Болей ільготаў для беларускіх праграмістаў: час будаваць для іх элітны раён

Мінск павінен стварыць новы жылы і дзелавы цэнтр для працаўнікоў высокатэхналагічных кампаній. Гэта дазволіць замацаваць статус беларускай сталіцы як ІТ-хаба Усходняй Еўропы і павялічыць паток валюты ў краіну.
Юры Драздоў · 3 Снежня 2015
Болей ільготаў для беларускіх праграмістаў: час будаваць для іх элітны раён
Будаўнічая пляцоўка Інаполіса ля Казані

Поспех Парка высокіх тэхналогій – адзін з нешматлікіх прыкладаў, напэўна, удалай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва Беларусі. Рост экспарту практычна з нуля да болей чым $ 500 млн уражвае. Прычым дасягнуты ён без укладанняў з боку дзяржавы – толькі пэўныя падатковыя ільготы, але найперш высокае майстэрства нашых спецыялістаў ІТ-індустрыі сталі яго прычынай.

Але сёння сітуацыя вакол ІТ-індустрыі ў Беларусі насцярожвае.

Сам факт падрыхтоўкі ў лютым гэтага года Мінфінам праекта дэкрэта прэзідэнта, які меў змяніць рэжым падаткаабкладання працаўнікоў фірм-рэзідэнтаў ПВТ, сведчыць, што шмат хто ў грамадстве не да канца разумее важнасці ІТ-сферы для краіны. У пагоні за кароткачасовай выгадай некаторыя гарачыя галовы ў Мінфіне з энтузіязмам, які заслугоўвае лепшага ўжытку, прапанавалі адным махам знішчыць тое, што было створана цягам мінулых гадоў. Першая такая спроба была спыненая, але няма гарантый, што гісторыя не паўторыцца.

Не дадаюць аптымізму і дзеянні праваахоўных структур. Арышт вядомага прадпрымальніка Віктара Пракапені з даволі дзіўнай інтэрпрэтацыяй фактаў і адсутнасць зразумелай інфармацыі для грамадскасці прымушаюць думаць, што ўлады дагэтуль недаацэньваюць важнасць гэтай падзеі.

Усё гэта можа змяніць стаўленне сусветнай ІТ-індустрыі да Беларусі. Да апошняга часу менавіта ІТ-сфера была асноўным эканамічным лабістам Беларусі на Захадзе.

Поспех беларускіх кампаній прымушаў многіх паверыць, што нашая краіна выглядае нашмат лепей, чым той вобраз, які склаўся ў заходняй прэсе.

Цяпер гэта рабіць нашмат цяжэй.

Кіраўніцтва Беларусі павінна паказаць, што стаўленне да ІТ-кампаній не змянілася, што краіна дагэтуль падтрымлівае праграмістаў і зацікаўлена ў развіцці галіны. Для гэтага патрэбныя канкрэтныя крокі, адзін з якіх можа прынесці значную карысць як ІТ-індустрыі, гэтак і ўсёй эканоміцы, асабліва будаўнічай індустрыі, якая перажывае цяпер не найлепшыя часы.

Замест таго, каб весці сумнеўныя размовы, якім чынам трэба падвысіць падаткі на “праграмераў, якія зажэрліся”, дзяржава павінна наадварот павысіць інвестыцыі ў гэты сектар.

Чаму ПВТ пакуль не тое, што трэба

Гаворка ідзе пра стварэнне спецыяльнага раёна малаяруснай і катэджавай забудовы разам з дзелавым і адукацыйным цэнтрам, дзе будзе адпаведная інфраструктура (школы, садкі, паліклінікі). Што яшчэ больш істотна, дзяржава павінна прапанаваць на спрыяльных умовах жыллё ў гэтым раёне ІТ-спецыялістам, якія працуюць паводле замежных кантрактаў. Дадзеная мера дазволіць рэзка павялічыць валютныя прыбыткі краіны, канвертуючы ў іх рублёвыя інвестыцыі ў інфраструктуру і будаўніцтва.

Здавалася б, гэты “спецыяльны раён” і есць апісанне сённяшняга ПВТ.

Але рэчаіснасць выглядае не вельмі аптымістычна. Інфраструктура Парка высокіх тэхналогій уяўляе сабой хутчэй нейкае напаўгатовае ўтварэнне.

На тэрыторыі былога Акадэмгарадка планавалася пабудаваць цэлую серыю офісных і жылых будынкаў, аднак з розных прычынаў рэалізацыя ішла вельмі марудна і суправаджалася не вельмі прыемнымі спрэчкамі, а нават і судовымі працэсамі.

Рэалізаваны праект, канешне, лепей, чымся нічога, але набор офісных комплексаў-даўгабудаў і некалькі тыпавых панэлек на ўскрайку горада, з не зусім добрай транспартнай даступнасцю, наўрад ці можна назваць раёнам сапраўды “высокіх тэхналогій”.

Гэтым часам ля Казані

Між іншым канкурэнты ПВТ не спяць як на Захадзе, так і на Усходзе. У гэтым годзе першы тэхнапарк адчыняецца ў Вільні. Дастаткова шмат было сказана пра Сколкава, тэхнапарк на ўскрайку Масквы. Шмат хто смяецца з яго, але ўлічваючы аб’ём інвестыцый, запампаваных у праект, можна думаць, што вынік будзе, прычым нядрэнны.

