Індэкс
беларускай будучыні

Экспертнае апытанне Цэнтра новых ідэй

Будучыня часта ўспрымаецца абстрактна, але насамрэч “заўтра” не складзена з фантазій, выпадковасцяў ці “чорных лебедзяў”.

Будучыня кшталтуецца канкрэтным пазлам доўга­тэрміновых трэндаў

Як будзе выглядаць Беларусь праз пяць гадоў? У якім стане будзе наша эканоміка? Ці палепшыцца дэмаграфічнае становішча? Ці стане Беларусь больш адукаванай ды інавацыйнай? Наколькі ўзмоцніцца ці аслабне нашая ідэнтычнасць? Індэкс беларускай будучыні створаны акурат дзеля таго, каб адказаць на падобныя пытанні.

Глядзець прагноз
    Значэнні
    Індэкс
    • паляпшэнне
    • стагнацыя
    • пагаршэнне

    Мы выдзелілі 20 індыкатараў, якія ўплываюць на беларускую будучыню, і, як вынікае з апытання 26 экспертаў, у большасці з гэтых паказнікаў Беларусь дэградуе альбо знаходзіцца ў стане стагнацыі.

    Размеркаванне паказнікаў ():

    паляпшэнне
    0
    стагнацыя
    0
    пагаршэнне
    0

    Адмыслоўцы, якія прадстаўляюць 20 арганізацый (аналітычныя цэнтры, акадэмічныя структуры і арганізацыі грамадзянскай супольнасці) ацэньвалі паводле шкалы ад 0 % да 100 % імавернасць розных сцэнароў развіцця Беларусі, сукупнасць якіх і з’яўляецца колькасным паказнікам Індэкса беларускай будучыні. Напрыклад, вынік 1,1 азначае, што паказнік вырасце на 10 % у параўнанні з мінулай пяцігодкай. Адзіным выключэннем, калі мы не вылічвалі індэкс, з’яўляецца рост ВУП, паколькі за мінулую пяцігодку гэты паказнік быў адмоўны (-0,24%).

    Звярніце ўвагу, што ў большасці выпадкаў мы ставілі пытанне не пра тое, што будзе праз пяць гадоў, але пра сярэдні паказнік цягам наступных пяці гадоў.

    Калі колькасныя паказнікі паходзяць з экспертнага апытання, то інтэрпрэтацыі (развіццё, стагнацыя ці пагаршэнне) – на сумленні аўтараў індэкса (Рыгор Астапеня і Андрэй Казакевіч).

    Эканамічныя перспектывы

    Рост ВУП

    Валавы ўнутраны прадукт – гэта “нудны” паказнік, але ён найлепш паказвае здароўе эканомікі, адлюстроўваючы кошт усіх тавараў і паслугаў, вырабленых у краіне. Ад таго, ці расце гэтая сума, памер усёй эканомікі, у пэўнай ступені залежыць, ці будзе расці наш кавалак ад пірага. У апошняе дзесяцігоддзе гэты пірог не надта павялічваўся – складана нават узгадаць, колькі крызісаў мы за гэты час перажылі.

    Эксперты прагназуюць, што падчас наступнай пяцігодкі эканоміка будзе расці ў межах ад 1,5 % да 3 %, што ў практыцы з’яўляецца стагнацыяй, – гэткі рост не кампенсуе стратаў ад эканамічнага крызісу і ніжэйшы за рост сусветнай эканомікі.

    Сярэдні заробак

    Сярэдні заробак у Беларусі – гэта не толькі эканамічны паказнік, але і культурны мем ды палітычная мэта. Змаганне за “пяцьсот для ўсіх” цягнецца ўжо вельмі даўно, і хоць мы некалькі гадоў перамагалі ў бітвах, але вайну ўсё адно прайграем.

    Паміж 2018-ым і 2022-ім годам сярэдні заробак у Беларусі, праўдападобна, складзе $500-600, што не змяншае нашай адсталасці ад заходніх краін.

