Як Беларусі не паўтарыць лёс Украіны?

Будаванне грамадзянскай беларускай нацыі разам з рускамоўнай большасцю дапаможа Беларусі не стаць другім Крымам.
Глеб Мартынаў· 11 Лістапада 2014
Як Беларусі не паўтарыць лёс Украіны?

Бягучы канфлікт ва Украіне даказвае, што распад СССР ‑ гэта працэс, які яшчэ не скончыўся і дэманструе, што нясталасць нацыі як інстытуту ‑ праблема не толькі Беларусі, але таксама Украіны і нават Расеі.

Расейскія ўлады, замест будаўніцтва нацыі, рэанімуюць імперскае мысленне праз агрэсію ва Украіне і палітычную зачыстку ўдома. Гэта адпавядае іх уласнаму светапогляду і гарантуе захмарныя рэйтынгі і часовую лаяльнасць насельніцтва. Украінскае постсавецкае нацыянальнае будаўніцтва таксама правалілася, што дазволіла Расеі адабраць Крым і частку Данбасу.

Галоўная памылка ўкраінскай нацыянальнай палітыкі ‑ яе этналінгвістычны, а не грамадзянскі характар. Этнічныя нацыі (палякі, японцы, немцы) будуюцца на агульнасці культуры і мовы. Грамадзянскія нацыі (амерыканцы, іспанцы, брытанцы) ‑ на агульнасці мінулага, палітычнага светапогляду і правілаў гульні (вяршэнства права, празрыстыя дэмакратычныя працэдуры, моцнае мясцовае самакіраванне).

Карупцыйным украінскім уладам заўсёды было прасцей ігнараваць або ўжываць ва ўласных інтарэсах наяўнасць «дзвюх Украінаў» ‑ заходняй і рускамоўнай. Замест будавання грамадзянскай нацыі (для чаго, прынамсі, трэба было зменшыць карупцыю), украінская ўлада не рабіла нічога асэнсаванага для інтэграцыі краіны, а палітыкі яшчэ болей умацоўвалі этнічную палярызацыю электаратаў захаду і ўсходу. У выніку паміж дзвюма часткамі краіны паўстаў водападзел, які і скарыстала Расея.

У Беларусі ёсць свая спецыфіка, але, калі беларусы пасля Лукашэнкі хочуць жыць у квітнеючай, еўрапейскай краіне, пэўныя ўкраінскія ўрокі мы мусім вывучыць.

Незалежны суд не менш важны за родную мову

Беларуская мова ‑ вялікая частка беларускай спадчыны, але немагчыма рабіць яе адзіным фундаментам беларускай нацыі ў сітуацыі рускамоўнай большасці. Без вяршэнства закону і грамадскага дыялогу нават паспешная беларусізацыя будзе на шкоду Беларусі. Пры наянаўсці палітычнай волі адчыніць шмат беларускамоўных школаў і ўніверсітэтаў вельмі проста, але насаджванне беларускай мовы адміністратыўнымі метадамі выклікае толькі адпор і непрыманне з боку рускамоўнай большасці, як гэта атрымалася ва Украіне.

Пэўны іміджавы поспех беларускай мовы сёння (у прыватнасці курсаў «Мова ці кава» або «Мова нанова») ‑ вынік дэмакратычнай канкурэнцыі з рускамоўным асяроддзем. Рэзкая дзяржаўная моўная палітыка можа вельмі хутка знішчыць гэтае дасягненне. У гэтым сэнсе, напрыклад, гвалтоўны пераход адукацыі на беларускую мову ‑ зло. Правільны падыход ‑ дзяржаўныя субсідыі беларускім установам адукацыі і беларускамоўным выкладчыкам, інвестыцыі ў прамоцыю беларускай мовы і аўтаномія самых установаў вырашаць мову выкладання (праз савет бацькоў для школаў або студэнцкую раду для ўніверсітэтаў).

Каб не паўтарыць украінскіх памылак, будучы дэмакратычны ўрад Беларусі павінен імкнуцца да адзінства і згуртаванасці нацыі. Беларускамоўная большасць у Беларусі — справа не аднаго дзесяцігоддзя, што азначае, што варта будаваць нацыю на палітычным, а не на моўным фундаменце. Для гэтага краіне патрэбная палітычная ідэя, якая б узмацніла “беларускасць” рускамоўных беларусаў. Незалежныя суддзі, выбарныя мэры, “народная” міліцыя – гэта тое, што пабудуе адметную палітычную ідэнтычнасць беларусаў і ўзмоцніць пачуццё годнасці, асабліва ў кантрасце з аўтарытарызмам у Расеі і анархіяй ва Украіне. Успрыманне беларусаў як “законапаслухмяных”, “талерантных” і “памяркоўных” толькі дапаможа ў пабудове палітычнай ідэнтычнасці нацыі. Адзін незалежны суд сёння важнейшы для будучыні Беларусі, чым адна беларускамоўная школа, а моўнае пытанне мусіць вырашацца натуральна самім грамадствам ва ўмовах палітычнай свабоды і з вельмі асцярожнай дапамогай дзяржавы.

У кантэксце сучаснай Беларусі гэта азначае, што беларускамоўнасць часта ідзе разам з савецкімі поглядамі на ролю дзяржавы ў грамадстве і базавыя ліберальныя каштоўнасці (роўнасць жанчын, недыскрымінацыя, абмежаванне ўрада). І апазіцыі, і яе сённяшнім донарам, варта гэта зразумець і не лічыць дэмакратамі аўтаматычна ўсіх, хто размаўляе па-беларуску.

