• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ганаровы консул Бельгіі: “Беларусь можа стаць другою Швейцарыяй”

    Філіп Вандэнбруле кажа, што беларускі менталітэт больш еўрапейскі, чым расейскі і ўкраінскі, і тлумачыць чаму нам не трэба супастаўляць ЕC з Расеяй. 

    Філіп Вандэнбруле, хоць і не з’яўляецца прафесійным дыпламатам, ужо 10 гадоў прадстаўляе Бельгію ў Беларусі ў якасці ганаровага консула. Ён паходзіць са знакамітага фламандскага роду і прыходзіцца сваяком Эміліі Плятэр, збіральніцы беларускага фальклору і ўдзельніцы паўстання 1831 году.

    Нядаўна Вандэнбруле стаў адным з заснавальнікаў асацыяцыі ганаровых консулаў у Беларусі. Звычайна пасаду ганаровых консулаў выконваюць заможныя бізнесоўцы з сувязямі ў краіне, якія самі з’яўляюцца значнымі інвестарамі. Філіп Вандэнбруле пагадзіўся апавясці “Ідэі”, як гэты клас людзей глядзіць на Беларусь.

    Што прыцягвае бельгійцаў у Беларусі?

    Бельгія з’яўляецца адным з найбуйнейшых інвестараў у свеце. У 2013 годзе Бельгія інвеставала ў краіны БРІК € 40 млрд, з якіх 2 мільярды ў Расею. На жаль, толькі € 15 млн на працягу апошніх 15 гадоў прыйшлося на Беларусь, хоць таваразварот па-ранейшаму значны, больш за 500 мільёнаў на год.

    З Беларуссю мы супрацоўнічаем у харчовай прамысловасці, асабліва пасля санкцыяў з боку Расеі.

    Дзякуючы вашаму месцазнаходжанню, вы можаце стаць галоўным размеркавальным цэнтрам для Мытнага саюзу. Так некаторыя медычныя прэпараты з Бельгіі павінны быць адаптаваныя да стандартаў вашага рынку, у тым ліку пераклад на рускую мову і кантроль якасці прадукцыі вашымі кваліфікаванымі лекарамі.

    Іншая вобласць супрацы – спартовая інфраструктура. Таксама мы маглі б працаваць разам у сферы медычнага турызму. Акрамя таго, вы можаце экспартаваць трактары і будаўнічыя матэрыялы ў Афрыку або Лацінскую Амерыку праз наш порт RoRo Zeebrugge.

    Чаму ж тады толькі 15 мільёнаў інвестыцыяў за пяць гадоў?

    Найбольш важным для інвестараў з’яўляецца доступ да сыравіны, у тым ліку да людскіх рэсурсаў, у непасрэднай блізкасці ад кліентаў. Таксама цэніцца стабільнасць.

    На жаль, Беларусь па-ранейшаму невядомая для нас. Я думаю, што вельмі важна працаваць над іміджам і рэпутацыяй Беларусі. Гэта як сяброўства: яно патрабуе шмат намаганняў і жэстаў, але важна мець сябра, на якога можаш разлічваць.

    А Беларусь гэта цікавая краіна для сяброўства?

    Мне падабаецца працаваць з беларусамі. Ваш менталітэт больш праеўрапейскі ў параўнанні з Расеяй і Украінаю. Беларусь – гэта чысціня, стабільнасць, дысцыпліна і менш карупцыі.

    Вашае геаграфічнае становішча адзінае ў свеце. Беларусь можа стаць новаю Швейцарыяй нашага кантынента. Швейцарыя – прывабная краінай для грошай, а вы можаце зрабіць тое ж самае з асабістымі звесткамі.

    У Еўропе мы зразумелі, што больш не валодаем нашымі асабістымі звесткамі, калі працуем з іншымі вялікімі краінамі. Мы хацелі б размясціць нашыя серверы ў нейтральнай, стабільнай і не вельмі магутнай краіне, якая знаходзіцца паміж двума блокамі.

    Вы павінны ведаць, што ў Беларусі каля 20 000 ІТ-адмыслоўцаў. У той час, як у Злучаных Штатах налічваецца 80 000. Але Злучаныя Штаты значна большыя за Беларусь. Такім чынам, у вас ёсць чалавечы патэнцыял, стабільнасць і нейтралітэт.

    Заходнія людзі будуць захоўваць звесткі, напрыклад аб сваіх банкаўскіх картках, у Беларусі – гэта не выглядае ўтапічна?

    Пакуль што так, але некалі падобна думалі і пра Швейцарыю, якая паступова развівалася і, дзякуючы сваёй надзейнасці і дысцыпліне, стала прывабнай для міжнародных фінансавых патокаў. Тое ж адбудзецца і з асабістымі дадзенымі. Беларусь мае ўсё неабходнае, каб стаць краінай для захоўвання звестак.

    Ці можа крызіс ва Украіне спрыяць росту цікавасці да беларускага рынку?

    Фрэнк Стаўф, прэзідэнт Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу нядаўна сказаў, што калі б ён кудысьці цяпер інвеставаў, то абраў бы Беларусь. Гэта стабільная краіна з невялікаю карупцыяй. Раней не было ніякай цікавасці да Беларусі, таму што рынак 10 млн жыхароў – гэта не так шмат. Беларусь здолела знайсці сваё месца паміж двума вялікімі блокамі. Сёння Беларусь разглядаецца як лагічная альтэрнатыва.

    Еўразійскі эканамічны саюз аказвае ўплыў на інвестараў? Ці можа ён аддзяліць Беларусь ад Еўрапейскага саюзу?

    Праект Еўразійскага саюзу – гэта добрая ініцыятыва эканамічнай супрацы. Пуцін казаў аб зоне свабоднага гандлю ад Лісабона да Уладзівастока. Для інвестараў – гэта мара. У перыяд санкцыяў адносіны ўскладніліся, але мы спадзяемся аднавіць канструктыўную супрацу ў бліжэйшы час.

    Беларусь жа, як маленькая краіна, не павінна супастаўляць два блокі, як ЕС і Расея. Думайце пра гэта як дадатковыя магчымасці супрацы.

    А ў ЕС застаецца яшчэ шмат унутраных канфліктаў, таму мы здзіўленыя вынікамі вашай супрацы. Вы стварылі свой саюз у пяць разоў хутчэй, чым мы.

    А Вы бачыце Беларусь у ЕС?

    Я жадаю, каб Беларусь засталася нейтральнаю краінаю і карысталася перавагамі эканамічнай супрацы ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу.

    ПаказацьСхаваць каментары