Правы чалавека ды дэмакратыя не цікавяць інвестараў

Як Беларусі прыцягнуць інвестыцыі і куды ідуць вялікія грошы, тлумачыць дырэктар аналітычнага Цэнтра Астрагорскага Яраслаў Крывой.
Правы чалавека ды дэмакратыя не цікавяць інвестараў

Восьмая лекцыя праекта “Новыя ідэі для Беларусі” была цалкам прысвечаная інвестыцыйнаму клімату Сінявокай. Наш выступоўца – Яраслаў Крывой – апрача кіравання Цэнтрам Астрагорскага і анлайн-часопісам Belarus Digest спецыялізуецца на вырашэнні спрэчак паміж інвестарамі і дзяржавай, міжнародным праве і арбітражы. Таму мы папрасілі Яраслава, каб ён распавёў, што шукаюць інвестары і чаго не хапае Беларусі.

Інвестыцыі прыносяць нават незалежнасць

Акрамя новых тэхналогій, сучасных метадаў кіравання і дадатковых працоўных месцаў інвестыцыі ўмацоўваюць незалежнасць невялікіх краін. Сінгапур здолеў выжыць, пераўтварыўшыся ў сусветны фінансавы і бізнес-цэнтр. У іншым выпадку яго маглі б лёгка праглынуць Малайзія, Інданезія ці нават Кітай.

Інвестыцыі паказваюць наколькі краіна развітая. Сінгапур – адна з першых краінаў у свеце па ўзроўні інвестыцыяў на душу насельніцтва, а таму і адна з самых паспяховых краін Азіі. Зусім без інвестыцыяў жывуць толькі Паўночная Карэя ды краіны Цэнтральнай Афрыкі. Сярод краін-суседзяў Беларусь самая апошняя ў прыцягненні інвестыцыяў. Вялікабрытанія мае ў дзясяткі разоў больш інвестыцыяў на душу насельніцтва, чымся мы.

Мы даем доступ да вялікага рынку. Аднак Расiя і Казахстан таксама

Калі апыталі менеджараў кампаній з абаротам больш за $ 1 млрд адносна фактараў, найбольш істотных пры выбары краін для інвеставання, то самай важнай прычынай стаў доступ да новых рынкаў. Доступ да мясцовых прыродных рэсурсаў стаў толькі другім чыннікам. Трэці – змяншэнне аператыўных коштаў (аўтсорсінг). Калі ўсе тры фактары супадаюць, інтарэс інвестараў максімальны.

Беларусь мае выхад да вялікіх рынкаў праз Мытны саюз, але Расія і Казахстан таксама. І ва ўсіх нас падобныя палітычныя рэжымы, таму рашэнні будуць прымацца на падставе іншых крытэраў. Гэтак жа праз аўтсорсінг у нас добра развіваецца рынак ІТ. Але буйныя замежныя карпарацыі не адчыняюць тут сваіх прадстаўніцтваў, а проста замаўляюць працы па кантрактах. На адкрыццё прадстаўніцтва таксама ўплываюць дадатковыя фактары.

Інвестары абіраюць стабільнасць, але і яе ў нас няма

Паводле апытання, паміж стабільнасцю і вяршэнствам права інвестары абіраюць стабільнасць. Але стабільнасць – гэта не толькі адсутнасць рэвалюцый. Гэта таксама прадказальнасць заканадаўства і адміністратыўных працэдур, а ў нас з гэтым праблемы.

Прамыя замежныя інвестыцыі на душу насельніцтва | Create infographics

Наступны важны крытэр – лёгкасць вядзення бізнесу: якім чынам выконваюцца кантракты, як хутка выконваюцца судовыя рашэнні. І ўжо потым ідуць падатковае заканадаўства, кваліфікаванасць працоўнай сілы, развітасць інфраструктуры і інавацыяў.

Толькі менш за 2% апытаных цікавяць правы чалавека і дэмакратычныя свабоды. Інвестарам важна зарабіць грошы ў краіне і адвесці іх акцыянерам. Гэта ўніверсальнае правіла, якое датычыць і амерыканскіх, і расійскіх, і кітайскіх інвестараў.

