It’s democracy, stupid! Як адсутнасць палітычных свабодаў спараджае беднасць

Нядаўна Беларусь вырашылі зрабіць IT-краінай. Але для сапраўды прарыўнога эканамічнага росту ўсёй краіны, а не толькі аднаго сектара, Беларусі перадусім трэба стаць дэмакратыяй.
Стас Гарэлік· 11 Ліпеня
It’s democracy, stupid! Як адсутнасць палітычных свабодаў спараджае беднасць

Ужо амаль усім відавочна, што беларуская эканоміка не выжыве без рэформаў, хоць яшчэ ў 2000-ых яе можна было параўнаць з гаспадаркамі Літвы, Славакіі і нават Чэхіі, якія сталі чальцамі Еўрасаюза. На радасцях улады тады прыдумалі «беларускую мадэль» і тлумачылі яе поспех дальнабачнымі рашэннямі аўтарытарнага лідара.

 

Сённяшні ж правал улады тлумачаць нейкімі іншымі прычынамі, але так ці інакш яны будуць вымушаныя праводзіць змены. Бо памер расійскай падтрымкі зменшыўся, а рэжым ужо не выконвае сваёй часткі дамовы з грамадствам «зарплаты ў абмен на маўчанне».

І рэжыму можа падацца, што для эканамічных рэформ не патрэбныя палітычныя свабоды.

Аднапартыйны Кітай, аўтарытарныя Малайзія і Сінгапур ужо сталі хрэстаматыйнымі прыкладамі мадэрнізацыі «жалезнай рукой». Але яе прыхільнікі забываюць, што такія змены звычайна завяршаюцца пераходам да дэмакратыі. Так было ў Чылі, Паўднёвай Карэі, на Тайвані.  Кітайская гаспадарка, у сваю чаргу, пачала расці адносна нядаўна: сярэдні клас яшчэ невялікі і залежны ад партыі, таму і не патрабуе дэмакратыі. А ў кіроўных рэжымах Малайзіі і Сінгапура жорстка спрачаюцца палітычныя фракцыі. Сапраўды развітой эканоміцы патрэбная палітычная канкурэнцыя: без яе ўстойлівы рост немагчымы.

Рэформы і дэмакратыя: адмаўляцца занадта дорага

Пасля эканамічнага краху тыповы аўтарытарны рэжым узмацняе ідэалогію і рэпрэсіі. У Беларусі, напрыклад, арыштоўваюць сотні пратэстоўцаў, а рынкавымі рэформамі палохаюць: яны падзеляць грамадства на багатых і бедных, знікнуць бясплатныя медыцына і адукацыя, пачнецца масавая эміграцыя. Аднак паводле гэтых паказнікаў стабільная Беларусь ужо прайграла ў параўнанні з тымі краінамі, якія змяніліся эканамічна і палітычна.

 

Напрыклад, у 2013-ым у Польшчы і Чэхіі багатыя мелі менш улады, чым у Беларусі, пры тым, што карупцыя ў гэтых краінах была таксама значна ніжэйшай. Даступнымі для ўсіх ва ўсходніх краінах Еўрасаюза засталіся і медыцына з адукацыяй. Нарэшце, з квітнеючай Беларусі чамусьці з’язджалі: у 2013-м на заробках у Расіі і ЕС маглі знаходзіцца каля паўмільёна беларусаў. Хаця афіцыйная статыстыка, вядома ж, рапартавала аб павелічэнні беларускага насельніцтва.

 

Пасля пераходу да дэмакратыі эканоміка можа і не ўзляцець адразу. Можа здарыцца наадварот у першыя гады пасля змены ўлады беларусам, магчыма, прыйдзецца жыць яшчэ бядней, чым сёння. Але чым даўжэй у краіне захоўваюцца палітычныя свабоды, тым хутчэй яна развіваецца і тым багацей яна становіцца: у сярэднім – на 20 % цягам 30 гадоў пасля падзення аўтарытарызму.

Былыя краіны сацыялістычнага лагера, якія абралі дэмакратычныя рэформы, паказалі нават лепшыя вынікі.

Без таннага газу і «брацкіх» крэдытаў яны захоўваюць устойлівы рост з пачатку 1990-х.

