Марыя Русак: “Вучыцца ў Прынстане зачотна”

Беларуска апавядае, як атрымала стыпендыю ў Прынстанскім Універсітэце, пра жыццё і вучобу ў лепшым універсітэце свету і чаму вярнулася на пэўны час дадому.
Марыя Русак, Рыгор Астапеня· 26 Лістапада 2012
Марыя Русак: “Вучыцца ў Прынстане зачотна”

Прынстан – адзін з найстарэйшых, самых вядомых і самых прэстыжных універсітэтаў ЗША. Да таго, Прынстан прыватны і ўваходзіць у Лігу плюшчу. Універсітэт мае бюджэт на год роўны 1/3 ВУП Беларусі, але ў адрозненні ад іншых месцаў у ЗША, захоўвае адчуванне гісторыі і часу. Гатычная архітэктура і неабмежаваныя магчымасці – тое, што ў першую чаргу асацыіруіцца ў мяне з ім.

Заснаваны ў 1746 годзе як Каледж Нью-Джэрсі, універсітэт у свой час быў сведкам гістарычных падзей Амерыканскай рэвалюцыі, а таксама з’яўляецца альма-матэр выбітных людзей дваццатага стагоддзя, уплываўшых на ход гісторыі.

Гэтыя факты мне былі невядомыя калі я раздумвала пра амерыканскія ўніверсітэты. Прынстанскі Ўніверсітэт я выключыла са спісу адразу – не жадала вучыцца ў школе з разбэшчанымі дзецьмі мільянераў, шэйхаў і алігархаў. Маёй марай не было гэта і блізка, але з маімі адзнакамі мне усё ж такі параілі звярнуць увагу на пазітыўныя бакі адукацыйных праграм і падаць дакументы.

Як трапіць?

У ЗША дакументы ва ўніверсітэтты падаюцца праз Common Application – анлайн сістэму з фіксаваным наборам неабходных дакументаў: некалькі эсэ, матывацыйны ліст – Personal Statement, адзнакі, дзве рэкамендацыі і часам інтэрв’ю. У прынцыпе было ўсё роўна – адным эсэ больш, адным менш, і я вырашыла паспрабаваць. Сябры кпілі і жартавалі, бацькі здзіўляліся адкуль такія амбіцыі, інтэрв’ю прашло дрэнна і я нават забылася пра гэта. Была вельмі шчаслівая, калі прыйшоў ліст ад канадскага ўнівера, а калі сталі прыходзіць усе астатнія адказы – здзівілася яшчэ больш. Пасля доўгіх разваг усё ж-такі падумала – чаму не?

Асабліва калі прапаноўваюць пакрыць усе выдаткі, а гэта 55000 $ на год плюс усе выдаткі на падарожжа, кішэнныя грошы і іншае. Цікава, што ўсё гэта Прынстан дае проста так – я не павінна ані адпрацоўваць, ані аддаваць грошы. Гэта сваеасаблівы дабрачынны шлях brain drain. Універсітэт спадзяецца, што пасля такіх інвестыцый і ладу жыцця я сама пажадаю застацца ў ЗША, працаваць на краіну і ў будучым ахвярую грошы ўніверсітэту. Большасць людзей паступае менавіта так.

Беларусам у Прынстан трапіць нашмат лягчэй, чым самім амерыкацам. У гэтым годзе прынялі толькі 7% апплікантаў, але Беларусь для іх – экзотыка. Да таго ж  прыгожа выглядае на статыстыцы. На жаль, ва ўсім універсітэце я адзіная беларуска, і напэўна першая, але спадзяюся, што не апошняя. Таму беларусам, якія там жадаюць вучыцца, я б параіла ўважліва чытаць інструкцыі на сайце, і вучыць ангельскую – немагчымага не існуе.

Замежнікі складаюць недзе каля 10% ад усіх студэнтаў. Багата студэнтаў прыязджае з краін Азіі, і ўвогуле амерыканцаў-азіятаў. Яны вельмі разумныя і больш матываваныя для дасягненне мэты, чым проста амерыканцы. Таму напэўна яны будуць складаць большасць ва ўніверсітэце. Арабы і афрааамерыканцы ёсць, але іх не шмат – універсітэцкая адукацыя ў ЗША вельмі моцна звязаная са школьнай адукацыяй, якая нажаль не з’яўляецца ўніфікавана-універсальнай. Таму калі ты не навучаўся ў добрай прыватнай школе, у цябе вельмі мала шанцаў трапіць у добры ўніверсітэт.

Life Style

Стыль жыцця канешне вельмі адрозніваецца ад беларускага студэнцтва. Жыццё вельмі камфортнае, як на курорце – і басейн, і любыя віды спорта, і тэатр, і кіно…Часта забываешся на тое, што адбываецца па-за межамі “памаранчавай бурбалкі”, як мы клічам наш кампус.

