Ядзерная энергетыка вяртаецца да жыцця

Японія перазапускае свае энергаблокі, а Беларусь і суседзі будуюць новыя рэактары.
Рыгор Астапеня· 31 Сакавіка 2014
Ядзерная энергетыка вяртаецца да жыцця

Пакуль дзяржавы Заходняй Еўропы канкуруюць у тэмпах закрыцця ядзерных станцыяў, Усходняя Еўропа і большасць развіваючыхся краінаў будуюць альбо плануюць будаваць новыя энергаблокі. Нямеччына, у якой ў нацысцкія часы і было вынайдзена расшчапленне атаму, плануе зачыніць свой апошні рэактар у 2024 годзе. Да таго часу Беларусь, Польшча і Украіна запусцяць новыя энергаблокі.

Японія, перажыўшая катастрофу на Фукусіме, вымушаная вяртацца да ядзернай энергетыкі па эканамічным прычынах ужо гэтым летам. У многіх дзяржавах адбываецца працэс вяртання да рэальнасці, калі краіны, не знаходзячы альтэрнатывы ядзернай энергетыцы, аднаўляюць працу сваіх рэактараў. Прыкладна тое ж адбывалася пасля Чарнобыльскай аварыі.

Беларусы з малаком маці ўвабралі скептыцызм у дачыненні да ядзернай энергетыкі, хоць многія ў свеце прадстаўляюць яе, як чыстую і танную, што пераважна адпавядае праўдзе.

Ядзерная энергетыка значна чысцейшая за тую ж вугальную і не спрычыняецца да парніковага эфекту, а ейная цана застаецца нізкай. Аднаўляльная энергія пакуль не можа задаволіць запатрабаванні эканомікі, а ў часы крызісу мала ахвотных плаціць за энергію па завышаных цэнах. Нямеччына сёння мае найвялікшыя рахункі за электрычнасць дзякуючы свайму жаданню адмовіцца ад атаму. Прадпрыемствы ж краінаў ЕС у сярэднем плацяць у два разы больш за электрычнасць, чым іх калегі ў ЗША.

Аднак, недарэчна ўяўляць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, як звышвыгодны гешэфт. Будаўніцтва каштуе каля 10 млрд даляраў і цягнецца многія гады. Таму ядзерныя станцыі звычайна будуюцца за дзяржаўныя грошы альбо пад дзяржаўныя гарантыі. Адміністрацыі Джорджа Буша малодшага і Барака Абамы прапаноўвалі добрыя гарантыі для інвестараў у ядзерную энергетыку, але ахвотных дагэтуль не стае.

Атам застаецца важнай часткай энергетычных стратэгій бяспекі для краінаў Усходняй Еўропы. У прыватнасці новыя энергаблокі ў Польшчы, Украіне і Беларусі маюць знізіць залежнасць гэтых краінаў ад Расіі. Хоць у выпадку Беларусі гэтае памкненне выглядае сумнёўным. Дарэчы, Францыя, сусветны лідэр у ядзернай энергетыцы, паставіў на атам дзякуючы свайму жаданню стаць незалежным ад арабскіх краінаў, якія ўвялі эмбарга на пастаўкі нафты ў 1973 годзе ў сувязі з Вайной Суднага дня.

Галоўным уразлівым момантам ядзернай энергетыкі застаецца бяспека. Хоць многія заяўляюць, што сённяшнія атамныя аб’екты (асабліва пасля Фукусімы) звышбяспечныя, грамадствы ўсё адно з засцярогай глядзяць на будаўніцтва новых энергаблокаў. Асабліва гэта датычыць аўтарытарных краінаў, як Беларусь, дзе грамадства пазбаўлена магчымасці кантраляваць улады.

Сёння нават Саўдаўская Арабія заяўляе аб сваіх планах будаўніцтва 16 ядзерных рэактараў, а Кітай наагул хоча дасягнуць адзнакі у 100 рэактараў. Кітай, які ўжо доўгі час забівае свае навакольнае асяроддзе спрабуе вырашыць адразу тры праблемы: палепшыць экалогію, знізіць сваю залежнасць ад іншых краінаў і атрымаць танную энергію.

Гэтыя тры матывы і абумоўліваюць адраджэнне ядзернай энергетыкі ў свеце.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 26 Жніўня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Новае эпічнае ВІДЭА!
Рыгор Астапеня· 7 Жніўня
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Вы не паверыце, але гэты ролік па-руску!
Рыгор Астапеня· 3 Жніўня
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Ніякай драмы! Тлумачым кожны беларуска-расійскі канфлікт
Тры рэчы, якія варта ведаць пра дачыненні паміж Мінскам і Масквой.