Нейтралітэт па-беларуску: не ваюем, але ў вайсковыя арганізацыі ўваходзім

Паводле Канстытуцыі, Беларусь мусіць стаць нейтральнай дзяржавай. Аднак пакуль ад удзелу ў вайсковых саюзах мы не адмаўляемся. Што з сябе ўяўляюць гэтыя арганізацыі і ці ёсць нам з іх нейкая карысць?
Таццяна Шапуцька · 22 Снежня 2015
Нейтралітэт па-беларуску: не ваюем, але ў вайсковыя арганізацыі ўваходзім

Перспектыва размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі, якая апошнімі месяцамі актыўна абмяркоўваецца ў медыях, многіх заахвоціла ўзгадаць пра беларускі нейтралітэт і пільна прыгледзіцца да вайсковых утварэнняў, з якімі мы маем справу.

АДКБ: вайскова-палітычны блок постсавецкіх краінаў

Часта Арганізацыю Дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ) называюць вайсковым аналагам СНД, аднак гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Гэта рэгіянальны вайсковы блок, які мае фармальны статус “міжнароднай арганізацыі”. Яго чальцамі з’яўляюцца ўсяго шэсць дзяржаваў – Беларусь, Расія, Кыргызстан, Арменія, Казахстан і Таджыкістан.

У пэўным сэнсе АДКБ з’яўляецца апанентам НАТА на тэрыторыі былога Савецкага Cаюза.

Гэты вайсковы блок мае ўласны міратворчы кантынгент – у 2009 годзе ўдзельнікі АДКБ стварылі Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР). Адпаведныя дакументы падпісаў, хоць і са значнай затрымкай, і беларускі бок. Ад Беларусі ў КСАР удзельнічаюць падраздзяленні КДБ, МНС, МУС і спецназ – каля 5 тыс. чалавек (агулам кантынгент КСАР складае 22 тыс. салдат).

На тэрыторыі краін-удзельніц АДКБ рэгулярна адбываюцца вайсковыя вучэнні, што кожны раз выклікае хвалю незадавальнення беларускай апазіцыйнай супольнасці.  Дэмакраты засцерагаюцца, што сілы КСАР могуць быць кінутыя на ўціск палітычных пратэстаў, аднак пакуль што прыкладаў рэальнай мабілізацыі вайскоўцаў АДКБ на разгон масавых дэманстрацыяў не было.

vajskovyja_arganizacyji1

Падчас кыргызскай рэвалюцыі 2010 года ўздымалася пытанне пра ўвядзенне ў краіну кантынгенту КСАР, аднак гэты варыянт быў адхілены – маўляў, усё, што адбываецца ў Кыргызстане, з’яўляецца ўнутранай справай гэтай дзяржавы. КСАР жа можа рэагаваць толькі на вонкавую агрэсію. Аляксандр Лукашэнка з расчараваннем успрыняў такое рашэнне АДКБ, назваўшы арганізацыю “бесперспектыўнай”. Пераважае меркаванне, што найбольш у існаванні гэтага вайсковага блока зацікаўленая Расія, якая разлічвае з яго дапамогай забяспечваць сабе ўплыў у Цэнтральнай Азіі.

НАТА: у альянс не ўступаем, але міратворчую дзейнасць вывучаем

Хоць у добрай часткі беларусаў слова “НАТА” выклікае нервовыя дрыжыкі, Беларусь ужо 20 гадоў як удзельнічае ў праграме альянсу “Партнёрства дзеля міру”. Цымус гэтай праграмы ў індывідуальным падыходзе – кожная краіна-ўдзельніца сама абірае накірункі ды інтэнсіўнасць супрацы з НАТА.

У адрозненні ад АДКБ тут абавязкі нас не абцяжарваюць, а вось бонусаў хапае.

Дзякуючы гэтай праграме ў Беларусі было ліквідавана каля 700 тыс. супрацьпяхотных мінаў, вайскоўцы вывучаюць англійскую мову як у Беларусі, гэтак і на спецыялізаваных курсах за мяжою, прымаюць удзел у міратворчых аперацыях альянсу ў якасці назіральнікаў.

