Шэсць факапаў і тры залатыя правілы ад крэатыўных праектаў Мінска

Расказваем, як правільна рабіць памылкі.
Кацярына Маслакова · 6 Жніўня
Шэсць факапаў і тры залатыя правілы ад крэатыўных праектаў Мінска

У канцы ліпеня адбылося заключнае мерапрыемства праекта “Зомбі-ідэі”, які адкрыў беларусам вочы на пару-тройку беспадстаўных міфаў. На фінальную вечарынку ў стылі fuckup night прыйшлі падзяліцца гісторыямі сваіх фэйлаў Алена Агарэлышава (крызіс-менеджарка Dotyk), Арцём Канцавы (заснавальнік Dev.by), Ігар Кольчанка (дырэктар піяр-агенцтва Sette), Маргарыта Лазарэнкава (арганізатарка канферэнцыі Emerge і заснавальніца Creative Belarus), Насця Рагатко (галоўная рэдактарка Kyky.org) і Ягор Рытвінскі (арганізатар Vulitsa Ezha і Stereo Weekend).

# Факап 1 ад Насці Рагатко, або пра тое, як добра, што беларусы білінгвы

“У журналістыцы фэйлы непазбежныя і здараюцца практычна кожны дзень. Напрыклад, у 2017-ым годзе наш артыкул заблакаваў Раскамнагляд. Дарэчы, артыкул быў апублікаваны яшчэ ў 2014-ым годзе і быў пра людзей, якія крадуць у крамах. З Раскамнагляду напісалі, што ў нас ёсць суткі, каб выдаліць артыкул, але вопытныя юрысты параілі нам проста перакласці артыкул на беларускую мову, бо па-беларуску ў Раскамнаглядзе ўсё роўна не зразумеюць. У выніку мы выдалілі той артыкул і выклалі новы на беларускай мове”.

# Факап 2 ад Алены Агарэлышавай, або як важна правільна ацаніць сваю мэтавую аўдыторыю

“Квір-фестываль Dotyk праходзіў сёлета 6-8-га красавіка. Аказалася, што даты фестывалю супадаюць з праваслаўным Вялікаднем. Калі мы гэта ўсвядомілі, то ўсё ж вырашылі, што нашыя мэтавыя аўдыторыі не супадаюць, а таму і праблемы няма. Аднак праваслаўныя актывісты з Магілёва пастанавілі, што мэтавыя аўдыторыі ўсё ж перасякаюцца, і ўсе, хто раней хадзіў на Вялікдзень у царкву, паедуць на квір-фэст у Мінск. Свае асцярогі яны выказалі ў артыкуле “Наклікаць гнеў Божы на народ” у газеце “Вячэрні Магілёў”, дзе, у прыватнасці, згадалі, што мы зусім страцілі сумленне.

Спагадныя ўлады адрэагавалі праверкай пляцоўкі мерапрыемства. Аказалася, што адсутнасць гарачай вады – дастатковая нагода для таго, каб лічыць пляцоўку непрыдатнай. У выніку новую пляцоўку мы знайшлі, але зрабілі выснову: нам варта працаваць больш актыўна, бо аб маштабах сваёй мэтавай аўдыторыі мы нават не падазравалі!”

# Факап 3 ад Ігара Кольчанкі, або пра тое, як прыгожа выйсці з няпростай сітуацыі

“Я хачу расказаць пра наш праект з Сяргеем Мета. Аказваецца, яшчэ тры гады таму ў Беларусі не рабілі чыпсы з бульбы, а толькі з пюрэ. Нашай задачай было прасоўванне новых чыпсаў з бульбы. У выніку вырашылі ў савецкіх традыцыях паклікаць журналістаў і блогераў у поле “на бульбу”. І вось мы едзем, а мне тэлефануюць і кажуць, што ноччу нехта выкапаў усю бульбу на патрэбным нам полі! Было прынята рашэнне пасадзіць бульбу зноў, так што запрошаныя госці капалі бульбу, ужо выкапаную кімсьці раней.

Наступны факап у гэтым праекце здарыўся, калі мы ўжо выпусцілі гэтыя выдатныя чыпсы. Новая пачка з’яўляецца ў сетцы, на ёй было напісана “чыпсы з лукам”. А павінна ж была быць цыбуля! Мы зрабілі выгляд, што гэта была проста праверка на веданне мовы беларусамі”.

