Усё што трэба ведаць пра “Ісламскую дзяржаву”

“Ідэя” разбірае па пунктах, што ўяўляе з сябе найбуйнейшая тэрарыстычная групоўка свету.
Вольга Гарапучык· 9 Студзеня 2015
Усё што трэба ведаць пра “Ісламскую дзяржаву”

Ісламісты жартаў не разумеюць – учорашнi напад на саркастычны часопіс Charlie Hebdo, у выніку якога загінула 12 чалавек, даў гэта зразумець. Незадоўга да тэракту, рэдакцыя запосціла твіт з карыкатураю на лідара “Ісламскай дзяржавы”, які сёння зрабіўся сімвалам свабоды выказвання.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі ісламісты атакуюць часопіс. Некалі пасля публікацыі карыкатураў на тэму ісламу ў рэдакцыю ляцелі бутэлькі з запальнаю сумессю.

Пакуль афіцыйных заяваў “Ісламскай дзяржавы” пра дачыненне да тэракту не паступала, але і адмаўляць гэта не прыходзіцца. Гэтая арганізацыя за апошні час стала вялікім гульцом у сусветнай палітыцы.

Адкуль яны?

Першапачаткова «Ісламская дзяржава Іраку і Леванта» была малазаўважнаю часткаю «Аль-Каіды». Але ўсё змянілася пасля прыходу ў яе Абу Бакр аль-Багдадзі, які гэтым летам стаў лідарам групоўкі.

Аль-Багдадзі быў ціхім хлопцам з прыстойнай сям’і. На ўласныя вочы назіраў уварванне амерыканскіх войскаў у Ірак у пачатку нулявых. І менавіта тады ён пачаў займацца тэрарыстычнай дзейнасцю. Ён далучыўся да паўстанцкага руху, дарос да пасады кіраўніка іракскай суполкi «Аль-Каіды». Але ў выніку так і не здзейсніў уласнага тэрарыстычнага акту. У 2004 годзе быў схоплены амерыканцамі падчас антытэрарыстычнай аперацыі.

Так ён аказаўся ў турме Кэмп-Букка як памагаты тэрарыстаў. Турма ў выніку стала для яго своеасаблівым месцам станаўлення як тэрарыста. Вельмі шмат лідараў іракскіх тэрарыстычных груповак прайшлі праз гэтае месца, завербавалі сабе нямала прыхільнікаў і наладзілі сувязі сярод радыкальнага ісламісцкага падполля. Пасля двух гадоў утрымання яго легкадумна выпусцілі ў момант пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі. Аль-Багдадзі перасядзеў знішчэнне кіруючага звяна «Аль-Каіды» на Блізкім Усходзе, таму пасля вызвалення ён выкарыстаў гэты шанец максімальна: стварыў армію з некалькіх тысячаў чалавек, адкалоўся ад «Аль-Каіды», адмовіўся ад іх сцягу і паехаў ваяваць з Башарам Асадам.

Ужо да 2014-га «Ісламская дзяржава Іраку і Леванта» ператварылася ў адну з самых прыкметных тэрарыстычных груповак Сірыі і ажыццявіла маштабнае ўварванне ў Ірак, узяўшы пад свой кантроль частку паўночных тэрыторыяў краіны і некалькі гарадоў паблізу сірыйскай мяжы.

Чаго яны хочуць?

Мэтаю арганізацыі з’яўляецца ліквідацыя межаў, усталяваных у выніку падзелу Асманскага халіфату, і стварэнне ісламскай артадаксальнай суніцкай дзяржавы як мінімум на тэрыторыі Іраку, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Палестыны, Іярданіі, Турцыі, Кіпру і Егіпту. Як максімум ва ўсім ісламскім рэгіёне і, што хаваць, ва ўсім свеце.

З кім яны ваююць?

З усімі. Іх мэта аднаўлення халіфату ад Атлантычнага акіяну да Тыбету, мае як мінімум чатыры фронты барацьбы: Іран, Сірыя, Ірак і Курды (якіх не змог перамагчы нават Садам Хусейн).

Хто іх фінансуе?

