падтрымаць нас

Грамадства

Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш

Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Некалькі ідэй, як можна ўдасканаліць сістэму аховы здароў’я ў краіне.

Нельга сказаць, што ў беларускай медыцыне ўсё кепска. У краіне робяцца складаныя аперацыі, а ўзровень дзіцячай смяротнасці даволі нізкі, што дазваляе краіне знаходзіцца ў топ-20 адпаведнага сусветнага рэйтынгу. Па колькасці лекараў на душу насельніцтва краіна наагул належыць да сусветных лідараў.

У той жа час у параўнанні з іншымі краінамі сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі адносна невысокая. Паводле гэтага паказніка нашая краіна знаходзіцца ў другой сотні сусветнага рэйтынгу. Таксама па прычыне слабага фінансавання існуе праблема набыцця новага абсталявання і рамонту больніцаў. Беларуская сістэма аховы здароўя ўжо цягам доўгага часу сур’ёзна не рэфармавалася. За шмат гадоў назапасілася мноства праблемаў, якія патрабуюць вырашэння.

Стварэнне адзінай электроннай сістэмы аховы здароўя eHealth

ІТ-бум у краіне павінен распаўсюджвацца на іншыя сферы. Для большай эфектыўнасці сістэмы аховы здароўя, для зручнасці і павышэння якасці паслуг неабходна ўкараняць адзіную электронную сістэму eHealth, дзе будуць зарэгістраваныя ўсе адпаведныя ўстановы, лекары і пацыенты краіны.

eHealth дазволіць стварыць адзіную электронную медыцынскую карту, што дапаможа як у дыягностыцы, так і ў адміністраванні паслугамі. Напрыклад, падчас наведвання лекара ў іншым горадзе неабавязкова будзе мець медыцынскую карту на руках.

Лекару будзе дастаткова спраўдзіць у электроннай сістэме гісторыю хваробаў і іншую неабходную інфармацыю пра пацыента.

Эстонія з’яўляецца выдатным прыкладам рэалізацыі гэтай ідэі, дзе 95 % інфармацыі сістэмы аховы здароўя пераведзена ў лічбавы фармат, а 99 % рэцэптаў выпісваецца ў электроннай форме.

Вядома, Беларусь сёння – не цёмны лес. І ў больніцах ёсць камп’ютары, інтэрнэт і свае электронныя сістэмы, для знаходзіцца адпаведная інфармацыя.

Але, па сутнасці, медыцынскія ўстановы з’яўляюцца лакальнымі сеткамі, не звязанымі паміж сабой.

Ды і насамрэч працы з паперамі там сёння па-ранейшаму шмат.

Матывацыя для лекараў  

У рэформе аховы здароўя, якая праводзіцца ва Украіне, асаблівай увагі заслугоўвае намер нашых паўднёвых суседзяў адмовіцца ад тэрытарыяльнай прыналежнасці лекараў. Так, рэформа адмяняе паняцце “ўчастковы лекар”. У выніку кожны ўкраінец будзе мець магчымасць выбраць лекара самастойна. За кожнага пацыента лекар будзе атрымліваць ад дзяржавы пэўную суму ў год.

Такім чынам зарплата лекара не будзе фіксаванай, а будзе залежаць ад колькасці пацыентаў.

Тым самым лекары будуць матывавацца рабіць сваю справу як мага лепей, каб утрымаць пацыентаў.

Абмен вопытам і павышэнне кваліфікацыі

У 2016 годзе экс-міністр аховы здароўя Васіль Жарко казаў, што для Беларусі важны абмен вопытам з краінамі ЕАЭС. Дзіўна, чаму спадар Жарко рабіў націск менавіта на краіны гэтага рэгіёна. Наўрад ці якасць медыцыны ў Расіі, Арменіі ці Казахстане пераўзыходзіць беларускую.

Больш важна глядзець у бок развітых краінаў, дзе ўзровень медыцыны і тэхналогіяў значна вышэйшы.

