Чаму “зялёная” эканоміка такая важная для Беларусі

Разглядаем, як “зялёныя” інавацыі змяняюць эканоміку краіны.
Антон Раднянкоў· 5 Чэрвеня
Чаму “зялёная” эканоміка такая важная для Беларусі

Для краіны, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, а цяпер з цяжкасцю праводзіць структурную трансфармацыю эканомікі, вельмі важна забяспечваць устойлівы рост, не павялічваючы пры гэтым экалагічнай рызыкі.

Такі канцэпт развіцця прынята называць “зялёнай” эканомікай, калі ўвага надаецца і аднаўляльным крыніцам энергіі, экалагічнаму транспарту, арганічнай сельскай гаспадарцы ды іншым відам экаінавацый. Але каб эфектыўна ўкараняць гэты падыход, неабходныя як адпаведныя тэхналогіі, так і жаданне ўладаў.

Менавіта на гэта быў накіраваны буйны праект Еўрапейскага Саюза “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, які скончыўся ў снежні 2017-га года. За тры гады па ўсёй краіне былі рэалізаваныя больш за 20 пілотных ініцыятыў, а мы паспрабуем разгледзець самыя цікавыя з іх.

Арганічная сельская гаспадарка

Экалагічна чыстая ежа, якая вырошчваецца з улікам усіх неабходных стандартаў, робіцца новым трэндам на Захадзе. Такую прадукцыю цяжэй вырошчваць, яна атрымліваецца даражэйшай, для яе неабходна мець асобную тэхніку, а таму далёка не ўсе фермеры гатовыя рызыкаваць. Потым яшчэ трэба прайсці доўгую працэдуру сертыфікацыі (можа заняць да трох гадоў), якая каштуе для вытворцы не маленькіх грошай.

І тым не менш гаспадаркі Ашмянскага, Валожынскага і Смаргонскага раёнаў рызыкнулі: “Усё больш фермераў пачынае думаць пра тое, каб адыходзіць ад экстэнсіўнай сельскай гаспадаркі і пераходзіць на арганічную. Гэта можа быць больш прыбыткова. Да таго ж няма патрэбы ў такой колькасці дарагой хіміі ды іншых сінтэтычных угнаенняў, – заўважыла Алена Хвашчэўская, менеджарка пілотнай ініцыятывы. – Да таго ж фермеры разумеюць, што так яны не выпальваюць глебы, пакідаюць яе здаровай”.

Дзякуючы пілотнай ініцыятыве плошчы, адведзеныя пад арганічную сельскую гаспадарку, павялічыліся на 43 гектары.

Абраная фермерская гаспадарка закупіла адмысловае абсталяванне для вытворчасці арганічных угнаенняў, прайшла неабходную сертыфікацыю па стандартам ЕС.

Але галоўныя выклікі, паводле Алены Хвашчэўскай, хаваюцца не ў гэтым: “Цяжка працаваць без дзяржаўнай падтрымкі. Пакуль у нас няма адмысловага закона аб арганічнай сельскай гаспадарцы , любы вытворца можа сказаць, што ўся яго прадукцыя – экалагічная, ніякіх пацверджанняў ці сертыфікатаў не трэба. Закон жа створыць рынак арганічнай прадукцыі, вытворцы зразумеюць навошта ім сертыфікацыя, змогуць экспартаваць сваю прадукцыю ў суседнія краіны. Пакуль жа кожны, у каго ёсць лецішча за горадам, лічыць, што ў яго арганічная прадукцыя”.

Пры ўсіх цяжкасцях тэма цікавіць прагрэсіўных фермераў. “Мы праводзілі адукацыйныя мерапрыемствы і вучыцца да нас прыехала 50 фермераў. Усе пыталіся пра нашыя “Рэкамендацыі па вядзенні арганічнай гаспадаркі”. Самыя моцныя фермерскія гаспадаркі пачынаюць пераходзіць на арганіку”, – заўважыла спадарыня Алена.

Зялёныя дахі

У гарадах з бетону і асфальту, дзе ўжо не хапае месца для дрэваў і раслін, усё часцей пачынаюць азеляняць дахі будынкаў. Гэта не проста прыгожы крок і моднае месца для адпачынку, але яшчэ і энергаэфектыўны захад. Такія дахі з’яўляюцца прыроднай тэрмаізаляцыяй, збіраюць дажджавую ваду, робяць непатрэбнымі складаныя дрэнажныя сістэмы.

Адзін з такіх зялёных дахаў зрабіла сабе гімназія ў Мар’інай Горцы. “У нас даўно было жаданне перанесці зелень на дах будынку, такі экадызайн увогуле вельмі папулярны цяпер у свеце. Пры гэтым, акрамя сацыяльных, экалагічных і эканамічных аспектаў, мы шмат увагі надаем адукацыі. Мы распрацавалі адмысловую праграму па біялогіі ды экалогіі, да нас прыязджаюць вучні і настаўнікі з усяго раёна”, – расказаў Міхаіл Дубавік, старшыня грамадскага аб’яднання “Пухавіцкі край”.

