Макраэканоміка будзе ў парадку. У Беларусі новая эканамічная палітыка?

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары першыя, калі ўлады паводзяць сябе адэкватна. Замест неабгрунтаванага росту заробкаў чыноўнікі прынялі за апошнія паўгода шэраг слушных эканамічных рашэнняў.
Алесь Аляхновіч· 20 Ліпеня 2015
Макраэканоміка будзе ў парадку. У Беларусі новая эканамічная палітыка?

Галоўным выбарчым абяцаннем Лукашэнкі заўсёды было павелічэнне зместу гаманца. У кожнай кампаніі гучаў лозунг росту сярэдняга месячнага заробку: да $ 100 у 2001-ым, у 2006-ым да $ 250, а ў 2010-ым – $ 500. Дагэтуль беларуская эканоміка пераадольвала вызначаныя рубяжы альбо з лёгкасцю – у 2001-ым і 2006-ым, альбо любым коштам – як у 2010-ым, калі за год без фундаментальных прычын намінальная заробкі выраслі на 46 %. Але неўзабаве дэвальвацыя і інфляцыя вярнулі заробкі ў доларавым эквіваленце да перадвыбарчых “вяршыняў”.

Навука 2011-га не была дарэмнай. У новым выбарчым цыкле  ўлады ўсведамляюць, што ўзровень золатавалютных рэзерваў не дазваляе стрымліваць абясцэньванне нацыянальнай валюты. У другой палове снежня і першай палове студзеня 2015-га ўлады паэтапна правялі 40 % дэвальвацыю ў адказ на яшчэ большую дэвальвацыю расейскага рубля. Пасля гэтага заробкі ў пераліку на долары не толькі не выраслі за гэтую пяцігодку да абяцаных $ 1000, яны паменшыліся – да $ 467 у траўні 2015-га.

Акрамя гэтага, нечакана 27-га снежня 2014-га Лукашэнка на змену 65-гадоваму Мясніковічу прызначыў 55-гадовага Кабякова. Усё часцей і часцей на змену старым палітыкам прыходзяць маладыя, больш прафесійныя і паспяховыя, з больш рынкавымі поглядамі як 45-гадовы Васілі Мацюшэўскі, які змяніў 65-гадовага Сямашку на пасадзе першага віцэ-прэм’ера, ці 52-гадовы Павел Калаўр, які змяніў 61-гадовую Ермакову ў Нацбанку.

Да новага прызначэння Мацюшэўскі быў кіраўніком “БПС-Сбербанка”, найбуйнейшага недзяржаўнага банка ў Беларусі, а Калаўр – кіраўніком БелВЭБ, другога найбуйнейшага недзяржаўнага банка. Абодва карыстаюцца павагаю ў банкаўскім і эксперцкім асяроддзі. Абодва прызначэнні адлюстроўваюць згоду Лукашэнкі да “новай эканамічнай палітыкі”.

Пяць станоўчых зменаў

З пачатку года ўлады правялі змены прынамсі ў пяці важных абшарах, за што ім эканоміка, напэўна, удзячная.

Па-першае, палітыка курсаўтварэння набліжаецца да лепшых сусветных стандартаў[1]. 8 студзеня 2015-га Нацбанк выступіў з заявай аб абмежаванні механізму валютнай інтэрвенцыі. Паводле новага правіла, Нацбанк будзе стабілізаваць валютны рынак у выпадках высокай валатыльнасці, але пры ўмове, што ў сярэднетэрміновым перыядзе інтэрвенцыі дазволяць выйсці на станоўчае сальда куплі валюты.

У чэрвені Нацбанк увёў замест рэжыму фіксінгу рэжым бесперапыннага падвойнага аўкцыёну ў біржавым сегменце валютнага рынку. Ва ўмовах гэтага рэжыму ўдзельнікі гандляванняў маюць магчымасць падаваць заяўкі на куплю і продаж замежнай валюты цягам усяго перыяду правядзення таргоў (пакуль толькі ад 12:00 да 13:25). Заключэнне пагадненняў адбываецца пры наяўнасці ў гандлёвай сістэме сустрэчных заявак з задавальняючымі ўмовамі (курсу абмену і велічыні здзелкі). Гэтак Нацбанк пераходзіць да больш празрыстага рэжыму курсаўтварэння, у якім роля рэгулятара памяншаецца.

Па-другое, Нацбанк пачаў праводзіць больш цвёрдую манетарную палітыку. Каб пазбегчы адтоку дэпазітаў у нацыянальнай валюце і супакоіць інфляцыйныя чаканні ў студзені Нацбанк падняў стаўку рэфінансавання на 5 % да 25 %. Рэальныя працэнтныя стаўкі выраслі тады да 8 %, а Нацбанк спыніў цыкл зніжэння працэнтных ставак, які працягваўся са снежня 2011-га.

