Як выглядае праца ў найлепшай кампаніі стратэгічнага кансалтынгу

Беларус Алесь Аляхновіч дзеліцца досведам працы ў варшаўскім офісе McKinsey.
Як выглядае праца ў найлепшай кампаніі стратэгічнага кансалтынгу

McKinsey – гэта № 1 у свеце стратэгічнага кансалтынгу. За стратэгічны кансалтынг плацяць перадусім буйныя карпарацыі, калі каманда кансультантаў прыходзіць на фірму і цягам кароткага часу выпрацоўвае новую стратэгію развіцця. Гэтыя стратэгіі могуць датычыць, напрыклад, аптымізацыі дзейнасці, выхаду на новыя рынкі ці новыя нішы,  вызначэння кошту фірмы-канкурэнта, калі фірма-кліент захоча набыць гэтую фірму. Карацей кажучы, палітра паслугаў вельмі вялікая.

Чаму людзі ідуць у McKinsey

Кампанія прыцягвае ўмовамі працы. У McKinsey ты займаешся выключна сваёй працай, ты не прысвячаеш нават мінімум часу на адміністрацыйныя справы. Увесь свой час ты прысвячаеш бізнес-кансалтынгу – ты напружваем свае мазгі, каб выдумляць новыя бізнес-падыходы, каб шукаць нейкія спосабы ашчаднасці, каб прыдумляць, як канкураваць з іншымі фірмамі. І хоць гэта не твой уласны бізнес, але ты маеш доступ да ўсіх дакументаў і ўсіх менеджараў – можаш з імі размаўляць колькі заўгодна, ты можаш даведацца пра фірму ўсё. Цягам года ты можаш прайсці праз некалькі праектаў, з якіх кожны можа быць у іншай галіне эканомікі ды іншым горадзе альбо краіне. Гэта вельмі цікавая праца.

Людзі, якія працуюць у McKinsey – гэта людзі, з якімі ты хочаш працаваць. Гэта не ваўкі, працаголікі ці подлыя людзі – гэта сапраўды вельмі культурныя асобы, якія скончылі добрыя вучэльні, ведаюць некалькі моваў і вельмі адкрытыя.

Нягледзячы на малады ўзрост, ты можаш атрымаць любую працу, якая б пры іншых умовах чакала цябе толькі праз 20 гадоў. Табе 25 (у кансалтынгу працуюць перадусім маладыя людзі), а ты ўжо можаш прыходзіць на сустрэчы з кіраўніцтвам буйной карпарацыі і выказваць свае прапановы, як ім весці бізнес.

Ты маеш доступ да адмыслоўцаў у кожнай галіне эканомікі. У McKinsey працуе каля 20 тыс. людзей, а яшчэ дзясяткі тысяч прайшлі праз кампанію, да якіх ты таксама можаш звяртацца па дапамогу. Напрыклад, у Польшчы працуе каля 80 кансультантаў і некалькі соцень адмыслоўцаў, якія сядзяць штодня і аналізуюць нейкі рынак. І да гэтых спецыялістаў звяртаюцца офісы з усяго свету.

Тут людзі вельмі шмат зарабляюць, але гэта не месца для тых, хто хоча працаваць восем гадзін у дзень. McKinsey гатовы плаціць вялікія грошы за тваю даступнасць, за тое, што ты можаш працаваць і ўдзень, і ўначы. Штомесяц у мяне здаралася прынамсі адна ноч, калі я заставаўся на працы. У гэтай фірме трэба быць вельмі эластычным, што можа быць вельмі цяжка для людзей, якія маюць сем’і.

Як трапіць

Кампанія мае спецыфічную палітыку працаўладкавання. McKinsey не наймае старшы персанал звонку – калі ты хочаш заняць менеджарскую пасаду, то мусіш прайсці ўсе прыступкі кар’еры ў McKinsey ад самага пачатку. Дарэчы, гэта таксама спецыфіка McKinsey – шлях ад бізнес-аналітыка да партнёра (то бок дырэктара фірмы) займае прыкладна 8-10 гадоў. У Варшаве большасць партнёраў ва ўзросце 35-40 гадоў. Параўнайце гэта са звычайнымі карпарацыямі, дзе дырэктарам не менш за 50.

Аптымальны ўзрост для старту ў McKinsey гэта 22-26 гадоў. Яшчэ ёсць адзін шлях – гэта трапіць пасля заканчэння МВА ва ўзросце 28-30 гадоў. Трапіць у фірму пасля 30 вельмі цяжка.

Да набору трэба рыхтавацца загадзя – рыхтавацца да тэстаў і бізнес-кейсаў. Адным гэта займае пару месяцаў, іншым паўгода-год. І не варта “заганяцца” – не трэба ствараць сабе ідалаў, McKinsey не адзіная такая фірма.

