• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чатыры польскія ўрокі, як падымаць рэгіёны

    Богдан Здраеўскі апавядае, чаму важна размаўляць са звычайнымі жыхарамі і як ім даць магчымасць паверыць у свой горад.

    На пачатку 1990-ых, калі зараджалася мясцовае самакіраванне ў Польшчы, многія мэры не славіліся сваёй кампетэнтнасцю, прадстаўлялі ранейшыя камуністычныя эліты і займалі свае пасады паўгода, год ці два гады. Але Богдан Здраеўскі адрозніваецца: стаўшы ў 33 гады самым маладым мэрам у Польшчы, ён паспяхова кіраваў Вроцлавам больш за 10 гадоў.

    Цяпер Здраеўскі ўзначальвае Дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, а на мінулым тыдні прыехаў на перамовы ў Мінск. “Ідэя” не была б “Ідэяй”, калі б не адставіла ў бок беларуска-еўрапейскія справы і не паразмаўляла пра тое, як развіваць мясцовае самакіраванне. Вось што нам сказаў Богдан Здраеўскі.

    Урок першы: пра кантакты з людзьмі

    У мясцовым самакіраванні ёсць дзве найважнейшыя рэчы гэта самастойнасць, якую нам пакрысе давалі цэнтральныя ўлады з Варшавы, і сувязь з людзьмі. Я хутка ўсвядоміў, што не магу ўсё ведаць і не здолею ўсё прыдумаць, таму вырашыў камунікаваць з жыхарамі Вроцлава нетрадыцыйна часта.

    Штотыдзень у мяне была гадзінная тэлевізійная праграма ў прамым эфіры з тэлефонам, які стаяў на стале журналіста. На яго званілі жыхары ды пыталіся, што будзе з дзіцячымі садкамі, казалі, што ў кагосьці, напрыклад, не працуюць батарэі ў кватэры і пыталіся, калі будзе рамонт. Я ж адказваў і казаў, што раблю і чаму.

    І вось гэтая жывая размова трывала амаль 10 гадоў.

    Фота: www.zdrojewski.info

    Таксама я чытаў усе лісты, якія мне прысылалі жыхары, а было іх 6 тысяч штогод. Вельмі шмат прымаў жыхароў у сябе, але таксама ездзіў па горадзе, калі трэба было нешта пабачыць. І тое ж вымагаў ад іншых чыноўнікаў: “не сядзіце ўвесь час за сталом, а паглядзіце на тое, што з’яўляецца прадметам вашай працы”.

    Урок другі: пра веру ў свой горад

    Калі я стаў мэрам, 70 % жыхароў Вроцлава не звязвала сваёй будучыні з горадам. Таму, калі я пачынаў інвестыцыі, то абіраў напрамкі, каб усе людзі іх бачылі, ганарыліся сваім горадам і ідэнтыфікавалі сябе з ім. Напрыклад, калі мы перабудоўвалі Стары горад, то не было высокіх платоў, а людзі хадзілі ледзьве не па будове.

    Аднойчы я нават заплаціў штраф, што ствараю пагрозу для бяспекі працы.

    Таксама я шмат казаў пра гісторыю горада. Перад ІІ сусветнай вайной Вроцлаў быў нямецкім горадам. Але пры гэтым камуністычная прапаганда казала, што тут кожны камень размаўляе па-польску. І гэтую фальш трэба было прыбраць.

    Таму я падтрымліваў выданне кніг пра сапраўдную гісторыю Вроцлава і папрасіў брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса (то бок кагосьці звонку не паляка і не немца) напісаць гісторыю горада. З дапамогай такіх і іншых рэчаў цяпер 80 % жыхароў Вроцлава ідэнтыфікуецца з горадам.

    Урок трэці: як зрабіць горад заможным

    На пачатку 1990-ых горад знаходзіўся ў страшных даўгах у Вроцлава не было сродкаў на інвестыцыі, было вельмі шмат аварый у камунальных сетках. Трэба было прыдумаць, як палепшыць эканоміку.

