Беларуская нафтаздабыча: як жыць, калі скончыцца свая сыравіна?

Дзяржаўныя медыі лікуюць, бо Беларусь здабыла 130-мільённую тону нафты. Але прычын для радасці няшмат – мы амаль выкарысталі ўсе свае запасы. Цяпер Беларусі прыйдзецца шукаць нафту за мяжой.
Аліна Байгужакава· 24 Лістапада 2015
Беларуская нафтаздабыча: як жыць, калі скончыцца свая сыравіна?
All creative commons, flickr.com, John

Не з’яўляючыся нафтавым гігантам, Беларусь не доўга была андэрдогам у галіне. Індустрыя пачала развівацца ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя, калі была здабытая першая беларуская нафта на Рэчыцкім радовішчы. У той сам час будаваўся нафтаправод “Дружба”, куды таксама паступала беларускае чорнае золата, хоць і ў непараўнальна меншай колькасці, чымся нафта з Расіі.

Менавіта тады беларусы выйгралі “канфлікт прэстыжу”.

Справа ў тым, што Беларусі маглі забараніць доступ да нафтаправода “Дружба”, каб “не пагаршалася якасць” сібірскага рэсурсу, які ішоў на Захад.

Аднак беларусы згадзіліся правесці экспертызу, якая паказала, што нашая нафта не толькі не пагаршае расійскую, але і мае лепшую якасць.

Нафта ёсць, але колькі яе?

Добрая якасць – гэта адно, а вось памер вытворчасці – зусім іншае. Беларускія геолагі ацэньваюць нафтавыя рэсурсы ў больш за 355 мільёнаў тон. Праблема ў тым, што большасць з іх – цяжкія ў экстракцыі і толькі 46 % было аднесена да прамысловай катэгорыі. З іх на сённяшні дзень толькі каля 46 мільёнаў тон засталося не здабытымі.

Спад сусветных коштаў вымушае выкарыстоўваць толькі існыя радовішчы, а не распрацоўваць новыя. Зыходзячы з таго, што памеры вытворчасці ўжо некалькі гадоў застаюцца на тым самым узроўні, можна выснаваць, што праз прыкладна 30 гадоў Беларусь не зможа пахваліцца наяўнасцю нафтавых рэсурсаў.

З другога боку, нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі перастануць працаваць, калі ім прыйдзецца адмовіцца ад імпарту нафты.

Гадавыя рэсурсы, якія здабываюцца з беларускіх нетраў – гэта не цэлыя 10 % таго, колькі патрабуе нашая гаспадарка.

Менавіта таму Мінск праводзіць цягам ужо некалькіх гадоў актыўную палітыку сумесных прадпрыемстваў у нафтавай сферы, клапоцячыся аб сваёй долі рэсурсу ў іншых частках свету.

Асваенне далёкіх зямель

Беларусь асабліва цікавіцца Лацінскай Амерыкай. Пры тым, што беларускія нафтавыя праекты ў рэгіёне ўжо перажылі аднаго з іх стваральнікаў Уга Чавеса. Ужо шосты год Беларусь здабывае нафту ў Венесуэле з найвялікшага на свеце радовішча цяжкай (бітумнай) нафты Фаха дэль Арынока.

Дарэчы, менавіта цяжкая нафта (гэта значыць такая, што мае большую шчыльнасць, а таксама большы адсотак іншых элементаў у складзе) лічыцца будучыняй нафтавай галіны. Акрамя Венесуэлы, здабываюць такую нафту яшчэ ў Канадзе і Расіі. Лёгкая, чысцейшая нафта, якая знаходзіцца на меншай глыбіні, – гэта тая нафта, якая б’ецца фантанам на старых плёнках фота і відэа. Аднак развітым краінам усё менш і менш даводзіцца працаваць з такім тыпам чорнага золата.

Нафтавікі ўсё часцей сустракаюцца з патрэбай глыбейшага пранікнення і дакладнейшай ачысткі нафты.

