Як прадаць непатрэбнае, або што замінае беларускаму кінабізнесу працаваць

Чаму ў Беларусі дагэтуль не існуе сапраўднага кінабізнесу і як прадаць нікому непатрэбнае кіно.
Тарас Тарналіцкі · 1 Кастрычніка
Як прадаць непатрэбнае, або што замінае беларускаму кінабізнесу працаваць

Пра “Крышталь” я нешта чуў. Як прайшлі паказы?

Яны яшчэ ідуць. Ёсць ужо і пэўныя вынікі: больш за 10 тыс. гледачоў і 40 тыс. заробленых беларускіх рублёў. І гэта толькі ў Мінску. Менавіта такімі афіцыйнымі паказнікамі пакуль адзначылася скандальная стужка рэжысёркі Дар’і Жук “Крышталь”, якая з канца жніўня дэманструецца ў 40 кінатэатрах па ўсёй краіне. Спецыялісты ў галіне кінадыстрыбуцыі кажуць, што гэта вельмі добры вынік, тым больш для фестывальнага кіно капрадукцыйнай вытворчасці.

Але справа ў тым, што “Крышталь” – выключэнне з правілаў.

Вялікая колькасць іншых беларускіх стужак у айчынныя кінатэатры не трапляе, а калі неяк і прабіваецца, то амаль нічога не можа зарабіць.

Беларускае кіно сапраўды нікому не патрэбнае?  

Канешне, не. Калі б яго не глядзелі, то, відавочна, і не здымалі б.  На яго вытворчасць дзяржава кожны год выдаткоўвае мільёны долараў бюджэтных сродкаў. Праблема тут комплексная і яе вырашэнне цягнецца ўжо тры дзесяцігоддзі, з моманту, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Справа ў тым, што са знікненнем СССР развалілася цэнтралізаваная сістэма савецкага пракату, якая дзейнічала па ўсёй тэрыторыі “чырвонай імперыі”. Трэба было ствараць новую, чым акурат занятыя адмыслоўцы ва Украіне і Расіі, але ўлады Беларусі гэтае пытанне абмінаюць.

Вось таму праз неналаджаную лагістыку стужкі айчынных аўтараў трапляюць у пастку праблемаў: іх не рэкламуюць, яны вымушаныя весці канкурэнтную барацьбу са значна больш відовішчнымі галівудскімі і расійскімі блокбастарамі, ім не рады ў рэгіянальных кінатэатрах.

Асабліва цяжка гэта зрабіць незалежным ад дзяржавы кінематаграфістам, у якіх няма мінкультаўскай пратэкцыі і, часцей за ўсё, вялікіх грошай на прасоўванне сваіх стужак. Беларускі бізнес яшчэ не пачаў укладвацца ў кіно.

Калі ў незалежных творцаў грошай няма, то і ў дзяржаўных павінны быць?

Па логіцы – так, павінны быць, але рэчаіснасць аказваецца зусім іншай. “У дзяржаўных стужак рэкламнага бюджэту няма. Існуюць толькі ўласныя сродкі кінастудыі, якіх не хапае на прасоўванне кантэнту як камерцыйнага прадукту, –кажа дырэктар па маркетынгу кінастудыі Юры Ігруша. – …Замест замежнага дыстрыб’ютара з уласным бюджэтам тут працуе, скажам так, сама дзяржава”. Пад працай дзяржавы разумеецца так званы “адміністрацыйны рэсурс” – калі на фільм прыводзяць жаўнераў тэрміновай службы, школьнікаў і г. д.

Таму і атрымоўваецца, што дзяржаўны кінематограф толькі паводле словаў кіраўнікоў “Беларусьфільма” арыентаваны на тое, каб зарабіць грошай, але стварэнне ігравых стужак студыі трэба ўспрымаць як сацыяльную ці ідэалагічную замову.

Нават паказнікі выкарыстоўваюцца некамерцыйныя – колькі гледачоў прыйшло на сеанс, а не колькі стужка змагла зарабіць.

Вось гістарычны баявік “Сляды на вадзе”, які здымалі да 100-годдзя міліцыі, паглядзела 30 тыс. чалавек у Беларусі, а паводле неафіцыйных звестак аўтары атрымалі толькі 163 тыс. рублёў. Пры бюджэце ў $ 1 млн гэта сапраўдны правал.

І пакуль ніводны фільм, зняты цалкам за бюджэтныя грошы, не акупіўся ў пракаце. Менавіта таму, што на “Беларусьфільме” пакуль не зрабілі пэўных крокаў, каб прасоўваць на ўласным рынку сваю прадукцыю.

Можа ў нас сапраўды немагчыма зарабляць грошы на фільмах?

