Прымусім папацець лонданскіх сяброў Пуціна?

Нельга давяраць тым, хто працягвае грашыць. Таму зараз не той час, каб кпіць з запозненага кансэнсусу паміж заходнімі сталіцамі наконт сур’ёзнасці праблемы, якой ёсць пуцінская Расія.
Пераклад Касі Васільевай , Эдвард Лукас · 16 Красавіка 2015
Прымусім папацець лонданскіх сяброў Пуціна?

Ад рэдакцыі. Калі паўставаў гэты часопіс, то адной з мэтаў мы бачылі публікацыю галоўных заходніх мысляроў на беларускай мове. Эдвард Лукас (на здымку) напэўна адзін з іх. Ён працуе журналістам і аналітыкам, і з’яўляецца адным з рэдактараў «The Economist». Магчыма, што Лукас з’яўляецца найлепшым знаўцам усходняй Еўропы на Захадзе. Гэты і наступныя пераклады публікуюцца з ягонай згоды.

Сённяшні кансэнсус няпоўны. Якім бы сюрпрызам гэта ні было для нашых дыпламатаў, праблемы пачаліся задоўга да Пуціна. Яшчэ ў 1994-ым годзе тагачасны прэзідэнт Эстоніі Ленарт Меры зрабіў прароцкую прамову на канферэнцыі Саюза Балтыйскага мора ў Гамбургу, асуджаючы накірунак вонкавай і ўнутранай палітыкі Расіі, які тая абрала пасля развалу Савецкага Саюза. Ён падкрэсліў самаабвешчанае права Расіі ўмешвацца дзеля абароны “суайчыннікаў” за мяжой. Чальцы расійскай дэлегацыі (уключна з шэранькім незаўважным чыноўнікам на імя Уладзімір Пуцін) сышлі. Нават раней, у 1993-ым годзе, выбітны расійскі эмігрант Віктар Ясман апублікаваў прароцкі акадэмічны дакумент, дзе акрэсліў злавесную новую ідэалогію, –еўразіянізм, які базаваў на антызаходняй ідэалогіі, настальгіі па Савецкім Саюзе, нацыяналізме і экстрэмальнай праваслаўнай рэлігійнасці.

Мы праігнаравалі гэтыя пераканаўчыя і дакладныя папярэджанні і паставіліся да аўтараў з пагардай. Мы аддалі перавагу цёплай плыні напрыканцы Халоднай вайны, перспектыве адноснай свабоды і міру ў Еўропе ды магчымасці зарабіць грошы на “новым рынку” былой савецкай імперыі. Насамрэч, новая Расія прадстаўляла сабой фіктыўную дэмакратыю, прыпраўленую карупцыяй. Новая Расія рабіла выгляд, што спадчыны сталінізму не існавала, ігнаруючы злачынствы, учыненыя супраць заняволеных нацый у апошнія дзесяцігоддзі, не кажучы пра тое, каб адкупіць іх. Насамрэч, Расія захавала веру ў тое, што гэтым тэрыторыям лёс наканаваў быць аб’ектам цікавасці Расіі, падабаецца ім гэта ці не. КДБшная машына тэрору таксама не была знішчана – яна проста мутавала.

З’яўленне ў Крамлі былога КДБшніка адбылося ў 2000 годзе, і з таго часу сотні мільярдаў долараў прыбытку ад нафты і газу ў дзяржаўнай казне падагрэлі расійскі рэвізіянізм настолькі, што гэта адчулі нават заходнія вонкавапалітычныя эксперты. Рэпрэсіі ўнутры краіны і агрэсія за межамі – вось тыя цёмныя зоркі, па якіх Крэмль зараз вызначае свой шлях. Крэмль прыхоўвае сапраўдную гісторыю кіравання Пуціна: страты, некампетэнтнасць, пампезнасць і, перадусім, каласальныя крадзяжы.

Хоць свежадасягнуты кансэнсус мае на ўвазе, што Расія цяпер уяўляе пагрозу, а не толькі непрыемнасць, існуе таксама празмернае самазаспакойванне. Мы верым, што санкцыі працуюць, што праблемы збольшага абмяжоўваюцца Украінай, і што камбінацыя дыпламатыі і цярпення прывядзе да перамогі ўрэшце рэшт. Няма пастаноўкі трох істотных пытанняў. Чаго хоча Расія? Чаму яна перамагае? І што мы можам зрабіць, каб яе спыніць? Прыярытэтная задача пуцінскага рэжыму – застацца пры ўладзе. Рэжым не жадае быць звергнутым народным гневам, які распалілі замежнікі, альбо быць стрыманым пра дапамозе правілаў міжнароднага парадку, навязаных згуртаваным альянсам іншых краін.

