Як падтрымка польскай меншасці палепшыць інвестыцыйны клімат Гродзеншчыны

На Гродзеншчыне жыве больш за 200 тыс. палякаў, але інвестыцыі з Польшчы складаюць 1 % ад усіх замежных інвестыцый у краіну.
Арцём Ткачук· 17 Лютага 2017
Як падтрымка польскай меншасці палепшыць інвестыцыйны клімат Гродзеншчыны
(фота: tut.by)

Гродзенская вобласць застаецца аўтсайдарам у гонцы па прыцягненні замежных інвестыцый у Беларусь. За апошнюю пяцігодку рэгіён не змог замацаваць гэты паказнік на ўзроўні вышэйшым за 5 %. Стан справаў не змяняе ні выстава “Еўрарэгіён “Нёман”, ні стварэнне свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”.

 

Найвялікшы сусед вобласці – Польшча – займае толькі пятае месца паводле аб’ёму інвестыцый у рэгіён. Напрыклад, у 2014 годзе польскія інвестыцыі склалі 10 % усіх замежных інвестыцый у рэгіён. Нягледзячы на вялікую цікавасць, польскія інвестары не спяшаюцца адкрываць тут свае прадпрыемствы.

Відавочна, што стаўленне ўладаў да тутэйшых палякаў уплывае на ацэнку інвестыцыйнага клімату.

Гэта ўсё ж занадта блізка і зразумела палякам, чым проста аўтарытарызм у далёкай краіне, што можна было б ігнараваць.

Але шэраг захадаў афіцыйнага Мінска можа зрабіць Гродзеншчыну больш прывабнай для польскага капіталу. Польскія інвестары ўжо традыцыйна цікавяцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, дрэваапрацоўкай, вырабам будаўнічых матэрыялаў, тэкстыльнай прамысловасцю і транспартам. Напрыклад, у 2009 годзе польскі вытворца будматэрыялаў “Атлас” набыў гродзенскі “Тайфун” і стаўся адным з лідараў у Беларусі. Усе 8 польскіх фірм-рэзідэнтаў СЭЗ “Гроднаінвест” працуюць у вышэй пералічаных галінах.

Беларусь моцна адрозніваецца ад суседніх Літвы ці Украіны, дзе таксама прысутнічае вялікая польская меншасць, але актыўна працуюць інвестары з Польшчы. Сярод інвестараў Львоўскай вобласці палякі займаюць першае месца, а ў Літве ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых. Толькі за 6 месяцаў 2016-га палякі інвеставалі на Львоўшчыне ў 50 разоў больш, чым на Гродзеншчыне за цэлы год. У сваю чаргу польскі нафтаперапрацоўчы завод “Орлен Літва” застаецца найвялікшым падатнікам Літвы.

Канешне, польская меншасць у абедзвюх краінах-суседках не з’яўляецца галоўным плюсам іх інвестыцыйнага клімату. Але прынамсі стаўленне гэтых дзяржаваў да польскай меншасці не настолькі жорсткае, каб бянтэжыць інвестараў. І Беларусі ёсць тут чаму павучыцца.

Што маглі б зрабіць улады

Права на самаарганізацыю. З пункту гледжання real politik прызнанне неафіцыйнага Саюза палякаў беларускім бокам будзе наймацнейшым сігналам для польскіх уладаў і інвестараў.

Супраца паміж уладамі. Падтрымка польскай меншасці пашырыла б поле для кантактаў мясцовых уладаў з двух бакоў. Такое супрацоўніцтва дазволіць беларускім чыноўнікам атрымаць досвед перамоваў з заходнімі калегамі. Напрыклад, бюджэт адмысловых фондаў ЕС на прасоўванне лакальнай культуры і захаванне спадчыны для памежных рэгіёнаў Польшчы, Беларусі ды Украіны ў 2014-2020 гадах складае амаль € 15 млн. Прыватна-публічнае партнёрства польскіх і беларускіх прадстаўнікоў можа стаць першай прыступкай прэзентацыі Гродзеншчыны суседняму бізнесу.

Права на адукацыю на польскай мове. Польская асвета можа быць каньком Гродзеншчыны, бо новае пакаленне беларускіх палякаў, якое цудоўна арыентуецца ў постсавецкай рэчаіснасці і мае польскамоўную адукацыю, не можа не зацікавіць інвестара з Польшчы. Цяпер жа ў рэгіёне афіцыйна дзейнічаюць дзве школы з польскай мовай навучання. Але мясцовыя актывісты няспынна падкрэсліваюць, што ўлады робяць усё магчымае, каб польскасці ў гэтых школах засталося як найменей.

Неабыякавасць да эміграцыі. Як вядома, людскі капітал адыгрывае вялікую ролю для патэнцыйнага інвестара. З гэтай прычыны змаганне за тое, каб палякі Гродзеншчыны заставаліся ў Беларусі, а не пераязджалі ў Польшчу, падкрэсліць іх значэнне.

Інвестуючы ў адметнасць рэгіёна, варта ствараць вобраз інвестыцыйнага аазіса для польскага капіталу.

Напрыклад, еўрапейцы, нягледзячы на крызіс і незразумелую палітычную будучыню, не баяцца інвеставаць у Каталонію. Польская меншасць можа падкрэсліць аўру выключнасці рэгіёна.

Паводле перапісу 2009 года, толькі 1 % палякаў Гродзеншчыны размаўляе па-польску дома, а 5,2 % з іх назвала польскую сваёй роднай мовай. Стварэнне ўмоваў для паляпшэння гэтай статыстыкі залежыць ад мясцовых уладаў, бо ў вэрхале разнастайных soft skills веданне моваў па-ранейшаму цэніцца.

Палякі Гродзеншчыны могуць быць разынкай, а не галаўным болем беларускіх чыноўнікаў. Няхай яны атрымоўваюць карты паляка, ездзяць па набыткі ў Беласток, заканчваюць польскія ўніверсітэты, але застаюцца ў Беларусі. Іх кантакты і блізкасць да Польшчы дазволяць польскім інвестарам пачувацца камфортней ці прынамсі прыгледзецца да Гродзеншчыны.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 17 Жніўня
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Ці патрэбныя Беларусі інвестыцыі любым коштам?
Як будаўніцтва шкодных вытворчасцяў ператвараецца ў палітычную праблему. 
Зміцер Лысюк· 12 Красавіка
Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?
Беларуска-польскія дачыненні: ці магчымая наагул любоў?
Чаму, нягледзячы на ўсе старанні, стасункі між дзвюма краінамі ўпіраюцца ў столь.
Зміцер Лысюк· 7 Жніўня 2018
Не ІТ адзіным. Куды інвеставаць у Беларусі
Не ІТ адзіным. Куды інвеставаць у Беларусі
Чатыры напрамкі, якія могуць быць цікавыя для замежнага капіталу.