Працэс адбору займае некалькі месяцаў, а ў кампанію звычайна бяруць ад аднаго да трох чалавек са 100. Пасля таго, як ты прайшоў гэтае сіта, то любы іншы працадаўца, які пабачыць McKinsey у тваім рэзюмэ, разумее, што цябе правяраць не трэба.

Чаму з McKinsey сыходзяць

Цякучка кадраў вельмі вялікая. Па маіх назіраннях, у варшаўскім офісе за год змяняецца 15-25% персаналу. Шмат людзей сыходзіць праз сямейныя абставіны. Некаторыя проста вяртаюцца да свайго папярэдняга ладу жыцця – я, напрыклад, займаўся навукай, папрацаваў паўгода ў McKinsey, здабыў досвед і пайшоў у аспірантуру. Ёсць яшчэ іншыя прыклады, калі кансультантам прапаноўваюць лепшыя ўмовы працы ў фірме-кліенце, якой спадабалася, як ты іх кансультаваў. Там ужо працуеш менш гадзінаў, а зарабляеш яшчэ больш.

McKinsey – гэта трамплін, пасля якога табе лягчэй знайсці працу ў буйных міжнародныя арганізацыях, табе лягчэй паступіць у найлепшыя вучэльні свету.

Вакол Беларусі

Ад Беларусі гэта ўсё пакуль далёка, бо ў нас няма кліентаў для такіх кампаніяў. У Заходняй Еўропе праект з McKinsey можа каштаваць некалькі мільёнаў долараў, ва Усходняй Еўропе гэтыя праекты могуць быць таннейшыя, але заўсёды ёсць нейкі мінімум – некалькі соцень тысяч долараў. Ва Украіне ці Расіі дзяржаўныя прадпрыемствы могуць карыстацца паслугамі кансультантаў, але ў Беларусі ўлады, у прынцыпе, не дазволяць камусьці выдаць некалькі соцень тысяч долараў на McKinsey. А буйнога прыватнага бізнесу ў нас практычна няма.

McKinsey з задавальненнем бы прыйшоў, калі б у Беларусі змянілася нешта ці беларускія гіганты, як МАЗ, былі б гатовыя заінвеставаць патрэбную суму ў новую стратэгію развіцця. Перад снежнем 2010-га некалькі дробных праектаў McKinsey ў Беларусі меў.

Ва ўсёй кампаніі на 20 тыс. чалавек беларускай мовай карыстаецца прыкладна 5 чалавек, з чаго кансультантаў 2-3, а астатнія – гэта адміністрацыйны персанал.

Сама праца

У адным з праектаў, якім я займаўся, я адказваў за аналіз патэнцыялу да інсорсінгу. Была вялікая фірма, якая збіралася ліквідаваць каля 30 % сваіх працоўных месцаў, і мы шукалі магчымасці, што можна зрабіць з персаналам. Адна з ідэяў была ў тым, што працу, якую раней выконвалі кампаніі звонку, маглі выконваць людзі ўнутры фірмы, каб іх не трэба было звальняць. І трэба было пераканацца, ці ёсць у персаналу такія кампетэнцыі, ці ёсць патрэбныя прылады, каб яны маглі выконваць працу, параўнаць кошты паслуг фірмаў звонку, каб зразумець, ці наагул гэта будзе аплачвацца.

У McKinsey варта ісці, бо працуеш там вельмі інтэнсіўна, на працягу кароткага часу пазнаеш і людзей, і розныя віды бізнесу, вучышся ад сваіх кіраўнікоў, якія цягам 10 гадоў правялі 100-150 праектаў, заглыбіліся ва ўсе сферы эканомікі. І ты маеш магчымасць працаваць з такімі людзьмі.

Падобныя тэмы
Польшчапоспех
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 1 Жніўня
Чаму ўлады не хочуць ведаць, колькі ў Беларусі бедных
Чаму ўлады не хочуць ведаць, колькі ў Беларусі бедных
Як фудшэрынг становіцца сімвалам беларускай беднасці.
Чатыры польскія ўрокі, як падымаць рэгіёны
Чатыры польскія ўрокі, як падымаць рэгіёны
Богдан Здраеўскі апавядае, чаму важна размаўляць са звычайнымі жыхарамі і як ім даць магчымасць паверыць у свой горад.
Рыгор Астапеня· 21 Ліпеня
Віна Расіі як беларускі палітычны кансэнсус
Віна Расіі як беларускі палітычны кансэнсус
Чаму нашыя эліты павінны перастаць вініць ва ўсім Расію.