Але самым добрым прыкладам для нас можа стаць Інаполіс – праект, які цяпер рэалізуецца ў Казані, сталіцы Татарстана. Менавіта яго трэба браць за прыклад, як дзяржава на самой справе павінна клапаціцца пра сваё эканамічнае развіццё.

Праект тым цікавейшы, што Мінск і Казань падобныя адзін да аднаго і памерамі, і колькасцю насельніцтва. Таму цікава назіраць, як адрозніваюцца падыходы да справы развіцця новых тэхналогій у Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Інаполіс стартаваў нашмат пазней, чым ПВТ – толькі ў 2012-ым супраць 2005-га для Мінска. Але ўжо ў 2014 годзе атрымаў статус горада, а ў 2015 годзе запрацавала першая чарга.

 

3 Рэндэры раёну Натынгем[/caption]

Зацэнь. Раён новабудоўлі ля Свіслачы. Праект ужо распрацаваны “МінскГрадам” – забудоўчшыкам мае выступіць “Трайпл”. Гэта выклікае пэўныя пытанні, але месца амаль ідэальнае, калі ствараць “Інаполіс” непасрэдна ў горадзе.

Сілічы. Найбольш падобныя на татарскі Інаполіс (таксама гарналыжны курорт у 20 хвілінах язды па трасе ад горада). Вельмі добра з боку экалогіі, але досыць далёка ад Мінска. Аднак гэты варыянт добра ўпісваецца ў канцэпцыю гарадоў-спадарожнікаў, якую ўлады плануюць усе ж такі рэалізаваць.

IT-вёска Сасновая. Адзін з доказаў таго, што праект асобнага раёна для ІТ-спецыялістаў сапраўды патрэбны і можа быць рэалізаваны дзякуючы ініцыятыве “знізу”. Месца даволі прывабнае: 15 хвілін аўтамабілем да аэрапорта і метро, побач вялікі заказнік і будаваны Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Пры падтрымцы “зверху” і выкарыстанні блізкасці да кітайскага парка ён можа таксама зацікавіць дзяржаву і атрымаць інвестыцыі.

Апошняе слова за дзяржавай

Усе гэтыя месцы, варыянты забудовы, архітэктурныя планы павінны найперш быць абмеркаваныя ІТ-супольнасцю Беларусі. Менавіта праграмістам, тэстарам, кансультантам трэба вырашыць, дзе б яны і іх сем’і жадалі пабудаваць дамы. Пасля гэтага і астатняя частка грамадства зможа таксама далучыцца да абмеркавання і дадаць свае заўвагі, каб пазбегнуць бессэнсоўных спрэчак у будучыні паміж “праграмістамі” і “простымі людзьмі”.

Аднак вырашальнае слова ўсё роўна пакуль застаецца за дзяржавай. Менавіта яна павінна вызначыцца, ці патрэбны ёй новыя тэхналогіі, грошы ад падаткаў, добры прыклад для беларускага і замежнага бізнесу ды шмат чаго іншага, што можа прынесці рэалізацыя падобнага праекта.

Пакуль што відавочна, што ўсе асноўныя паспяховыя праекты ў беларускай эканоміцы праходзяць без дзейснага ўмяшання дзяржавы.

Хоць ёсць і выключэнні кшталту нафтаперапрацоўкі, аднак і там істотны ўклад унеслі замоўцы – расійскія нафтавікі.

Стварэнне “інаполіса” будзе добрым шанцам для апалагетаў існай эканамічнай мадэлі, каб атрымаць аргумент на сваю карысць, улічваючы, што асаблівая ўвага дзяржавы да той жа дрэваапрацоўкі ці сельскай гаспадаркі вялікай карысці пакуль не прынесла.

Але калі і гэтую ідэю ўрад праігнаруе, то на грунтоўнай дыскусіі з прыхільнікамі “рынкавага” ды іншых “сацыялізмаў” можна ставіць крыж – усе іх словы пра “дзяржпадтрымку найлепшых” можна лічыць пустымі.

І, можа, сапраўды для беларускіх праграмістаў будзе лепш без асаблівага шуму будаваць свае хаткі каля Кургана Славы і з лёгкім сумам назіраць, як калегі і сябры выбіраюць, куды пераязджаць – у Тэхас ці Татарстан.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Ксенія Тарасевіч · 17 Ліпеня
Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі
Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі
У 2016-ым Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю, якіх у нас больш за паўмільёна. Гэта быў крок наперад, але дагэтуль хібаў хапае.
Лукашэнка ў эры робатаў, інсайды з сустрэчы ў ПВТ і шызафрэнія грамадства
Лукашэнка ў эры робатаў, інсайды з сустрэчы ў ПВТ і шызафрэнія грамадства
Абмяркоўваем, як Лукашэнка стаў візіянерам, чаму служба бяспекі прымушала здымаць гальштукі, адкрыцце бара Ў і Курапаты.
Глеб Ляпейка · 3 Красавіка
Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?
Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?
Беларуская дзяржава пакуль асабліва не цікавіцца кіберспортам – а дарэмна, бо гэта магло б прыносіць вялікія грошы.