Малдова: апошні шанец на рэформы

Новы праеўрапейскі ўрад Малдовы сутыкнецца з моцнаю прарасейскаю апазіцыяй, і мусіць дзейнічаць хутка і правесці рэформы, дзеля сябе і дзеля ЕС. 
Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 12 Снежня 2014
Малдова: апошні шанец на рэформы

30 лістапада малдаванцы абралі новы парламент. У яго ўвойдуць пяць палітычных партыяў, тры з якіх празаходнія (Ліберальна-дэмакратычная партыя, Дэмакратычная партыя і Ліберальная партыя) і дзве ‑ прарасейскія (Сацыялістычная партыя і Партыя Камуністаў).

Празаходнія партыі перамаглі агулам: разам тры партыі атрымалі 55 месцаў з 101 магчымага. Гэта значыць, што яны сфармуюць наступны ўрад. Аднак, прарасейскія партыі, якія атрымалі 46 месцаў, маюць дастаткова моцы ў новым парламенце, каб аспрэчыць праграму, арыентаваную на еўрапейскую інтэграцыю. Ні Сацыялістычная партыя, ні Партыя Камуністаў не задаволеныя вынікамі галасавання. Абедзве партыі лічаць, што выбарамі маніпулявалі, і збіраюцца аспрэчыць вынікі ў судзе.

Міжнародная місія назірання за выбарамі, якая ўключала ў сябе прадстаўнікоў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (ODIHR), Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы і Еўрапейскага Парламенту, падсумавала, што выбары прапанавалі электарату шырокі спектр палітычных альтэрнатываў. Аднак, на выбарчую кампанію паўплывалі разнастайныя геапалітычныя амбіцыі ўнутры краіны, і позняе пазбаўленне рэгістрацыі прарасейскай партыі Патрыа (Айчына), што выклікала пытанні датычна часовых межаў і абставінаў. Місія заявіла, што ва ўсіх партый быў бесперашкодны доступ да медыяў, нягледзячы на тое, што шмат якія крыніцы сталіся прадметам палітычнага ўмяшання, з такімі значнымі выключэннямі, як дзяржаўнае тэлебачанне.

І Еўрасаюз, і Злучаныя Штаты віталі парламенцкія выбары, нягледзячы на тое, што яны падзялялі заклапочанасць АБСЕ датычна рашэння Малдаўскага Цэнтральнага выбарчага камітэту аб выдаленні партыі Патрыа з бюлетэняў усяго за некалькі дзён да выбараў. Міністэрства замежных справаў РФ заявіла, што было немагчыма праігнараваць той факт, што “высновы аб празрыстым і дэмакратычным характары [выбараў] не спалучаюцца з сур’ёзнымі парушэннямі, дапушчанымі падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў”. Міністэрства дадало, што вынікі выбараў паказалі, што “значная колькасць грамадзянаў Малдовы прагаласавала на карысць далейшага развіцця стасункаў з Расейскай Федэрацыяй і ўключэнне краіны ў працэсы еўрапейскай інтэграцыі”. Таму Масква наўрад ці прызнае вынікі выбараў афіцыйна, спрабуючы пасеяць сумневы ў легітымнасці новаабранага парламенту і будучага праеўрапейскага ўраду.

У адрозненне ад Расеі, ЕС і ЗША заявілі, што праеўрапейскія лідары мусяць сфармаваць урад як мага хутчэй дзеля таго, каб надаць новы імпульс да правядзення ключавых рэформаў і працаваць на ніве зразумелага і мірнага вырашэння Прыднястроўскага канфлікту. Яны заявілі аб сваёй гатовасці працаваць з новым урадам над палітыкай рэформ, каб краіна ў поўным аб’ёме ўбачыла перавагі еўрапейскай інтэграцыі.

4 снежня лідары новай урадавай кааліцыі абвесцілі, што іх найгалоўнейшаю мэтаю будзе ўвасабленне дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Але праеўрапейскія выбарцы вельмі занепакоеныя, што самаабвешчаныя праеўрапейскія лідары зноў пацерпяць паразу і новы ўрад надалей будзе служыць інтарэсам алігархаў, а не грамадства. Першыя званочкі не натхняюць. Неафіцыйныя даклады развіваюць думку, што галоўным пунктам у перамовах з’яўляецца, зноў жа, палітычны кантроль над установамі правапарадку і правасуддзя. Некаторыя праеўрапейскія партыі (і алігархі, якія стаяць за імі) хочуць мець поўны кантроль над будучаю барацьбою супраць карупцыі на высокім узроўні.

