Як гараджане могуць самі ператварыць Мінск у смарт-сіці

Мы ўсе ганарымся кожным дасягненнем беларускай ІТ-індустрыі, але як гэта перанесці ў гарадскую прастору?
· 8 Чэрвеня 2016
Як гараджане могуць самі ператварыць Мінск у смарт-сіці

Беларусы запускаюць стартап-канкурэнта Uber у Нью-Ёрку і выходзяць у топ-5 камандаў у спаборніцтве NASA, яшчэ некалькі тысяч праграмістаў працуюць у EPAM, Wargaming і дзясятках іншых цікавых ІТ-кампаніяў. Чаму ж пры такой канцэнтрацыі якасных чалавечых кадраў Мінск тэхналагічна дагэтуль застаецца пераважна савецкім горадам.  

Нашыя аддзяленні пошты трашчаць ад чэргаў, у якіх стаяць людзі, каб пакласці грошы на мабільны тэлефон ці забраць пенсію. А e-governance абмяжоўваецца магчымасцю даслаць скаргу праз сайт выканкама ці паглядзець расклад руху грамадскага транспарту з сайта Мінсктранса. Пакуль гарадскія ўлады занятыя невыканальнымі задачамі, кшталту ўвядзення электрабусаў (добра, што хоць не ўжываннем струннага транспарту), паглядзім: якія сусветныя практыкі могуць выкарыстаць мінчукі, каб самастойна палепшыць свой горад.

Час для ІТ-вырашэнняў

Як бы нам не здавалася, што нашая сталіца даволі правінцыйная, але Мінск з’яўляецца восьмым горадам у кантынентальнай Еўропе па колькасці насельніцтва (крыху саступае Парыжу і апярэджвае такія гарады, як Вена, Будапешт, Варшава і Барселона). Адпаведна горад, дзе штодня перамяшчаюцца сотні тысяч людзей, з’яўляецца цудоўнай пляцоўкаю для ўкаранення ІТ-вырашэнняў.

Пры такой канцэнтрацыі якасных чалавечых кадраў Мінск тэхналагічна дагэтуль застаецца пераважна савецкім горадам

Такая вялікая колькасць насельніцтва і даволі добры інтэрнэт даюць добрыя перспектывы для эканомікі абмену (sharing economy) і краўдсорсінга. Гэта тычыцца як нізавога ўзроўню, калі жыхары самастойна могуць адпраўляць на спаборніцтвы сваіх чэмпіёнаў, выплочваць штрафы дзяржаве, друкаваць сабе кнігі і нават абменьвацца рэчамі

Таксама гэта важна і для вышэйшага ўзроўню, дзе да апошняга часу толькі ўлады праз свае буйныя інфраструктурныя праекты вызначалі, як жывуць і перасоўваюцца гараджане. Найбольш гэта заўважна ў сферы транспарту, у якой апошнімі гадамі адбываецца выбух рэвалюцыйных праектаў.

Гістарычна ўлады былі адказныя за якасць гарадской мабільнасці, планавалі новыя развязкі, рэгулявалі працу святлафораў, спрабавалі аптымізаваць грамадскі транспарт ды іншыя рэчы выключна праз вертыкальныя рашэнні з апорай на цэнтралізацыю, бюракратыю і кантроль.

Да апошняга часу толькі ўлады праз свае буйныя інфраструктурныя праекты вызначалі, як жывуць і перасоўваюцца гараджане. Сёння гараджане здольныя самастойна вырашаць некаторыя з гэтых справаў

Сёння гараджане здольныя самастойна вырашаць некаторыя з гэтых справаў. Стартап Waze (які Google набыла за $ 1 млрд) дазваляе перахітрыць заторы. Гэта навігатар, які працуе паводле прынцыпу краўдсорсінга, калі кожны кіроўца не толькі дзеліцца сваёй інфармацыяй пра хуткасць руху, але таксама можа пазначаць на мапе месцы са здарэннямі, перакрытымі вуліцамі, ДАІшнікамі, якія схаваліся, і інш. У выніку карыстальнікі атрымліваюць самую аператыўную інфармацыю на дарогах (часцяком нават хутчэй за гарадскія службы) і здольныя эфектыўна планаваць свае перамяшчэнні па горадзе, пазбягаючы буйных коркаў.

Іншы стартап, Moovit, (які часта называюць “Waze грамадскага транспарту”) дазваляе гараджанам эфектыўна планаваць свае паездкі на грамадскім транспарце, аналізуючы ўсе маршруты, час іх адпраўлення і пажаданні самога пасажыра. Карыстальнікі ў рэальным часе могуць атрымліваць апавяшчэнні аб здарэннях, ацэньваць якасць і дакладнасць маршрутаў. Абодва дастасаванні дапамагаюць гараджанам не губляць часу, чакаючы грамадскі транспарт ці стоячы ў корку (а гэта адныя з галоўных праблемаў сучасных гарадоў).   

