• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Знайсці грошы ў крызіс. Чаму Беларусі трэба развіваць мікрафінансаванне

    Беларускія банкі неахвотна даюць крэдыты бізнесоўцам-пачаткоўцам, пакідаючы іх без капіталу для развіцця справы. Праблема не ўнікальная і шматлікія краіны знайшлі выйсце ў мікрафінансаванні.

    Гісторыя сучаснага мікрафінансавання пачалася тады, калі бангладэшскі прафесар эканомікі і будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Мухамед Юнус сустрэў у адной з вёсак маладую жанчыну, якая пляла мэблю з бамбуку. Юнус пацікавіўся, куды яна прадае свой тавар, і даведаўся, што ўвесь тавар жанчына прадае за капейкі мясцоваму ліхвяру, які забяспечвае яе сыравінай. Гэта дазваляла неяк выжываць, але магчымасці вырвацца з гэтага безвыходнага становішча не было. Грошай ледзь хапала на тое, каб пракарміць сям’ю.

    У той жа вёсцы Юнус знайшоў яшчэ каля сарака жанчын у такой жа сітуацыі. Тады Юнус вырашыў пазычыць ім свае грошы, каб яны змаглі самастойна закупіць сыравіну. Гэтак прафесар выдаў сваю першую пазыку ў памеры $ 27. Праз некаторы час Юнус зноў наведаў тую вёску, там яго сустрэлі тыя самыя жанчыны і ўрачыста аддалі яму доўг. Яны ўпершыню зарабілі грошы, каб не толькі аддаць пазыку, але і фактычна падняць эканоміку ўсёй вёскі.

    Юнус паспрабаваў зрабіць тое ж самае ў іншых вёсках, потым у вобласці, а потым і ва ўсёй краіне. З 1976-га года Юнус браў крэдыты ў банках і перадаваў грошы бедным сельскім жыхарам. 1-га кастрычніка 1983-га года быў адчынены банк, які атрымаў назву Grameen (“Сельскі банк”). За ўвесь час існавання банк выдаў крэдытаў больш як 7 млн чалавек, прычым сярэдняя сума пазыкі не перавышала $ 27.

    Фактычна дзякуючы Юнусу мільёны людзей у краінах трэцяга свету змаглі вырвацца з беднасці, наладзіць сваю гаспадарку і значна павысіць узровень жыцця.

    Хоць банк выдае крэдыты для бедных, не вяртаюць пазык фактычна толькі 1 % тых, хто звярнуўся па фінансавую дапамогу. Гэта, паводле даследаванняў банка, вынікае з таго, што пазыкі выдаюцца жанчынам (94 % выпадкаў), бо менавіта яны найбольш церпяць ад беднасці, але з’яўляюцца больш адказнымі за мужчын. Па-другое, пазыкі выдаюцца “салідарным групам”, удзельнікі якіх разам падаюць заяўку на крэдыт і разам нясуць адказнасць за яго выплачванне. Да сумленнасці схіляе і тое, што, калі адзін з удзельнікаў групы не вяртае сваёй пазыкі, то ўся група пазбаўляецца магчымасці атрымаць новыя крэдыты.

    Юнус меркаваў: калі беднаму чалавеку даць шанец, то ён абавязкова будзе імкнуцца вярнуць грошы. Такім чынам мікрафінансаванне, выдзяленне невялікіх па суме пазык для прадпрымальнікаў, якія пачынаюць сваю справу, стала неабходнай умовай для росквіту малога бізнесу.

    Прывабнасць мікрафінансавання ў тым, што яно дае доступ да капіталу той групе бізнесоўцаў і грамадзян, у якіх не вельмі зацікаўленыя банкі.

    Больш за тое, мікрафінансаванне дае магчымасць атрымаць грошы без парукі, а таксама адкрывае шлях бізнесоўцам-пачаткоўцам.

