Чаму нам патрэбныя замежныя інвестыцыі (пад любым соусам)

Дырэктар інвестыцыйнай кампаніі Uniter расказвае, чаму нам не выжыць без замежных інвестыцый, прыватызацыі і адукацыі.
Антон Раднянкоў, Глеб Мартынаў· 25 Кастрычніка 2017
Чаму нам патрэбныя замежныя інвестыцыі (пад любым соусам)

Кіраўнік кампаніі Uniter Раман Осіпаў – хіба адзін з найбольш дасведчаных людзей у Беларусі, з якім варта паразмаўляць пра замежныя грошы. Яго фірма акурат займаецца тым, што прыцягвае інвестыцыі ў краіну. Але наша размова ў часе Беларускага інвестыцыйнага форуму зайшла куды далей, бо мы абмеркавалі нават заробкі школьных настаўнікаў.

— Апошнім часам ідзе актыўная дыскусія вакол ільготных эканамічных зон як ПВТ ці Вялікі камень. Ці сапраўды яны нам трэба?

— Калі глядзець на сусветную практыку, то такія спецыяльныя рэжымы пачалі ўзнікаць у Сінгапуры, Дубаі і Кітаі яшчэ 20-30 гадоў таму. І галоўная прычына – патрэба ў прыцягненні капіталу.

Карысць ад такіх захадаў не ў дадатковых падатках, бо некаторыя думаюць:  “Дадзім ільготы – бізнес не даплаціць падаткаў, навошта нам гэта трэба?”  Але не гэта рухае краіну да развіцця. І калі супаставіць прыцягнуты капітал з тымі падатковымі стратамі – атрымаецца не так і шмат.

Развіццё дае вялікая колькасць капіталу, зацягнутая ў краіну не важна пад якім соусам.

Любы прамысловы праект, напрыклад, будаўніцтва завода на $ 100 млн, будзе мець рэнтабельнасць каля 10 % ($ 10 млн), а падатак на прыбытак у нас 18 % альбо $ 1,8 млн у год. І гэта пры тым, што інвестар уклаў $ 100 млн. З гэтых грошаў каля 20 % ідзе на заробкі, а яшчэ закупляецца абсталяванне, мясцовыя паслугі. Таму калі ацэньваць усе сацыяльна-эканамічныя эфекты ад такіх схем, то яны прыносяць шмат карысці.

З ПВТ сітуацыя іншая. Гэта не прамысловасць, і таму інвестыцыі ў гэтай сферы не звязаныя з капітальнымі выдаткамі. Свет рухаецца да паслугаў, яны менш звязаныя з фізічнымі рэчамі і больш – з віртуальнымі. Таму часам можна пачуць крытыку ПВТ, маўляў, ім асабліва і інвестыцыяў не трэба – наняў людзей і адразу атрымліваеш ільготы. А тыя, хто не займаюцца ІТ, але робяць тое ж самае ў аўдыце ці інжынірынгу, – плацяць усе падаткі.

Гэта не зусім правільна. Але з іншага боку, ёсць пэўныя прыярытэты. Гэта новыя выбухныя рэчы, таму шанцы, што ў гэтых сферах адбудзецца нешта пазітыўнае, – куды большыя, чым у традыцыйных індустрыях.  І калі адбудзецца нейкі выбух – гэта можа даць хуткі эфект. Але ніхто не ведае, у якой менавіта сферы будзе выбух, таму лепш максімальна пашырыць ільготы ў сферы ІТ і нешта дакладна выбухне. І тады краіна зможа на гэтым зарабіць, бо мае гэтыя кавалкі сусветнага value chain.

— Чаму тады мы не можам распаўсюдзіць ільготныя ўмовы на ўсю эканоміку?

— У кожнай ільготнай зоны ёсць свая мэта і абмежаванні. Цэмент вырабляць ці ладзіць дрэваапрацоўку ў ПВТ не будуць. Таксама ёсць эканамічны сэнс развіваць тыя накірункі, якія ў перспектыве будуць расці. Традыцыйныя галіны эканомікі альбо стабільныя, альбо падаюць.  Спажыванне хлебу, напрыклад, падае. За іх кошт не забяспечыш росту эканомікі. А ёсць галіны, якія растуць, і попыт на іх расце. Такія галіны ўзнікаюць увесь час і трэба паспець урваць свой кавалак з агульнасусветнага пірага.

— Акрамя ІТ, якія галіны эканомікі ў Беларусі жывыя ці гатовыя выбухнуць?

— Ёсць сферы, заснаваныя на ведах і інтэлекце. Менавіта гэтыя сферы, калі стварыць нармальныя ўмовы, могуць развівацца. Але нармальныя ўмовы – гэта якасная адукацыя. Пакуль са школ не пачнуць выходзіць людзі з веданнем англійскай мовы, то ніякіх тэхналогій не будзе. Гэта самае галоўнае.

Традыцыйныя галіны эканомікі альбо стабільныя, альбо падаюць. За іх кошт не забяспечыш росту эканомікі. 

