Інфармацыйная бяспека: вольныя медыі альбо капут

Падпарадкаванне рупараў прапаганды прэс-сакратарцы прэзідэнта не заменіць моцных вольных СМІ.
Вадзім Мажэйка· 16 Сакавіка 2017
Інфармацыйная бяспека: вольныя медыі альбо капут

Улады расчараваныя неэфектыўнымі ідэолагамі і медыйшчыкамі ды квола спрабуюць змяніць фармат інфармацыйнай працы з насельніцтвам. Ідэя надзвычай актуальная, аднак паўнавартасную інфармацыйную бяспеку можа забяспечыць толькі стварэнне адэкватных умоваў працы незалежных медыяў.

Залаты век ідэолагаў ідзе на спад

Аляксандр Лукашэнка перафарматаваў дзейнасць кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта. З ідэалагічнай працы сышлі яе самыя яркія твары (Усевалад Янчэўскі, Ігар Бузоўскі). Фактычна скарочаная нефармальная пасада “намесніка старшыні Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі”. Затое прэс-сакратарка Наталля Эйсмант цяпер будзе курыраваць дзейнасць буйных дзяржаўных медыяў.

Верагодна, што ідэалагічны праект паціху спыняецца, а ўлады разважаюць над новымі, больш эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння з насельніцтвам. У сувязі з “недармаедскімі пратэстамі” агульным месцам для дзяржаўнага ТБ і калядзяржаўных палітыкаў ды аналітыкаў стала лаяць неэфектыўную дзейнасць менавіта ідэалагічнага апарату.

Ідэалагічная вертыкаль будавалася з 2003 года, аднак адказваць на выклікі часу яна не можа. Як неаднаразова прызнаваўся і сам Лукашэнка, ніякай нацыянальнай ідэі ды ідэалогіі за ўвесь гэты час годна сфармуляваць так і не атрымалася. Іх падмяняла ідэя наўпроставай лаяльнасці да дзейсных уладаў.  

Аднак пасля анэксіі Крыма выявілася, што сярод ідэолагаў хапае прыхільнікаў “рускага свету”.

Гэтак у 2014 годзе пазбавілі пасады кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Льва Крыштаповіча – вядомага заходнерусіста, які вельмі ганарыцца тым, што калісьці атрымаў ордэн з рук самога Пуціна.

Верагодна, чысткі прайшлі і на ніжэйшых узроўнях, аднак годна адрэагаваць на посткрымскую рэчаіснасць ні ідэалагічная вертыкаль, ні дзяржаўныя медыі так і не змаглі. У эфіры вяла рэй прапаганда расейскага тэлебачання. Не лепшай з’яўляецца і іх рэакцыя на народнае абурэнне з нагоды дармаедскага дэкрэта, леташнія пратэсты прадпрымальнікаў. Ідэолагі маўчаць, а дзяржаўным медыям хапае пораху, толькі каб бамбаваць шызафрэнічнай прапагандай.

Да таго ж ідэалагічны апарат за 14 год раздзьмуўся, і сёння гэтая зграя бязглуздых дармаедаў патрабуе велічэзных бюджэтных выдаткаў. У цяперашнія цяжкія часы ўлады зацікаўленыя перанакіраваць грошы з іх на больш эфектыўную дзейнасць.

Рэформы, але не ў той бок

На жаль, стварэнне медыйнай вертыкалі цяжка назваць больш эфектыўным за працу вертыкалі ідэалагічнай. Дзяржаўныя медыі ўжо “ўзмацнялі”, аб’ядноўваючы іх у холдынгі, аднак гэта асабліва не палепшыла іх якасці.

І справа не ў тым, што аб’ядноўвалі не тыя медыі альбо пад кіраўніцтвам не тых менеджараў.

Любая спроба з боку дзяржаўнай вертыкалі жорстка падпарадкаваць сабе працу з інфармацыяй – малаэфектыўная, а для мінімальнай аддачы патрабуе велічэзнага фінансавання. Вольныя медыі працуюць лепш за дзяржаўныя ва ўсім свеце.

Гэта аднак не значыць, што дзяржава не можа нічога зрабіць для ўзмацнення інфармацыйнай бяспекі, і трэба пусціць медыйную працу на самацёк.

