Чаму змяншаецца вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі

Намаганні Крамля павялічыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі прыводзіць да адваротнага - беларускае войска становіцца ўсё больш самастойным.
Рыгор Астапеня· 19 Лютага 2016
Чаму змяншаецца вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі

Вайсковае супрацоўніцтва доўга было “святой каровай” беларуска-расійскага супрацоўніцтва, але тыя часы прайшлі. У той момант, калі Масква вымагае стварэння ў Беларусі вайсковай базы, Мінск цягам апошніх гадоў змяншае вайсковую залежнасць ад Расіі. Гэта бачна ледзь не ў кожнай галіне, дзе раней Беларусь была ледзь не раздзельнай ад Расіі – пачынаючы ад навучання вайскоўцаў да выбару партнёраў беларускага ВПК на міжнароднай арэне.

Як змяншаецца залежнасць

Вучоба беларускіх вайскоўцаў у Расіі заўсёды ментальна звязвала беларускае і расійскае войскі. Цяжка знайсці сярод вышэйшых вайсковых чыноў Беларусі каго-небудзь, хто не вучыўся ў Расіі. Аднак цяпер колькасць беларускіх вайскоўцаў-студэнтаў змяншаецца – у мінулым навучальным годзе іх было 447, а ў гэтым 374.

У супольных вучэннях “Шчыт саюза” у 2015-ым удзельнічала ў паўтары раз менш вайскоўцаў, чым у “Шчыце саюза-2011” ці “Захадзе-2013” (~8 тысяч вайскоўцаў супраць 12 тысяч ).

Пры тым, што раней вучэнні без Расіі выглядалі ледзь не немагчымымі, то з 11 студзеня да 5 лютага беларускае войска правяло хіба найбуйнушыя самастойныя вучэнні за апошні час. Апроч таго, цяпер беларускія дэсантнікі штогод практыкуюцца разам з кітайцамі. Хоць памер гэтых вучэнняў выглядае мізерным у параўнанні з практыкаваннямі з Расіяй, ён паказвае жаданне Беларусі адшукаць для сябе новых партнёраў.

Кітай наагул стаў заўважным вайсковым партнёрам для Беларусі. Найбольш гэта бачна ў супольнай распрацоўцы зброі, якую праводзяць Мінск і Пекін і прыкладам чаго з’яўляюцца сістэма залпавага запуска “Паланэз”.

Беларусь абрала кірунак распрацоўкі як мага большай колькасці ўласнага вайсковага абсталявання, уключна са стварэннем уласных ракетаў.

На міжнароднай арэне вайсковыя інтарэсы Беларусі ўсё больш разыходзяцца з інтарэсамі Расіі. Беларусь прыцягвае Кітай ва ўсе магчымыя праекты, пачынаючы ад стварэння ўзгаданага “Паланэзу” да вучэнняў дэсантнікаў, дапамагае ўкраінскаму войску і супрацоўнічае з праціўнікамі Расіі на Бліжнім усходзе, за што расійскія эксперты абвінавачваюць Беларусь у падтрымцы “Ісламскай дзяржавы”.

Хоць журналісты ці заходнія эксперты часта пішуць, што беларускае войска ледзь не з’яўляецца часткай расійскага, на практыцы вялікі кавалак вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з’яўляецца імітацыяй. Напрыклад, дамова аб Адзінай рэгіянальнай сістэме ПВА была падпісаная ў 2009-ым, у 2013-ым было абвешчана ўжо аб функцыянаванні сістэмы, але на практыцы дамова дагэтуль цалкам не дзейнічае і, можа быць, пачне працаваць у гэтым годзе.

Чаму няма іншага выйсця апроч таго, як змяншаць залежнасць

Змяншэнне вайсковай залежнасці адбываецца ў часе, калі Крэмль намагаецца павялічыць сваю прысутнасць у Беларусі. Барацьба за паўстанне вайсковай базы вядзецца ўжо ад 2013-ага. І хоць магчымасць паўстання базы застаецца, наўрад ці яна будзе такой, якой яе першапачаткова бачыла Расія. Сёння гаворка ідзе пра супольную базу і меншую колькасць вайсковай тэхнікі, але нават гэтага Расія можа не дасягнуць.

Змяншэнне аднак залежнасці не азначае, што Беларусь стане цалкам незалежнай у галіне вайсковага супрацоўніцтва.

Хоць бы таму, што значная частка беларускага абсталявання мае расейскія дэталі. Аднак, беларускія ўлады не хаваюць, што хочуць большай самастойнасці ў вайсковай сферы.

Па-першае, вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй болей не прыносіць пажаданых вынікаў. Расія пастаўляе перадусім былую ў выкарыстанні зброю, якую дэкамісоўвае з уласнага войска, а вымагае ад Беларусі ўсё большых саступак. Па-другое, пасля Украіны Беларусь свядомая, што Расія здольная на многае.

Новая вайсковая дактрына з’яўляецца адказам на “гібрыдную вайну”, якую ўзяў на ўзбраенне Крэмль.

У такіх умовах, Беларусь не мае іншага выйсця, апроч таго, як змяншаць сваю вайсковую залежнасць ад Расіі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Маша Сума , Таня Кавалёнак , Глеб Мартынаў, Дзіяна Ляшкевіч, Рыгор Астапеня· 20 Студзеня
20+ лепшых падкастаў, якія варта паслухаць у 2020-ым годзе
20+ лепшых падкастаў, якія варта паслухаць у 2020-ым годзе
Каманда і вядоўцы падкастаў Цэнтра новых ідэй раяць найлепшыя шоу, якія варта дадаць у свой плэйліст.
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 12 Студзеня
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Адказваем на вашы пытанні – пра карту паляка, перадачу ўлады, пераслед і самых гарачых рэфарматараў.
Рыгор Астапеня· 9 Снежня 2019
Слава Вакарчук пра ўкраінскія рэформы, Беларусь і свой шлях у палітыку
Слава Вакарчук пра ўкраінскія рэформы, Беларусь і свой шлях у палітыку
“Ідэйны падкаст” – цяпер і па-ўкраінску!