Навошта гораду ставіць шмат датчыкаў, калі імі могуць быць самі гараджане

Адметнасць гэтых праектаў – тое, што самі карыстальнікі могуць заносіць усю неабходную інфармацыю ў праграмы і пры неабходнасці рэдагаваць мапы. У выніку праекты працуюць па ўсім свеце (Moovit, да прыкладу, працуе ў 900 гарадах), а месячная аўдыторыя кожнага з праектаў складае каля 50 млн чалавек. Таму шмат у якіх краінах гарадскія ўлады вымушаныя падключацца да гэтых праграм, каб атрымліваць самую свежую інфармацыю. Бо навошта ставіць шмат датчыкаў, калі імі робяцца самі карыстальнікі.

Прыкладам для астатніх тут з’яўляецца Рыа-дэ-Жанэйра, які праз праграму Waze Connected Citizens аналізуе дадзеныя паводле складанасці затораў, каб аптымізаваць працу святлафораў, палепшыць разметку – і ў выніку хутка адсачыць, як працуе тое ці іншае вырашэнне. Таксама гарадскія ўлады маюць магчымасць аператыўней рэагаваць на транспартныя здарэнні (штодня атрымліваюць каля 60 тыс. паведамленняў) ды інфармаваць кіроўцаў пра рамонтныя працы ў горадзе. Праз Moovit, які таксама будзе афіцыйным транспартным дастасаваннем падчас Алімпійскіх гульняў, горад адсочвае самыя напружаныя маршруты і прыпынкі, таксама атрымлівае паведамленні пра здарэнні ды якасць абслугоўвання на маршрутах.

Наступны крок для гарадской мабільнасці – гэта рост папулярнасці карпулінга, які дзякуючы сучасным тэхналогіям можа нарэшце стаць зручным. Ідэя ў тым, што большасць кіроўцаў ездзяць па сваіх штодзённых маршрутах адныя ў машыне. Калі, істотна не адхіляючыся ад свайго маршруту, кіроўца можа падабраць аднаго ці двух спадарожнікаў, то пакрые гэтак свае выдаткі на бензін і пазбавіць горад ад дадатковага трафіка. Uber, Waze і Lyft ужо запусцілі ў пілотных гарадах свае версіі карпула і, калі яны здолеюць ажывіць гэтую ідэю, то неўзабаве зручны карпул з’явіцца ва ўсіх буйных гарадах свету.

tedtalk

Вось так UberPool змяншае коркі ў Сан-Францыска

Аднак гараджане таксама могуць ствараць патрэбныя Мінску праграмы. Самым эфектыўным фарматам тут з’яўляецца хакатон, калі гарадскія актывісты, прадстаўнікі НДА і праграмісты разам распрацоўваюць пілоты сацыяльна значных праектаў. Такога кшталту мерапрыемствы сталі нормай нават для суседніх краінаў, у нас жа пэўныя спробы ў гэтым кірунку робіць супольнасць Open Data Belarus.

Менавіта развіццё ІТ у шмат якіх гарадскіх пытаннях увяло прынцып “хто найбольш спажывае, той і найбольш кантралюе” (нават калі гэта зроблена праз дастасаванне 115.бел). Пры гэтым, як і ў выпадку ўсіх краўдсорсінгавых прадуктаў, чым больш імі карыстаюцца, тым лепш яны працуюць. Мінчукам трэба актыўней карыстацца гэтымі магчымасцямі (тыя ж Waze і Moovit працуюць у Мінску), а там, магчыма, і ўлады падцягнуцца.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 4 Лістапада
Чаму столькі шуму вакол ПЭН, дзе рэфарматарскі дух KEF і як у Польшчы атрымалася?
Чаму столькі шуму вакол ПЭН, дзе рэфарматарскі дух KEF і як у Польшчы атрымалася?
У апошнім выпуску абмяркоўваем самыя гарачыя падзеі тыдня.
Антон Раднянкоў , Іван Шыла· 27 Кастрычніка
Як пачынаецца дзень дэпутата, з якіх кубкаў не п’юць камуністы і што рабіць пасля дэпутацтва?
Як пачынаецца дзень дэпутата, з якіх кубкаў не п’юць камуністы і што рабіць пасля дэпутацтва?
Ганна Канапацкая ў Ідэйным падкасце. Размаўляем пра вынікі яе працы ў Палаце прадстаўнікоў, Дзяніса Ціханенку і палітычную будучыню пасля сканчэння кадэнцыі.
Антон Раднянкоў , Іван Шыла· 20 Кастрычніка
Малады рэфарматар Фядотаў пра выбары, інавацыі і ПВТ 3.0
Малады рэфарматар Фядотаў пра выбары, інавацыі і ПВТ 3.0
Яўген Фядотаў на мінулым тыдні правеў шыкоўную лекцыю па інавацыйнай эканоміцы, а на гэтым прыйшоў у наш шыкоўны падкаст.