Як Беларусь (амаль) перамагла дзедаўшчыну

Афіцыйна яна знікла дзесяць год таму, але змагацца працягвалі. І здаецца, атрымалася.
Іван Шыла· 21 Студзеня 2016
Як Беларусь (амаль) перамагла дзедаўшчыну
Здымак Сяргея Гудзіліна

Дзедаўшчына існавала ў “страшных” 90-ых, а ў спакойных 2000-ых казалі ўжо пра тое, што яе выкаранілі. Міністэрства абароны паведамляла пра тое,  што пазастатутных узаемаадносінаў няма, бо пра гэта не пішуць салдаты тэрміновай службы падчас ананімных (праўда, толькі фармальна) апытанняў.

Альбо прыводзіліся статыстычныя звесткі з некалькімі прысудамі ў год, але ігнаравалася існаванне большай колькасці справаў за “давядзенне да самагубства” і выпадкаў дэзерцірства, звязаных з узаемаадносінамі ў калектывах.

Выклікае пытанне і сама статыстыка ў сферы, дзе імітаванне паказальнікаў – гэта ледзь не пытанне прафесійнай прыдатнасці.

Такія гульні афіцэраў і лёгкія маніпуляцыі – праблема савецкага войска, якая дасталася войску беларускаму праз закрытасць гэтага інстытуту.

Дзедаўшчына – самае слабое месца сучаснай беларускай арміі, таму з ёй змагаюцца не толькі фактычна, але і публічна. Бо пазастатутныя ўзаемаадносіны – гэта п’яныя прапаршчыкі, крадзяжы і цэлая традыцыя канфліктаў, выкліканая беднасцю і перагібамі. Публічна, праўда, гэта зводзіцца да адмаўлення існавання дзедаўшчыны, бо прызнаць, што ў мірны час у войску гінуць маладыя хлопцы ад рук такіх жа маладых хлопцаў, бывае цяжка.

Здымак Сяргея Гудзіліна

Здымак Сяргея Гудзіліна

Адна пастанова і 10 гадоў чакання

Фактычна дзедаўшчыну збіраліся перамагчы адной пастановай – калі вызвалілі камандзіраў ад адказнасці за злачынствы падначаленых. На справе ўсё аказалася не так проста. Афіцэры не збіраліся паведамляць пра пазастатутныя ўзаемаадносіны, бо гэта ў любым разе працягвала ўплываць на іх кар’ерныя перспектывы.

І, наагул, салдат бегае, вучыцца і лепш выконвае любы загад, калі яму пагражае фізічны гвалт, а не вусная фармальная вымова.

Падчас маёй службы гэта была ідэальная сінергія – дзяды атрымлівалі бонусы ў выглядзе звальненняў, а калектыў мог паказваць фенаменальныя спартовыя вынікі.

Не спрыяла знікненню дзедаўшчыны і селекцыйная палітыка: служыць у войску – агульны абавязак, а выходзіць, што працэнт людзей з вышэйшай адукацыяй у грамадстве значна большы, чым сярод тых, хто адпраўляецца на тэрміновую службу. Для людзей з малых гарадоў і з горшай адукацыяй гвалт – справа больш звыклая і прымальная, гэта не магло не адбівацца на ўкараненне гвалту ў закрытых мужчынскіх калектывах. Я быў моцна ўражаны, даведаўшыся, што дзедаўшчына існуе ў інтэрнатах ПТВ у малых гарадах Віцебскай вобласці – трэці курс вымагае грошы ў першага, перыядычна збіваючы новых навучэнцаў.

Пасля гэтыя людзі прыходзілі ў войска, прымаючы такую сістэму ўзаемаадносінаў з поўным разуменнем.

Нізкія заробкі і слабы ўзровень матэрыяльнага забеспячэння – таксама тыя фактары, якія спрыяюць новай форме падзелу дабрабыту: пасля года ў войску “стараслужачыя” лічаць справядлівым мець грошы, якіх будзе хапаць хаця б на цыгарэты і слодычы.

Не дзіўна, бо заробак у $ 10-12 у месяц гэтыя патрэбы не задавальняе.

