Важкае рашэнне Грэцыі

Блізкі рэферэндум  у Грэцыі аб умовах выплаты пазыкаў можа мець лёсавызначальныя наступствы.
Stratfor , Пераклад Касі Васільевай · 1 Ліпеня 2015
Важкае рашэнне Грэцыі

Няма сумневаў, што цяпер цяжкі час для грэкаў. У панядзелак раніцай збянтэжанае насельніцтва прыходзіць у сябе пасля выходных, поўных драматычных навінаў. А першай гадзіне ночы ў суботу прэм’ер-міністр аб’явіў па нацыянальным тэлебачанні, што рэферэндум па ўмовах выплаты пазыкаў, прапанаваны крэдыторамі Грэцыі, пройдзе 5 ліпеня. Пазней, у той жа дзень, прэзідэнт Еўрагрупы Ерун Дэйселблум абвесціў, што пераносу тэрміну плацяжу для Грэцыі не будзе, 30 чэрвеня застаецца апошнім днём – паводле паведамленняў журналістаў (верагодна, грэцкіх), якія пакідалі прэс-канферэнцыю ў слязах. А ў нядзелю Еўрапейскі цэнтральны банк аб’явіў, што замарозіць суму ліквіднай дапамогі, якую Цэнтральны банк Грэцыі мог прапанаваць грэцкім банкам, і дзень скончыўся паведамленнем, што гэтыя банкі адчыняцца зноў толькі пасля рэферэндуму.

Гэтак увесь тыдзень афарбаваны неабходнасцю прыняць важнае рашэнне ў нядзелю. Важкі цяжар адказнасці не робіцца лягчэй ад палітычных дыскусій аб сапраўдным значэнні рэферэндуму. Па-першае, асноўнае пытанне рэферэндуму сфармулявана гэтак, каб ніхто, акрамя добра інфармаваных адмыслоўцаў, нічога не зразумеў. Выбарцаў просяць вызначыць: прымаць ці не прымаць два складаныя дакументы. Каб заблытаць усё яшчэ больш, два бакі спрабуюць перакруціць значэнне галасавання пад уласныя патрэбы, а ў выніку выбарцы будуць задавацца пытаннем, каму верыць. Калі ўрад мае рацыю, грэцкія выбарцы мусяць вырашаць, ці з’яўляецца прапанова крэдытораў справядлівай. Калі яны палічаць, што гэта не так, то мусяць прагаласаваць “не” і такім чынам даручыць ураду накіравацца ў Брусель на другі раўнд перамоваў, каб дамагчыся лепшай прапановы. Аднак, ад суботы крэдыторы заяўляюць, што прапанова на стале паляпшацца не будзе, і што любое “не” – гэта “не” Еўропе, у выніку чаго грамадства сутыкнецца з верагоднымі наступствамі – так званым грэка-выгнаннем.

Каб троху праясніць сітуацыю, мы праілюструем тры магчымыя вынікі рэферэндуму, якія пацвярджаюць думку крэдытораў, што галасаванне 5 ліпеня – гэта насамрэч рэферэндум аб чалецтве ў еўразоне.

1. У выпадку адказу “не”, грэка-выгнанне выглядае цалкам магчымым. Кааліцыя радыкальных левых, альбо партыя “Сірыза”, якая дамінуе ў кіроўнай кааліцыі, уяўляе сабой несувымерную групу левых палітыкаў, погляды якіх ранжыруюцца ад памяркоўных да экстрэмальных. Ідэалістычныя тэндэнцыі ў экстрэмальным крыле, прадстаўленыя ў Кабінеце міністрам энергетыкі Панагіёцісам Лафазанісам, былі ў некаторай ступені суцішаныя, у прыватнасці таму, што ўрад “Сірызы” атрымаў перамогу ў галасаванні з мандатам весці рашучыя перамовы, але заставацца з еўра. Калі грэкі прагаласуюць супраць прапановы крэдытораў на гэтым напружаным этапе – з зачыненымі банкамі і надыходзячым 20 ліпеня тэрмінам выплаты сур’ёзнай пазыкі Еўрапейскаму цэнтральнаму банку – і пасля зразумелых намёкаў Еўропы, што галасаванне супраць цалкам верагодна можа прывесці да грэка-выгнання, гэтыя фактары будуць сведчыць пра тое, што кайданы зламаныя. Для памяркоўных будзе значна складаней аспрэчыць аргумент, што няўдалыя перамовы прывядуць цяпер да канчатковага выніку – грэка-выгнання.