Такім чынам, першапачатковая задача – стварыць санітарны кардон на межах, дзе (як прызнаўся мне аднойчы адзін пажылы расіянін) “не адбываецца анічога невядомага для нас, і анічога непрыемнага для нас”. Гэта не азначае вайсковага заваявання. Гэта азначае стварэнне мяккай гегемоніі на базе карупцыі, прапаганды, эканамічнай залежнасці, тактыкі “падзяляй і валадар”, дыверсіі і бразгання зброяй. Хоць Расія больш не ёсць сусветнай звышмоцай, яна мае магчымасць прыгнятаць любую асобную дзяржаву на ўласных межах на поўдні і захадзе.

Гэта трамплін да іншай мэты: канца эры дамінавання Захаду ў сусветных справах, у прыватнасці ў справах бяспекі Еўропы. Расія бачыць (і распальвае) рост антыамерыканізму ў Еўропе. Яна заўважае, што адміністрацыя Абамы праводзіць раз’яднаную і нясмелую вонкавую палітыку, і сочыць за ростам незадаволенасці амерыканскіх полісімэйкераў скнарлівасцю і няўдзячнасцю Еўропы, калі справа даходзіць да абароны. НАТА – спустошанае, Еўрапейскі саюз – раз’яднаны і збіты з панталыку.

Цяпер перад Расіяй цьмяна маячыць новая мэта – краіны Балтыі. У адрозненне ад Украіны Эстонія, Літва і Латвія з’яўляюцца стрыжнявымі чальцамі Заходняга альянсу.  Калі адну ці болей гэтых перадавых дзяржаў беспакарана абразіць, гэта будзе канец НАТА. А гэта можа адбыцца нечакана хутка: уявіце сабе, аднойчы ранкам Расія ўчыніць правакацыю – напрыклад з удзелам цягніка, які ідзе транзітам праз Літву ў Калінінград. Да абеду яна абвесціць бязлётную зону, каб НАТА не здолеў прадставіць падмацаванне, а бліжэй да вечара заявіць, што зарадзіла ядзерныя боегалоўкі ў сістэмы дастаўкі і выкарыстае іх у выпадку правакацыі. Ці адкажа на гэта прэзідэнт Барак Абама? Калі не, то НАТА спыніць існаванне яшчэ да сняданку.

Гэтая змрочная перспектыва яшчэ наперадзе. Аднак Расія сістэматычна правярае нашую сілу волі і бачыць, што тая слабаватая. Расійскія баявыя самалёты перыядычна парушаюць паветраную прастору балтыйскіх дзяржаў. Адказны эстонскі чыноўнік Эстан Кохвер быў выкрадзены і цяпер знаходзіцца ў Маскве ў якасці закладніка. Хлуслівая, заганная прапаганда льецца праз межы, краіны Балтыі малююцца як ворагі, фашысты і няўдачнікі.

Расія перамагае, дзякуючы моцнай волі, а не сапраўднай моцы. У адрозненне ад Захаду рэжым Пуціна гатовы ісці на рызыку, зносіць эканамічныя цяжкасці, пагражаць выкарыстаннем сілы (і час ад часу выконваць гэтыя пагрозы), і ўжываць бессаромную, добра прафінансаваную прапагандысцкую машыну, каб замесці сляды. Расія ўжо даказала, што такім чынам можа дэстабілізаваць Украіну, нават да крытычнага стану, і пазбавіцца яе. Еўрапейская сістэма бяспекі, датай заснавання якой лічыцца дзень падпісання Хельсінкскага заключнага пагаднення, узмоцненая Парыжскай хартыяй 1990, зараз раструшчаная ўшчэнт. Расія паказала: хто моцны, той і мае рацыю. Вялікія краіны робяць, што хочуць, маленькія краіны робяць, што мусяць. Цяжкія наступствы такога падыходу пачынаюць даходзіць да свядомасці. Адказ Захаду не павінен факусавацца выключна на краінах Балтыі альбо Украіне. Мы не мусім чакаць, што нашыя самыя слабыя паплечнікі панясуць наш цяжар. Іх беды – гэта сімптомы праблемы, а не яе крыніца. Колькі б зброі мы ні прывезлі ва Украіну, мы толькі адцягнем немінучую ваенную паразу гэтай змучанай краіны. Нават калі мы пабудуем лінію Мажыно ў балтыйскіх краінах, мы не зможам зрабіць так, каб гэтыя тры смелыя дзяржавы ў аблозе здолелі абараняцца самастойна ў ізаляцыі. Адзіны шлях абараніць іх і нашу свабоду – гэта сканцэнтравацца на Расіі і нашай уласнай слабасці.