Такі дах цягам года забяспечвае кіслародам 100 чалавек, ён паглынае пыл і шкодныя газы з навакольнага асяроддзя, зімою забяспечвае пасіўнае цеплазберажэнне. “Па сутнасці, мы першыя, хто азеляніў прамысловы будынак у Беларусі, гэта быў вялікі выклік і для праектных арганізацый, і для дзяржэкспертызы, і для будаўнікоў”, – адзначыў спадар Міхаіл.

Вытворчасць паперы з другасных рэсурсаў

Цяпер у Беларусі можна набыць высакаякасную офісную паперу, якая вырабленая з макулатуры. Такі праект з бюджэтам у € 860 000 быў рэалізаваны на Папяровай фабрыцы Дзяржзнака ў Барысаве.

“Як камерцыйнаму прадпрыемству, якое не атрымлівае датацый ад дзяржавы, нам заўсёды цікавая тэма пашырэння асартыменту прадукцыі ды паляпшэнне эканамічнай эфектыўнасці”, – заўважыў Аляксей Кашын, намеснік галоўнага інжынера. – Перапрацоўка макулатуры нас цікавіла даўно. Яшчэ раней мы закупілі простае абсталяванне для гэтых патрэбаў, але, як даведаліся пра ініцыятыву ЕС, то адразу падалі заяўку”.

У выніку пасля таго, як прадпрыемства атрымала італьянскае абсталяванне, блізу 35 % беленай цэлюлозы будзе заменена макулатурай. Скарачэнне выдаткаў на сыравіну складзе каля € 800 000 у год. Яшчэ каля € 17 000 атрымаецца зэканоміць дзякуючы энергаэфектыўнасці новага абсталявання, якое было закуплена пры падтрымцы ЕС.

“Звычайна макулатуру перапрацоўваюць у нізкаякасную, пакавальную паперу. Нашыя высокатэхналагічныя працэсы дазваляюць вырабляць з макулатуры белую паперу”, – зрабіў акцэнт Аляксей Кашын.

Экалагічна бяспечны антыфрыз

Ахаладжальныя вадкасці, якімі карыстаюцца аўтаўладальнікі, звычайна вельмі таксічныя. Калі такі антыфрыз трапляе на глебу, то некалькі гадоў там нічога не прарасце. Нечакана, але “Гомельхімторг” знайшоў вырашэнне праблемы.

“На адным з дзелавых спатканняў дырэктар прадпрыемства паставіў на стол бутэльку з мутнаватай вадкасцю і сказаў, што гэта новы экалагічны антыфрыз, зроблены паводле інавацыйнай тэхналогіі на падставе іншага кампанента”, – узгадаў Яўген Зуеў, дырэктар установы «Садзейнічанне развіццю бізнесу», які рэалізоўваў дадзеную ініцыятыву.

“Наш антыфрыз амаль бяспечны. Мы рабілі нават эксперымент: палівалі ім фікус – і нічога, расце, здаровы. Звычайны антыфрыз – гэта атрута для прыроды, а жорсткіх патрабаванняў па ўтылізацыі няма”, – сказаў спадар Яўген.

У межах праекта для “Гомельхімторга” было закупленае новае абсталяванне, створаныя працоўныя месцы, а сама вытворчасць на першым этапе складзе 1 000 тон у год.

“Насамрэч, гэтая тысяча тон – толькі першая ластаўка. Мы плануем істотна нарошчваць вытворчасць, бачым пазітыўныя водгукі. Прыемна, калі людзі, якія даведваюцца пра нашую ініцыятыву, здзіўляюцца, што ў Беларусі могуць распрацоўваць такое тэхналагічнае ноў-хаў”, – заўважыў Яўген Зуеў.

Часам падобныя ініцыятывы маюць лакальны характар, але той факт, што цікавасць да развіцця “зялёнай” эканомікі бачная па ўсёй краіне, не можа не натхняць. Пры гэтым ва ўкараненні “зялёных” падыходаў зацікаўленыя як недзяржаўныя арганізацыі, так і прыватны бізнес. Дзяржава таксама намагаецца не прапусціць гэтага трэнду. Так, у самым канцы 2016-га года быў прыняты Нацыянальны план дзеянняў па развіцці “зялёнай” эканомікі да 2020 г. Улічваючы такі імпэт афіцыйнага боку і падтрымку Еўрапейскага Саюза, можна сказаць, што “зялёны” падыход паволі пачне перамагаць старыя метады вядзення бізнесу ў краіне.

Дадзены артыкул быў падрыхтаваны ў межах праекта “Усходняе суседства ЕС“. Меркаванні, выказаныя ў артыкуле, належаць выключна аўтару.

Падобныя тэмы
грантыЕСэнергія
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Падкаст злева: уся справа “Белсата” за 40 хвілінаў
Незапланаваны выпуск ідэйнага і самага нецэнзураванага падкаста Беларусі. 
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Спойлеры трох наступных выпускаў “Новых беларусаў” і расійскі пасол у новым ідэйным падкасце.
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Думкамі ў Воршы і з новым прэм’ерам