• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як звязаная гарадская мабільнасць і гендар?

    Ігнаруючы патрэбы жанчын, мы не зможам пабудаваць зручную транспартую сістэму.

    Інтарэс менчукоў да ўрбаністыкі ў гэтым годзе на ўздыме. З аднаго боку «Менсктранс» і гарадскія ўлады ўкараняюць новую сістэму аплаты, апытваюць грамадзянаў пра іх чаканні і распрацоўваюць Стратэгію развіцця грамадскага транспарту да 2020-га. З іншага, валанцёры ладзяць роварныя экскурсіі, гарадскія актывісты ладзяць «Фестываль урбаністыкі», а «мабільныя» тэмы на нашым і іншых сайтах карыстаюцца вялікаю папулярнасцю.

    Аднак у большасці дыскусіяў аб тым, як пабудаваць устойлівую і паспяховую транспартую сістэму, не звяртаецца ўвага на адзін істотны момант. Большасць беларускіх даследаванняў робіцца без гендарнага падзелу на мужчын і жанчын. Атрымліваецца, што высновы робяцца на падставе абагульненых звестак, у той час як жанчыны карыстаюцца транспартнаю сістэмаю гораду іначай, чым мужчыны. Хочаце, каб жанчыны карысталіся роварам? У першую чаргу іх хвалюе бяспека, а на існуючых сцежках яны не павінны адчуваць сябе «пачаткоўцамі».

    У ЕC  карыснасць такога падыходу зразумелі больш 15 год таму і праектуюць гарадскую мабільнасць з апорай на спецыфічныя патрэбы кожнага гендару. Беларусь толькі набліжаецца да разумення важнасці гэтага пытання.

    У чым розніца?

    Вось якім відам транспарту аддаюць перавагу мужчыны і жанчыны ЕC.

    Гендар спліт

     

    Мужчыны актыўней выкарыстоўваюць прыватнае аўто і матацыклы, у той час, як жанчыны абіраюць грамадскі транспарт і шпацыр. Відавочна, што гендарныя адрозненні ў Беларусі большыя. Жанчыны чыняць толькі 10% здарэнняў на дарозе. Нехта можа спісаць гэта на асцярожнасць «слабага полу», але хутчэй за ўсё справа ў тым, што ў нас значна менш жанчын ездзіць на прыватным аўтамабілі.

    Адрозненні абумоўленыя і працягласцю жыцця – ужо цяпер жанчын пенсійнага ўзросту ў тры разы больш за мужчын. Гэты адрыў будзе толькі павялічвацца, як і павялічваецца агульная колькасць пенсіянераў адносна працаздольных грамадзянаў. А з больш сціплымі магчымасцямі (у прыватнасці, фінансавымі) пенсіянеры вымушаныя абіраць грамадскі транспарт.

    Мужчыны і жанчыны перасоўваюцца па гораду таксама па розных прычынах. Калі большасць мужчынскіх паездак звязаныя з працаю або хобі, то жанчыны часцей ездзяць за пакупкамі, па сямейных справах ці на розныя забавы. Вызначае гэта рынак працы. Сярод жанчын больш беспрацоўных, ці занятых не поўны працоўны дзень. У выніку яны часцей карыстаюцца грамадскім транспартам не ў гадзіны пік, а таксама робяць больш перасадак і ездзяць на меншыя адлегласці.

    Дадзеныя, інфраструктура і паслугі

    Каб зрабіць грамадскі транспарт лепшым, улады мусяць улічваць інтарэсы жанчын на некалькіх узроўнях.

    Па-першае, больш асэнсавана працаваць з дадзенымі. Статыстычныя даследаванні карыстання транспартнаю сістэмаю трэба рабіць з улікам гендарнага пытання. Пры ацэнцы існага стану транспартнай сістэмы, а таксама распрацоўцы стратэгіяў развіцця мабільнасці трэба ўлічваць адрозненні ў карыстанні транспартам мужчынамі і жанчынамі. Каб будучыя стратэгіі больш адпавядалі патрэбам карыстальнікаў, варта актыўней прыцягваць жанчын пры распрацоўцы такіх палітык.

    Па-другое, адаптаваць інфраструктуру. Бяспечныя роварныя сцежкі і прывабныя гарадскія прасторы толькі папулярызуюць шпацыры і роварны рух. Тралейбусныя прыпынкі павінны цалкам абараняць ад дажду і ветру, а летам – ад сонца. Калі побач з імі няма бардзюраў і можна зручна зайсці з вазком у нізкаполы аўтобус, то жадання карыстацца грамадскім транспартам будзе болей.

    Па-трэцяе, паслугі. Гэта значна танней, але не менш эфектыўна за інфраструктурныя змены. На падставе звестак аб карыстанні грамадскім транспартам жанчынамі неабходна скарэктаваць ягоны расклад руху не ў гадзіны пік. Мы ведаем, што жанчыны робяць больш перасадак, чаму тады не зрабіць квіткі на вызначаны прамежак часу з прывабнымі тарыфамі для ўсіх? Пры распрацоўцы ж дастасаванняў для смартфонаў запрашаць у фокус-групу пабольш жанчын.

    Стэрэатып, што гендарныя адрозненні не тычацца транспартных пытанняў неабходна забываць. Калі мы жадаем зрабіць транспартную сістэму Менску зручнай для большасці грамадзян, то ігнараваць далей адрозненні ў патрэбах мужчын і жанчын неразважна.

    ПаказацьСхаваць каментары