Тое самае сталася і з нашым беларускім радовішчам пасля сярэдзіны 70-ых гадоў. У 1975 годзе нафтавікі здабылі амаль 8 мільёнаў тон, пасля чаго аб’ём вытворчасці паступова і значна зменшыўся. Канешне, здабыча цяжкой нафты і яе перапрацоўка патрабуюць складаных перадавых тэхналогій, а значыць значных фінансавых укладанняў. Тым не менш гэта адзін з напрамкаў развіцця энергетыкі ў будучыні, які трэба мець на ўвазе, калі традыцыйныя рэсурсы наблізяцца да канца.

Лацінская Амерыка вабіць беларусаў нездарма, бо шмат дзяржаваў рэгіёну праводзіць актыўную палітыку прыцягнення замежных інвестыцый. Гэтак, паводле дадзеных Doing Business 2015, Калумбія, Перу, Мексіка ўваходзяць у трэці дзясятак краін (усяго 189) з добрым інвестыцыйным кліматам. Эквадор і Уругвай у сваю чаргу адзначыліся паспяховым правядзеннем рэформаў, якія спрыяюць міжнароднаму гандлю і ўзмацняюць ахову інвестараў. Наогул, еўрапейскі бізнес (і на захадзе, і на ўсходзе Еўропы) мае добры імідж у рэгіёне.

Гэтай восенню Беларусь зрабіла яшчэ адзін крок у супрацы з Парагваем –

хутка, пасля дакладнай геалагічнай разведкі, стане вядома, як будзе выглядаць сумесная праца беларускіх і парагвайскіх фірмаў у энергетычным сектары.

Безумоўна, Лацінская Амерыка не з’яўляецца адзіным напрамкам беларускага нафтавага сектара. Варта ўзгадаць Расію, дзе беларусы здабываюць нафту праз даччыную кампанію “Янгпур”. Супраца ў нафтавым сэрвісе адбываецца таксама з Украінай і ўжо на працягу месяца – з Індыяй.

Нафта ў вышуку

Канешне, пошукі не абмяжоўваюцца толькі замежжам. Беларусь таксама праводзіць геалагічныя даследаванні на сваёй тэрыторыі. Гэтак у верасні “Беларуснафта” абвясціла, што запасы новага залежу лёгкай нафты ў паўночнай частцы таго ж Рэчыцкага радовішча (якія знайшлі сёлета ў лютым) ацэненыя ў 700 тысяч тон.

Столькі Беларусь здабывае за паўгода.

Больш перспектыўнай можа быць іншая знаходка: нафта ў Паўднёва-Шаціўкалскім радовішчы, што пры мяжы з Украінай. Аб ёй расказаў міністар аховы навакольнага асяроддзя падчас прэс-канфэрэнцыі ў канцы жніўня. Дакладныя дадзеныя трэба яшчэ пачакаць, але міністр запэўніў, што запасы там “немалыя”.

Дзяржава настойліва шукае новыя радовішчы, бо роля нафты ў беларускай гаспадарцы расце. У перспектыве плануецца павышэнне яе ўдзелу ў агульным выкарыстанні энергарэсурсаў, перадусім для патрэб перапрацоўчай прамысловасці.

Гэтая галіна хоць ужо не прыносіць адной чацвёртай да ВУП (як гэта было ў 2011-2012 гадах), але ўсё яшчэ з’яўляецца маторам беларускай гаспадаркі. Цяпер яе ўдзел у ВУП – гэта 14 %.

Нафта застаецца адным з найпрасцейшых інструментаў вярнуць эканамічны рост, таму супольныя праекты за мяжой і пошук радовішчаў унутры краіны яшчэ доўга будуць прыярытэтам беларускай дзяржавы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Рыгор Астапеня· 24 Ліпеня
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры пункты, шэсць графікаў – усё як мы любім.