А таксама варта інтэгравацца ў сусветныя праграмы ў галіне медыцыны. Напрыклад, у Міжнародную федэрацыю асацыяцый студэнтаў медыцыны IFMSA, якая з’яўляецца адной з найстарэйшых і найбуйнейшых студэнцкіх арганізацыяў. У яе склад уваходзяць 1,3 млн навучэнцаў медыцынскіх факультэтаў з больш чым 100 краінаў свету. У межах IFMSA студэнты могуць абменьвацца досведам і ездзіць на стажыроўкі па ўсім свеце. На жаль, Беларусі ў гэтай арганізацыі няма, і гэта не адзіны прыклад.

Для павышэння якасці медыцыны важным з’яўляецца інтэнсіфікацыя кантактаў з краінамі, дзе ўзровень медыцыны вышэйшы, а таксама інтэграцыя ў розныя міжнародныя праграмы. Беларускія медыкі павінны мець магчымасць ездзіць на стажыроўкі, семінары і карыстацца іншымі магчымасцямі для прафесійнага росту. І дзяржава павінна да гэтага заахвочваць, а не чыніць перашкоды, як гэта было ў сітуацыі з вядомым дзіцячым лекарам Андрэем Вітушкам, якому па невядомых прычынах улады доўгі час не дазвалялі паехаць на стажыроўку па праграме ЕС MOST.

Грошы і іх эфектыўнасць

На ахову здароўя ў Беларусі ў 2018-ым годзе плануецца выдаць каля 4 % ВУП. Для параўнання, у ЕС на гэтыя патрэбы ў сярэднім выдаткоўваецца 7 % ВУП у год.

Слабое фінансаванне вядзе да невысокіх заробкаў і недахопу элементарных рэчаў, напрыклад, у больніцах бракуе новага абсталявання, неабходнага для дыягностыкі і лячэння.

Асабліва востра стаіць пытанне ў рэгіёнах, якія ў параўнанні з Мінскам і абласнымі цэнтрамі фінансуюцца даволі сціпла.

Заробкі – не менш важнае пытанне. Сёння суровая рэальнасць гэткая, што дзеля таго, каб выжыць і больш зарабляць, той, хто працуе ў сістэме аховы здароўя, бярэ дадатковую нагрузку і (альбо) працуе на некалькіх працах. Гэта адбіваецца на якасці аказаных паслуг, псіхалагічным стане медыцынскага персаналу, вядзе да прафесійнага выгарання, а таксама часта заканчваецца пошукам лепшай долі за мяжой альбо ў іншай сферы.

Для вырашэння праблемы патрэбна павышэнне заробкаў. У цэлым па краіне ў сакавіку 2018-га года сярэдні заробак для працаўнікоў медыцынскай сферы склаў 719,2 рубля. Пры гэтым варта прызнаць, што лекары атрымліваюць заробак большы за сярэдні па краіне – 1121,1 рубля. Заробак жа медперсаналу сярэдняга звяна быў у сакавіку 711,4 рубля.

Пытанне, дзе знайсці грошы, заўсёды актуальнае. Але пры жаданні варыянты заўсёды знойдуцца. Напрыклад, калі ў разумных межах паменшыць колькасць бальнічных ложкаў на душу насельніцтва ў краіне (па іх колькасці Беларусь адна з першых у свеце, што з’ядае львіную долю бюджэту), можна было б вызваліць немалую частку сродкаў, якія маглі б пайсці на павышэнне заробкаў, лекі і іншыя патрэбы.

Аднак, аднаго павелічэння фінансавання замала. Важнай з’яўляецца эфектыўнасць выдаткаў.

Напрыклад, сістэма закупак у медыцыне даволі карумпаваная і непразрыстая. Гэта пацвярджаюць рэгулярныя крымінальныя справы, заведзеныя ў адносінах да службовых асобаў і бізнесменаў.

Для таго, каб грошы выдаткоўваліся лепш, трэба сапраўды сесці і падумаць, як вырашыць гэтую праблему. Разам з павелічэннем фінансавання гэта дазволіць беларускай медыцыне стаць куды больш якаснай.