Тактыка Расіі дрэйфуе паміж мастацтвам кіравання дзяржавай, цёмнымі ўменнямі і камерцыйным ціскам. Мы ў сябе на Захадзе паважаем падзел уладаў. Нашыя службы бяспекі і выведка любяць таемнасць. Нашыя журналісты любяць незалежнасць. Нашыя камерцыйныя структуры клапоцяцца перадусім пра акцыянераў. Наша прававая сістэма не выносіць палітычнага ўмяшання. Гэтыя абмежаванні цудоўныя ў пэўным сэнсе, але яны перашкаджаюць нам адказаць суперніку, які ігнаруе іх.

Калі я даследаваў справу Ганны Чапман, расійскай шпіёнкі, арыштаванай у Амерыцы ў 2000-ым годзе, я даведаўся, што яна кіравала кампаніяй у Лондане пад прыкрыццём скрадзенай тоеснасці няўдахі Стыва Саджэна, электрыка з Кента. Яе кампанія ўдзельнічала ў адмыванні грошай і прыкрыцці працы выведкі. Аднак ні паліцыя, ні MI5, ні Палата рэгістрацыі кампаній, ні наш фінансавы кантралёр не палічылі, што гэта іх праца – разабрацца ў гэтай справе і кампенсаваць шкоду, панесеную сапраўдным Стывам Саджэнам. “Нашая праца – лавіць шпіёнаў, а не злачынцаў”, – сказаў мне агент даволі рэзка. Але што, калі шпіёны з’яўляюцца адначасна і злачынцамі? Яны ж могуць выконваць і іншыя ролі, быць прапагандыстамі, бізнесоўцамі, энергетыкамі?

Падчас Халоднай вайны мы лепш працавалі як каманда. Мы разумелі тады, што маем перад сабой пагрозу для існавання. Цяпер мы мусім зразумець, што ідэалагічна супрацьстаім суперніку, які хоча падпарадкаваць нас сваёй волі. Цяпер пагрозай з’яўляецца не камунізм, а аўтарытарны “блатны” капіталізм.

Мы можам зрабіць нашмат больш у візавым пытанні: не толькі расійская эліта, але іх сужэнцы, браты і сёстры, бацькі і дзеці не павінны быць дапушчаныя ў краіны Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Яны не мусяць атрымаць усё – раз яны прапагандуюць і практыкуюць антызаходніцтва ў сябе дома, нельга дапускаць, каб яны забаўляліся, рабілі набыткі, захоўвалі грошы альбо вучыліся ў “гнілых прытонах” Лондана, Парыжа, Берліна і Нью-Ёрка.

Наступны крок – замарозіць іх рахункі. Сотні мільярдаў долараў былі скрадзеныя ў расійскага народа. Калі мы можам замарозіць рахункі наркабаронаў і мілітарыстаў, мы можам зрабіць гэта і з рахункамі жулікаў і сяброў пуцінскага рэжыму. Амерыка зрабіла велізарны кавалак працы як датычна візаў, так і рахункаў, але мы можам зрабіць значна больш.

Але перш за ўсё мы мусім пераследаваць іх саўдзельнікаў: юрыстаў, банкіраў і бухгалтараў, якія адыгралі важную ролю ва ўтойванні несумленных здабыткаў Крамля на Захадзе. Мы яшчэ доўгі час павінны саромецца таго, што гандлявалі нашай фінансавай і прававой сістэмай з ворагамі, асабліва тут, у Брытаніі. Амерыка цяпер выкарыстоўвае моц сістэмы крымінальнага правасуддзя, каб прыціснуць сумнавядомую кампанію, што мае цесныя стасункі з Крамлём. Я не магу агучыць яе назву з прававых прычын. Гэта змушае аблівацца потам скампраметаваных брытанскіх фінансістаў, якія дапамаглі той кампаніі атрымаць уяўную рэспектабельнасць. Мы павінны зрабіць тое ж, што і Амерыка. Гэта будзе ганебна і балюча. Але лепш хай нашы банкіры пральюць пот і слёзы цяпер, чым нашы паплечнікі – кроў у будучыні.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Сяргей Суханкін (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 27 Чэрвеня
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Няма нічога дзіўнага ў тым, што пасля таго, як Масква трактавала Калінінград у апошнія гады, заўзятары чэмпіянату свету хутчэй за ўсё будуць ездзіць на матчы з Польшчы, а не заставацца там.
Эндру Уілсан (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 11 Чэрвеня
Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў
Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў
Праз чатыры гады пасля Еўрамайдана агульная карціна ва Украіне змрочная.
Вэсэла Чэрнева (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 8 Чэрвеня
Канец канцэпцыі “Захаду”?
Канец канцэпцыі “Захаду”?
Захад усё больш і больш падзелены, а яго глабальныя стратэгічныя інтарэсы ўсё больш разыходзяцца.