Нейронныя сеткі і Беларусь – як краіне развіваць ІТ-сектар

Лепшыя ІТ-гуру краіны распавядаюць пра нейронныя сеткі, канкурэнцыю з карпарацыямі і перспектывы Беларусі на глабальным рынку.
Антон Раднянкоў· 31 Студзеня 2017
Нейронныя сеткі і Беларусь – як краіне развіваць ІТ-сектар

Каб зразумець, што ў Беларусі ёсць будучыня, дастаткова было наведаць нашую апошнюю дыскусію: “Як Беларусі стаць сусветным цэнтрам па распрацоўцы АІ”. Больш за 250 чалавек прыйшло паслухаць сапраўдных гуру беларускага стартап-руху: Юрыя Мельнічка (Maps.Me, Fabby), Дзмітрыя Гурскага (Haxus) і Дзяніса Пірштука (InData Labs). У іх усё атрымалася, а моладзь натхняецца такімі прыкладамі. Галоўныя думкі выступоўцаў пра штучны інтэлект і перспектывы беларускага ІТ выкладзеныя ніжэй.

З чым звязаны бум нейронных сетак?

Нейронныя сеткі істотна прасунулі магчымасці машыннага навучання. Асабліва гэта тычацца сферы апрацоўкі гуку і візуальнай інфармацыі. Калі зусім нядаўна ў Google быў жарт, што камп’ютар не можа адрозніць відэа з коцікам ад відэа з сабачкам, то літаральна за некалькі год сітуацыя кардынальна змянілася. І хоць алгарытмы пакуль саступаюць здольнасцям звычайнага чалавека, але гэты разрыў робіцца меншым.

Пры дапамозе вялікіх дадзеных ужо сёння можна атрымліваць лепшыя за аналіз адмыслоўца вынікі.

Зразумець, у якіх сферах можа быць выкарыстаны штучны інтэлект, вельмі проста. Калі ёсць нейкая задача, дзе чалавек прымае рашэнне за некалькі секунд ці кіруецца органамі пачуццяў, – там можна выкарыстаць нейронныя сеткі. Калі трэба больш, чым некалькі секунд, – не факт.

Самая вялікая ніша, якая існуе ўжо сёння – гэта прылады, якімі кіруюць аўтаматычна. Тыя ж Uber, General Motors ды іншыя карпарацыі інвестуюць у гэтую сферу мільярды долараў. Вынік будзе даволі хутка – ужо сёння пілотныя машыны ездзяць у некаторых гарадах, а да 2020-га гэта зробіцца банальнай справай.

Хоць першыя нейронныя сеткі былі ўжо ў 1960-2000-ых, прарыў у галіне адбыўся толькі цяпер. На гэта паўплывалі два асноўныя фактары: імгненны рост вылічальнай магутнасці (праз магчымасць апрацоўваць інфармацыю на відэакартах) і падзенне коштаў на захаванне інфармацыі.

Яшчэ пару гадоў таму тое, што сёння робіць Fabby, заняло б у мільён разоў больш часу.

Як будаваць стартап?

Лепш пазбягайце канкурэнцыі з буйнымі карпарацыямі. Шукайце новыя рынкі, куды карпарацыі не ідуць з-за сваёй інерцыі, і выходзьце на іх.

Менеджмент буйных кампаніяў лепш пачакае, чым пойдзе ў новыя сферы. А калі большасць стартапаў памрэ, кампанія набудзе найлепшых з тых, хто выжыў. Але гэтае правіла працуе не ва ўсіх сферах, у той жа медыцыне патрэбныя гады на даследаванні і мільярды інвестыцыяў.

Для таго, каб стварыць прататып, вам хопіць адкрытых звестак. Трэніруйце вашыя мадэлі нейронных сетак на фота з “Інстаграма”, відэа з Youtube і інш. Гэтага дастаткова, каб зрабіць першы крок.

Вялізныя рынкі знаходзяцца ў рэальным сектары эканомікі, дзе прадстаўнікі ІТ нічога не разумеюць і дзе сёння менш канкурэнцыі.

У нас неактыўна ўзнікаюць новыя кампаніі, бо праграмісты знаходзяцца ў зоне камфорту. Ім нічога не трэба, яны як каты, якія абжэрліся. Іх нічога не падштурхоўвае, няма выкліку ў нашым асяроддзі, каб выйсці з зоны камфорту.

Пра перспектывы Беларусі

Калі казаць пра дадатковую дапамогу з боку дзяржавы, то трэба памятаць, што часам, каб дасягнуць поспеху, лепш нічога не рабіць, чым нешта рабіць. Што дакладна дзяржаве не варта рабіць – гэта ўводзіць дадатковыя рэгуляцыі. Тады частка стартапаў закрыецца, частка пераедзе ў іншыя краіны.

Задзел Беларусі ў сферы штучнага інтэлекту ёсць, але ён хутка знікае.

