Як польскі чорнарабочы стаў прэзідэнтам Еўрапейскай рады

Профіль Дональда Туска, былога польскага прэм'ера, які 1 снежня узначаліць Еўрапейскую Раду. 
Вольга Гарапучык· 15 Верасня 2014
Як польскі чорнарабочы стаў прэзідэнтам Еўрапейскай рады

Дональд Туск, як і шматлікія палітыкі ўсходняй Еўропы, сталеў не ў цяплічных умовах. У 1957 годзе, калі ён нарадзіўся, камуністы працягвалі нішчыць вальнадумства ў Польшчы, а ўсе 1970-ыя Гданьск перажываў забастоўкі і дэманстрацыі. Сям’я выхоўвала яго ў кансерватыўных нацыянальных традыцыях. Бацька не даваў спуску хлопцу і ў запасе заўсёды меў некалькі рамянёў рознай таўшчыні, каб хлопец сам мог абраць памер пакарання. Пазней у адным з інтэрв’ю Туск скажа, што з таго часу, ён зразумеў значэнне слова “выбар”.

Будучы прэзідэнт Еўрапейскай Рады рос грамадскаактыўным падлеткам. Ужо ў студэнцкі час ён стаў адным з заснавальнікаў Незалежнага руху польскіх студэнтаў. Пасля вучобы Туск уладкаваўся на працу ў часопіс “Самакіраванне”, дзе ўзначаліў аддзел “Салідарнасці”. Паралельна з асноўнаю працаю ён выпускаў антыкамуністычныя ўлёткі і вёў падпольную дзейнасць.

У снежні 1981 году кіраўніцтва Польшчы ўводзіць ваеннае становішча, лідары “Салідарнасці” трапляюць у турму. Туску, студэнту-нефармалу з даўгімі валасамі, пашчасціла і яго не пасадзілі, але ён губляе кватэру і працу. На той момант у яго ўжо ёсць жонка і двое малых дзяцей, аднак ён не кідае палітыку.

Наступныя некалькі гадоў ён не можа ўладкавацца па спецыяльнасці і аж да 1989 году працуе чорнарабочым. Вера ў змены і ўласныя сілы дапамагае будучаму прэм’еру не апускаць рукі, здавалася, у тупіковых сітуацыях. У выніку “Салідарнасць” вызначае яго далейшае жыццё ‑ Туск трапляе ў Польскі Сейм, пазней становіцца прэм’ер-міністрам і за сем гадоў змяняе статус краіны ў Еўропе.

Палітычныя заслугі

Пад час сваёй дзейнасці ў Польшчы Туск імкнуўся прывесці краіну да вольнага рынку. Ягоная галоўная заслуга ў тым, што нягледзячы на невысокі ўзровень эканамічнага росту, Польшча стала адзінаю краінаю ЕС, эканоміка якой расла ўсе гады крызісу і цяпер пераадольвае яго наступствы. Урад Туска добра выкарыстаў € 67 млрд. з еўрапейскіх фондаў, пабудаваў хуткія аўтастрады і ў разы палепшыў рэпутацыю Польшчы ў свеце.

Апаненты ж Туска часцей кажуць пра рост доўгу краіны і колькасці чыноўнікаў. Найбольш істотны ўдар па рэпутацыі Туска ‑ гэта нядаўні скандал звязаны з праслухоўваннем польскіх палітыкаў. На аўдыязапісах чуваць як міністры ўраду шукаюць для Туска кубінскія цыгары або дамаўляюцца аб таемным супрацоўніцтве з Нацбанкам, хоць той і мусіць прытрымлівацца незалежнасці.

На чале Еўропы

Прызначэнне Туска старшынёй Еўрапейскай рады для шмат каго стала нечаканаю навіною. Прэса нахвальвае палітыка, як прыхільніка адзінай Еўропы і жорсткага падыходу да Масквы. Туск, таленавіты і прагматычны, пабудаваў добрыя дачыненні з большасцю еўрапейскіх лідараў, а што найважнейшае – з Ангелай Мэркель. Ён прыклаў нямала намаганняў, каб адрадзіць “Ваймарскі трыкутнік” у складзе Польшчы, Нямеччыны і Францыі, які б мог вяршыць лёсы Еўропы. Пры гэтым, ён не забываўся пра шчыльныя дачыненні з ЗША.

Мяркуецца, што прызначэнне Туска адлюструецца і на агульнай палітыцы Еўропы ў адносінах да Расеі. Масква не будзе радая бачыць на чале Еўропы лідара з такою прынцыповаю пазіцыяй у ўкраінскім пытанні. Некаторыя медыі пішуць, што Туск ураўнаважыць і будзе кантраляваць прарасейскае лобі ў ЕС. Відавочна, што з такім выбарам увага Еўрасаюзу будзе накіраваная на краіны Усходняй Еўропы.

Іншыя ж медыі дадаюць, што значэнне пасады прэзідэнта Еўрапейскай Рады не варта перабольшваць. У рэшце рэшт, Гэрман Ван Ромпёй не стаў лідарам усёй Еўропы. Але кожны, хто хоча вырашыць пытанне ў Еўрапейскай Радзе, мусіць цяпер зайсці Туска і ветліва паразмаўляць, таму значэнне Польшчы ў ЕС будзе значным. Для Беларусі гэта таксама добра, што такую пасаду заняў чалавек, які калісьці прамаўляў па-беларуску.

Падобныя тэмы
ЕСПольшчаТуск
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Павел Зерка (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 30 Ліпеня
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Перад Урсулай фон дэр Ляен стаяць сем асноўных выклікаў. Ёй трэба вынайсці магічную формулу, каб сабраць палітычныя пазлы Еўрапейскага саюза.
Марк Леанард (пераклад Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях) · 7 Траўня
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Шматлікія назіральнікі чакаюць вялікае супрацьстаянне паміж сіламі «адкрытых» і «закрытых» грамадстваў на выбарах у Еўрапейскі парламент у траўні, дзе на коне – будучыня ЕС. Яны не дарма баяцца, але прычына страху памылковая.
Зміцер Лысюк· 12 Красавіка
Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?
Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?
Чаму, нягледзячы на ўсе старанні, стасункі між дзвюма краінамі ўпіраюцца ў столь.