Дэфіцытныя «тавары» дэмакратыі

Адносны поспех краінаў былога сацлагера шмат у чым звязаны з тым, што з разам з дэмакратыяй яны атрымалі тры вельмі каштоўныя рэчы. Беларусь жа з прычыны аўтарытарызму атрымала іх у зусім іншым памеры.

Інвестыцыі. Інвеставаць у краіны з дэмакратыяй бяспечна. У іх прадпрымальнікі не спрабуюць адгадаць настрой уладаў і не павінны дамаўляцца з прэзідэнтам – каб весці бізнес, ёсць законы. Дэмакратычныя ўрады больш прадказальныя: як мінімум яны не арыштоўваюць найлепшых прадпрымальнікаў без бачных на тое прычын. А незалежным судам лягчэй абараняць прыватную ўласнасць, нават калі здараюцца канфлікты паміж бізнесам і дзяржавай.

Польшча, Чэхія, Венгрыя і Славакія, гэтыя новыя дэмакратыі, з’яўляюцца лідарамі ў інвестыцыйнай прывабнасці. Напрыклад, аўдытарска-кансалтынгавая кампанія Ernst & Young ацаніла іх вышэй за многія іншыя краіны Еўрасаюза паводле аб’ёму прыцягнутых у 2016-м сродкаў і колькасці створаных працоўных месцаў.

Эфектыўная бюракратыя. Ва ўстойлівых дэмакратыях чыноўнікі радзей парушаюць закон, што ратуе прадпрымальнікаў ад лішніх выдаткаў на «адкаты». Рабіць бізнес у такіх умовах як мінімум зручна.

 

І справа зусім не ў каштоўнасцях палітыкаў.

Канкурэнцыя прымушае іх абмяжоўваць выканаўчую ўладу і ствараць добрыя інстытуты кіравання: палітычныя праціўнікі рана ці позна перамогуць на выбарах, але дзякуючы такім стрымлівальным механізмам яны не змогуць лёгка падавіць апазіцыю.
 

Тэхналогіі. Дэмакратычныя краіны застаюцца бясспрэчнымі тэхналагічнымі лідарамі, а значыць, яны ўзначальваюць глабальнае эканамічнае развіццё. Напрыклад, у індэксе інавацыйнасці Bloomberg апынуліся толькі 6 краін з аўтарытарнымі рэжымамі, і яны далёка не на першых месцах. Усяго ж індэкс ахапіў 50 краін. Іх у тым ліку ацанілі паводле такіх паказнікаў, як інвестыцыі ў даследаванні і наяўнасць высокатэхналагічных вытворчасцяў.

Безумоўна, дэмакратыя не чароўны механізм, які заўсёды працуе.

Яна можа станавіцца лёгкай здабычай для алігархічных кланаў, як гэта здарылася ў Малдове ці Украіне. У ёй папулістам кшталту Лукашэнкі лягчэй пракладваць сабе дарогу да ўлады. Але эфектыўныя, прадуманыя дэмакратычныя інстытуты становяцца таксама і найлепшай абаронай ад унутраных праблем і нават вонкавай пагрозы. Стварэнне такіх інстытутаў павінна быць галоўнай задачай беларускіх рэформаў.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Стас Гарэлік· 14 Верасня
Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў
Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў
Правы беларусаў і іх эканамічныя памкненні мае ахоўваць не міліцыя на маршах, а сумленныя суды. Без іх стаць багатай краінай не атрымаецца.
Зміцер Лысюк· 11 Верасня
Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ
Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ
Вызначаем неабходныя культурныя складнікі неабходныя для нашай рэфарматарскай success story.
Стас Гарэлік· 17 Жніўня
Правілы парламенцкіх выбараў: што прымусіць дэпутатаў працаваць лепей?
Правілы парламенцкіх выбараў: што прымусіць дэпутатаў працаваць лепей?
Перл Лукашэнкі пра «ператрахіванне» парламента стане нечакана актуальным падчас дэмакратычных рэформаў. Пачаць будзе варта са зменаў таго, як абіраюцца дэпутаты, каб пазбегнуць потым эканамічнага і палітычнага феадалізму.