Карупцыя – гэта не проста даць хабар

Вяршэнства права шмат у чым звязана з адсутнасцю карупцыі. Інвестараў цікавіць не бытавая карупцыя, а на больш вышэйшым узроўні: ці падчас прыватызацыі маёмасць атрымаў той, хто прапанаваў найлепшыя ўмовы; ці выдаюць ліцэнзіі не тым, хто выйграў, а проста набліжаным да ўлады людзям.

Найбольш частыя праблемы ў галіне вяршэнства права: складанае і непразрыстае прыняцце рашэння дзяржаваю, неабгрунтаванае і дыскрымінацыйнае стаўленне, слабая абарона правоў на інтэлектуальную ўласнасць, недахоп незалежных судоў.

Беларусь яшчэ не мела інвестыцыйных спрэчак у міжнародным арбітражы

Калі ж у інвестара ўзнікла спрэчка з дзяржаваю, ён можа паспрабаваць яе вырашыць у мясцовых судах альбо ў кантрактным (на падставе дамовы паміж дзяржавай і інвестарам) ці інвестыцыйным (на падставе дамовы паміж краінамі па абароне інтарэсаў інвестараў) арбітражах. Нягледзячы на ўсе праблемы з вяршэнствам права, Беларусь пакуль не мела спрэчак у міжнародных арбітражах.

У нашай усходняй суседкі вопыт у гэтых справах куды большы. Аднак звычайна пасля накладання арышту на маёмасць, усе гэтыя рашэнні паспяхова аспрэчваюцца. Гэтак было ў апошнім выпадку са справай “Юкас”, калі маёмасць у Бельгіі і Францыі арыштавалі, а потым вызвалілі. Прычына ў тым, што ў міжнародным праве дзейнічае імунітэт на маёмасць дзяржавы.

Што зрабіць Беларусі?

Імкнуцца да стабільнага заканадаўства. Нельга за паўгода змяняць законы – прынялі новы і ўсё. У развітых краінах гэты працэс займае шмат гадоў і ўключае абмеркаванне ўсімі зацікаўленымі бакамі. У выніку інвестар мае дакладную карціну таго, куды ён укладае грошы і што будзе адбывацца далей.

Будаваць незалежныя суды. Важна, каб суды выносілі рашэнні не з пункту гледжання таго, наколькі гэта карысна для дзяржавы ў пэўны момант, але з пункту гледжання права. Нечаканая нацыяналізацыя прадпрыемства можа прынесці $ 200 млн акурат цяпер, але стратэгічна гэта будуць згубленыя некалькі мільярдаў інвестыцыяў. Адным з першых крокаў Сінгапура было стварэнне незалежных судоў. Яны прымалі рашэнні і супраць дзяржавы, і супраць сінгапурскіх кампаній, і супраць інвестараў.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў , Глеб Мартынаў· 11 Лістапада
Што пагражае беларускаму ІТ і чаму нас гэта так хвалюе
Што пагражае беларускаму ІТ і чаму нас гэта так хвалюе
Былы фінансавы дырэктар Velcom пра іншы погляд на ІТ краіну.
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў· 4 Лістапада
«У нас не пачаўся рост, у нас спынілася падзенне». Эканаміст Міхаіл Чэпікаў пра будучыню краіны.
«У нас не пачаўся рост, у нас спынілася падзенне». Эканаміст Міхаіл Чэпікаў пра будучыню краіны.
Разважаем пра перавагі капіталізму, льгот для ПВТ і беларускае грамадства.
Рэдакцыя Ідэі · 3 Лістапада
Эканамічная палітыка для інклюзіўнага ўстойлівага росту ў Беларусі
Эканамічная палітыка для інклюзіўнага ўстойлівага росту ў Беларусі
Лекцыя дарадцы выканаўчага дырэктара МВФ Аляксандра Забароўскага.