• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Біньямін Нетаньяху – самы ўплывовы яўрэй у свеце

    Профіль ізраільскага прэм’ер-міністра, які ўжо стаў гістарычнай постаццю.

    17 сакавіка Біньямін Нетаньяху перамог на чарговых парламенцкіх выбарах. Ён будзе кіраваць краінай яшчэ чатыры гады пры тым, што Нетаньяху ўжо адслужыў дзевяць. Даўжэй за яго займаў пасаду прэм’ера толькі Давід Бен-Гурыён, адзін з заснавальнікаў сучаснай дзяржавы Ізраіль.

    Перамога “Лікуда”, партыі Нетаньяху, здзівіла многіх. Партыя атрымала чвэрць месцаў у кнесеце (гэта шмат для ізральскай палітычнай сістэмы), хоць сацыёлагі прадказвалі ў паўтары раза менш. Згодна з даследаваннямі, якія правялі тыдзень таму, перамагчы меў левацэнтрысцкі блок “Сіянісцкі лагер”. Але Нетаньяху перад самімі выбарамі моцна павярнуў управа, заявіўшы, што калі яго абяруць, ён не будзе спрыяць стварэнню палесцінскай дзяржавы.

    Не менш, чым пра супрацьстаянне паміж “Лікудам” і “Сіянісцкім лагерам”, медыі казалі пра барацьбу паміж Нетаньяху і Баракам Абамам. Газета “Хронікі Іерусаліма” пісала: калі новы ўрад сфармуе “Сіянісцкі лагер”, то Іерусалім будзе скакаць пад музыку Абамы, калі ж не – уся блізкаўсходняя палітыка ЗША моцна пахіснецца.

    Нетаньяху супраць Абамы

    “Лікуду” часта ставяць у віну праблемы ў эканоміцы, адсутнасць прагрэсу ў перамовах з Палесцінай і астуджэнне адносін Тэль-Авіва з Вашынгтонам. Адміністрацыя Абамы з першых дзён свайго існавання грала ролю пасярэдніка ва ўрэгуляванні палесціна-ізраільскага канфлікту. У апошні час яны ўзмацнілі ціск на вырашэнне канфлікту праз прынцып “дзвюх дзяржаў для двух народаў”, то бок прызнання Палесціны як асобнай дзяржавы. На іх баку Еўрасаюз, ААН і Расія.

    На гэтых выбарах адміністрацыя Абамы больш-менш адкрыта падтрымлівала “Сіянісцкі лагер”, які абяцае наладжванне адносін з Палесцінай. Былы прадстаўнік Дзяржаўнага сакратара ЗША Джона Кэры ў пытаннях Блізкага Усходу Марцін Індык падчас адной з канферэнцый намякнуў, што Ізраіль можа пазбегнуць абвастрэння адносін з Палесцінай толькі ў тым выпадку, калі абярэ ўрад “Сіянісцкага лагера”:  “Гэты ўрад саступіць патрабаванням палесцінцаў і тым самым пазбегне канфрантацыі з ЗША”.

    Сам жа Кэры мінулай вясной трапіў у скандал, заявіўшы, што “адмова ад ідэі дзвюх дзяржаў для двух народаў непазбежна прывядзе або да спынення існавання Ізраіля як яўрэйскай дзяржавы, або да стварэння ў Ізраілі грамадзян другога гатунку і змянення краіны ў дзяржаву апартэіду”. За гэтыя словы яму давялося выбачацца.

    Урад Нетаньяху глядзіць на ізраільска-палесцінскія дачыненні інакш. Ён у сваёй большасці ці цалкам адмаўляе ідэю незалежнай палесцінскай дзяржавы, ці гатовы ісці на кампрамісы ў выпадку рэалізацыі дзвюх асноўных умоў: па-першае, абсалютнай дэмілітарызацыі Палесціны, па-другое, недзялімасці Іерусаліма і прызнання палесцінцамі Ізраіля яўрэйскай дзяржавай. Палесціна ў сваю чаргу кажа, што гэтыя ўмовы нерэальныя для выканання.

    За два тыдні да выбараў Нетаньяху меў магчымасць выступіць перад кангрэсам ЗША, у чым яму дапамаглі сябры з Рэспубліканскай партыі. Абама раззлаваўся, бо сам ён Нетаньяху ў Сенат не запрашаў. Некаторыя дэмакраты ўвогуле заклікалі байкатаваць выступ, але беспаспяхова. Прамова атрымалася палымянай, падчас якой Нетаньяху ўпэўніваў кангрэсменаў не адабраць ядзернае пагадненне з Іранам: “Нельга даваць самую небяспечную ў свеце зброю самаму небяспечнаму ў свеце рэжыму, які дзейнічае ў 24-ох краінах на пяці кантынентах, распаўсюджваючы тэрарызм праз сваіх падручных”.

