Як электронны ўрад перамог у Прыбалтыцы

Пакуль Беларусь стварала «адно акно», суседзі забілі бюракратыю і чэргі пры дапамозе інтэрнэту.
Вольга Гарапучык· 14 Ліпеня 2014
Як электронны ўрад перамог у Прыбалтыцы

У актуальным рэйтынгу ААН гатовасці да электроннага ўраду Беларусь займае 55-ае месца. На суседніх пазіцыях размясцілася Чэхія і Грузія, у той час, калі нашыя суседзі вырваліся далёка наперад. Нават Расея мае ў гэтым рэйтынгу 27-ае месца.

Сапраўдным жа прыкладам у развіцці і ўжыванні электроннага ўраду ў нашым рэгіёне стала Эстонія. Урад краіны з часоў аднаўлення незалежнасці настойліва прасоўвае і спансуе ўсё, што так ці інакш звязанае з ідэяй электроннай дзяржавы. З 1995 году адзін адсотак ВУП штогод выдаткоўваецца на гэтыя мэты.

У 2001 годзе Эстонія пачала распрацоўку праграмнага забеспячэння і паправак у заканадаўства для галасавання праз інтэрнэт. У той час інтэрнэтам карысталася толькі 30% насельніцтва краіны. Сёння ж Эстонія – адна з перадавых краін у свеце па ўкараненні электроннага ўрада.

Для зручнага і бяспечнага карыстання электронным урадам ствараюцца адмысловыя ID-карткі. Эстонія мае тры спосабы ідэнтыфікацыі асобы ў Інтэрнэце. Найбольш распаўсюджаная ‑ ID-картка ‑ мае дзве асноўныя функцыі. Па першае, гэта звычайны ідэнтыфікацыйны дакумент з элементамі бяспекі (мікрапячатка, галаграма і г.д.). Па-другое, гэта электронны лічбавы подпіс са сваім PIN-кодам.

Першыя ID-карткі пачалі выдаваць у Эстоніі ў 2000 годзе, а па стане на 2013 год іх было ўжо 1,2 млн., практычна 96% насельніцтва краіны

Выкарыстанне спецыяльнай ID-карткі дае магчымасць афармляць поўны пакет сацыяльных паслуг, не выходзячы з хаты. З яе дапамогай грамадзяне Эстоніі ўдзельнічаюць у выбарах, рэгіструюць бізнес і запаўняюць падатковыя дэкларацыі, атрымліваюць электронныя рэцэпты ад медычных установаў. Гэтак, напрыклад, для таго, каб прагаласаваць на выбарах, дастаткова зайсці на старонку Рэспубліканскай выбарчай камісіі і спампаваць дастасаванне для выбарнікаў. Пасля падцверджання асобы з’яўляецца спіс кандыдатаў выбарчай акругі. Застаецца толькі зрабіць выбар і пацвердзіць яго электронным подпісам і PIN2 ІD-карткі. Акрамя гэтага, электроннае галасаванне дае магчымасць змяняць свой голас.

Сёння ID-карту падтрымліваюць сайты мноства дзяржаўных і грамадскіх службаў: падатковы і мытны дэпартаменты, выбарчы камітэт Эстоніі, бальнічная каса, аўтамабільны і камерцыйны рэгістры, патэнтнае ведамства, рыбалоўная інспекцыя і шмат іншых. У 2008 годзе быў створаны адкрыты рэгістр усіх дзяржаўных баз дадзеных і е-сэрвісаў, які ахоплівае ўсе дзяржаўныя структуры з іх паслугамі. Гэта адзіная ў свеце дзяржаўная электронная бібліятэка такога кшталту.

У Беларусі ж ідэя распрацоўкі і ўжывання электроннага ўрада пачалася з 2012 году, але дагэтуль праект e-government застаецца больш інфармацыйным, а не інтэракцыйным. Так з 34 паслугаў, якія прадстаўлены ў Адзіным партале дзяржаўных паслуг Беларусі, большасць не працуе, а восем увогуле маюць выключна інфармацыйны характар. Сярод прадстаўленых: падача заявы на рэгістрацыю шлюбу, страхаванне, біржавы гандаль праз інтэрнэт і іншыя.

І гэта пры тым, што ў Беларусі досыць вялікі ўзровень пранікнення інтэрнэту ‑ каля 68%. Да таго ж добрая мабільная сувязь і актыўнае карыстанне смартфонамі стварае ўсе ўмовы для паспяховага развіцця электроннага ўраду.

У бліжэйшыя два гады Беларускі Нацыянальны цэнтр электронных паслуг разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі абяцаюць увесці ў карыстанне электронныя пашпарты. Яны будуць абсталяваныя адмысловымі чыпамі з асноўнымі звесткамі пра чалавека. У 2014-2015г. таксама плануецца рэалізаваць чатыры асноўныя дастасаванні: ідэнтыфікацыйнае, крыптаграфічнае (электронны подпіс), пасведчанні сацыяльнага і банкаўскага страхавання. Гэта магло б стаць добрым стартам для пашырэння межаў электроннага ўраду ў нашай краіне.

Праблема застаецца не ў звычайным карыстанні электроннымі элементамі. Справа ў адміністратыўных рэформах: зменах самога працэсу абслугоўвання ў аддзелах і міністэрствах, падрыхтоўцы новай дакументацыі, агульным павышэнні адукацыі супрацоўнікаў і перадусім адыходзе ад прынцыпу «аднаго акна», які паказаў сваю недзеяздольнасць.

Калі ж рэформа адбудзецца, то гэта адразу пацягне за сабою паскарэнне абслугоўвання насельніцтва і памяншэнне чэргаў і бюракратыі. Гэта значыць менш марнай працы і больш грошай, што застануцца ў дзяржаўным бюджэце.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Рыгор Астапеня· 24 Ліпеня
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры пункты, шэсць графікаў – усё як мы любім.