    Знешняя запазычанасць

    Магчыма, знешняя запазычанасць з’яўляецца адной з найвялікшых пагрозаў для беларускай эканомікі. Чым больш залежнай будзе Беларусь ад замежнага фінансавання, тым менш устойлівай будзе наша эканоміка ў выпадку, калі знешняя кан’юнктура чарговы раз хіснецца ў дрэнны бок.

    Знешняя запазычанасць, хутчэй за ўсё, будзе складаць 70-90 % ад ВУП Беларусі.

    Доля Расіі ў экспарце

    Залежнасць ад аднаго расійскага рынку – боль беларускіх чыноўнікаў і эканамістаў. У практыцы гэта азначае, што ў моманты, калі расійская пакупніцкая здольнасць змяншаецца, адпаведна можа змяншацца (хоць канкурэнцыя таксама грае ролю) і наш экспарт у Расію. Таму Беларусь прынамсі фармальна імкнецца зменшыць долю Расіі ў гандлі.

    Імаверна, што доля Расіі ў беларускім экспарце тавараў нязначна зменшыцца – да 35-40% ад агульнага памеру.

    Колькасць краін, куды ідзе больш за 5 % беларускага экспарту

    Дыверсіфікацыя – гэта адно з найчасцей паўтараных словаў беларускага істэблішменту. Чым больш буйных гандлёвых партнёраў мы будзем мець, тым менш нас будуць пужаць расійскія крызісы (і розныя там “войны”).

    Колькасць краін, у кожную з якіх будзе ісці больш за 5 % беларускага экспарту, узрасце, хутчэй за ўсё, да 3-5.

    Агульна­нацыянальны заробак у параўнанні з заробкам у Мінску

    Канешне, сталіца ды іншыя рэгіёны жывуць па-рознаму ў шмат якіх краінах. Беларускі выпадак вылучаецца тым, што гэтае адрозненне ў нас павялічваецца. Мінск высмоктвае найлепшыя рэсурсы ўсёй краіны ў той час, як рэгіёны, адпаведна, дэградуюць.

    Агульнанацыянальны заробак у параўнанні з заробкам у Мінску, імаверна, застанецца прыкладна на сённяшнім узроўні.

    Сацыяльна-дэмаграфічнае развіццё

    Чаканая працягласць жыцця

    У шырокім сэнсе чаканая працягласць жыцця паказвае здароўе грамадства. У Беларусі гэтая працягласць не такая кароткая, хоць і існуе велізарная розніца паміж тым, колькі жывуць мужчыны і жанчыны. Апошнія, народжаныя ў 2017 годзе, маюць пражыць на 10 гадоў больш, чым першыя, народжаныя ў тым жа годзе.

    У найбліжэйшыя пяць гадоў чаканая працягласць жыцця беларусаў будзе надалей павялічвацца і акажацца ў межах ад 75 да 80 гадоў.

    Колькасць насельніцтва

    Для Беларусі, як і іншых краін, велізарнае значэнне мае дэмаграфічная нагрузка – суадносіны людзей у працаздольным і непрацаздольным узросце. Звычайна, калі колькасць насельніцтва змяншаецца, то хутчэй за ўсё расце дэмаграфічная нагрузка.

    На жаль, чакаць росту колькасці беларусаў не выпадае, бо, хутчэй, лічба жыхароў будзе змяншацца.

    Каэфіцыент Джыні

    Каэфіцыент Джыні паказвае розніцу ў прыбытках розных слаёў грамадства: 0 азначае поўную роўнасць, а 1 – абсалютную няроўнасць. Беларусь – роўная як сапраўдная скандынаўская краіна, калі верыць гэтаму паказніку.

    Паводле экспертаў, у найбліжэйшыя пяць гадоў не варта чакаць значнага росту дыспрапорцый паміж заможнымі і беднымі беларусамі.

