• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • “Эканамічныя праблемы не з-за рэформаў, а праз іх адсутнасць”

    Чаму рэформы – гэта перадусім палітыка, распавёў на Кастрычніцкім эканамічным форуме славацкі рэфарматар Іван Міклаш.

    Мяне прадставілі як спецыяліста, але я палітык. Я сапраўды працаваў дзясяць год намеснікам прэм’ер-міністра, шэсць год міністрам фінансаў і ўдзельнічаў у рэалізацыі рэформаў.

    Але я хачу сказаць, што ў любой краіне рэформы маюць палітычны характар, з тэхнічнага боку ўсё і так даўно вядома.

    Прайшло 25 год з пачатку трансфармацыі ў краінах цэнтральнай Еўропы і Балтыі. Дзесьці яны былі паспяховымі, дзесьці менш, а дзесьці зусім няўдалыя. Як кіраваць гэтымі працэсамі палітычна? Якімі павінны быць рэформы? Ці могуць знікнуць цэлыя галіны эканомікі? І ўрэшце, ці ёсць прыклады краінаў, дзе рэформы адбываліся паступова, павольна, але былі паспяховымі?

    Прыклад Славакіі

    Існуе пяць найбольш паспяховых краінаў, дзе рэформы прайшлі хутка: Чэхія, Славакія, Латвія, Літва і Эстонія. Я маю на ўвазе хуткасць канвергенцыі, пераходу –  наколькі хутка атрымалася наблізіцца да сярэдніх паказнікаў Еўрапейскага Саюза. Усё гэтыя краіны правялі радыкальныя і ўсеагульныя рэформы, якія грунтаваліся на лібералізацыі, дэрэгуляцыі, адкрытасці, прыватызацыі і макраэканамічнай стабілізацыі, заснаванай на фіскальнай рэформе.

    Хачу падкрэсліць, што важныя ўсе гэтыя захады – фіскальныя, манетарныя і заканадаўчыя. Калі ў вас няма ўсіх гэтых чыннікаў разам, нічога не спрацуе. Структурныя рэформы без макраэканамічнай стабілізацыі нічога не дадуць, як і макраэканамічная стабілізацыя без рэформаў не ёсць рашэннем.

    Што трэба рабіць? Давайце распавяду пра тое, што мы зрабілі ў Славакіі.  

    Гэты прыклад можа быць цікавым, бо Славакія адставала ў плане эканамічных рэформаў.

    Пасля падзелу Чэхаславакіі на дзве дзяржавы ВУП Славакіі на адну асобу складаў 62 % ад чэшскага паказніка. І зменаў не было да 1998-га года. У нас была неліберальная дэмакратыя, як у Беларусі цяпер альбо ў Югаславіі на той момант. Урад не здзяйсняў патрэбных крокаў і ў плане эканомікі мы апынуліся ў пэўнай ізаляцыі.  

    Рэформы пачаліся фактычна праз шэсць год. І ў гэтым ёсць два бакі, добры і кепскі, якія актуальныя цяпер і для Беларусі. Кепскі бок у тым, што пазбегнуць рэцэсіі не атрымаецца. Іншая справа, якога тыпу рэцэсія гэта будзе? Ёсць два варыянты. Першы тып – пераходная рэцэсія. Другі – гэта рэцэсія без рэфармавання. Гэта непазбежна.

    Я маю на ўвазе тое, што эканамічны спад у Беларусі непазбежны.

    Рэцэсія непазбежная і пры рэформах, бо гэта азначае, што вам трэба скарэктаваць усе перагібы і заплаціць за ўсе гады, падчас якіх вы не правялі рэформы. Але гэта можа быць кароткі спад, які прывядзе да стабільных паказнікаў росту.

    Высокія паказнікі ў вас ужо былі, а вось устойлівых не было.

    А добры бок у тым, што калі сістэма рэфармуецца насамрэч хутка і глыбока, гэта можа даць рэальна хуткія вынікі. Мы праводзілі такія рэформы ў 2002-2006 гадах як ужо другі рэфарматарскі ўрад, і Славакію прызналі найбольш хутка рэфармуемай краінай у рэгіёне.

    Мы правялі сем альбо восем рэформаў. Першая – гэта сістэма дзяржаўнага фінансавання. Мы зрабілі яе празрыстай і ўвялі абмежаванні, якіх сёння не хапае Беларусі. Далей фіскальная дэцэнтралізацыя, як і рэформа ўсёй сістэмы падаткаабкладанняў, пенсійная рэформа, змены на рынку працы, новая сістэма аховы здароўя і сацыяльных выплатаў. Гэта ўсе было часткай пакета рэформаў, які пачаў рэалізоўвацца з 1-га студзеня 2004-га.

    І пасля гэтага мы мелі не проста рост, а скачок. І цяпер ВУП на асобу зраўняўся з чэшскім. Чэшскі ВУП таксама рос усе гэтыя 22 гады.

    Гэты скачок інвергенцыі адбыўся ўсяго за чатары гады. У перыяд ад 2004-га да 2008-га наш паказнік інвергенцыі складаў 14 %, у той момант як у іншых краінах Вышаградскай групы ён быў значна меншым: у Польшчы 4 %, у Чэхіі 3 %, у Венгрыі 2 %.

    Іван Міклаш на Кастрычніцкім эканамічным форуме

    Іван Міклаш на Кастрычніцкім эканамічным форуме

    Машыны замест бомбаў

    Ці сапраўды існуе пагроза таго, што можна страціць традыцыйныя сектары эканомікі? Так. Але гэта не пагроза. Гэта хутчэй неабходнасць альбо непазбежнасць. Вам патрэбныя якасныя і структурныя змены. Славакія 25 год таму вырабляла танкі і цяжкую зброю, але не мела ўласнай вытворчасці аўтамабіляў.