Чарка і шкварка ‑ гэта не сорамна

Лукашэнка пабудаваў сістэму, пры якой большасць беларусаў застаецца лаяльнай у абмен на эканамічны рост. Але беларуская апазіцыя не хоча прымаць рэальнасць, што дастатак для шараговага беларуса важнейшы за мову або нават за стан палітзняволеных. Напрыклад, згодна з дадзенымі НІСЭПД, большасць беларусаў ставяць падсправаздачнасць і дэмакратызацыю ўлады толькі на 5-е і 6-е месца ў спісе мераў для мадэрнізацыі краіны і хочуць, каб апазіцыя займалася дапамогаю шараговым грамадзянам ды праграмаю развіцця краіны пасля Лукашэнкі. Гэта сведчыць аб тым, што апазіцыі трэба данесці да народа зразумелую эканамічную праграму са зразумелымі стымуламі для дэмакратызацыі.

Напрыклад, кампанія Без візы акцэнтуе пытанне спрашчэння візавага рэжыму. У той жа час, у кулуарах некаторыя грамадскія лідары выступаюць супраць, асцерагаючыся адтоку мазгоў з Беларусі. Між тым, абмежаванне перамяшчэння грамадзянаў, па-першае, супярэчыць прынцыпам дэмакратыі, а, па-другое, пазбаўляе беларускую апазіцыю яе канкурэнтнай перавагі перад рэжымам у вачах беларусаў. Пакуль беларуская апазіцыя не зразумее, што падтрыманне візаў у ЕЗ або радыкальныя ініцыятывы кшталту расстрэлу за распаўсюд наркотыкаў ‑ гэта зусім не па-еўрапейску, а ВУП сёння ўсё ж такі значна істотнейшы для Беларусі, чым ВКЛ, Лукашэнка застанецца ва ўладзе.

Руская мова ‑ таксама беларуская

Рускамоўнае насельніцтва ўкраінскага Крыму і Данбасу не здолела адчуць сябе часткаю Украіны, украінцамі. Нават рэдактар сайта «Петр и Мазепа» Аляксандр Нойнец, найбольш праўкраінскі прадстаўнік рускамоўнага ўсходу, хоць і мае надзею, што «украінскі нацыяналізм будзе будавацца на прынцыпах успрымання Украіны як поліэтнічнай дзяржавы, перарасце ў нацыяналізм палітычнай нацыі», лічыць сябе рускім.

У адрозненне ад Данбасу, рускамоўныя беларусы лічаць сябе беларусамі, але гэтая ідэнтыфікацыя пакуль што слабая. Ад траціны да чвэрці насельніцтва дагэтуль не бачаць розніцы паміж беларусамі і рускімі і гатовыя аб’яднацца з Расеяй. Выбіраючы паміж ЕЗ і РФ, толькі траціна выбірае Еўропу і амаль што палова ‑ Расею. Гэта наш уласны беларускі Данбас. З гэтымі людзьмі неабходна працаваць, каб будаваць у іх палітычную беларускую свядомасць, якая мусіць мець каштоўнасны, але не моўны, падмурак.

Існаванне рускамоўнай супольнасці не абавязкова праблема: італамоўныя швейцарцы, франкафонныя квебекцы і носьбіты шведскай у Фінляндыі адчуваюць сябе швейцарцамі, канадцамі і фінамі. Расея не мае манаполіі на рускую мову, а быць рускамоўным і рускім ‑ не адно і тое ж. Існаванне нацыянальнага варыянту рускай мовы ў Беларусі побач з беларускаю ‑ адзіны шанец не паўтарыць лёс Украіны і пераканаць рускамоўных беларусаў, што яны, па-першае, беларусы і еўрапейцы, і толькі па-другое, рускамоўныя. Пачатак гэтаму ўжо ёсць, але дэмакратычным сілам трэба лепей працаваць з рускамоўным электаратам і не запірацца ў беларускамоўным культурным гета.

Каб выключыць крымскі сцэнарый у Беларусі, трэба мець хаця б два складнікі з трох – эканамічны дастатак, палітычную свядомасць або агульную мову. Адзіная беларуская мова ‑ справа не хуткая, таму, каб не страціць незалежнасць, трэба працаваць над эканамічна стабільнаю палітычнаю нацыяй, не абмяжоўваючыся адною моваю.

Здымак: 90s.by

Падобныя тэмы
БеларусьУкраіна
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Глеб Мартынаў· 20 Лістапада
Эканоміка ў агні. Чубрык, Чалы і Лойка ў Ідэйным падкасце
Эканоміка ў агні. Чубрык, Чалы і Лойка ў Ідэйным падкасце
У бонусным выпуску тытаны беларускай эканомікі тлумачаць што было, ёсць і будзе з намі і нашымі рэформамі.
Чаму людзі не любяць Грэту Тунберг, хто і як адпраўляе школьнікаў на вучобу за мяжу і фотавыстава Змена
Чаму людзі не любяць Грэту Тунберг, хто і як адпраўляе школьнікаў на вучобу за мяжу і фотавыстава Змена
Ідэйны падкаст з Марыяй Русак. Ееее!
Чаму не варта святкаваць сёмае лістапада
Чаму не варта святкаваць сёмае лістапада
Называет тры прычыны перастаць святкаваць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.