Як беларуская дэмакратыя сышла ў анлайн

Разам з кнігай Яўгена Марозава “Інтэрнэт як ілюзія” разбіраемся ў тым, чаму інтэрнэт аддаляе Беларусь ад дэмакратыі.
Вольга Гарапучык· 23 Лютага 2016
Як беларуская дэмакратыя сышла ў анлайн

У чэрвені 2009-га тысячы маладых іранцаў са смартфонамі ў руках выйшлі на вуліцы Тэгерана, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Тады многія заходнія медыі пачалі разважаць пра тое, як інтэрнэт нясе Ірану дэмакратыю. “Твітар нясе рэвалюцыю”, – такім быў першы допіс у блогу Эндру Саллівана з часопіса The Atlantic, які быў зроблены праз некалькі гадзін пасля пачатку пратэстаў. Блог Саллівана стаў галоўнай інфармацыйнай крыніцай пра іранскія падзеі. Вельмі хутка версія падзеяў блогера распаўсюдзілася на шмат якія сусветныя медыі.

Ёсі Дрызен з газеты The Wall Street Journal заявіў, што “рэвалюцыя не адбылася б, калі б не “Твітар”.

“Твітар” падаваўся ўсёмагутным, ён быў мацнейшым за іранскую паліцыю, ААН ды ўрад ЗША.  Ён стаў першай інфармацыйнай прыладай, якая здзейсніла рэвалюцыю і мусіла б прынесці іншыя пратэсты. Аднак хутка адчуванне набліжанасці да іранскіх падзеяў знікла. Гэтак жа як і цікавасць да “зялёнага руху” (так называлі іранскіх пратэстоўцаў) праз пару месяцаў сышла на “не”, а ўрад пачаў “зачыстку” інтэрнэту і пераслед актывістаў.

Хілары Клінтан  тады заявіла, што інтэрнэт –  гэта як самвыдат часу Халоднай вайны, які знішчыў сцены паміж дзяржавамі і прынёс веды ды дэмакратыю. Але на думку Яўгена Марозава, бадай, найбольш вядомага беларускага інтэлектуала ў свеце, яна памылялася. Інтэрнэт прынёс веды і забавы ў аўтарытарныя краіны, але нічога ў іх не змяніў.

Ці створыць “Твітар” і “Фэйсбук” новых Каліноўскіх?

Яўген Марозаў даў гэтым падзеям назву “Твітар-рэвалюцыя” і цягам некалькіх гадоў даследаваў уплыў інтэрнэту і сучасных тэхналогій на пратэставыя настроі грамадства. У сваёй кнізе ён прыйшоў да высновы, што нягледзячы на ўсю тую карысць, якую нясуць сацсеткі, яны не набліжаюць краіны да дэмакратыі. Больш за тое, яны змяншаюць пратэставы настрой у грамадстве.

“Усе свабодныя грамадствы падобныя адно да аднаго, але кожнае несвабоднае грамадства несвабоднае па-свойму”, – перарабіў Марозаў цытату Талстога. Што тычацца Беларусі, то ў сваёй кнізе, ён адвёў ёй асобнае месца.

Урад Беларусі аказаўся, пэўна, самым хітрым з усіх.

Тут рэжым эвалюцыянаваў у дзіўную форму аўтарытарызму, пры якім праслаўленне савецкага мінулага выдатна спалучаецца з тэхналагічнымі распрацоўкамі ды імкненнем новага пакалення да еўрапейскага ладу жыцця.

“Але кіберутапісты не змаглі прадбачыць, як аўтарытарныя краіны ўспрымуць інтэрнэт. Яны нават не ўяўлялі, наколькі ён стане зручным для прапаганды, як спрытна дыктатары навучацца выкарыстоўваць яго для сачэння і якой хітрай стане цэнзура”. Яны працягваюць разважаць пра тое, што тэхналогіі ўзброяць прыгнечаныя народы,  што яны, маючы ў арсенале “Фэйсбук” ці “Твітар”, стануць новымі Каліноўскімі.MHLolGANWPQ

У Крамля атрымліваецца зарабляць на прапагандзе, не карыстаючыся цэнзурай

Яшчэ пару гадоў таму было цяжка ўявіць, што ксенафобскія і антыамерыканскія заявы будуць чутныя так гучна і так упэўнена з вуснаў расейцаў у XXI стагоддзі, калі доступ да інтэрнэту ў Расіі і Беларусі мае каля 70 % насельніцтва. Узнікае пытанне: чаму афіцыйная прапаганда, заснаваная на відавочнай хлусні, аказваецца такой эфектыўнай у час, калі любы ахвочы можа знайсці ў інтэрнэце дастаткова доказаў, якія аспрэчваюць афіцыйны пункт гледжання?