    кангрэс выступ

    Такім чынам, Бібі, як часта называюць Біньяміна Нетаньяху, стварыў сабе ў вачах выбарнікаў вобраз апекуна ізраільскай бяспекі. І моцна пахіснуў паразуменні паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, якія з’яўляюцца адным з найважнейшых вонкавапалітычных козыраў Абамы.

    Дарэчы, калі Нетаньяху кажа пра тэрарызм, то многія слухаюць. Яго брата забілі падчас антытэрарыстычнай аперацыі па вызваленні закладнікаў у аэрапорце Энтэбе. Сам Нетаньяху пачынаў свой шлях уверх са стварэння інстытута барацьбы з тэрарызмам. Гэтай тэме ён прысвячаў свае даклады і навуковыя працы, а сусветная вядомасць прыйшла пасля арганізацыі міжнародных канферэнцый па барацьбе з тэрарызмам. Сам Бібі таксама меў вопыт удзелу ў ваенных дзеяннях, быў два разы паранены.

    Самы малады прэм’ер-міністр Ізраіля

    Нетаньяху мае вялікі паслужны спіс на дзяржаўнай службе. Сем разоў ён меў пасаду ў міністэрствах: сувязі, па справах Іерусаліма і дыяспар Ізраіля, па справах рэлігіі, юстыцыі, навукі і культуры, будаўніцтва, замежных спраў, а таксама фінансаў. Гэты чалавек як ніхто іншы ведае і разумее дзяржаўную працу знутры і амаль ва ўсіх яе сферах. Палітычная кар’ера цяперашняга прэм’ер-міністра пачалася ў 1988 годзе з пасады дэпутата кнесета па спісе партыі “Лікуд”.

    У 1996-ым, калі Нетаньяху меў 47 гадоў, ён стаў прэм’ерам, хоць яму і прадказвалі паразу ад партыі Шымона Перэса. На руку Нетаньяху згуляў тэракт, арганізаваны ісламісцкай групоўкай. Гэта змяніла расклад галасоў у яго бок, бо Шымон Перэс выступаў за тэрытарыяльныя саступкі палесцінцам. Да таго ж Нетаньяху быў адзіным, хто скарыстаўся амерыканскім паліттэхнолагам. Яго перадвыбарчая барацьба вялася ў амерыканскім стылі, які раней у Ізраілі не практыкаваўся.

    Першапачаткова “Лікуд” падтрымліваў яшчэ больш ваяўнічую палітыку ў дачыненні да Палесціны і выступаў супраць вываду ізраільскіх войск з Сектара Газа. Але, прыйшоўшы да ўлады, Нетаньяху пастанавіў вывесці ізраільскія войскі з Сектара Газа, што прывяло да крызісу ў партыі.

    Рознагалоссі ў “Лікудзе”, праблемы са з зацвярджэннем дзяржаўнага бюджэту і недавер да ўрада Нетаньяху ў кнесеце прывялі да датэрміновых выбараў у 1999-ым годзе. Нетаньяху выбары прайграў. Гэта была самая буйная параза партыі “Лікуд” за ўсю гісторыю. Партыя набрала на выбарах усяго 14 % галасоў, а Нетаньяху абвясціў пра свой сыход з палітыкі.

    Але новы прэм’ер і лідар “Лікуда” ў 2002-ым годзе прапанаваў Нетаньяху спачатку пасаду міністра замежных спраў, на якую ён пагадзіўся, а літаральна праз год – міністра фінансаў. У 2009-ым Нетаньяху зноў стаў прэм’ерам.

    На гэтай пасадзе ён правёў паспяховыя фінансавыя рэформы, звязаныя са скарачэннем дзяржаўных выдаткаў, знізіў падаткі і зруйнаваў асноўныя манаполіі. Усё гэта правяло да саліднага росту ВУП краіны. Нават калі Нетаньяху ў нечым і праваліўся, то ён усё адно захаваў выгляд таленавітага дыпламата і палеміста ды замацаваў пазіцыі Ізраіля ў свеце, яшчэ будучы амбасадарам у ЗША і прадстаўніком у ААН .

    Містар “тры не”

    Яшчэ падчас пазачарговых выбараў кнесета ў 2009-ым годзе медыі назвалі яго “містарам “тры не”, бо Нетаньяху выступіў супраць стварэння палестынскай дзяржавы, падзелу  Іерусаліма і сыходу Ізраіля з Галандскіх вышыняў. Гэтае крэда Нетаньяху пацвердзіў і ў апошняй выбарчай кампаніі.

    Нетаньяху прызнаўся: ягоныя тры “не” павінны прадэманстраваць усяму свету, што ён чалавек, які перадусім клапоціцца пра інтарэсы сваёй краіны, а не пра тое, што пішуць медыі. Прынамсі, гэтыя “не” дэманструюць Ізраілю, што Бібі – гэта найбольш прымальная асоба на пасаду прэм’ера.

    ПаказацьСхаваць каментары