Акрамя непасрэднай вайсковай дзейнасці, Беларусь супрацоўнічае з НАТА і ў галіне навукі. Праз праграму “Навука дзеля міру і бяспекі” каля 100 беларускіх навукоўцаў атрымалі стыпендыі ў краінах альянсу, а нашая дзяржава займела блізу 40 грантаў дзеля даследавання сістэмы пошуку выбуховых рэчываў і ацэнкі рызыкі ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй.

Такім чынам, гэтае партнёрства выгаднае абодвум бакам – беларускія вайскоўцы і навукоўцы атрымліваюць каласальныя веды і новы досвед без істотных выдаткаў, а НАТА, у сваю чаргу, паляпшае імідж у вачах шматлікіх беларускіх “амерыканенавіснікаў”. Дарэчы, у згаданай праграме прымае ўдзел нават Швейцарыя – узорны прыклад вайсковага нейтралітэту.

ШАС: у кампанію да Кітая, Пакістана ды Індыі

Яшчэ адным аб’яднаннем, што спалучае дзейнасць у сферы бяспекі (перадусім барацьба з тэрарызмам і наркагандлем) з іншымі накірункамі, з’яўляецца Шанхайская арганізацыя супрацы (ШАС), дзе Беларусь з ліпеня 2015-га года мае статус назіральніка. Пакуль ніякай канкрэтнай дзейнасці ў межах гэтай арганізацыі (акрамя візітаў чыноўнікаў на саміты ШАС) нашая краіна не праводзіць. Аднак ухапіць нейкія дывідэнды, галоўным чынам эканамічныя, нашая дзяржава ўсё ж спадзяецца – Аляксандр Лукашэнка неаднаразова прама выказваўся на гэты конт.

Праўда, калі судзіць па тым, што заяўка на статус назіральніка разглядалася 10 гадоў – яе падавалі ажно ў 2005 годзе – стаць паўнавартасным сябрам ШАСа бліжэйшым часам нам не свеціць.

А ці бяспечна цяпер быць нейтральнай краінай?

Для паўнаты карціны варта згадаць, што ў межах Саюзнай дзяржавы існуе рэгіянальная групоўка сіл Беларусі ды Расіі, якая перадусім праводзіць супольныя вайсковыя вучэнні на тэрыторыі абедзвюх краін. Пытанне пра стварэнне супольнага войска даўно ніхто не ўздымае – дарэчы, такога пункта няма нават у Саюзнай дамове. А калі б і быў, то, хутчэй за ўсё, гэтак і застаўся б на паперы, як і большасць напісанага ў гэтым дакуменце.

Такім чынам, да палітычнага і вайсковага нейтралітэту Беларусі яшчэ далёка.

Шматлікія эксперты сцвярджаюць, што нейтралітэт у прынцыпе немагчымы, калі пад бокам Расія, а канфрантацыя між Захадам і Усходам толькі абвастраецца.

Адназначнага бачання вайсковага статусу Беларусі няма як у дзяржаўнай эліты, гэтак і ў дэмакратычным асяроддзі, напрыклад, партыя БНФ паслядоўна выступае за далучэнне да НАТА, у той самы час БХД і ўдзельнікі экс-кааліцыі “Народны рэферэндум” гавораць пра пазаблокавы статус. Відавочна адно: незвычайныя падзеі, што імкліва разгортваюцца на сусветнай арэне, хутка прымусяць Беларусь зрабіць ясны выбар.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 22 Ліпеня 2019
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Як без радыкальных захадаў можна палепшыць сітуацыю ў войску.
Іван Шыла· 23 Студзеня 2019
Сто твітаў пра беларускае войска
Сто твітаў пра беларускае войска
Прыкладна дзесяць гадоў таму я апынуўся ў войску і вось 100+ фактаў, назіранняў і гісторый пра беларускую армію 2009-га.
· 13 Снежня 2018
Свободная торговля навеки?  Кризис доверия, кризис институтов и уроки для малых открытых экономик
Свободная торговля навеки? Кризис доверия, кризис институтов и уроки для малых открытых экономик
Конспект дискуссии на Кастрычніцкім эканамічным форуме.