Дзедаўшчына – гэта і адказ на празмерна строгую “статутную” сістэму. На думку многіх, жыць паводле вайсковых правілаў нашмат больш складана, чымся кіравацца простым зводам правілаў. Першыя 6 месяцаў вы – проста абслуга, якой усё забаронена. Пасля вы кантралюеце выкананне гэтых правілаў, а апошнюю частку службы абслугоўваюць вас. Гэта зразумела, празрыста і проста, асабліва ў выпадку, калі і для афіцэраў такая сістэма робіцца базавай з тых жа прычынаў.

Дзеці растуць і без бацькоў

І тым не менш дзедаўшчына знікае. Я размаўляў з дзясяткам салдат, якія ў апошнія два гады былі ў войску альбо знаходзяцца там цяпер. Усе яны сведчаць, што

дзедаўшчына застаецца ў грашовай форме альбо як сістэма, якая размяркоўвае абавязкі крыху на карысць старэйшых прызываў.

Гэтаму паспрыялі агульныя змены ў грамадстве – гвалт робіцца менш зразумелым, турэмнае пакаранне за яго абсалютна непрымальным, публічнасць стрымлівае прапаршчыкаў і афіцэраў. У самой краіне колькасць злачынстваў змяншаецца, гэта карэлюецца і з сітуацыяй у войску.

Наўрад ці адна пастанова або нудныя прафілактычныя лекцыі і фільмы дапамаглі б карэнным чынам змяніць свядомасць пакалення. Дзедаўшчына раней была непераможнай не праз фармальныя перашкоды: самі салдаты неахвотна скардзіліся ў пракуратуру ці начальству. Цяпер стала лепш не праз колькасць скаргаў, якая засталася на агульным узроўні – проста з’явілася агульнае адчуванне, што біць чалавека з прычыны тэрміну службы – гэта не вельмі правільна.

Як перамагчы канчаткова

Войска і любы мужчынскі калектыў – гэта добрая глеба для іерархіі, гвалту і дамінацыі. Таму пазастатутныя ўзаемаадносіны цалкам выкараніць не атрымаецца.

Але сярод мераў, якія паўплываюць на сітуацыю, – паляпшэнне ўмоваў службы.

Жаўнеры павінны атрымліваць больш выходных, каб праводзіць іх дома: гэта і кантакт з грамадствам, магчымасць без страху паскардзіцца на дзедаўшчыну, зафіксаваць пабоі ў цывільных лекараў.

512628a861ceb_900x600

Здымак Сяргея Гудзіліна

Колькасць непатрэбных бытавых абавязкаў павінна быць зменшаная, бо дзедаўшчына і створаная для іх пераразмеркавання. Заробкі ў войску трэба падвысіць, каб задаволіць элементарныя бытавыя патрэбы, а Міністэрства абароны не павінна баяцца большай публічнасці.

Гэта можа прагучаць непрыемна для людзей з вышэйшай адукацыяй, але яны войску патрэбныя, бо змяняецца сутнасць вайны і вайсковых рэаліяў, ды і таму, што праз іх атмасфера ў калектыве робіцца здаравейшай. Рэзервісты не сутыкаюцца з дзедаўшчынай не толькі таму, што сярод іх большая частка з вышэйшай адукацыяй, але і таму, што тэрмін службы меншы і няма падзелу на прызывы. Пра гэта таксама варта задумвацца пры рэфармаванні тэрміновай службы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Спойлеры трох наступных выпускаў “Новых беларусаў” і расійскі пасол у новым ідэйным падкасце.
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Думкамі ў Воршы і з новым прэм’ерам
Чаму беларусам трэба ездзіць у Руанду, як рэфармаваць турмы і адстаўка Шуневіча
Чаму беларусам трэба ездзіць у Руанду, як рэфармаваць турмы і адстаўка Шуневіча
Параўноўваем беларускія і шатландскія турмы, абмяркоўваем гучнае забойства ў Бабруйску і рэакцыю на яго, Віктара Пракапеню і “увайсціўайці”.