2. У выпадку адказу “так”, для любога дэмакратычна абранага ўрада будзе цяжка не прыйсці да дамоўленасці, таму грэка-выгнання пакуль удасца пазбегнуць. Аднак урад можа прыняць адну з дзвюх формаў, першая з якіх – новая адміністрацыя. У суботу Дэйселблум намякнуў, што крэдыторы Грэцыі будуць змагацца за тое, каб заключыць здзелку з урадам, які прасоўваў адказ “не”, паколькі гэты ўрад не будзе цалкам інвеставаны ў працэс рэформаў. Калі адбудзецца так, крэдыторы могуць паспрабаваць выкарыстаць станоўчы вынік галасавання, каб паспрыяць змене ўраду ў Грэцыі, магчыма, адкладаючы ўрэгуляванне да самога моманту змены, хаця гэта будзе далікатны працэс, улічваючы хісткую пазіцыю Грэцыі цяпер. Узнікаюць дыскусіі аб тым, што ўрад могуць прымусіць пайсці ў адстаўку пасля адказу “так”, бо будзе відавочна, што яны прайгралі, нягледзячы на двухсэнсоўныя выказванні прэм’ер-міністра Алексіса Цыпраса па гэтым пытанні ў панядзелак. Галоўная праблема гэтага сцэнара – гэта адсутнасць яснай альтэрнатывы ўрада “Сірызы”, паколькі іншыя кандыдаты яшчэ больш агідныя для еўрапейцаў – фашысты і камуністы ўжо паспелі дыскрэдытаваць сябе ў вачох грамадства Грэцыі.

3. Іншая форма, якую можа прыняць урад Грэцыі пасля адказу “так”, – гэта пакінуць, усё як ёсць, з нязначнымі зменамі. Такая опцыя, верагодна, і ёсць план Цыпраса. Крэдыторы Грэцыі праявілі непадатлівасць у перамовах за апошнія пяць месяцаў, і Цыпрас патрапіў у пастку. Крэдыторы адмаўляюцца зменшыць патрабаванні, грамадства хоча застацца ў еўразоне, чальцы партыі Цыпраса хочуць захаваць вернасць сваёй ідэалогіі, нягледзячы ні на што. У гэтым сцэнары Цыпрас выкарыстоўвае народны рэферэндум як зброю супраць ідэалогіі ва ўласнай партыі, прадстаўляючы адказ “так” як факт, які адбыўся, тым часам абараняючы сваю вагу ў партыі “Сірыза” шляхам зацятага змагання за адмоўны адказ. Можа быць, цяжка выблытацца з гэтай сітуацыі паспяхова пры такой стратэгіі, бо некалькі найбольш радыкальных чальцоў “Сірызы” хутчэй пададуць у адстаўку, чым стануць часткай згодлівага ўрада. Цыпрасу трэба будзе найперш пераканаць іншыя палітычныя партыі сфармаваць з ім новую кааліцыю, потым пераканаць крэдытораў заключыць здзелку з прэм’ер-міністрам, які змагаўся супраць яе. Гэта складаная стратэгія, але, магчыма, гэта адзінае выйсце з пасткі, у якую ён трапіў.

Такім чынам, насельніцтва Грэцыі мусіць прыняць складанае рашэнне. Аналітык “Стратфара” ў Афінах паведамляе, што настрой у горадзе пануе хутчэй панылы, чым дзёрзкі. Грэкі не могуць забраць свае грошы з банкаў, і наперадзе ў іх незразумелы, але адначасова надзвычай важны выбар, які ім давядзецца зрабіць напрыканцы тыдня. А потым пачынаецца невядомая будучыня. Апытанні грамадскай думкі паказваюць: каля 65 % за тое, каб застацца з еўра. Адказ “так” прадэманструе адназначны выбар на карысць бяспекі, і гэта падаецца найбольш верагодным варыянтам развіцця падзей – спыненне катастрофы ў апошні момант. Калі адбудзецца так, паўстане пытанне, ці здолее Цыпрас адвесці ад сябе ўласную бяду, ці эксперымент “Сірызы” працягнецца яшчэ на некаторы час.

Аднак, якім бы ні быў лёс урада Цыпраса, адказ “так” і наступнае пагадненне з крэдыторамі не знішчаць тыя сілы, якія перадусім справакавалі дадзеную сітуацыю. Неўзабаве Еўропа вернецца да гэтага ўжо знаёмага пункта, і з кожным колам ціск будзе нарастаць. Цяпер, можа, і не настаў момант грэка-выгнання, але нельга сказаць, што такі момант не настане ніколі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Джэрэмі Шапіра (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 25 Кастрычніка
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Тры высновы пра масавую камунікацыю, што робяць палітыкі ў ЗША і за мяжой на падставе досведу цяперашняга амерыканскага прэзідэнта.
Густаў Грэсэль (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 8 Кастрычніка
Расійскія вучэнні з кітайскай спецыфікай
Расійскія вучэнні з кітайскай спецыфікай
Вучэнні «Усход-2018» прадэманстравалі, што расійскія ўзброеныя сілы вучыцца на падставе заходняй тэорыі і сірыйскай практыкі. У сваю чаргу, кітайскія вайскоўцы, прысутныя на вучэннях упершыню, будуць вучыцца ў расійцаў.
Сэбасцьян Дулін (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 26 Верасня
Ці ў стане ліберальная дэмакратыя перажыць яшчэ адзін фінансавы крызіс?
Ці ў стане ліберальная дэмакратыя перажыць яшчэ адзін фінансавы крызіс?
Выглядае, што мы не засвоілі ўрокі нядаўняга мінулага і, можа быць, нам выпадзе паўтараць іх у будучыні.