Я кіраваў моладзевымі арганізацыямі 10 гадоў і вось што я зразумеў

Урокі моладзевага актывізму ад былога кіраўніка “Рады” і “Студэнцкай рады”.
Алесь Крот · 24 Верасня
Я кіраваў моладзевымі арганізацыямі 10 гадоў і вось што я зразумеў
Фота: 34mag

Я правёў жыццё ў моладзевых арганізацыях: спачатку як просты актывіст, пасля як праектны менеджар і ўжо потым як кіраўнік гэтых арганізацый. Калі я толькі прыйшоў у грамадска-палітычную сферу, мне было 17 гадоў, і за гэтыя 10 гадоў працы я ўбачыў, як грамадскі сектар мяняецца, але ўпарта не рухаецца наперад. Але пры гэтым я атрымаў некалькі вельмі важных урокаў, і калі мяне папрасілі пра іх распавесці, то я не вагаўся.

Абсалютная большасць моладзевых грамадскіх арганізацый у Беларусі – непрафесійныя.

Часта гэта прыводзіць да безадказнасці і пафігізму адных актывістаў і завышанага пачуцця адказнасці ў другіх. Паскудна і тым, і тым: першыя ў выніку сваёй дзейнасці нічога не дасягаюць, а другія бяруць на сябе вялікі аб’ём працы і вельмі хутка эмацыйна выгараюць. Але пры гэтым цягнуць да апошняга, чым пагаршаюць свой стан яшчэ больш. Адзін з магчымых варыянтаў выхаду з такога арганізацыйнага дысбалансу – займацца шырокім выхаваннем простых актывістаў (а не толькі лідараў) і ўкладаць рэсурсы (у першую чаргу фінансавыя) ў моладзевыя арганізацыі.

Моладзевыя актывісты больш свабодныя ў выбары падыходаў да рэалізацыі сваёй дзейнасці.

На іх менш цісне рэпутацыйны цяжар адказнасці. Гэта дазваляе больш шырока раскрыць іх патэнцыял і падбадзёрыць астатніх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, таму што можна выкарыстоўваць напоўніцу сваю крэатыўнасць там, дзе іншыя баяцца. Але трэшыць пры гэтым таксама непажадана: лепш мець яснае разуменне сваёй стратэгіі дзейнасці, каб не пераўтвараць усё навокал у поле для эксперыментаў.

Не сцацца і рабіць.

У Беларусі хіба толькі лянівы не крытыкуе ўсяго, што можна. На моладзевыя арганізацыі з-за іх недасведчанасці крытыка часта абрынаецца яшчэ з большай сілай, нават з боку калег па грамадскім сектары. У такой сітуацыі галоўнае – верыць у свае сілы і, з аднаго боку, слухаць усіх, а з другога, успрымаць толькі канструктыўную крытыку.

Эйджызм наступае з усіх бакоў.

Рэдка знойдзеш адэкватнага і разумнага чыноўніка ці працаўніка адміністрацыі навучальных устаноў, які б не скарыстаўся магчымасцю сказаць: “Ты хто такі? Пажыві з маё і тады паразмаўляем”. У такіх выпадках, бадай, можна толькі параіць запускаць кампанію па супрацьдзеянні эйджызму ці максімальна моршчыць лоб пры размове з падобнымі людзьмі, каб выглядаць старэйшым.

Паміж грамадскімі арганізацыямі існуе вялікая канкурэнцыя.

Не за мэтавую аўдыторыю, канешне, бо яе хопіць на ўсіх, а за рэсурсы, якіх ніколі не хапае. Тое самае адбываецца і сярод моладзевых арганізацый. І колькі б вы не чулі пра заклікі фондаў альбо нямоладзевых арганізацый удзельнічаць у розных конкурсах, хутчэй за ўсё, на іх возьмуць толькі вядомыя і рэкамендаваныя арганізацыі, дзе чальцы ўжо не надта маладыя. Справядліва? Не заўжды.

Рэдкія палітычныя партыі і арганізацыі даюць свабоду сваім моладзевым арганізацыям.

