Чаму Беларусі не трэба спяшацца аддаваць даўгі

Напярэдадні магчымага новага крэдыту МВФ варта разабрацца, як шмат грошай мы павінныя свету.
Антон Раднянкоў· 25 Чэрвеня 2015
Чаму Беларусі не трэба спяшацца аддаваць даўгі

На гэты год Беларусі выпадаюць самыя вялікія ў гісторыі выдаткі на абслугоўванне знешняга доўгу – каля $ 14 млрд. У першым квартале мы ўжо аддалі больш за $ 2 млрд, а гэта амаль 30 % прыбытку ад нашага экспарту. Адначасова золатавалютныя рэзервы скараціліся да ўзроўню крызісу 2011-га і пакрываюць толькі два месяцы імпарту.

Не дзіўна, што апынуўшыся ў такой сітуацыі, улады зноў пачалі казаць пра гатоўнасць да рэформаў і нават магчымае закрыццё нерэнтабельных прадпрыемстваў. Рыторыка зразумелая, бо нам патрэбны новы крэдыт МВФ, прычым пажадана большы за мінулы – каля $ 4-6 млрд.

Сума сапраўды вялікая, але Беларусь мае сваю асаблівасць: калі ў свеце пры ацэнцы фінансавай надзейнасці глядзяць на дзяржаўны доўг, то ў нас варта глядзець на валавы доўг. У нашай эканоміцы самыя буйныя прадпрыемствы і банкі належаць дзяржаве, таму як толькі ў іх узнікаюць нейкія праблемы з карпаратыўным доўгам – ён адразу робіцца “дзяржаўным”.

А валавы дзяржаўны доўг тым часам складае $ 40 млрд альбо каля $ 4,2 тыс. на кожнага жыхара Беларусі. Некаторым гэта лічба падаецца агромністай. Лічыцца, што дзяржава павінна імкнуцца зменшыць такі доўг.

Сённяшні памер знешняга доўгу сфармаваўся пераважна ў 2007-2011 гадах, вырасшы ў пяць разоў з $ 6,8 млрд да $ 34 млрд. Але лічыць выпадак Беларусі ўнікальным не варта. Сусветны фінансавы крызіс гэтак жа балюча ўдарыў і па развітых эканоміках – у іх у сярэднім за гэты ж перыяд доўг павялічыўся з 53 % ад ВУП да 80 %.  Аднак у нашай гаспадарцы ёсць пазітыўны момант, бо ВУП Беларусі за гэты час вырас больш чым на $ 20 млрд.

Сутыкнуўшыся з вялікім знешнім доўгам, краіна мае два шляхі: мэтанакіравана змяншаць гэты доўг ці наадварот інвеставаць у эканамічны рост.

Чаму варта змяншаць доўг

Змяншаць доўг варта ў першую чаргу дзеля больш эфектыўнага кіравання рызыкамі. Калі ў цябе адносна невялікі знешні доўг, то ў выпадку непрадказальнай эканамічнай турбулентнасці ты маеш магчымасць здабыць вялікія знешнія пазыкі. Пры вялікім знешнім доўгу ў выпадку новага крызісу грошы можна будзе атрымаць толькі пад вялікія працэнты (бо які інвестар любіць рызыкаваць?). Іншымі словамі, змяншэнне доўгу сёння паніжае рызыку паўнавартаснага суверэннага крызісу заўтра.

Па-другое, лічыцца, што высокі доўг запавольвае эканамічны рост. Краіны з вялікімі пазыкамі будуць менш інвеставаць у грамадскую інфраструктуру і тармазіць бізнес, бо дзеля дадатковых грошай будуць скарачаць выдаткі бюджэту і ўводзіць новыя падаткі. Карацей, каб краіна ўстойліва расла, спачатку варта разабрацца з высокім знешнім доўгам.

Ці пасуе гэта для Беларусі?

Бачна, што цяпер улады праводзяць палітыку зацягвання пасаў. Мэтамі ставяцца стрымліванне інфляцыі і бездэфіцытны бюджэт. Аднак з такімі высокімі ўнутранымі стаўкамі крэдыты амаль недаступныя для бізнесу, адпаведна ён не можа ўстойліва расці. У гэтым жа годзе ВУП зменшыцца і адпаведна доля знешняга доўгу да ВУП (нават калі памер доўгу застанецца тым жа) вырасце.

Апошняе даследаванне МВФ паказвае, што калі краіна мае ўмеркаваны доўг, то не варта імкнуцца яго хутчэй аддаваць. Спробы яго выплаціць могуць наадварот толькі павялічыць залежнасць ад доўгу і лепш  стымуляваць эканамічны рост. Галоўнае, каб прырост ВУП быў большым, чым хуткасць росту доўгу. У такім выпадку доля знешняга доўгу будзе памяншацца арганічна.

Галоўная ж праблема Беларусі не ў адсутнасці грошай на развіццё, а са сферамі, у якія варта інвеставаць. Палітыка мадэрнізацыі скончылася нічым, а гіганты прамысловасці ўвайшлі ў піке.

Узровень нашага знешняга доўгу дазваляе нам атрымаць яшчэ некалькі буйных крэдытаў без вялікага негатыўнага ўплыву на эканоміку. Калі гэтыя грошы пойдуць на рэформы і стымуляванне эфектыўных сфераў (напрыклад, ІТ, лагістыка, сектар паслуг), толькі тады Беларусь здолее вярнуцца да далейшага эканамічнага росту.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак · 30 Красавіка
11 графікаў, якія тлумачаць, што адбываецца з чыгуначным транспартам
11 графікаў, якія тлумачаць, што адбываецца з чыгуначным транспартам
Што вам трэба ведаць з даследавання Сусветнага банка, прысвечанага нашай любай Беларускай чыгунцы.
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Што там у Амерыцы, ЗеEnd, Адэса і Чарнобыльскі шлях
Чым Адэса нагадвае Віцебск 1995-га, чаму Джо Байдэну варта быць геем і чаму Дудзь самы адэкватны расеец – новы выпуск ідэйнага падкаста.
Лукашэнка ў эры робатаў, інсайды з сустрэчы ў ПВТ і шызафрэнія грамадства
Лукашэнка ў эры робатаў, інсайды з сустрэчы ў ПВТ і шызафрэнія грамадства
Абмяркоўваем, як Лукашэнка стаў візіянерам, чаму служба бяспекі прымушала здымаць гальштукі, адкрыцце бара Ў і Курапаты.