Мы ва Uniter параўноўвалі прадпрыемствы сельскай гаспадаркі – беларускія і сусветныя. Асноўныя інвестыцыі замежных кампаній звязаны з даследаваннямі і распрацоўкамі (R&D). Пры абароце ў $ 30 млрд з іх $1 млрд ідзе ў R&D. Сучасныя рашэнні ў машынабудаўніцтве і камбайнах не звязаныя з фізічным камбайнам. Гэта сістэмы кіравання глебамі. Нам трэба вырошчваць ураджай – вось інтэграваная сістэма, як усё робіць. Гэта будзе развівацца ў будучыні.

— Што яшчэ замінае развіццю эканомікі?

— Адсутнасць прыватызацыі. У нас 60-70 % эканомікі закрытыя для інвестараў. Гэта галіны, дзе дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы і куды інвестары не ідуць. Ствараць новы завод і канкураваць з дзяржавай ніякі інвестар ніколі не будзе. Там, дзе можна ўваходзіць, – інвестары актывізуюцца, той жа рытэйл, сектар паслуг. Вырашыць гэту праблему можна толькі прыватызацыя.

Праз усе гэтыя кангламераты дзяржава валодае вялікай інфраструктурай, якая не задзейнічаная патрэбным чынам. Таму на вялікай колькасці дзяржпрадпрыемстваў ёсць шмат лішняй інфраструктуры і, адпаведна, магчымасцяў.

Таму патрэбныя ўмовы, калі не будзе страху ствараць сумесныя прадпрыемствы з прыватнікамі, выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. Але гэта патрабуе рэструктурызацыі буйных дзяржаўных кангламератаў. А рэарганізацыі ў нас баяцца, бо гэта працэс, які складана спланаваць.

Што будзе, калі раптам па выніках прыйдзецца звольніць палову людзей? Як жа так?

Каб зрабіць працэс рэструктурызацыі больш прадказальным, неабходна правесці прафесійны аналіз сітуацыі. Яго можна зрабіць без сваіх выдаткаў, за грошы міжнародных фінансавых інстытутаў. Канешне, гэта зойме час – год ці два, але будзе зразумела, якой павінна быць стратэгія рэкструктурызацыі, як далей развіваць прадпрыемства, якія ёсць плюсы і мінусы. Гэта сур’ёзная аналітычная праца, для якой трэба прыцягваць міжнародных экспертаў, замежныя фонды.

Калі аналіз пакажа, якія варыянты дадуць канкрэтныя вынікі, то дзяржаве будзе не страшна прымаць рашэнні аб рэструктурызацыі.

— Ці не баяцца замежныя інвестары “стараннасці” з боку органаў кантролю?

— Да замежных інвестараў ніхто адмыслова не прыйдзе, каб задушыць іх бізнес. Такіх фактаў мала. Ёсць пытанні з дзяржаўным рэгуляваннем індустрыяў, калі выкарыстоўваюцца розныя дыскрымінацыйныя захады ў дачыненні да прыватнага бізнесу. Напрыклад, сфера страхавання, дзе дзяржаўны бізнес мае больш магчымасцяў, чым прыватны. Гэта правілы гульні. Але такіх рэчаў апошнім часам усё менш, бо наладжана добрае супрацоўніцтва з міжнароднымі інстытутамі, які вельмі за гэтым сочаць. І ў будучыні сітуацыя будзе яшчэ больш збалансаваная.

— З чаго трэба пачынаць рэформы, што трэба рабіць ужо цяпер?

— Адукацыя – краевугольная рэформа, менавіта з яе варта пачынаць. Гэта вызначае інтэлектуальную каштоўнасць краіны. І адукацыю трэба тэрмінова змяняць. Павышаць якасць падрыхтоўкі настаўнікаў, заробкі, рэпутацыю прафесіі. Асабліва гэта тычыцца школы.

— Якой Беларусь будзе праз 10 гадоў?

— Мне б хацелася бачыць краіну нармальных, інтэлігентных людзей з добрай адукацыяй. Гэта не абавязкова павінны быць нейкія тэхнічныя веды, магчыма, проста шырыня поглядаў, веданне моваў. Тут мне вельмі падабаецца прыклад Фінляндыя: у іх адукацыя – аснова ўсёй эканомікі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Чым Лукашэнка падобны да Міхалка і адрозніваецца ад Назарбаева
Чым Лукашэнка падобны да Міхалка і адрозніваецца ад Назарбаева
Спрачаемся пра гендарную дыскрымінацыю, параўноўваем кіраўніка краіны і рок-ікону ды абмяркоўваем цыгарэты.
Антон Раднянкоў· 5 Кастрычніка
Як дзякуючы зялёнай энергіі асвятляецца беларускі горад Полацк
Як дзякуючы зялёнай энергіі асвятляецца беларускі горад Полацк
Што агульнага маюць беларускі горад Полацк з французскім горадам Ліён? І як жыхары Беларусі змяняюць месцы, дзе яны жывуць? Чытайце далей, каб даведацца. 
Франак Вячорка пра новыя медыі і спробы вярбовак КДБ
Франак Вячорка пра новыя медыі і спробы вярбовак КДБ
Дзе варта пастажыравацца і як весці, калі вас вярбуе КДБ