Усе студэнты ў незалежнасці ад таго, адкуль яны, першыя два гады павінны жыць на кампусе. Праз анлайн сістэму можаш выбіраць з кім і дзе. Студэнты харчуюцца ўсе ў “сталоўках”, але іх некалькі. Па якасці ежы яны больш нагадваюць рэстараны, чым нашыя студэнцкія сталоўкі. Апошнія два гады (увесь тэрмін навучання – 4 гады) – вырашаеш сам, дзе і як жыць і харчавацца, але большасць застаецца на кампусе. Частка выбірае магчымасць далучыцца да аднаго з клубаў – eating clubs, якія нагадваюць джэнтэльменскія ангельскія клубы пачатку 20 стагоддзя. Між іншым, дзяўчыны ва ўніверсітэце фармальна з’явіліся толькі ў 1969 годзе, а рэальна – у 1980-х.

Студэнты граюць у квідзіч, гульню з кніг Гары Потэра

І непасрэдна вучоба : )

Навучанне ў Прынстане уражвае якасцю адукацыі і ўзроўнем спаборніцтва. Прафесарскі склад – адзін з самых лепшых у свеце. Кожны з’яўляецца “зоркай” у сваёй галіне. Вывучаючы архітэктуру, у мяне была магчымасць удзельнічаць у семінарах выкладчыкаў, артыкулы якіх іншыя толькі чытаюць у навуковых часопісах. Таксама вельмі цікавыя лектары, якіх запрашаюць на адкрытыя імпрэзы. У мяне, напрыклад, быў ланч з экс-прэм’ерам Італіі Джуліано Амата, прыватная канферэнцыя з прэзідэнтам Грузіі Саакашвіллі.

Прадметаў на семестр – 4 ці 5, па 6 гадзін на кожны. Але вельмі вялікую частку займае хатняя праца – яе неабходна выконваць. На тыдзень па аднаму прадмету больш за 300 старонак аналітычных тэкстаў, якія неабходна прачытаць, зразумець і прааналізаваць. Займае шмат часу, асабліва таму што вучоба вельмі канкурэнтная, сістэма адзнак – адна з самых жорсткіх. Не больш за 30% класа можа атрымаць вышэйшы бал – А.

Аднак студэнты не толькі вучацца, але і адпачываюць. Вечарыны ва ўніверсітэце вельмі падобныя на тое, што паказваюць ў кіно. І чырвоныя пластыкавыя кубкі, і натоўп людзей, і шмат алкаголю. П’юць амерыканскія студэнты не менш за беларускіх, але з іншым стылем. Афіцыйна алкаголь ужываць нельга да 21 года, а дома бацькі не прапаноўваюць. Таму калі прыязджаюць ва ўнівер – п’юць празмерна і з наступствамі, з дэвізам study hard party hard.

Амерыканцы

Увогуле, амерыканцы не так і адрозніваюцца ад беларусаў. Зразумела, што універсітэт не з’яўляецца рэпрэзентатыўным адлюстраваннем амерыканскага грамадства. І ў нас, і там большасць людзей не цікавяцца міжнароднай палітыкай, слаба ведаюць геаграфію і сусветную гісторыю. Але і ў нас, і там ёсць вельмі дасведчаныя людзі, якія цікавяцца міжнароднай палітыкай і арыентуюцца ў аналітычнай прасторы. Я часам сустракаю людзей, якія дакладна ведаюць пра  Беларусь, пытаюцца пра палітыку і эканоміку.

Еўропа меншая, і тут ёсць больш шанцаў сустрэць людзей, якія адрозніваюцца ад цябе ў культурна-гістарычным кантэксце. Мне персанальна бліжэй еўрапейская ментральнасць. Аднак самі амерыканцы да замежнікаў ставяцца вельмі добра, добра-нейтральна. Твая краіна іх цікавіць першыя 10 хвілін размовы, а пасля ім усе роўна, які ў цябе акцэнт і якіх палітычных поглядаў ты прытрымліваешся. Краіна эмігрантаў – залічваючы да сваіх, яны пасля не адрозніцваюць цябе ніякім чынам. Лічу, што гэта рыса, якой могуць вучыцца еўрапейцы.

Вяртацца трэба

Паколькі я не была ў Беларуі чатыры гады, я вырашыла, што прыйшоў час вярнуцца на Радзіму на нейкі час. На гэта адукацыйны год я знаходжуся ў Беларусі, удзельнічаю ў розных адукацыйных і грамадскіх праектах і семінарах, на якія раней не было часу і магчымасцяў. Вельмі шмат што змянілася ў Беларусі ў пазітыўны бок за гэты час, асабліва ў адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы. Ёсць магчымасць займацца цікавымі рэчамі. Галоўнае, каб была ідэя і матывацыя, а шляхі вырашэння можна знайсці. І іх нашмат больш, чым раней.

Я лічу, што адукацыя павінна быць міжнароднай, але ў эміграцыю не веру – таму вельмі хацелася б вярнуцца ў Беларусь пасля атрымання дыплому. Зараз я распрацоўваю глебу для далейшых праектаў, і спадзюся, што здолею ўжыць свой досвед адукацыі ў лепшым універсітэце ў нас дома, у Беларусі.

Марыя Русак

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.
Рыгор Астапеня· 26 Жніўня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Новае эпічнае ВІДЭА!
Рыгор Астапеня· 7 Жніўня
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Тлумачым на Lego усе беды беларускіх рэгіёнаў
Вы не паверыце, але гэты ролік па-руску!