Пяць ідэяў, як дапамагчы беларускім рэгіёнам

Беларускія рэгіёны знаходзяцца ў такім стане, што ніякая цудоўная пілюля не ў стане іх адразу вылечыць. Але ёсць шмат рэчаў, якія дзяржава магла б зрабіць.
Рыгор Астапеня· 20 Красавіка 2017
Пяць ідэяў, як дапамагчы беларускім рэгіёнам

У апошнія месяцы “Ідэя” даволі шмат пісала пра праблемы беларускіх рэгіёнаў і чаму яны ўзнікаюць. Прыйшоў час распавесці, як улады маглі б захаваць (а недзе і адрадзіць) жыццё па-за Мінскам. Калі коратка, на месца вертыкальнай палітыкі цэнтральных уладаў павінна прыйсці гарызантальная палітыка рэгіянальных суб’ектаў.

Па-першае, нашым рэгіёнам патрэбнае сапраўднае мясцовае самакіраванне, а не фэйкавыя саветы дэпутатаў.

Бо калі чыноўнікі, якія кіруюць рэгіёнам, залежаць ад вышэйшага начальства, а не ад грамадзянаў, то яны для грамадзянаў асабліва і не стараюцца. У рэгіёнах павінна ўзнікнуць моцная грамадзянская супольнасць. Шырокі ўдзел грамадскасці ў вырашэнні мясцовых праблем толькі павялічыў бы якасць рэгіянальных стратэгіяў і падсправаздачных мясцовых уладаў.

Па-другое, дэцэнтралізацыя можа быць не толькі арганізацыйнай, але і фізічнай.

Напрыклад, у Нямеччыне Цэнтрабанк знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне, у Чэхіі ўсе найвышэйшыя суды вынесеныя за Прагу. Болей за тое, заходнія краіны размяшчаюць ў рэгіёнах міжнародныя агенцтвы — штаб Інтэрпола пераехаў з Парыжа ў Ліён яшчэ ў 1989-ым. У Беларусі ж усё сканцэнтравана ў сталіцы і гэта павінна змяніцца.

Штаб-кватэра Інтэрпола знаходзіцца не ў сталіцы Францыі і нават не ў цэнтры Ліёна

Органы, якія абавязаныя праводзіць незалежную палітыку, могуць пакінуць Мінск хоць заўтра – гаворка пра такія ўстановы, як Нацыянальны банк, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды. Гэткая дэцэнтралізацыя дзяржаўных органаў стане штуршком развіцця рэгіёнаў, знізіць выдаткі бюджэту і палепшыць якасць дзяржаўнага кіравання.

За органамі кіравання ў рэгіёны павінна пераехаць добрая частка ўніверсітэтаў. Гэта няправільна, калі ў адным горадзе сканцэнтравана больш за палову ўсіх ВНУ.

 

Дэцэнтралізацыя затрымае моладзь у рэгіёнах лепш за прымусовае размеркаванне. Болей за тое, разбудова ўніверсітэтаў падтрымае якасць чалавечага капіталу, без якога немагчымы эканамічны рост ці прыход буйных інвестыцыяў.

Па-трэцяе, рэгіёнам трэба эфектыўнае бюджэтнае кіраванне і ўдасканальванне стымулаў.  

Мясцовыя бюджэты моцна залежаць ад трансфертаў з рэспубліканскага бюджэту і фармуюцца паводле стратнага прынцыпу. Чым больш ты выдаткаваў у мінулым годзе, тым больш можаш запрасіць сродкаў у гэтым, а эфектыўнасць і эканомія будуць толькі змяншаць твой бюджэт. Не дзіва, што кіраўніцтва пры такой сістэме заўсёды імкнецца раздзьмуць выдаткі.

Па-чацвёртае, трэба дыверсіфікаваць рэгіянальную эканоміку.

Немагчыма павысіць канкурэнтаздольнасць рэгіёнаў, калі ў іх няма канкурэнцыі. Тут трэба абапірацца на прыватны бізнес і стварэнне ўмоваў для роўнага функцыянавання розных прадпрыемстваў. Падаткі ад бізнесоўцаў павінны трапляць у мясцовы бюджэт, каб мясцовыя ўлады мелі стымул пашыраць падатковую базу.

Па-пятае, улады павінны вырашыць агульнарэспубліканскія праблемы.

Па вялікім рахунку, вялікая частка рэгіянальных праблемаў з’яўляецца прадуктам няправільнай палітыкі Мінска. Без рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў сістэма кіравання, як і якасць жыцця, будзе заставацца на нізкім узроўні.

Разам з рэформамі прадпрыемстваў улады павінны пачаць па-сапраўднаму падтрымліваць малазабяспечаных і беспрацоўных. Большасць з іх знаходзіцца акурат па-за сталіцай і стала ахвярай няправільнай палітыкі ўрада.  

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 12 Студзеня
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Адказваем на вашы пытанні – пра карту паляка, перадачу ўлады, пераслед і самых гарачых рэфарматараў.
Алесь Аляхновіч· 2 Студзеня
Як падтрымаць грамадства падчас рэформ?
Як падтрымаць грамадства падчас рэформ?
Віцэ-прэзідэнт CASE Belarus Алесь Аляхновіч тлумачыць тры рэчы, якія трэба зрабіць ужо цяпер, каб падтрымаць уразлівыя групы насельніцтва.
Дзіяна Ляшкевіч· 30 Снежня 2019
Наталля Зубарэвіч: Беларускія рэгіёны не апусцяцца да ўзроўню расійскіх
Наталля Зубарэвіч: Беларускія рэгіёны не апусцяцца да ўзроўню расійскіх
Шэсць ідэй з Reshape 2019 аб рэгіянальнай няроўнасці.