Ментарская праграма – гэта новы праект “Ідэі”, які аб’яднае 12 маладых журналістаў і аналітыкаў з чатырма адмыслоўцамі, якія і стануць ментарамі. Праграма абапіраецца на кансультацыях з ментарамі пры напісанні канкрэтных матэрыялаў для “Ідэі” ды атрыманні дапамогі, неабходнай для асабістага развіцця маладых адмыслоўцаў. У часе праграмы кожны ўдзельнік напіша тры матэрыялы, прысвечаныя трансфармацыі Беларусі.
Апрача дапамогі канкрэтным удзельнікам (кожны ментар будзе мець трох замацаваных за сабою людзей), кожны ментар выступіць з дзвюма гадзіннымі лекцыямі на сесіях.
Сесіі?
Так, мы плануем дзве сесіі – на пачатку праграмы і напрыканцы. Кожная сесія зойме дзень, падчас якога выступяць усе ментары і раскажуць усю праўду, як стаць у Беларусі прафесіяналам у журналістыцы і аналітыцы.
Хто будзе ментарамі?
У рамках ментарскай праграмы прадугледжаныя чатыры напрамкі і вось наш зорны склад:
Палітыка – Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных ініцыятываў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН;
Эканоміка – Аляксандр Чубрык, дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту;
Бяспека – Аляксандр Алесін, вайсковы аналітык і аглядальнік некалькіх беларускіх СМІ;
Грамадства – Вольга Шпарага, кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік канцэнтрацыі “Сучаснае грамадства, этыка і палітыка” Еўрапейскага каледжу Liberal Arts у Беларусі, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа».
Калі пачынаем?
Мы плануем арганізацыйную сесію 12 верасня. Яна адбудзецца ў Мінску, падрабязнасці мы паведамім адабраным удзельнікам. Другая сесія адбудзецца напрыканцы лістапада таксама ў Мінску. Мы любім Мінск.
Як трапіць на праграму?
Каб стаць удзельнікам праграмы, Вам трэба запоўніць гэтую анкету да 7 верасня ўключна. А ўжо 8 верасня ўвечары мы паведамім Вам вынікі.