    Сёння Славакія – лідар у рэгіёне па зборы прыватных аўто, але мы больш не робім зброю. І гэта нармальна.

    І таму я баюся, што тут, у Беларусі, не стабільнасць, а замарожанасць, якая азначае нязменнасць структуры. Бо стабільнасць азначае спрыяльнае бізнес-асяроддзе і макраэканамічныя паказнікі для дынамічных зменаў. Дынамічныя змены – гэта творчае разбурэнне, дэструктурызацыя эканомікі, мадэрнізацыя. Не таму, што Беларусь мае ўнікальную спецыфіку, – гэта актуальна для любой краіны.

    Унікальнага шляху няма

    І апошняе пытанне: ці ёсць краіны, якія рэфармаваліся паступова і паспяхова. Мой адказ – такіх прыкладаў няма.

    Варта разумець, што ўмацаванне эканамічных свабодаў важна не толькі для саміх краінаў з пераходнай эканомікай. Калі мы паглядзім на тое, што было 100 год таму, то можна выдзеліць толькі некалькі краінаў, якія былі беднымі і сталі багатымі. Гэта перадусім азіяцкія краіны ды Ірландыя. І ўсе гэтыя краіны будавалі сваю палітыку на высокім узроўні эканамічнай свабоды, адсутнасці дзяржаўнага ўмяшальніцтва, канкурэнцыі, лібералізацыі, прыватызацыі і скарачэнні бюджэтных выдаткаў.

    Беларусь ва ўсіх гэтых кірунках з’яўляецца адстаючай краінай, калі не найбольш адсталай у рэгіёне.

    Паўстагоддзя таму ў названых мной азіяцкіх краінаў ВУП на асобу складаў 30-40 % ад амерыканскага. Цікавым прыкладам з’яўляецца таксама Швецыя. Канешне, гэта краіна з высокім узроўнем сацыяльнай падтрымкі. Але калі паглядзець на іх “эканамічны цуд”, ён будаваўся з 1890-га года на прынцыпах ліберальнай эканомікі. Я нават прывяду лічбы.

    Да рэформаў ВУП Швецыі на асобу быў каля 60 % ад аналагічных паказнікаў Францыі, Брытаніі і Нямеччыны.

    Пасля рэформаў цягам 60 год гадавы рост складаў ад 5 % да 6 %, у той момант іншыя краіны дэманстравалі рост у 1-2 %. Менавіта таму сёння ВУП Швецыі на асобу складае 140 % ад сярэдніх еўрапейскіх паказнікаў. Мадэль пачала змяняцца ў кірунку больш высокіх падаткаў толькі праз 60 год.

    Нават калі глядзець на краіны з пераходнай эканомікай на больш шырокім, гістарычным узроўні, – такіх прыкладаў няма.

    Частковыя рэформы не могуць быць паспяховымі.

    Палітычнае вымярэнне рэформаў

    Рэформы ў 95 % выпадкаў – гэта палітыка, а не тэхнічныя заданні. Рэформы не папулярныя нідзе. Жан-Клод Юнкер, калі быў міністрам фінансаў (Люксембурга, цяпер старшыня Еўракамісіі) казаў мне:

    “Так, мы ведаем, што трэба рэфармаваць эканоміку ЕС, мы ведаем, што рабіць, але мы не ведаем, як пасля гэтага нам выйграць выбары”.

    Спадар Руды (дарадца прэзідэнта Беларусі па эканамічных пытаннях)  казаў, што рэформы не папулярныя, таму іх цяжка альбо не трэба праводзіць. Усё правільна, але любыя змены не папулярныя па ўсім свеце. Нават калі ў вас дэфармаваная сістэма, людзі ўсё адно да яе прызвычаіліся, ведаюць, што чакаць.

    Для рэформаў заўжды патрэбная рызыка і палітычнае лідарства. І нехта павінен даносіць усё гэта да грамадства.

    Я цяпер актыўна працую ва Украіне і там не хапае менавіта лідарства, судатычнасці ды камунікацыі. Канешне, у Беларусі ў вас самае моцнае лідарства ў Еўропе,  але лідарства азначае ў тым ліку легітымнасць для пэўных дзеянняў, для рэформаў, нягледзячы на тое, што ўсе гэта звязана з палітычнай рызыкай.

    Саўдзел у рэформах азначае, што людзі разумеюць іх патрэбу. Рэформы не павінны выглядаць як вонкавы прымус.

    Лідары праводзяць рэформы не таму, што на іх ціснуць, а таму, што яны ведаюць, што гэта палепшыць жыццё людзей.

    Камунікацыя – гэта здольнасць патлумачыць, навошта ўсе гэта робіцца. Праблема ў тым, што эканамічныя перамены адбываюцца пасля пераменаў палітычных. І не проста так. Значыць, папярэднікі зацягвалі, а для новых палітыкаў гэта азначае больш высокія кошты на пераход, больш высокі кошт рэформаў. Людзям не падабаюцца рэформы, бо ім здаецца, што гэта заняпад адбываецца з-за рэформаў.

    Але гэта кошт адсутнасці ранейшых рэформаў.

    Калі не адбываецца палітычных зменаў, тады сітуацыя таксама складаная. Але я не бачу альтэрнатываў. Рэцэсія непазбежная і, натуральна, рэформы прывядуць да пэўных зменаў, напрыклад, кагосьці прыйдзецца звольніць з неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Але новых працоўных месцаў стане больш. І можна атрымаць устойлівы рост і лепшую эфектыўнасць.

    У нашым рэгіёне эфектыўнасць працы найлепшая ў Славакіі, пасля ідзе Чэхія. Беларусь на апошнім месцы. Пра гэта трэба думаць. 

    ПаказацьСхаваць каментары