Гэта распаўсюджаны міф, але практыка даказвае адваротнае. Пра “Крышталь” мы раней узгадвалі. Есць і іншыя прыклады – камедыі “ГараШ” і “Партызанфільм”, знятыя Андрэем Курэйчыкам. Першы пры бюджэце ў $ 5 тыс. зарабіў 32 тыс. рублёў і самаакупіўся. Другі меў бюджэт у $ 40 тыс., якія ўдалося сабраць за кошт прадакт-плэйсменту – дэманстрацыі ў фільме рэкламы пэўных брэндаў. Сам фільм зарабіў 30 тыс. рублёў ці $ 15,7 тыс.

Больш за тое, дыстрыб’ютары кампаніі “Інтэрфільм” кажуць, што на дадзены момант столь збораў беларускіх стужак – гэта $ 200 тыс.

Але пакуль спробаў зарабіць гэтыя грошы зроблена вельмі мала.

Добра, тады што рабіць?

Есць некалькі падыходаў, пра якія распавялі эксперты на адмысловай сустрэчы ў Прэс-клубе.

Праграмны дырэктар фестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў прапануе больш засяродзіцца на маркетынгу, асабліва ў рэгіёнах, дзе ў кіно ходзіць мала гледачоў.

“Неабходна выхоўваць добрых маркетолагаў, у тым ліку і ў правінцыі. Тое, што кіно не зарабляе, – гэта пытанне не толькі непадрыхтаванага гледача, а менавіта тых людзей, у чыім ведамстве знаходзяцца кіназалы, і іх працы з аўдыторыяй. Што казаць, калі большасць працуе па-старому, – гэта яшчэ савецкая школа кінапракату, калі глядач сам ішоў у залы. Цяпер так ніхто не працуе. Таму, з гэтага пункту гледжання, гэта комплексная праблема – трэба не толькі выхаваць гледача, але і прафесіяналаў у пракаце”, – адзначыў Ігар Сукманаў.

Кінааналітык Максім Жбанкоў лічыць інакш.

На яго погляд, аўтары павінны здымаць сучаснае кіно, а не застарэлы шырпатрэб.

“Як мне падабаюцца гэтыя ўсе развагі, што трэба выхоўваць гледача, пракатчыка, каго заўгодна. Чаму, чорт пабяры, ніхто не кажа, што трэба выхоўваць аўтара. У нас выходзіць рэжысёр да гледача з пазаўчарашнім багажом, коснаязыкай стылістыкай, невыразнай аператарскай працай, а потым дзівіцца, што яго не ніхто любіць. Дарагі, а за што цябе любіць?” – заўважыў Максім Жбанкоў.

Прадзюсар Леанід Каліценя прытрымліваецца меркавання, што трэба шукаць грошы на добрую рэкламную кампанію – без яе малазнаёмы прадукт не атрымаецца прадаць.

“Часам памер мае значэнне, у тым ліку рэкламнага бюджэту. Калі ў цябе ёсць $50 тыс. і $ 5 тыс., – гэта розныя рэчы. Лёгка прадаваць фільм, які ўдзельнічаў у фестывалях як той жа “Крышталь”.  Вы паспрабуйце прадаць малавядомага аўтара. Мы пракатвалі альманах “Пакаленне BY” ў мінскім кінатэатры “Беларусь”, дык у першы дзень набылі тры квіткі, у другі – дзевяць, далей – чатырнаццаць, дваццаць тры… І так усё актыўней, пакуль не скончыўся тэрмін паказаў. Звычайна пракат ідзе інакш – колькасць гледачоў павышаецца, а потым спадае. А ў Беларусі ўсё наадварот”, – падкрэсліў Ленід Каліценя.

Прадзюсар дадаў: “Таксама існуе вельмі вялікая інерцыя кіналагістыкі, якая не спраўляецца са сваймі заданнямі. Напрыклад, у Магілёве мы падпісалі дамову з мясцовымі ўладамі за чатыры дні да пачатку паказаў. Мы нават не паспелі даць аб’яву ў мясцовых СМІ. Палову зала мы сабралі. Я не ведаю, як назваць гэты вынік: перамогай ці паразай”.

Падобныя тэмы
бізнескінокультура
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Тарас Тарналіцкі · 5 Лістапада
“Відавочная ізаляцыя нашай індустрыі”. Што не падабаецца рэжысёрам у айчынным кіно
“Відавочная ізаляцыя нашай індустрыі”. Што не падабаецца рэжысёрам у айчынным кіно
Мы апыталі найлепшых беларускіх адмыслоўцаў, што яны хацелі б змяніць у кіно  – ніжэй усё, што яны адказалі.
Рыгор Астапеня· 2 Кастрычніка
Як Беларусь зарабляе на кантрабандзе цыгарэт
Як Беларусь зарабляе на кантрабандзе цыгарэт
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра цыгарэтны рынак.
пераклад Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях · 29 Жніўня
Лета яшчэ не скончылася: спіс літаратуры для чытання
Лета яшчэ не скончылася: спіс літаратуры для чытання
Прыемнага чытання!