Тры аргументы за тое, каб выселіць з Мінску палову міністэрстваў

Як дэцэнтралізацыя дзяржаўных органаў стане штуршком развіцця рэгіёнаў, знізіць выдаткі бюджэту і палепшыць якасць дзяржаўнага кіравання.
Рыгор Астапеня· 10 Сакавіка 2016
Тры аргументы за тое, каб выселіць з Мінску палову міністэрстваў

Многія рэчы дзеляць Беларусь і краіны заходняй Еўропы. І любоў да канцэнтрацыі дзяржаўных органаў у сталіцы адна з іх. Калі ў Беларусі ўсе галоўныя сядзібы дзяржаўных агенцтваў знаходзяцца ў Мінску, то большасць заходніх дзяржаваў спрабуюць намазваць органы больш-менш роўным слоям на ўсю краіну.

Найбольш вядомы прыклад — гэта Цэнтрабанк Нямеччыны, які знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне, у Чэхіі ўсе найвышэйшыя суды вынесеныя за Прагу, многія дзяржаўныя органы працуюць у рэгіёнах у Паўночных краінах і Вялікабрытаніі. Болей за тое, заходнія краіны размяшчаюць ў рэгіёнах міжнародныя агенцтвы — “Інтэрпол” пераехаў з Парыжу ў Ліон яшчэ ў 1989-ым.

У Беларусі ж у сталіцы знаходзіцца ўсё.

І калі знаходжанне Міністэрства замежных спраў у Мінску лёгка абгрунтаваць, то добрую палову міністэрстваў можна размясціць у рэгіёнах. Органы ж, якія абавязаныя праводзіць незалежную палітыку, могуць пакінуць Мінск хоць заўтра — гаворка пра такія ўстановы, як Нацыянальны банк, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды.

Існуе тры прычыны, чаму дзяржаўным агенцыям варта выехаць са сталіцы.

Па-першае, з’яўленне вялікага дзяржаўнага органу стала б штуршком для развіцця рэгіёну.

Фінансава Мінск, які і так атрымлівае 70% усіх беларускіх інвестыцыяў, гэтага не заўважыць. Але для Гомеля, дзе траціну гораду займае балансуючы на мяжы выжывання “Гомсельмаш”, з’яўленне некалькіх сотняў працоўных месцаў стала б дасягненнем.

Людзі кажуць, што “пакуль тоўсты сохне, худы здохне”. Беларускую сталіцу цяжка назваць тоўстай, але эканоміка рэгіёнаў больш балюча перажывае крызіс. Згодна з Белстатам, у 2015-ым рэальны заробак у Мінску не знізіўся, а ва ўсіх абласцях ён упаў прыкладна на 5% (апроч Мінскай, дзе падзенне склала 2,6%).

Пры тым, што перамяшчэнне міністэрства ў рэгіён прынясе не толькі эканамічнае паляпшэнне. Напрыклад, калі б Нацбанк пераехаў ў Пінск, то гэта б дало паляпшэнні ў многіх галінах — ад эканамічнай адукацыі да грамадскага сэрвісу.

Па-другое, перамяшчэнне міністэрстваў заашчадзіць бюджэтныя грошы і палепшыць дабрабыт супрацоўнікаў.

Функцыянаванне дзяржаўнага органу ў Мінску абыходзіцца даражэй, чым абыходзілася б у абласным горадзе. Перамяшчэнне з аднаго гораду ў іншы, безумоўна, каштавала б, але ў доўгатэрміновай перспектыве зменшыла б для бюджэту кошты функцыянавання гэтага органу.

Звычайныя супрацоўнікі таксама выйграюць, бо знізяцца кошты іх пражывання. Напрыклад, у Мінску квадратны метр жылля каштуе $ 1200 — у абласных гарадах у два разы менш, ды і прадукты ў Мінску звычайна даражэй.

Па-трэцяе, раўнамернае размяшчэнне дзяржаўных органаў палепшыць якасць дзяржаўнага кіравання.

Перамяшчэнне са сталіцы ў рэгіён прастымулюе тое, што так даўно абяцаюць улады Беларусі — развіццё электроннага ўраду. Міністэрствы не мелі б іншага выйсця апроч як аказваць паслугі грамадству і працаваць з іншымі дзяржаўнымі органамі праз інтэрнэт.

E-Government
Create bar charts

Апроч таго, прыбліжэнне дзяржаўных органаў да людзей патлумачыла б, што кіраванне з’яўляецца не толькі сталічнай справай. Калі выселіць палову міністэрстваў з Мінску, то гэта хоць крыху, але б зменшыла цывілізацыйны разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 16 Жніўня
Прыгожы ролік пра страшнае беларускае кіно
Прыгожы ролік пра страшнае беларускае кіно
Усё што вы хацелі даведацца пра дзяржаўнае кіно, але пра яго наагул сорамна размаўляць.
Рыгор Астапеня· 11 Ліпеня
Чаму эканамічныя рэформы – гэта больш палітыка, чым эканоміка?
Чаму эканамічныя рэформы – гэта больш палітыка, чым эканоміка?
Расказваем, чаму эканамічныя рэформы насамрэч палітычныя.
Стас Гарэлік· 4 Ліпеня
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Як Беларусі патрапіць на наступны чэмпіянат свету
Трэба развіваць крэатыўны дзіцячы футбол і прыцягваць легіянераў, але нават тут без палітычных і эканамічных рэформаў не абысціся.