратар FIFA, Катар “выкарыстаў свае фінансавыя цягліцы”, каб лабіяваць прызнанне Катару права гаспадарыць на чэмпіянаце свету праз восем гадоў.

    Спонсарскія схемы

    Згодна з новаю камерцыйнаю стратэгіяй, FIFA класіфікуе маркетынгавых партнёраў на тры катэгорыі: партнёраў, спонсараў Кубка свету і нацыянальных партнёраў.

    Шэсць галоўных партнёраў сёння ‑ гэта Adidas (адказны за мяч Jabulani), Coca-Cola, Emirates, Hyundai, Sony і Visa, якія заплацілі гадавыя складкі ў памеры $ 24-45 млн. за прывілей. Восем спонсараў, у тым ліку такіх, як McDonalds і Budweiser, заплацяць $ 10-25 млн за той жа перыяд, але іх правы абмежаваныя на чэмпіянат свету.

    Варта тут узгадаць пра “Закон Будвайзера”, які падарваў меры бяспекі на бразільскіх стадыёнах. Пасля гадоў выхавання неадэкватных з алкаголем бразільскіх заўзятараў, FIFA прымусіла Бразілію зрабіць чарговае “выключэнне” і пайсці супраць мераў бяспекі. Будвайзер атрымаў манапалістычнае права на продаж піва на ўсіх стадыёнах Бразіліі падчас чэмпіянату свету.

    Такім чынам, калі наступны раз падумаеце пра тое, каб набыць прадукт з афіцыйнай сімволікай чэмпіянату, падумайце яшчэ раз. Каму пойдуць вашыя грошы? Прэзідэнту, які пры ўладзе 16 гадоў? Чалавеку, які кажа, што жаночы футбол стаў бы больш папулярным, калі жанчыны-гульцы апраналі б больш аблягаючае адзенне і карацейшыя шорты?

    Краіны-ўдзельніцы FIFA мусяць задумацца, ці павінны існаваць такія фінансавыя магнаты за кошт дзяржаваў. Які сэнс аплочваць Коза Ностру? Калі гэта, вядома, не агульная справа.

    ПаказацьСхаваць каментары