    Гендарная роўнасць

    У нашым індэксе пад “гендарнай роўнасцю” мы разумеем паказнік Беларусі ў Global Gender Gap Index – даследаванні Сусветнага эканамічнага форуму, які ацэньвае краіны паводле ўдзелу жанчын у эканоміцы і палітыцы, па доступе да адукацыі і стане здароўя. Паводле гэтага індэкса, няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі не такая вялікая (прыкладна такая ж, як у Літве ці Іспаніі).

    У найбліжэйшыя пяць гадоў чакаць істотных зменаў не выпадае. Хутчэй за ўсё, паказнік Беларусі ў Global Gender Gap Index крыху палепшыцца.

    Абароненасць правоў меншасцяў

    Развіццё дзяржавы (і грамадства) добра адлюстроўваецца тым, наколькі яна гатовая ўспрымаць розныя меншасці сваёй натуральна часткай. У пілотным выпуску індэкса мы папрасілі экспертаў ацаніць па дзесяцібальнай шкале, наколькі Беларусь шануе розныя нешматлікія групы (людзі з інваліднасцю, сексуальныя, рэлігійныя ды іншыя меншасці) і ці варта чакаць добрых зменаў. Здаецца, што варта.

    Сённяшняя абароненасць: 8 з 10

    Існуюць сістэмныя і ўстойлівыя перашкоды для рэалізацыі правоў меншасцяў, асобных сацыяльных і дэмаграфічных груп. Сістэмныя перашкоды замацаваны заканадаўча і рэалізуюцца на практыцы.

    Прагназаваны паказнік праз 5 гадоў: 6 з 10

    Правы меншасцяў, асобных сацыяльных і дэмаграфічных груп абмяжоўваюцца. Пры гэтым, абмежаванні маюць выбарачны характар, тычацца асобных сфер і накірункаў дзейнасці.

    Крыніца дадзеных: апытанне

    Глядзець усю шкалу

    1-2. Дзяржава з’яўляецца інклюзіўнай. Правы меншасцяў гарантаваныя і выконваюцца на практыцы. Практыкі выключэння адсутнічаюць ці нязначныя.

    3-4. Дзяржава ў значнай ступені інклюзіўная. Праявы выключэння маюць абмежаваны і эпізадычны характар.

    5-6. Правы меншасцяў, асобных сацыяльных і дэмаграфічных груп абмяжоўваюцца. Пры гэтым абмежаванні маюць выбарачны характар, тычацца асобных сфер і кірункаў дзейнасці.

    7-8. Існуюць сістэмныя і ўстойлівыя перашкоды для рэалізацыі правоў меншасцяў, асобных сацыяльных і дэмаграфічных груп. Сістэмныя перашкоды замацаваныя заканадаўча і рэалізуюцца на практыцы.

    9-10. Дзяржава мае неінклюзіўны характар. Меншасці, асобныя сацыяльныя і дэмаграфічныя групы знаходзяцца пад істотным пастаянным ціскам і пагрозаю. Маюць месца акты гвалту з боку дзяржавы і арганізаваных груп.

    Адукацыйны і інавацыйны патэнцыял

    Унутраныя выдаткі на даследаванні і распрацоўкі

    Тое, колькі краіна выдаткоўвае на навуку, выразна паказвае, ці яе эканамічныя агенты бачаць даследаванні і распрацоўкі адным з рухавікоў сваёй эканомікі. На жаль, Беларусь не з тых краінаў, дзе гэтыя выдаткі высокія. Калі ў такіх краінах, як Нарвегія ці Нідэрланды, на даследаванні і распрацоўкі выдаткоўваецца каля 2 % ад ВУП, то ў Беларусі ў 3-4 разы менш.

    Праўдападобна, што даследчыя выдаткі надалей будуць заставацца на нізкім узроўні.

    Дзяржаўныя выдаткі на адукацыю

    Выдаткі на адукацыю, падобна як і выдаткі на навуковыя даследаванні і распрацоўкі, паказваюць, ці дзяржава ўспрымае адукаванасць людзей як свой прыярытэт. Але ў адрозненні ад папярэдняга паказніка Беларусь у гэтым не адстае ад Захаду. Беларусь выдаткоўвае прыкладна такі ж працэнт ад валавога ўнутранага прадукту, як і Германія ды Польшча.