Ізраіль у канцы 1980-1990-ых не вельмі адрозніваўся ад сучаснай Беларусі. У краіне ўсё было зарэгуляванае, існавала шмат буйных дзяржкарпарацыяў і ніхто не думаў пра стартапы. Змены адбыліся ў 1996-1997, калі быў створаны ICQ і потым яго прадалі за $ 600 млн. Гэта натхніла мясцовы бізнес. Нешта падобнае адбылося ў Беларусі з MSQRD.

Але ў Ізраіля была савецкая навуковая эліта, якая падштурхнула краіну да інавацыйнага развіцця. У нас, наадварот, з 45 тыс. прадстаўнікоў сферы ІТ, толькі 1-2 % здольны вынайсці нешта новае, а не проста перамаляваць інтэрфейс.

Наша галоўная праблема – кадравая, а не законы ці падаткі. Чалавечых рэсурсаў мала і іх робіцца яшчэ менш.

У той жа Расіі, не гледзячы на вялікі адток людзей, штогод з ВНУ выпускаецца дастатковая колькасць таленавітай моладзі, у нас жа насельніцтва ў 14 разоў менш. А калі няма нафты ці золата, то трэба інвеставаць у людзей, развіваць супрацу паміж універсітэтамі і бізнесам.  

Пры гэтым варта стымуляваць іміграцыю прафесійных кадраў з Украіны і Расіі. Гэта не так цяжка, у нас ёсць ПВТ і высокія заробкі, простае міграцыйнае заканадаўства. Цяпер адмянілі візы. Наступнае – адкрытае неба, каб любая кампанія, якая хоча лётаць у Мінск, магла б гэта рабіць.

Шмат людзей гатова пераехаць у Беларусь, бо краіна ўспрымаецца як Еўропа, толькі з рускаю моваю.

Трэба заахвочваць замежныя кампаніі ствараць у Беларусі цэнтры распрацовак. Гэта пачне павялічваць узровень кампетэнцыяў персаналу. Потым сярэдні менеджмент навучыцца, сыдзе і адкрые свае кампаніі. З нашай першай кампаніі – Viaden – ужо вырас куст кампаніяў, пры гэтым прадуктовых, а не аўтсорсінгавых.

Мы маем перавагі ў параўнанні з суседзямі. У той жа Расіі менталітэт не зусім спрыяе стварэнню міжнародных кампаніяў.

Але для гэтага вельмі важна працаваць над іміджам краіны, прадаваць краіну для заходняга бізнесу. Неабходна прыбраць крымінальныя артыкулы за эканамічныя справы ці скасаваць практыку саджаць у СІЗА, пакуль віна прадпрымальніка не даказаная.   

Пра беларускую адукацыю

І БДУІР, і БДУ – не такія кепскія ўніверсітэты. Але пакуль студэнты абмяркоўваюць, як спісаць са шпор, схітрыць, то нічога добрага не атрымаецца. Гэтая кепская культура беларускіх ВНУ засталася яшчэ з савецкіх часоў. У ЗША, наадварот, да 20 % студэнтаў праходзяць праз бізнес-інкубатары, дзе яны вучацца весці бізнес, зарабляць і рызыкаваць. І такім чынам на ўзроўні ўніверсітэта рыхтуюць прадпрымальнікаў.

Нашыя ўніверсітэты не вучаць самастойнасці. Іх галоўны недахоп – адказнасць за адукацыю перанесена на ўстанову і вельмі мала на самога чалавека.

У нас універсітэты спрабуюць пераўтварыць у ПТВ – проста вучаць студэнтаў мабільнай распрацоўцы і даюць заданне пісаць код. Але вельмі важны бэкграўнд універсітэта, каб пасля чалавек самастойна плыў у абранай вобласці і рабіў свой унёсак у развіццё гэтай сферы.

Сёння ўсе веды можна атрымаць з курсаў на Coursera. 

Калі ІТ-сектар хоча дасягнуць добрых вынікаў у доўгатэрміновай перспектыве, то неабходна інвеставаць у адукацыю. Не павінна быць спажывальніцкага падыходу з боку ІТ. Зрабіць спонсарскаю дапамогу – гэтага мала. Не давайце грошай, давайце магчымасці, дзяліцеся вопытам. Гэтак вакол кампаніі будзе фармавацца добрая супольнасць.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Каманда Ідэі · 13 Лістапада
Серыя лекцый «Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты»
Серыя лекцый «Інстаграм ці Вконтакте? Як раскруціць свае праекты»
Дыскусія і лекцыя з лайфхакамі ў Віцебску і Магілёве.
Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў , Глеб Мартынаў· 11 Лістапада
Што пагражае беларускаму ІТ і чаму нас гэта так хвалюе
Што пагражае беларускаму ІТ і чаму нас гэта так хвалюе
Былы фінансавы дырэктар Velcom пра іншы погляд на ІТ краіну.
Рэдакцыя Ідэі · 3 Лістапада
Эканамічная палітыка для інклюзіўнага ўстойлівага росту ў Беларусі
Эканамічная палітыка для інклюзіўнага ўстойлівага росту ў Беларусі
Лекцыя дарадцы выканаўчага дырэктара МВФ Аляксандра Забароўскага.