Моладзевыя палітычныя арганізацыі часта не маюць хоць нейкай незалежнасці і поўнасцю залежаць ад дарослых структур. Выйсце з сітуацыі: калі немагчыма перазагрузіць усю палітычную сістэму, моладзевым палітычным арганізацыям трэба выходзіць у свабоднае плаванне і ствараць асобную структуру. Разнастайнасць у прыродзе – гэта добра, амаладжэнне палітыкаў таксама.

Моладзевыя арганізацыі часта займаюцца не сваёй справай.

Рэдкія моладзевыя арганізацыі могуць скласці партрэт сваёй мэтавай аўдыторыі і апісаць яе патрэбы, бо для гэтага трэба праводзіць процьму вялікіх і невялікіх даследаванняў. Калі няма сродкаў на даследаванні, значыць трэба абыходзіцца тым, што ёсць у наяўнасці: можна проста часцей хадзіць “у народ” і не абмяжоўваць камунікацыю толькі вузкім колам сваіх знаёмых.

Колькасць актывістаў не расце.

Усё больш адчуваецца недахоп цікавасці сярод моладзі да такіх сур’ёзных тэмаў, як правы чалавека і іншыя важныя грамадскія каштоўнасці. Цяперашняй моладзі цікавей займацца лакальнымі і канкрэтнымі рэчамі, якія часам мяжуюць з забаўляльнай сферай. З другога боку гэты інтарэс можна выкарыстоўваць для стварэння шырокага валанцёрскага руху з наступным уключэннем у больш складаныя грамадска-палітычныя дзеянні, але грамадзянскую супольнасць такімі тэмпамі хутка не пабудуеш.

Дзяржава даўно і моцна манапалізавала ўсю моладзевую палітыку.

Гаворка не толькі пра частку дзяржаўнага бюджэту, якая вылучаецца на моладзевую палітыку ў краіне, а ідзе на прамое фінансаванне БРСМа альбо на праграмы, у якіх БРСМ з’яўляецца выканаўцам. Універсітэты не супрацоўнічаюць з незалежнымі моладзевымі арганізацыямі нават на ўзроўні “павесіць афішу пра канцэрт, які арганізуецца гэтымі арганізацыямі”. У выніку дзверы ў месцы найбольшай канцэнтрацыі моладзі наглуха зачыненыя. У такім выпадку застаецца актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт і адкрытыя грамадскія пляцоўкі, каб выйсці на сваю мэтавую аўдыторыю.

Як бы не было складана, але моладзевая сфера ў Беларусі была і застаецца адной з самых перспектыўных для асветы, таму што даводзіцца працаваць з наступным пакаленнем, якое заўжды больш адкрытае да новага і больш цікаўнае. Моладзь павінна ўласнымі рукамі змагацца за свае правы і інтарэсы, а я для гэтага ўжо занадта стары.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Крот · 8 Лістапада
Новы рэйтынг самых папулярных у сацсетках грамадскіх арганізацый
Новы рэйтынг самых папулярных у сацсетках грамадскіх арганізацый
Мы другі раз перакапалі ўвесь інтэрнэт, каб даведацца, якія беларускія НДА маюць найбольш падпісантаў у сацыяльных сетках. 
Алесь Крот , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 27 Траўня
Алесь Крот у падкасце: абмяркоўваем нацыянальную ідэю, Шуневіча з Макеям і беларускамоўнае порна
Алесь Крот у падкасце: абмяркоўваем нацыянальную ідэю, Шуневіча з Макеям і беларускамоўнае порна
Што так (альбо не так) з выступам Юрыя Зісера, навошта Шуневіч рэагаваў на вясёлкавы сцяг і абмеркаванне новага актывізма з ужо былым старшынём моладзевага савету Алесем Кратом.
Як грамадскім арганізацыям правільна весці сацыяльныя сеткі
Як грамадскім арганізацыям правільна весці сацыяльныя сеткі
Мы выпусцілі гайд, які тлумачыць, што рабіць АГС, каб іх сацсеткі раслі і квітнелі.