    На жаль, праўдападобна, Беларусь пачне выдаткоўваць на адукацыю менш за 5 % ад свайго ВУП.

    Колькасць беларускіх універсітэтаў сярод лепшых 500

    Беларускія ўніверсітэты сапраўды хочуць трапіць у рэйтынгі найлепшых ВНУ свету. Гэта пытанне не толькі прэстыжу, але і прывабнасці на рынку адукацыйных паслуг. Але дагэтуль толькі адзін беларускі ўніверсітэт – БДУ – трапляў у лік 500 толькі ў адным рэйтынгу – 334 месца паводле QS World University Rankings.

    Сённяшняе становішча

    Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт патрапляе ў лік 500 толькі ў адным рэйтынгу.

    Прагназаваны паказнік праз 5 гадоў

    Варта чакаць, што цягам найбліжэйшых пяці гадоў колькасць беларускіх універсітэтаў сярод найлепшых 500 вырасце да 2-3.

    Колькасць замежных студэнтаў

    На жаль, вялікая колькасць замежных студэнтаў прыязджае да нас не па прэстыжны дыплом ці якасную адукацыю. Але ў любым разе яны прывозяць з сабой грошы, якія трацяць на навучанне і пражыванне ў Беларусі, а таксама спрыяюць інтэрнацыяналізацыі беларускай адукацыі.

    Выглядае, што Беларусь ужо дасягнула сваёй столі ў прыцягванні замежных студэнтаў – іх колькасць у 2018-2022 гг. складзе 15-17 тысяч. Гэты нязначны рост сведчыць аб стагнацыі беларускага адукацыйнага рынку на фоне ранейшых тэмпаў прыросту і павелічэння сусветнага рынку вышэйшай адукацыі.

    Колькасць заявак на патэнты

    Колькасць заявак на патэнты – гэта як колькасць новых ідэй ад навукоўцаў. На жаль, у апошнія гады гэтая колькасць у Беларусі балюча змяншаецца – цяпер рэзідэнты Беларусі падаюць у 10 разоў менш, чым рэзідэнты Польшчы (хоць, канешне, памеры насельніцтва таксама варта браць пад увагу).

    Выглядае, што сітуацыя будзе развівацца гэтак жа адмоўна. Колькасць заявак на патэнты ў найбліжэйшыя 5 гадоў складзе ў сярэднім 300-500 заявак у год.

    Інклюзіўнасць дзяржавы

    Стан карупцыі

    Беларусь ужо не першае дзесяцігоддзе нібыта змагаецца з карупцыяй і не першае дзесяцігоддзе не можа яе перамагчы, знаходзячыся ў рэйтынгах вышэй, чым Украіна ці Расія, і значна ніжэй, чым нашыя “заходнія” суседзі. Мы выпрамілі шкалу двух рэйтынгаў (Transparency International і Freedom House) ад 0 (найлепшы стан) да 10 (найгоршы стан), аб’ядналі іх, і вось што выйшла.

    Выглядае на тое, што цягам найбліжэйшых пяці гадоў не варта чакаць радыкальных зменаў – беларуская карупцыя захавае прыкладна такі ж памер і распаўсюджанасць, як і цяпер.

    Нацыянальная кансалідацыя і трываласць ідэнтычнасці

    Саматоеснасць – гэта вялікі беларускі боль і, магчыма, наша галоўная праблема. Мы папрасілі экспертаў ацаніць сённяшні стан кансалідацыі і ідэнтычнасці ды сказаць, дзе мы будзем праз пяць гадоў. Паводле апытання, калі і варта чакаць паляпшэння, то нязначнага.

