Грузіны, якія рэфармуюць Украіну

Хто і навошта прыехаў у Кіеў разам з Міхаілам Саакашвілі.
Іван Шыла· 1 Красавіка 2015
Грузіны, якія рэфармуюць Украіну

Яшчэ бадай ніколі ўкраінскія чыноўнікі не размаўлялі з такім акцэнтам. Цэлая група грузінскіх спецыялістаў адмовіліся ад свайго грамадзянства, каб атрымаць пасады ва Украіне і пачаць там рэформы.

Адной з прычынаў, чаму грузіны змаглі правесці рэформы лічыцца персанальная сумленнасць каманды Саакашвілі. Амаль ад кожнага з рэфарматараў украінскія ўлады чакаюць менавіта таго ж – барацьбы з карупцыяй. Іх рэпутацыя і неангажаванасць ва ўнутраныя справы даюць грамадству надзею, што рэформы адбудуцца. Але апрача карупцыі грузінам ва Украіне ёсць чым заняцца.

Узначальвае групу Міхаіл Саакашвілі. Сярод сямі моваў, на якіх размаўляе былы прэзідэнт Грузіі, знаходзіцца і ўкраінская. У Кіеве ён вучыўся, а пасля прымаў удзел у Памаранчавай рэвалюцыі 2004-ага года. Роля Саакашвілі ёсць і ў перамозе Еўрамайдана – грузінскі лідар быў адным з першых уплывовых палітыкаў, якія падтрымалі ўкраінскі пратэст.

З лютага 2015-га ён узначальвае Кансультатыўную раду міжнародных рэформаў ва Украіне. Гэта дарадчы орган прэзідэнта, які яднае сусветных экспертаў і палітыкаў. Са словаў Пятра Парашэнкі, Саакашвілі мае стаць прадстаўніком Украіны ў свеце і прадстаўніком міжнароднай супольнасці ва Украіне. Перад гэтым Саакашвілі адмовіўся ад пасады першага віцэ-прэм’ера, бо гэта вымагала адмовы ад грузінскага пашпарта.

Пакуль публічная дзейнасць Саакашвілі выявілася ў каласальнай колькасці сустрэчаў з амерыканскімі палітыкамі ў пытаннях паставак зброі. За тры дні ён правёў 34 сустрэчы. Можна сказаць, што нядаўняе прыняцце ніжняй палатай Кангрэса рэзалюцыі аб пастаўках смяротнай зброі, – заслуга ў тым ліку і Саакашвілі.

Цяперашняе кіраўніцтва Грузіі негатыўна рэагуе на дзейнасць Саакашвілі ва Украіне. На радзіме супраць экс-прэзідэнта заведзена некалькі крымінальных справаў. У вышуку знаходзяцца і некаторыя іншыя рэфарматары. Хоць усё можа перамяніцца – у кастрычніку 2016-га ў Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары і партыя Саакашвілі можа вярнуцца ва ўладу.

Хто яшчэ прыляцеў у Кіеў

Да каманды экс-прэзідэнта ў Грузіі далучыўся Аляксандр Квіташвілі, які, пабыўшы міністрам менш чым два гады, змог перавесці 80% плацяжоў у медыцыне ў празрыстую сферу.

YUR_1928

Квіташвілі атрымаў ступень магістра дзяржаўнага кіравання ў ЗША. Працаваў у Штатах, у грузінскіх НДА, у ААН, быў кансультантам арганізацый у Літве, Азербайджане, Сербіі і Украіне.

У Грузіі быў міністрам працы, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. За два гады Квіташвілі правёў рэформу сістэмы аховы здароўя, якая прывяла да ўзнікнення страхавой медыцыны і павялічыла колькасць прыватных медычных установаў. Улады выдаткоўваюць сродкі на канкрэтнага пацыента, а не на інстытуты, пакідаючы яму права выбару, дзе лячыцца. У агульных рысах украінскую медыцыну будуць рэфармаваць у падобным кірунку – павелічэнне колькасці страховак, памяншэнне колькасці дзяржаўных лякарняў, сацыяльнае страхаванне для бедных.

Эка Згуладзэ – іншая зорка Грузіі, якая ўвайшла ў пул. У 27 гадоў яна стала намеснікам міністра ўнутраных справаў Грузіі, адказвала за структурныя рэформы і скарачэнне паліцыі. Цяпер яна – першы намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны.

Безымянный

Рэформа паліцыі ў Грузіі лічыцца адной з самых паспяховых. Аналагічныя змены Згуладзэ рыхтуе ва Украіне:  колькасць паліцыянтаў (назва “міліцыя” знікне) зменшыцца, знікне ДАІ, “пашпартныя сталы” і выдача даведак адыдуць міністэрству. Зменшыцца колькасць “сядзячых” пасадаў, стане больш патрульных на вуліцах. Усе яны атрымаюць новую форму, якая будзе адпавядаць стандартам ЕС.