Як заўважыў на канферэнцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, бюджэтныя датацыі павінны стаць даступнымі для недзяржаўных СМІ.

І гэта не звышнахабнасць, а нармальны еўрапейскі падыход.

Самы адэкватны шлях забяспечыць годнае інфармаванне насельніцтва, асабліва на лакальным узроўні, – гэта размяркоўваць дзяржаўную падтрымку медыям праз конкурсы, дзе фінансаванне будзе празрыстым, а доступ адкрыты для ўсіх. Гэтак, да прыкладу, падтрымліваюцца медыі ў Швецыі ды іншых еўрапейскіх краінах.

Ёсць варты пераймання досвед і бліжэй – у Латвіі. Як распавяла кіраўніца рыжскага Baltic Centre for Media Excellence Рыта Рудуша, незалежныя выданні ў рэгіёнах могуць быць моцным цэнтрам супольнасці: і клубам, і кавярняй, і ўласна медыйным інструментам гуртавання супольнасці. Гэтак у Ліепаі дагэтуль існуе моцная штодзённая друкаваная газета са значным тыражом. Падтрымка такіх медыяў – яшчэ адзін інструмент ратавання рэгіёнаў.

Без лібералізацыі медыяў не абысціся

Аднак галоўная мэта інфармацыйнай бяспекі – абараніць краіну ад фактаў медыйнай маніпуляцыі, прапаганды ды постпраўды, якія часта распаўсюджваюцца звонку. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што праблемы ў гэтай галіне ўлады збольшага разумеюць і заўважаюць: “Не сакрэт, што Беларусь “прастрэльваецца” рознымі інфармацыйнымі плынямі, таму неабходна ўмела і сістэмна супрацьстаяць негатыўным з’явам”.

Але аднаго разумення мала, трэба яшчэ рэагаваць належным чынам.

Пакуль дзяржаўныя медыі часцей за ўсё нехлямяжыя, ім не стае разняволенасці і разнастайнасці, а часам і майстэрства. І гэтыя хібы нельга выправіць падпарадкаваннем прэс-сакратарцы. Праблема глыбей: каб медыі былі моцнымі, яны мусяць працаваць свабодна, без ціску альбо нават без наўпроставых распараджэнняў з боку ўладаў. Не трэба вынаходзіць ровар і прыдумваць нейкую асаблівую схему з новай структурай дзяржаўнай медыйнай вертыкалі.

Больш карысна звярнуць увагу на парады медыяэкспертаў (напрыклад, падрыхтаваныя ў межах “Рэфорума”). Яны падкрэсліваюць, што беларускія незалежныя СМІ могуць дапамагаць дзяржаве адказваць на выклікі ў сферы інфармацыйнай бяспекі.

Іх варта ўспрымаць як хаўрусніка, варта спыніць пераслед журналістаў, даць вольны доступ да сістэмы распаўсюду. Мусіць па-сапраўднаму працаваць Грамадскі каардынацыйны савет у сферы СМІ, апекавацца абаронай нацыянальнай інфармацыйнай прасторы і выпрацоўваць рэкамендацыі для фармавання эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы.

Улады падтульваюць хвост перад наступствамі гэткіх пераменаў ва ўнутранай палітыцы. Тут ім хочацца кантраляваць медыі, яны імкнуцца перашкаджаць журналістам асвятляць тыя ж “Маршы недармаедаў”. Але знешняй пагрозы ды інфармацыйнай небяспекі ў нашыя часы варта баяцца куды больш.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.
Вадзім Мажэйка· 29 Ліпеня
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно.
Вадзім Мажэйка· 15 Ліпеня
Саюзная дэзынтэграцыя. Як Масква ўласнаруч адштурхоўвае Мінск
Саюзная дэзынтэграцыя. Як Масква ўласнаруч адштурхоўвае Мінск
Апаненты Аляксандра Лукашэнкі заўсёды казалі пра небяспеку распачатай ім інтэграцыі з Расіяй. Але дапамога прыйшла адкуль не чакалі: апошнім часам Расія робіць усё, каб дэзынтэграваць нашыя краіны.