# Факап 4 ад Маргарыты Лазарэнкавай, або пра тое, што ўсё прадугледзець нельга

“Распавяду пра факап, які здарыўся падчас канферэнцыі Emerge сёлета. Сабралася больш за 1,5 тыс. чалавек, і мы з маёй калегай выйшлі на сцэну з inspiring speech. І вось на фразе “networking is power” (а слова “power” у англійскай мове мае некалькі значэнняў – і сіла, і магутнасць, напрыклад электрычная), на пляцоўцы знікае электрычнасць. Наступныя некалькі гадзін мы шукалі генератар. Але дзякуючы неабыякавым людзям у Telegram, мы яго ўсё ж такі знайшлі!”

# Факап 5 ад Ягора Рытвінскага, або як не звяртаць увагі на неканструктыўную крытыку

“Vulitsa Ezha існуе ўжо 4 гады. У асноўным усе нашыя фэйлы адбываліся праз неспрактыкаванасць. Наогул тады ў Мінску ніхто не ведаў пра вулічную ежу. Першая Vulitsa Ezha прайшла ў Парку Чалюскінцаў. Мы падрыхтавалі фестываль за 2 месяцы і на ім сабралі 14 вытворцаў вулічнай ежы. Першы раз прыйшло каля 2 тыс. чалавек. Нас усе разнеслі, сказалі, што гэта не фестываль, а ўбоства. На самай справе важна аддзяляць канструктыўную крытыку ад жоўці, а нашыя першыя памылкі надалі нам сілы рухацца далей”.

# Факап 6 ад Арцёма Канцавога, або як важна разводзіць час для адпачынку і для працы

“На Dev.by рэгулярна здараюцца факапы, звязаныя з неабходнасцю штосьці “дапіліць” на партале, а годных праграмістаў знайсці складана. Калі ў цябе буйны партал, як, напрыклад, Tut.by, усё крыху прасцей. Але калі невялікі, то працаваць ніхто асабліва з табой не хоча.

Але я хачу расказаць пра больш вясёлы выпадак са сваёй ранняй кар’еры, калі я падзарабляў вясельным фатографам. Аднойчы ўвечары я сустракаўся з сябрамі, засядзеліся дапазна. На наступную раніцу мне трэба было ехаць здымаць вяселле, сілаў у мяне не было, але і адмовіцца ўжо ад фотаздымкі не мог. Фатаграфаваў я кепска, таму яшчэ тры тыдні потым ад сораму не мог адправіць фатаграфіі заказчыку. Але трэба адзначыць, што ў выніку нявеста засталася імі задаволеная”.

Тры залатыя правілы ад гасцей Fuckup night

Што рабіць, калі нешта пайшло не так?

У памылках трэба не баяцца прызнавацца ні сабе, ні людзям навокал. Трэба прызнацца, папрасіць прабачэння і паспрабаваць выправіць. Калі ж на сітуацыю ніяк нельга паўплываць, то яе трэба проста адпусціць. Ну, і вядома ж, не трэба губляць пачуццё гумару.

Як правільна рабіць: як трэба ці як хочацца?

Проста выдатна, калі як хочацца – гэта і як трэба. Аднак чым больш на цябе адказнасці, тым часцей табе прыйдзецца рабіць як трэба. У той жа час “як хочацца” – гэта часцяком нешта новае, гэта вялікія рызыкі, але часам гэта неабходна для дасягнення мэты.

Дзе шукаць натхненне?

Самае простае – гэта людзі вакол цябе. Калегі, кліенты і проста малазнаёмыя людзі. Усе, хто робяць сваю справу на сумленне, не губляюць пачуцця гумару і імкнуцца зрабіць жыццё крышачку лепшым. Таксама гэта праекты, на якія можна раўняцца, і ты сам – бо ў цябе ёсць магчымасць рабіць тое, што табе падабаецца.

Падобныя тэмы
мерапрыемства
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Кацярына Маслакова · 30 Ліпеня
Ці патрэбна беларусам свабода выбару і што агульнага паміж палітыкай і футболам
Ці патрэбна беларусам свабода выбару і што агульнага паміж палітыкай і футболам
Праводзім сеанс псіхатэрапіі для беларускага грамадства.
Кацярына Маслакова · 14 Траўня
Як звязаная (не)талерантнасць беларусаў з аквапаркам “Лебядзіны” і “дэкрэтам аб дармаедах”
Як звязаная (не)талерантнасць беларусаў з аквапаркам “Лебядзіны” і “дэкрэтам аб дармаедах”
Правяраем тонус “мускула талерантнасці” беларусаў.
Кацярына Маслакова · 7 Траўня
Чаму шкодная настальгія па савецкай адукацыі
Чаму шкодная настальгія па савецкай адукацыі
Расказваем, на чым заснаваная сённяшняя мадэль беларускай адукацыі.