• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як звязаная (не)талерантнасць беларусаў з аквапаркам “Лебядзіны” і “дэкрэтам аб дармаедах”

    Правяраем тонус “мускула талерантнасці” беларусаў.

    4-га траўня адбылася другая сустрэча ў межах праекта “Зомбі-ідэі”, падчас рэалізацыі якога мы даследуем устойлівыя міфы ў нашым грамадстве. У гэты раз на тэму талерантнасці беларусаў разважалі Ірына Альхоўка (кіраўніца міжнароднай грамадскай арганізацыі “Гендарныя перспектывы”), Аляксандр Аўдзевіч (грамадскі актывіст, кіраўнік Лідскага міжраённага грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў”) і Наста Лойка (сузаснавальніца і праваабаронца арганізацыі Human Constanta).

    Што такое “беларуская талерантнасць”?

    Тое, як мы цяпер успрымаем “талерантнасць” беларусаў, паходзіць з нашай гісторыі. Гасціннасць як рыса беларускага характару склалася ва ўмовах суіснавання з іншымі народамі на адных землях. Менавіта гэта гасціннасць, часта вымушаная, заклала аснову ўяўлення аб талерантнасці беларусаў.

    У рэальнасці ж талерантнасць беларусаў – гэта глыбокая чаша цярпення. І перапаўняецца яна вельмі рэдка.

    З нядаўніх падзей можна ўспомніць “марш недармаедаў” супраць дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Цярплівасць беларусаў нагадвае фанатычнае нежаданне расставацца хай і з любімым, але замаленькім абуткам. Аднак раней ці пазней гэта зрабіць прыйдзецца дзеля самазахавання.

    Што такое талерантнасць на самой справе і дзе яе межы?

    Прасцей адказаць, чым талерантнасць не з’яўляецца, – гэта дакладна не адсутнасць пункту гледжання і не абыякавасць, як часам разумеюць гэтае паняцце. Хутчэй, мы маем справу з павагай да асабістых межаў іншага, павагай да яго права выбіраць, як яму жыць.

    Цікава, што тэрмін “талерантнасць” у медыцыне мае негатыўныя канатацыі і азначае, што імунная сістэма арганізма не здольная супраціўляцца ўведзенаму антыгену. У сацыяльнай сферы гэта наводзіць на думку пра неабходнасць вызначэння межаў талерантнасці, каб не зблытаць яе з усёдазволенасцю.

    Дакладна не варта цярпець прапаганду варожасці, гвалту, агрэсіі.

    Але вызначэнне мяжы талерантнасці не павінна рабіцца механізмам бяздумнай рэпрэсіі, а права абмежавання не павінна цалкам аддавацца дзяржаве, яе рамкі павінны абмяркоўвацца з грамадзянскай супольнасцю.

    Межы талерантнасці досыць расплывістыя і не могуць насіць адназначны характар ​​(акрамя названых вышэй выпадкаў).

    Тры гісторыі пра беларускую неталерантнасць

    Аляксандр Аўдзевіч: “Мне як інваліду-вазочніку, каб пракаціцца на горцы ў “Лебядзіным”, спатрэбілася звяртацца ў адміністрацыю. І праблема нават не ў неабходнасці ўзгаднення такіх момантаў, а ў заведамай перадузятасці беларусаў, у наборы клішэ, за якімі нічога не стаіць. Тут размова ідзе пра пэўную “талерантнасць успрымання”, якая адсутнічае ў беларусаў”.

    Наста Лойка: “Першы офіс арганізацыі Human Constanta знаходзіўся на першым паверсе жылога дома. Уваход у офіс быў ізаляваны, аднак на трэці месяц нас паклікалі на сход жыхароў дома, таму што бацькі баяліся адпусціць дзяцей на двор, дзе яны маглі сустрэцца з бежанцамі. Канкрэтных скаргаў у жыхароў не было, але прынцып “а што, калі раптам…” вызначае стаўленне людзей, калі яны слаба інфармаваныя. Мяжой талерантнасці становіцца страх перад невядомым”.

    Ірына Альхоўка: “Талерантнасць у прафесійным асяроддзі (органы пракуратуры, органы абароны правоў дзяцей) павінна быць тэарэтычна вышэй, чым сярод абывацеляў. Аднак нават у гэтых інстытутах я сутыкаюся з неразуменнем: “Навошта дапамагаць жанчынам, якія пакутуюць ад гвалту ў сям’і? Яны ж самі выбралі гэтае жыццё. Навошта працаваць з прастытуткамі, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі? Бо яны, напэўна, самі пагадзіліся. Трэба дапамагаць добрым”. Але хто тады сапраўдныя людзі, якім трэба дапамагаць?”

    Чаму ўсім так складана быць талерантнымі, а беларусам у прыватнасці?

    Маленькія дзеці не адрозніваюць людзей па колеры скуры або асаблівасцях развіцця. Таму, напэўна, талерантнасць натуральная і ўласцівая нам ад прыроды. Аднак, на пэўным жыццёвым этапе, праходзячы сацыялізацыю ў сям’і і школе, праз СМІ і інтэрнэт, у нас з’яўляюцца стэрэатыпы, мы пачынаем стыгматызаваць пэўныя групы. Гэтак можна вылучыць як мінімум дзве асноўныя прычыны фармавання неталерантнасці: сацыяльна-культурныя (звязаныя з недахопам інфармаванасці і разумення) і суб’ектыўна-псіхалагічныя (страх сутыкнення з невядомым, негатыўны вопыт, які пасля ўзаемадзеяння з прадстаўніком групы транслюецца на ўсю супольнасць).

    Беларусам асабліва складана: быць талерантным у закрытым грамадстве, дзе шмат пытанняў вырашаюцца з пазіцыі сілы, няпростая задача.

    Талерантнасць – гэта пра ўнутраную свабоду. Калі чалавек можа быць такім, якім ён хоча быць, тады і асаблівасці іншага прыняць лягчэй. Яшчэ са школьнай парты нас параўноўваюць, кажуць, на каго трэба раўняцца і якім не трэба быць. У нашай краіне нялёгка стаць самадастатковай асобай, а тым больш талерантнай.

    Мы далёка не самая талерантная нацыя. Амерыканскія даследчыкі вывучалі стаўленне жыхароў Еўропы да прадстаўнікоў іншых рас. Як паказалі вынікі, больш нецярпімыя за беларусаў у Еўропе толькі чэхі і літоўцы.

    Як выхаваць у сабе талерантнасць (і ці варта)?

    Талерантнасць – пачуццё, якое можна ў сабе выхаваць. Першая сустрэча з новым і незразумелым можа выклікаць страх, але ён паходзіць ад няведання. Праца над сабой, асабістая камунікацыя з прадстаўнікамі іншых сацыяльных груп – гэта вашая «штанга» для накачвання «мускула талерантнасці».

    ПаказацьСхаваць каментары