    Сённяшні ўзровень: 6 з 10

    Нацыянальная ідэнтычнасць няўстойлівая. Сфармаваныя канкурэнтныя інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы, не існуе выразнага разумення адрознасці ад іншых нацый. Унутраны канфлікт па пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці мае палітычны характар. Існуе заўважны знешні ўплыў на фарміраванне ідэнтычнасці.

    Прагназаваны паказнік праз 5 гадоў

    Глядзець усю шкалу

    1-2. Нацыянальная ідэнтычнасць устойлівая. Сфармаваны цэласны корпус інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы, існуе выразнае разуменне адрознасці ад іншых нацый. Няма ўнутранага канфлікту ў пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці. Няма знешняга ўплыву на фармаванне ідэнтычнасці.

    3-4. Нацыянальная ідэнтычнасць дастаткова ўстойлівая. Адрозненні ў інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы, падабенства да суседзяў нязначныя і маюць характар акадэмічных дыскусій. Унутраны канфлікт у пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці абмежаваны дыскусіямі ў культурнай і інтэлектуальнай сферах. Знешні ўплыў на фармаванне ідэнтычнасці нязначны.

    5-6. Нацыянальная ідэнтычнасць няўстойлівая. Сфармаваныя канкурэнтныя інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы, не існуе выразнага разумення адрознасці ад іншых нацый. Унутраны канфлікт па пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці мае палітычны характар. Існуе заўважны знешні ўплыў на фармаванне ідэнтычнасці.

    7-8. Крызісны стан нацыянальнай ідэнтычнасці. Канкурэнтныя інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы знаходзяцца ў стане канфлікту і не сумяшчаюцца. Унутраны канфлікт па пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці мае востры палітычны характар. Пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці выступае асноўным фактарам палітычнага падзелу і супрацьстаяння. Знешні ўплыў з’яўляецца адным з важных фактараў фармавання ідэнтычнасці.

    9-10. Распад нацыянальнай ідэнтычнасці. Канкурэнтныя інтэрпрэтацыі гісторыі, культуры, мовы і г. д. прэтэндуюць на статус асобных нацыянальных ідэнтычнасцяў. Востры ўнутраны канфлікт у пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці з адкрытымі тэндэнцыямі да сепаратызму. Вызначальная роля знешняга фактара ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

    Развіццё электроннага ўраду

    Кожныя два гады Арганізацыя Аб’яднаных Нацый складае E-Government Development Index, у якім ацэньваюцца краіны паводле даступных урадавых сэрвісаў у анлайне, паводле тэлекамунікацыйнай інфраструктуры і людскога капіталу. Беларусь выглядае даволі добра па двух апошніх паказніках і дрэнна па першым, што ў сярэднім дае 39 месца сярод 193 краін.

    Паказнік Беларусі ў E-govenment Index застанецца ў найбліжэйшыя пяць гадоў прыкладна на тым самым узроўні.

    Стан і ўмовы развіцця грамадзянскай супольнасці

    Актыўная грамадзянская супольнасць – неабходны элемент развіцця дэмакратыі. У нашым індэксе мы выраўнялі сярэдні паказнік стану грамадскага сектара на аснове ацэнак USAID і Freedom House па шкале ад 1 да 10 (дзе 1 – выдатны стан і вельмі спрыяльныя ўмовы для развіцця грамадзянскай супольнасці, а 10 – складаны стан і надзвычай неспрыяльныя ўмовы для развіцця грамадзянскай супольнасці).

    Стан і ўмовы развіцця грамадзянскай супольнасці ў найбліжэйшыя пяць гадоў застануцца прыкладна на тым самым узроўні ці крыху палепшацца.

    Пра стваральнікаў Індэкса

    Рыгор Астапеня

    Заснавальнік і старшыня Цэнтра новых ідэй. У лістападзе Рыгор бароніць сваю PhD-дысертацыю ў Варшаўскім універсітэце.

    Аўтар Індэксу Рыгор Астапеня

    Андрэй Казакевіч

    Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Андрэй атрымаў ступень PhD ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне.

    Аўтар Індэксу Андрэй Казакевіч