    Таму мы стварылі асобны дэпартамент дапамогі прадпрымальніцтву. Найпрасцей было ў сферы гандлю, бо там трэба было акрэсліць толькі месцы і ўмовы гандлю.

    Другім дэпартаментам стаў дэпартамент прыватызацыі. Усё, што маглі рабіць прыватныя фірмы, мы прыватызоўвалі, асабліва ў сферы паслугаў, напрыклад, прыборкі горада. Цэны пачалі зніжацца, павялічвалася канкурэнцыя, і горад пачаў менш плаціць за гэтыя паслугі.

    Хоць частка рэчаў засталася ў нашых руках, напрыклад, ачышчэнне вады.

    Наступнай справай было стварэнне дэпартамента па прыцягненні інвестыцый у горад. Мы прыцягвалі розныя фірмы, такія як Volvo, з якой перамовы трывалі два гады, але таксама харчовых вытворцаў як, напрыклад, Pizza Hut, ці тэхналагічныя кампаніі, якія робяць медычнае абсталяванне.

    Час ад часу банкруцілася нейкае дзяржаўнае прадпрыемства, і што было тады рабіць з людзьмі, якія там працавалі? Мы бралі і абвяшчалі тэндар на нейкую новую эканамічную дзейнасць на гэтым месцы. На пачатку было так, што я быў павінен удзельнічаць у кожнай размове. Але пасля працэс пайшоў і перамовы праходзілі ледзь не аўтаматычна.

    Урок чацвёрты: як змяняць кадры

    Я не праводзіў рэзкай змены адміністрацыі. Хутчэй, кіраваўся прынцыпам, што няма некампетэнтных людзей проста часам яны маюць неадпаведныя пасады. Кожны нешта ўмее і важна, каб ён рабіў тое, што ўмее, а не нешта іншае.

    Я паволі змяніў шмат дырэктараў дэпартаментаў старэйшага пакалення. Правяраў іх кампетэнцыі і пасля мы развітваліся. Таксама я кіраваўся прынцыпам браць маладых людзей, перадусім паміж 30 і 40 гадамі, якія маюць адукацыю і маюць сем’і, то бок адказваюць не толькі за сябе, маюць дзяцей у садках ці школах, датычныя да таго, што важна.

    Пры гэтым мы праводзілі вельмі шмат конкурсаў на пасады, напрыклад, на кіраўнікоў раёнаў ці дырэктараў школ.

    Старэйшае пакаленне не хацела ўдзельнічаць у конкурсах.

    Яны баяліся канфрантацыі з маладзейшымі ці проста лічылі, што яны не павінныя ўдзельнічаць у конкурсах. Менавіта таму часта перамагалі 30-40 гадовыя людзі. І, канешне, таксама здараліся памылкі: хтосьці прыгожа казаў, але калі даходзіла да справы, то не даваў рады. Я калісьці палічыў, які быў працэнт памылак каля 20 %, штопяты конкурс прыносіў нездавальняльны вынік. Але было варта.

    І ўсё ж пра Беларусь

    18 лютага адбудуцца мясцовыя выбары ў Беларусі, і гэта будуць апошнія выбары ў гэтым цыкле пасля прэзідэнцкіх і парламенцкіх.

    І я лічу, што гэта найважнейшыя выбары з гэтага цыкла.

    Бо выбіраецца толькі адзін прэзідэнт, невялікая колькасць парламентарыяў, але вельмі вялікая колькасць дэпутатаў мясцовых саветаў. Пры гэтым для людзей самае важнае тое, што ім найбліжэй садок, праца, дарога.

    Урэшце нельга глядзець на Беларусь толькі праз прызму Мінска. Трэба глядзець на ўсю краіну, асабліва на малыя гарады там трэба затрымліваць маладых людзей, каб яны не з’язджалі ў Мінск. Дзеля гэтага яны мусяць ведаць, што тут маюць файную працу, быць задаволенымі і адчуваць сябе гаспадарамі.

    ПаказацьСхаваць каментары