Таксама Нацбанк аб’явіў аб абмежаванні інфляцыі шляхам кантралявання грашовай прапановы (анг. monetary targeting). Цяпер грашовая маса ў эканоміцы павінна павялічвацца штомесяц на вызначаны Нацбанкам працэнт. Гэта важная змена, бо дагэтуль павелічэнне грашовай масы і дынаміка банкаўскага крэдытавання былі дастасаваныя да бягучых палітычных патрэб, а не доўгатэрміновых эканамічных інтарэсаў.

Па-трэцяе, улады пачалі праводзіць больш адкрытую камунікацыйную палітыку. На пачатку года Нацбанк стварыў “Клуб крэдытораў”. На яго паседжаннях Нацбанк і прадстаўнікі ўрада тлумачаць сваю палітыку кіраўнікам банкаў і буйных прадпрыемстваў, а партнёры Клуба прадстаўляюць сваё бачанне эканамічнай палітыкі. Дадаткова Нацбанк сумесна з прадстаўнікамі ўрада пачаў ладзіць штомесячныя сустрэчы з незалежнымі эканамістамі. Гэта сучасны падыход рэгулятара, які намагаецца весці дыялог з бізнесам і эксперцкай супольнасцю і ўрэшце вярнуць давер грамадства да цэнтральнага банка.

Па-чацвёртае, Нацбанк і ўрад запланавалі абмежаванне крэдытавання дзяржпраграм у 2015-ым амаль на 40 %. Больш рынкавымі сталі ўмовы атрымання крэдыту для дзяржпрадпрыемстваў. Нягледзячы на імклівы рост праблем са збытам і фінансаваннем аперацыйнай дзейнасці на дзяржпрадпрыемствах у 2015-ым, Нацбанк і ўрад трымаюць адносна цвёрдую пазіцыю насуперак лабіяванню дырэктараў фірм.

Па-пятае, улады працягваюць стрымліваць рост заробкаў у дзяржсектары з паловы 2014-га. Цяжар сплаты вонкавага доўгу не дазваляе стабілізаваць дэфіцыт гандлёвага балансу выключна праз (вонкавую) дэвальвацыю. У сувязі з гэтым улады вырашылі правесці ўнутраную дэвальвацыю – стрымаць рост коштаў праз абмежаванне ўнутранага попыту. Новае правіла для дзяржпрадпрыемстваў простае: рост заробкаў не можа перавышаць росту прадуктыўнасці працы.

Міжнародная падтрымка

Дзейнасць беларускіх уладаў знаходзіць станоўчыя водгукі міжнародных фінансавых арганізацый. Апошнія паўгода кожная місія МВФ, Сусветнага банка ды Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) хваліць новую эканамічная палітыку.

Варта адзначыць, што ў другім квартале ўлады выпрацавалі ў супрацы з Сусветным банкам г.зв. “дарожную карту структурных рэформ”. Сусветны банк ужо пацвердзіў прызнанне $ 150 млн крэдытаў на падтрымку гэтай праграмы. На чарзе перамовы з ЕАБР і МВФ. Дарэчы, МВФ гатовы прызнаць новы крэдыт на суму $ 3,5 млрд пры ўмове, што ўлады пацвердзяць сваю адданасць глыбокім структурным рэформам эканомікі на практыцы: зранку рэформы – увечары грошы.

Ці можна лічыць змены незваротнымі

Нягледзячы на слушныя крокі, дагэтуль ва ўладаў адсутнічае палітычная воля да больш маштабных структурных пераўтварэнняў. Цягам амаль 25 гадоў трансфармацыі Беларусь так і не дасягнула крытычнай масы рынкавых рэформ. За гэты час ужо назіраліся перыяды адносна актыўнай, як на беларускія ўмовы, прарынкавай палітыкі як у 2007-2009-ым, пасля якіх заўсёды наступаў рэгрэс як у 2010-2011-ым.

Пры тым праўдападобнасць паўтарэння гісторыі высокая. Адным з такіх штуршкоў да змены парадыгмы можа стаць унутранае палітычнае абвастрэнне настрояў грамадства. У такой сітуацыі, у чарговы раз забяспечыўшыся фінансавай падтрымкай Расіі, Лукашэнка можа ў адно імгненне адклікаць каманду банкіраў-рэфарматараў (абвінаваціўшы іх у страце дабрабыту), і вярнуцца да больш адміністрацыйнага кіравання эканомікай. Але пакуль макраэканоміка ў парадку.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Аляхновіч· 17 Траўня
Чаму Беларусі патрэбна прыватызацыя?
Чаму Беларусі патрэбна прыватызацыя?
Пяць прычын для прыватызацыі ў Беларусі.
Тарас Тарналіцкі · 15 Траўня
Боль беларускага кіно ў адной інфаграфіцы
Боль беларускага кіно ў адной інфаграфіцы
Ні грошай, ні ўзнагарод.
Вадзім Мажэйка· 4 Траўня
Пяць інгрэдыентаў росквіту беларускага кінематографа
Пяць інгрэдыентаў росквіту беларускага кінематографа
Празрыста раздаваць малыя гранты, не выкарыстоўваць “Беларусьфільм” як хамут, ствараць умовы для мецэнацтва – і беларускае кіно будзе не сорамна глядзець.