Чакаецца, што дзейсны прэм’ер-міністр Юр’е Леанкэ захавае сваё месца. Леанкэ правёў перамовы аб візавай лібералізацыі і дамове аб асацыяцыі з ЕС, і яго вяртанне забяспечыць працяг працэсу правядзення рэформ. Ліберальна-дэмакратычная партыя абяцала гэта сваім прыхільнікам перад выбарамі, а лідар партыі Влад Філат паўтарыў гэтае абяцанне, калі былі апублікаваныя рэзультаты выбараў, нягледзячы на трывожныя галасы аб тым, што Леанкэ можа быць адхілены ад перамоваў у справе новага ўраду і ягонай праграмы. Цалкам верагодна, што мы ўбачым той самы стары парламент з нязначнымі зменамі, накіраванымі на тое, каб папярэдзіць патэнцыйную публічную крытыку і задаволіць чаканні ЕС. Праеўрапейскія партыі перамаглі на выбарах, але прайгралі ў народным галасаванні. Большасць расчараваных рэформамі праеўрапейскай кааліцыі малдаванаў прагаласавалі або за прарасейскія, або за неарыентаваныя партыі. Мясцовыя эксперты лічаць, што галасаванне насіла збольшага пратэставы, і толькі потым геапалітычны характар. Такім чынам, новы ўрад мусіць неадкладна правесці абяцаныя рэформы, у прыватнасці антыкарупцыйную рэформу і рэформу правасуддзя. Інакш урад стыкнецца з рызыкаю далейшай дыскрэдытацыі і страты падтрымання ў нават большай ступені. У выніку можа стацца так, што слабая і ізаляваная кааліцыя не здолее здабыць дастатковую колькасць галасоў, каб абраць наступнага прэзідэнта ў 2016. Гэта можа прывесці да датэрміновых выбараў з патэнцыйна катастрафічнымі наступствамі для праеўрапейскіх партыяў.

ЕС таксама мае шмат чаго губляць. Ён палітычна і эканамічна падтрымліваў праеўрапейскія партыі падчас правядзенні важнейшых рэформаў. Але з-за карупцыі і адсутнасці ясных вынікаў гэтых рэформаў, усё больш і больш малдаванаў пачынаюць асацыяваць ЕС з уладамі, якія яны лічаць карумпаванымі.

Дзеля спынення гэтай небяспечнай тэндэнцыі ЕС мусіць выкарыстаць усе падважнікі, каб падштурхнуць праеўрапейскіх лідараў да фармавання ўраду, у якім прадстаўленыя ўсе палітычныя сілы і працуюць вартыя даверу сумленныя людзі. ЕС мусіць прасіць новы ўрад пабудаваць канструктыўныя дачыненні з памяркоўнаю апазіцыяй шляхам прызначэння прадстаўнікоў апазіцыі на пазіцыі ў важнейшых інстытутах, такіх як Камісія нацыянальнай цэласнасці, Падліковая палата, Нацыянальны антыкарупцыйны цэнтр і Генеральная пракуратура. Ён павінен таксама чакаць ад ураду прапановы канкрэтных рэформаў, якія сапраўды падтрымаюць грамадства, напрыклад, расследаванне праваленай “прыватызацыі” Ашчаднага Банку (Banca de Economii) разам з іншымі справамі аб карупцыі на вышэйшым узроўні за апошнія пяць гадоў. ЕС павінен больш рашуча выкарыстоўваць свае шляхі ўплыву на малдаўскія ўлады і пабудаваць моцнае партнёрства ў сферы рэформаў з арганізацыямі малдаўскай грамадскай супольнасці і такім чынам павялічыць уплыў грамадства на палітыкаў.

Падобныя тэмы
Малдова
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў· 27 Красавіка 2016
Як праходзілі рэформы ў суседзяў, пакуль мы будавалі стабільнасць
Як праходзілі рэформы ў суседзяў, пакуль мы будавалі стабільнасць
To-do list маладога рэфарматара. А яшчэ бонусная відэа-размова з экспертамі.
Ганна Арутунян , Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 26 Лютага 2016
Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі
Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі
Як урад Расіі застаецца ўстойлівым ва ўмовах народнага пратэсту.
Mарк Леанард , Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 4 Лютага 2016
Войны ва ўзаемнай звязанасці (заканчэнне)
Войны ва ўзаемнай звязанасці (заканчэнне)
Новая G7: геаэканамічныя гульцы і іх суперздольнасці.