• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як ажывіць студэнцкі рух у Беларусі

    Нашая краіна як адзін з сусветных лідараў па колькасці студэнтаў патрабуе большай аўтаноміі ўніверсітэтаў і вызвалення патэнцыялу акадэмічнага самакіравання. 

    Нягледзячы на старэнне і дэпапуляцыю Беларусь застаецца адным з сусветных лідараў у суадносінах студэнтаў да насельніцтва. Згодна з Белстатам толькі ў Карэі (Паўднёвай, вядома) гэты паказнік большы, чым у Беларусі, а нашая краіна канкуруе з Фінляндыяй ды ЗША. Такім чынам студэнцкаму руху ёсць адкуль паўстаць, прынамсі ў форме валанцёрства, падарожжаў ці абменаў досведам.

    Беларусь не можа разлічваць, што студэнцкі рух абудзіць краіну, як зрабіў гэта калісьці ў Францыі ў 1968-ым. Тады, нягледзячы на доўгі эканамічны рост у краіне, колькасць беспрацоўных увесь час павялічвалася і склала 500 тысячаў чалавек на пачатак году, пры чым большую частку гэтых беспрацоўных складала моладзь. Тым болей, студэнцкі рух не прывядзе да найбуйнейшых дэманстрацыяў у гісторыі, як гэта было ў 1989-ым годзе ў Кітаі, калі студэнты ўсіх 67 пекінскіх універсітэтаў арганізавалі пратэст на плошчы Цяньаньмэнь.

    Калі казаць пра беларускі кантэкст, то сёння студэнцкі рух далей дзейнічае ва ўмовах блізкіх да 1968 або 1981 гадоў. Тады за калектыўныя звароты, напрыклад, за пашырэнне беларускамоўнага выкладання ці ўдасканальванне навучальнага працэсу, выганялі з універсітэтаў.

    Сёння студэнцкія рухі ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы значна адрозніваюцца. Калі ў Заходняй частцы цяпер у трэндзе абараняць правы алергікаў і вегетарыянцаў або займацца мабільнасцю студэнтаў, то ва Усходняй Еўропе асноўны націск ідзе на абарону грамадска-палітычных правоў.

    Адзін з самых моцных студэнцкіх і моладзевых рухаў ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне цяпер ва Украіне, дзе апошнія тры гады адбывалася ўсеўкраінская грамадская кампанія “Супраць дэградацыі асветы”. Украінскія студэнты выступалі супраць прыняцця закону “Аб вышэйшай адукацыі”, які на іх думку спрыяў паглыбленню карупцыі ў сістэме адукацыі, узмацненню камерцыялізацыі ВНУ, а таксама істотна абмяжоўваў паўнамоцтвы адзінак студэнцкага самакіравання.

    Чаго не стае студэнцкаму руху ў Беларусі?

    Аўтаномія ўніверсітэтаў. У шмат якіх краінах універсітэты прадстаўляюць сабою асобную маленькую дзяржаву. Такі расклад дазваляе больш аптымальна кіраваць фінансавымі сродкамі, прафесарска-выкладчыцкім складам, займацца развіццём навукі і матэрыяльна-тэхнічнай базай. Плюсы несумнеўныя, бо мясцовае самакіраванне яшчэ нікому не нашкодзіла.

    Пашырыць сферу дзейнасці студэнцкіх органаў самакіравання. Сёння ўнутры ўніверсітэтаў з розных студэнцкіх арганізацыяў дзейнічаюць толькі органы студэнцкага самакіравання. З’явіліся яны яшчэ на першай хвалі ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс у пачатку 2000-ых. Але эфектыўнай і працаздольнай структурай, якая рэальна рэпрэзентуе інтарэсы студэнтаў, так і не сталі да гэтага часу, а сфера дзейнасці звузілася да арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў.

    Фінансаванне студэнцкай дзейнасці: як навуковай, так і грамадскай. Для студэнтаў трэба ствараць умовы, пры якіх будзе развівацца іх творчы, прафесійны, навуковы і грамадскі патэнцыял. Без істотных грашовых інвестыцыяў цяжка чакаць “на выхадзе” з універсітэту высокакваліфікаваных спецыялістаў, навуковых адкрыццяў ці паўнавартасных грамадзянаў краіны.

    Дэманапалізацыя грамадскай дзейнасці ўнутры ўніверсітэтаў. Прыбраць з універсітэтаў такія рудыменты, як БРСМ і прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Першы існуе толькі дзеля трансляцыі студэнтам дзяржаўнай ідэалогіі, другі – таму што так павялося з савецкіх часоў, а правы студэнтаў у рэчаіснасці не абараняе. Выключэнне гэтых арганізацыяў-манаполій будзе спрыяць з’яўленню рэальных студэнцкіх ініцыятываў, а вызваленыя ад БРСМу сродкі можна будзе накіраваць на падтрыманне гэтых пачынанняў.

    Рэфармаванне заканадаўства, у першую чаргу “Кодэксу аб адукацыі”. Усе змяненні ў адукацыйнай сферы павінны быць падмацаваныя заканадаўчымі актамі. Гэтыя законы мусяць быць сфармуляванымі выразна і адназначна, поўнасцю апісваць увесь працэс. Стаўленне да закону таксама трэба памяняць: ад “усё, што не напісанае ў законе, тое забаронена” да “усё, што не напісанае – дазволена”.

    Пачынаць рэформы трэба з асноўнага закону ў галіне – “Кодэксу аб адукацыі”, і пасля гэтага пераходзіць на сумежныя сферы (працаўладкаванне, ахова здароўя, спорт і г.д.). Такім чынам будзе распрацаваная шырокая заканадаўчая база, якая дазволіць трактаваць законы справядліва і без падвойных стандартаў.

    ПаказацьСхаваць каментары