    Як працуе сістэма мікрафінансавання ў Беларусі

    Галоўны дакумент, які рэгулюе выдачы мікракрэдытаў у Беларусі, – гэта “Указ прэзідэнта № 325 ад 30.06.2014”. Дакумент прадугледжвае, напрыклад, тое, што фізічная асоба можа выдаваць не больш за тры пазыкі ў месяц. Арганізацыі ў форме кааператыва фінансавай узаемадапамогі (ды іншыя, прадугледжаныя ўказам), маюць магчымасць пазычаць грошы толькі ўдзельнікам кааператыва і толькі на патрэбы, якія акрэслівае ўказа.

    Акрамя гэтага, дакумент утрымлівае масу іншых патрабаванняў да мікрафінансавых арганізацыяў, праз што працэдура іх заснавання даволі марудная і незразумелая.

    Фактычна пазычаць грошы на любыя патрэбы могуць толькі ламбарды.

    Дзейнасць жа іншых арганізацыяў ці фізічных асоб фактычна знаходзіцца па-за законам ды прызнаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Пры такой сітуацыі няма гаворкі пра абарону інтарэсаў як крэдытораў, гэтак і тых, хто шукае дадатковы капітал.

    Як дапасаваць мікрафінансаванне ў Беларусі да патрабаванняў часу

    Каб падштурхнуць развіццё рынку мікрафінансавання, варта было б зрабіць чатыры простыя крокі ў прававой і эканамічнай сферах.

    Па-першае, неабходна стварыць сістэму, якая зможа абараніць правы крэдытораў і пазычальнікаў. Перадусім трэба змясціць прававую базу ў адным-двух дакументах, каб разабрацца маглі не толькі адмыслоўцы.

    Нормы павінны прапісвацца адназначна, каб выключыць магчымасць іх рознабаковых тлумачэнняў.

    Па-другое, трэба стварыць празрыстую структуру выдачы крэдытаў і выплаты ўзнагародаў (ліквідацыя камісійнай аплаты ды іншых плацяжоў за выключэннем працэнтаў).

    Па-трэцяе, варта прыбраць абмежаванні ў сферы выбару валюты ці формы выдачы пазыкі, а таксама імкнуцца пазбягаць рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак.

    Па-чацвёртае, дзяржава павінна зняць абмежаванні на выдаванне пазык фізічнымі і юрыдычнымі асобамі (якія не з’яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі). Гэта дасць магчымасць значна павялічыць аб’ём рынку мікракрэдытаў і падштурхне канкурэнцыю, якая стане стымулам развіцця рынку і бар’ерам на шляху ліхвяраў (у чалавека заўсёды будзе выбар).

    Гэта аднак не ўсё. Каб папулярызаваць рынак мікрапазык, Нацыянальны банк мог бы правесці рэкламную кампанію ды стварыць інфраструктуру мікрафінансавых паслуг – увесці адзіную базу крэдытораў, кансультацыйныя і адукацыйныя цэнтры для гэтага рынку.

    Які плён можа прынесці развіццё мікрафінансавання

    Рэфармаванне сістэмы мікрафінансавання дасць доступ да капіталу шмат каму з тых, хто пачынае сваю справу.

    Развіццё малога і сярэдняга бізнесу дапаможа стварыць працоўныя месцы для кваліфікаванага персаналу, для моладзі і не толькі, асабліва ў рэгіёнах. Таксама гэта дасць стымул для развіцця рамёстваў і турызму ў сельскай мясцовасці. Гэта не толькі дапаможа вырашыць праблему беспрацоўя вёскі, але ў стане стварыць новыя галіны эканомікі і зрабіць вёску прывабнай для моладзі.

    Бадай, самае галоўнае – гэта тое, што развіты рынак мікрафінансавых паслуг можа стаць рухавіком стварэння сапраўднага сельскага “буржуа”.

    А гэта ўжо фармаванне іншага класу людзей з прадпрымальным спосабам мыслення і высакародным стаўленнем да жыцця. І хто ведае, можа, мікрафінансаванне стане рухавіком не толькі для эканомікі, але і для культурнага развіцця нацыі. Мухамед Юнус змог, што перашкаджае нам?

    ПаказацьСхаваць каментары