24 лістапада 2014 на паседжанні Контртэрарыстычнага камітэту ААН было паведамлена, што за 2013 «Ісламская дзяржава» стала адным з лідараў у фінансавай выручцы ад захопу закладнікаў $ 45 млн. Forbes параўноўвае бюджэт тэрарыстычнай арганізацыі з памерамі бюджэту буйной карпарацыі, што складае каля $ 2 млрд.

Асноўнаю крыніцаю паступленняў у бюджэт сталі прыбыткi ад продажу нафты (у руках арганізацыі знаходзяцца некалькі буйных нафтавых радовішчаў у Іраку і Сірыі). Да таго ж тэрарысты захапілі сотні мільёнаў долараў у банках занятых імі гарадоў. Іх бюджэту дастаткова, каб утрымліваць баяздольную армію, якая ў стане кантраляваць ужо захопленыя рэгіёны.

Ці варта іх баяцца?

Кожны месяц, паводле звестак амерыканскіх спецслужбаў, да арганізацыі далучаецца не менш за 1000 замежных добраахвотнікаў, а агульная колькасць замежнікаў складае не менш за 16 тысячаў. Сярод іх прадстаўнікі ледзь не ўсяго свету, у тым ліку амерыканцы, мараканцы, сербы, азербайджанцы, расейцы і прадстаўнікі Паўночнай Еўропы. Кіраўнік ФСБ у верасні гэтага году ацаніў агульную колькасць удзельнікаў «Ісламскай дзяржавы» на 30-50 тыс.

IД амаль дасягнула межаў свайго ўплыву. Але ці хопіць у іх сілаў для барацьбы на чатыры фронты? У Сірыі атакі баевікоў стрымлівае армія Башара Асада. Пасля нападу на іх ЗША і саюзнікаў, іх наступленне ў Сірыі часова спынілася. Іран жа бамбіў іх авіяцыяй. Чым бліжэй да Багдаду, тым больш тэрыторый, заселеных шыітамі, якія вельмі варожа ставяцца да гэтай групоўкі. Распаўсюдзіць вайну на суседнюю Іярданію таксама не атрымаецца. Ізраіль заявіў, што будзе ваяваць на баку Іярданіі, калі раптам баевікі пяройдуць мяжу.

Такім чынам межы «Ісламскай дзяржавы» пакуль абмяжуюцца толькі Сірыяй і Іракам. Але тэракт у Парыжы даў зразумець, што IД кантралюе значна большыя тэрыторыі, а любы жарт з ісламу можа быць расцэнены як нагода для помсты.

Падобныя тэмы
вайнаСірыяФранцыя
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Альмут Мёлер (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 31 Ліпеня 2018
Кансенсус і французска-нямецкі рухавік: новае ўспрыманне еўрапейскай супрацы
Кансенсус і французска-нямецкі рухавік: новае ўспрыманне еўрапейскай супрацы
Парыж і Берлін знаходзяцца пра ціскам чакання, што яны дасягнуць вынікаў па-за беспраблемнымі пытаннямі, такімі як супольная палітыка ў лічбавай, кліматычнай сферах ці ў сферы памежнай і берагавой аховы.
Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 29 Красавіка 2018
106 злоcных беларусаў, Сарказі ў турме і краіна, дзе арыштоўваюць прэзідэнтаў
106 злоcных беларусаў, Сарказі ў турме і краіна, дзе арыштоўваюць прэзідэнтаў
Разважаем пра талерантнасць беларусаў (і запрашаем на лекцыю), апавядаем пра карупцыю ў Францыі, якая прыводзіць да вайны і дзелімся прыкладам краіны, дзе за паўстагоддзі прыцягнулі да адказнасці альбо зрынулі 12 прэзідэнтаў.
Жюльен Барнс-Дасі (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 19 Лютага 2018
Сірыя: Новыя правілы гульні?
Сірыя: Новыя правілы гульні?
Па меры таго, як грамадзянская вайна ў Сірыі ўступае ў сваю заключную стадыю, абвастраюцца шырэйшыя міжнародныя супярэчнасці. Толькі ў Расіі ёсць магчымасць спыніць эскалацыю. Аднак, ёй яшчэ трэба вызначыцца са сваім далейшым курсам.