Як Крэмль аб’ядноўвае праваслаўных украінцаў

Маскоўскі патрыярхат страчвае вернікаў і кантроль над уласнаю царквою, а Кіеўскі набірае сілу.
Рыгор Астапеня· 1 Верасня 2014
Як Крэмль аб’ядноўвае праваслаўных украінцаў

Насуперак міфам, гэта Украіна, а не Расея, з’яўляецца калыскай усходняга хрысціянства. Згодна з даследчыцкім праектам “Сусветны агляд каштоўнасцяў”, украінцаў, якія лічаць рэлігію важнай у сваім жыцці, у паўтары разы болей, чым расейцаў. Таму праваслаўныя цэрквы не выконваюць фасадныя ролі ва Украіне, але існуюць разам з грамадствам. Два галоўныя іерархічныя цэнтры ‑ Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату і Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату ‑ разам з Украінай праходзяць праз найбольшыя перамены за час незалежнасці.

Маскоўскі патрыярхат разрываецца паміж алтаром і тронам

Раздваенне ідэнтычнасці ‑ гэта прыкладна тое, што сёння адбываецца з Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату, якая падлягае юрысдыкцыі Кірыла. З аднаго боку, прэс-сакратар УПЦ МП называе ўвядзенне расейскіх войскаў ва Украіну грахом супраць Бога і будучых пакаленняў, а шмат якія святары ўчора стаялі на Майдане і сёння падтрымліваюць украінскіх вайскоўцаў. З другога боку, іншыя святары гэтай жа царквы мараць пра расейскае ўварванне і асвячаюць сцягі Наваросіі. Сама ж Царква хоча захаваць сувязі з Маскоўскім патрыярхатам, але ўжо разглядае аб’яднанне з іншымі праваслаўнымі цэрквамі Украіны.

Жаданне ўсядзець на двух крэслах ёсць не толькі ў УПЦ МП, але і ў самога Патрыярха Кірыла, які з пачатку канфлікту спрабуе захаваць нейтральнасць. Маскоўскі патрыярхат не асудзіў і не ўхваліў анексію Крыма. Кірыл хіба ўпершыню не прысутнічаў на вялікай дзяржаўнай урачыстасці, якою быў прыём з нагоды ўваходжання Крыму ў склад Расеі. Гэтаксама РПЦ не пераняла ад УПЦ МП кіравання крымскімі прыходамі. Таксама Кірыл патлумачыў, што РПЦ не мае ніякага дачынення да геапалітычных праектаў, то-бок Маскоўскі Патрыярх і Пуцін маюць на ўвазе розныя рэчы, калі ўжываюць выраз “рускі свет”.

Варта аддаць належнае намаганням Кірыла, але гэтага мала. Маскоўскі патрыярх нічога не зрабіў, каб спыніць кроў і публічна захоўвае лаяльнасць Пуціну. Болей за тое, калі б ён выступіў за анексію Крыма, пераняў кантроль над прыходамі і падтрымаў “рускі свет” як геапалітычны праект, то адразу б страціў УПЦ МП, якая, на думку прафесара-рэлігіязнаўцы Андрэя Зубава, застаецца найлепшай часткай вернікаў Маскоўскага патрыярхату.

Кіеўскі патрыярхат: з алтаром, з людзьмі, з тронам

Крэмль, падкладваючы свінню свайму патрыярхату, вяртае да жыцця ўкраінскую ідэю стварэння адзінай праваслаўнай царквы. Аб’яднанне можа адбыцца на базе Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, якая доўгі час была другой найбольшай рэлігійнай супольнасцю краіны. Дзякуючы свайму маральнаму і пранезалежніцкаму падыходу Кіеўскі патрыярхат за мінулы год значна ўзмацніўся. Не толькі асобныя святары і вернікі, але цэлыя прыходы перайшлі з Маскоўскага патрыярхату да Кіеўскага.

Хоць няма пэўных звестак, сацыялагічныя апытанні пацвярджаюць трэнд. Паводле Цэнтру Разумкова колькасць вернікаў Маскоўскага патрыярхату за мінулы год зменшылася з 27,7 % да 25 %, а Кіеўскага павялічылася з 25,9 % да 32 %. Яшчэ 40 % праваслаўных не ідэнтыфікуюць сябе з канкрэтнаю царквою.

Кіеўскі Патрыярх Філарэт заўсёды выступаў за адзіную і незалежную праваслаўную царкву, то-бок прапаноўваў украінцам Маскоўскага патрыярхату аб’яднацца. Шмат хто з украінскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў падтрымліваюць ідэю, але найбольш тут дапамагае агрэсія Крамля. Яшчэ ў лютым Святы Сінод УПЦ Маскоўскага патрыярхату стварыў Спецыяльную Камісію для дыялогу з іншымі праваслаўнымі цэрквамі Украіны, якая будзе абмяркоўваць аб’яднанне.

Наўрад ці аб’яднанне праваслаўных ва Украіне адбудзецца хутка. Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату хоць і больш аўтаномная, чым беларуская, але мае доўгія сувязі з Расеяй. Аднак, святарам УПЦ МП усё цяжэй тлумачыць сабе і вернікам, чаму іх Патрыярх сябруе з іх галоўным агрэсарам.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.