Мяркуючы па тым, як ператвараецца кіеўскі ДАІ ў патрульную паліцыю, можна чакаць, што міліцыянты да 35-ці гадоў будуць праходзіць конкурс, каб захаваць сваю пасаду. А многім іх старэйшым калегам прыйдзецца звольніцца. Пачалі з ДАІ – у Кіеве ён знікне ў чэрвені, пасля ва ўсіх вялікіх гарадах. Цалкам абнавілася сістэма навучання. Выкладаюць заходнія эксперты і спецыялісты з Украіны, большасць з якіх не працавала ў “органах”. 2150 новых патрульных выпусцяцца праз два месяцы.

Давід Сакварэлідзэ, каб стаць намеснікам галоўнага пракурора Украіны, адмовіўся не толькі ад грамадзянства Грузіі. У свае 33 гады ён адмовіўся і ад дэпутацкага мандату.

Volyini-predstavili-novogo-prokurora3-1024x768

Вучыўся ў ЗША і Японіі. Быў галоўным пракурорам Тбілісі, намеснікам галоўнага пракурора краіны. Адной з перамогаў грузінскай пракуратуры лічыцца перамога над “злодзеямі ў законе”.

Яго заданне ва Украіне – заняцца інтэграваннем пракуратуры ў еўрапейскім сістэмы і яе рэфармаваннем унутры краіны, і, вядома, весці барацьбу з карупцыяй. Сакварэлідзэ абяцае заняцца атэстацыйнымі камісіямі, адкрыць дзверы маладым прафесіяналам і закрыць іх для карупцыянераў. Ён даў слова сысці ў адстаўку праз год, калі нічога з пералічанага не будзе здзейснена. Ужо паспеў паўдзельнічаць у стварэнні Антыкарупцыйнага бюро.

Апроч гэтага, ва Украіне працуюць:

Зураб Адэішвілі – кансультант Кабінета міністраў, кансультант па антыкарупцыйнаму заканадаўству. Былы міністр юстыцыі Грузіі.

Георгі Вашадзэ – аўтар рэформаў у Міністэрстве юстыцыі, у тым ліку займаўся ўвядзеннем адзіных дамоў юстыцыі, біяметрычных пашпартоў, электронным урадам. Кансультуе Кабінет міністраў.

Хація Дэканаідзэ – экс-міністр адукацыі Грузіі, былы кіраўнік Паліцэйскай акадэміі. Увайшла ў каманду Саакашвілі ў 24 гады. Ва Украіне стартавала яе Сivil and political School. У межах школы грузінскія рэфарматары будуць перадаваць досвед маладым украінцам.

Леван Варшаламідзэ – дарадца прэм’ера, быў кіраўніком аўтаномнай рэспублікі Аджарыя.

Ці атрымаюцца рэформы

У свой час Грузія стала адной з краінаў свету з найбольш хуткімі рэформамі. У рэйтынгу “Doing Business” яна паднялася са 137-га месца на 11-ае. Праблемы, якія паўставалі перад грузінамі, актуальныя і для ўладаў Украіны: карупцыя, бюракратыя, неэфектыўная паліцыя, праблемы ў энергетыцы. Саакашвілі змог заангажаваць маладых грузінаў, якія ў сваёй большасці адвучыліся на Захадзе. Прычым яны знайшлі для сабе месца на ўсіх узроўнях урада.

Да пералічаных вышэй рэфарматараў ужо далучаюцца новыя. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу ў медыях з’явілася інфармацыя пра яшчэ чатырох высокапастаўленых чыноўнікаў з Грузіі, якія папрасілі грамадзянства Украіны.

Але Украіна ў дзесяць разоў большая за Грузію і знайсці столькі грузінаў не атрымаецца. Не атрымаецца знайсці і столькі амерыканцаў ці японцаў. Першы ўрок грузінскіх рэформаў – імі павінны займацца грамадзяне сваёй краіны. Задача Парашэнкі – даць магчымасць маладым украінскім прафесіяналам заняцца рэформамі, каб людзі з бізнесу, трэцяга сектару і міжнародных арганізацый маглі рэалізаваць сабе ва ўрадзе. Грузіны дапамогуць, але асноўную справу мусяць рабіць самі ўкраінцы.

Падобныя тэмы
ГрузіярэформыУкраіна
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Сто тысяч у Nexta, Чарнобыль ад HBO і мітынг за рэформу 328
Сто тысяч у Nexta, Чарнобыль ад HBO і мітынг за рэформу 328
А таксама вынікі апытання – хто вы, нашыя слухачы.
Якая будучыня ў вышымаек, ці можна зарабіць на Дню Волі і ці прыйдзе дзень X?
Якая будучыня ў вышымаек, ці можна зарабіць на Дню Волі і ці прыйдзе дзень X?
Павел Белавус госць падкасту, які мы запісалі на Belarus Future Unconference.
Іван Шыла· 7 Траўня
Гульня тронаў, як смяяюцца з жартаў пра палітыку і новае мінскае жыццё
Гульня тронаў, як смяяюцца з жартаў пра палітыку і новае мінскае жыццё
Журналіст і стэндапер Міхаіл Ільін у ідэйным падкасце.