Як Францішак стаў Папам геапалітыкі

Францішак, празмерна прагматычны як на Папу Рымскага, праяўляе сябе ўдалым знаўцам глабальных справаў.
Рыгор Астапеня· 25 Лютага 2015
Як Францішак стаў Папам геапалітыкі

“Мы з ім ніколі не размаўлялі пра рэлігію,” – кажа аргентынскі дыпламат Эдуарда Вальдэс, які даўно знаёмы з цяперашнім Папам Рымскім. Францішак болей любіў абмеркаваць глабальныя справы. Паводле Вальдэса, цяперашні кіраўнік Каталіцкай царквы з’яўляецца “шалёным чытачом міжнародных навінаў”.

Ужо цягам двух гадоў Францішак перакоўвае веды ў практыку. Хоць робіць ён гэта са зменлівым поспехам, але за два гады Папа здзейсніў дзевяць замежных вандровак. Папа Ян Павел ІІ, вядомы сваімі частымі падарожжамі, меў за першыя два гады столькі ж, але быў на 19 гадоў маладзейшы.

Папа ведае свет, магчыма, найлепш з усіх дзяржаўных кіраўнікоў, бо Францішак прадстаўляе супольнасць, якая жыве на ўсіх кантынентах. Пасля таго, як тэрарысты расстралялі журналістаў часопіса “Charlie Hebdo”, у адным толькі Нігеры ісламісты спалілі прынамсі 45 хрысціянскіх святыняў і забілі 10 чалавек. Сусветныя медыі паведамлялі пра гэта мізэрна, але для Ватыкана гэтыя напады мелі не меншае значэнне, чым тэракты ў Еўропе.

Супярэчлівыя вынікі Францішка

Кіраўнік Ватыкана за два гады пантыфікату паспеў займець прычыны для гонару. Гэта ён ініцыяваў амерыкана-кубінскае дыпламатычнае пацяпленне, напісаўшы ліст Раулю Кастру і Бараку Абаму. Ватыкан ладзіў перамовы на сваёй тэрыторыі і сам быў трэцім бокам на іх. 18 месяцаў перамоваў прывялі да таго, што напрыканцы мінулага года ЗША і Куба абвесцілі пра аднаўленне дыпламатычных сувязяў – праз болей чым 50 гадоў пасля іх разрыву. Краіны абмяняліся вязнямі, а ЗША аслабілі эканамічныя санкцыі супраць Кубы.

Іншыя ж захады дыпламатыі Папы цяжка назваць паспяховымі. Яго спробы замірыць дзве Карэі былі прывітаныя ракетамі, якія Паўночная Карэя выпусціла ў бок Паўднёвай падчас візіту Францішка на Карэйскі паўвостраў. Хоць Папа і прымусіў Махмуда Абаса і Шымона Перэса пацалавацца, ізраільска-палестынскія дачыненні як былі халоднымі, такімі і застаюцца. У апраўданне Францішка трэба сказаць, што бярэцца ён усё ж за такія безнадзейныя справы, якія наўрад ці можна хутка вырашыць.

Прагматызм Папы

Хоць вучэнне Каталіцкага касцёла сцвярджае, што мэты не апраўдваюць сродкі, кіраўнік Ватыкана – прагматык. Калі Далай-Лама прапанаваў Францішку сустрэцца, Папа Рымскі адмовіў яму, каб не раздражняць Кітай. За гэта Пекін, які здаўна знаходзіцца ў глыбокім канфлікце з Апостальскай сталіцай, нядаўна ўпершыню дазволіў Папу Рымскаму праляцець над Кітаем, калі той вяртаўся з Філіпінаў. Гэта гучыць як нешта нязначнае, але для ватыкана-кітайскіх дачыненняў гэта прарыў. (Дарэчы, на Філіпінах Францішак правёў самую масавую службу ў гісторыі – для шасці-сямі мільёнаў чалавек).

Францішак наўрад ці можа падабацца старой гвардыі Касцёла. Папа не змяніў дактрыны Каталіцкай царквы адносна геяў ці абортаў, але ён яе сур’ёзна падфарбаваў. Францішак “не асуджае геяў”, а легалізацыя аднаполых шлюбаў болей не выклікае такога моцнага супраціву з боку Касцёла, як раней. Аборты, разводы, геі – усё гэта страчвае актуальнасць для публічных прамоваў Францішка.

Сам Папа болей кажа цяпер пра беднасць, асуджаючы сацыяльную няроўнасць у свеце. Але гэта прыносіць не толькі папулярнасць. Папа са сваім левым падыходам можа страчваць падтрымку правых – кансерватараў у грамадскіх пытаннях і лібералаў у эканамічных.

Але колькі б Папа не згубіў пунктаў у асяроддзі традыцыяналістаў, ён застаецца адным з найбольш папулярных грамадскіх дзеячаў свету. Даследаванне “Pew Research Center” паказвае, што 60 % насельніцтва Зямлі пазітыўна ставяцца да Францішка, а адзіным рэгіёнам, дзе яго станоўчы і негатыўны рэйтынгі аднолькавыя, – гэта Блізкі Усход. Што рабіць з такім рэйтынгам, як не змяняць свет?

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.
Рыгор Астапеня· 26 Жніўня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Новае эпічнае ВІДЭА!
Рыгор Астапеня· 7 Жніўня
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Вы не паверыце, але гэты ролік па-руску!