На думку Марозава, даступнасць інфармацыі, якая аспрэчвае цэнзуру, недастаткова, бо прапаганда не заўсёды заснаваная на крытычным стаўленні да фактаў.

Акрамя гэтага, грамадства ў аўтарытарных краінах успрымае дзяржаўныя заявы і пазіцыю на больш аўтарытэтным узроўні.

Як інтэрнэт стабілізуе аўтарытарныя рэжымы

Нямецкія навукоўцы Хольгер Луц Керн і Енс Хайнмюлер, якія чытаюць у ЗША лекцыі па аўтарытарных рэжымах, – вывучалі архіўныя матэрыялы , якія сталі даступныя пасля падзення Берлінскай сцяны. Праз іх яны імкнуліся зразумець, як задаволенасць грамадзян ГДР сваім жыццём і падтрымка імі рэжыму суадносілася з даступнасцю заходняга вяшчання. Яны апублікавалі вынікі ў артыкуле з назвай: “Опіум для народу: пра ролю замежных медыяў у стабілізацыі аўтарытарных рэжымаў”.

Даследчыкі  сцвярджаюць, што ўсходнегерманская моладзь, якая магла глядзець перадачы заходняга тэлебачання, агулам была больш задаволеная сваім жыццём і рэжымам.

А моладзь, якая гэтага не мела, была больш палітызаваная і больш крытычная ў адносінах да рэжыму.

Керн і Хайнмюлер прыйшлі да высновы, што заходнегерманскае тэлебачанне дапамагло ўсходнім немцам штовечар збягаць ад камунізму прынамсі на некалькі гадзін, што рабіла іх жыццё больш прымальным, а ўсходнегерманскі рэжым – лягчэйшым.

Марозаў прыводзіць гэтае даследаванне як актуальнае і цяпер. Інтэрнэт зрабіў забавы грамадзянаў з аўтарытарных і дэмакратычных краін вельмі падобнымі між сабой. Палякі цяпер глядзяць тое ж самае кіно, што і беларусы, і, верагодна,  пампуем мы іх на адных і тых жа серверах. Адзінае адрозненне ў тым, што ў Польшчу ўжо прыйшла дэмакратыя, а Беларусі пашчасціла менш.

Страта інтэлектуалаў

Інтэрнэт стаў для інтэлектуалаў у аўтарытарных краінах сапраўдным скарбам. Ён дазволіў ім звязвацца з заходнімі калегамі, браць удзел у сусветных дыскусіях, “аднак эфектыўнасць і камфорт, якія забяспечвае інтэрнэт, не найлепшыя ўмовы для абуджэння пратэстаў сярод адукаваных людзей”, – піша ў сваёй кнізе Марозаў.

Інтэрнэт выдатна дапамог з даследчымі мэтамі, але, як высветлілася, не змог стаць крыніцай заангажаванасці.

“Навукоўцы атрымалі доступ да ўсіх магчымых артыкулаў, ніхто даўно не мае абмежаванняў на выезд, нашыя даследчыкі змаглі інтэгравацца  ў глабальную інтэлектуальную сферу. Але гэта паспрыяла таму, што яны страцілі сувязь са сваёй мясцовай супольнасцю”.

Таму спектаклі па кнізе Віктара Марціновіча ставяць у Вене, а прэзентацыі беларускіх кніг у замежжы збіраюць не менш людзей, чым на радзіме. Самымі папулярнымі асобамі, звесткі пра якіх беларусы шукалі ў сеціве ў 2015 годзе, сталі Жанна Фрыске і яе муж, у той час Нобелеўская лаўрэатка з Беларусі Святлана Алексіевіч адыходзіць на другі план.

Медыі – сродак зняцця стрэсу, а не механізм палітычных зменаў

У сваёй кнізе Марозаў неаднаразова прыводзіць развагі філосафа Сёрэна К’еркегора, прыхільнікам якога з’яўляецца. Заснавальнік экзістэнцыялізму жыў у першай палове XIX ст., калі ў грамадстве былі адчувальныя наступствы прамысловай рэвалюцыі. Еўрапейская “публічная сфера” змянілася і пашырылася да небывалых памераў.

Газеты, часопісы і кавярні ператварыліся ва ўплывовыя культурныя інстытуты, а грамадскае меркаванне стала мець вялікае значэнне. Большасць філосафаў і публіцыстаў, якія жылі ў адзін час з К’еркегорам, лічылі гэта прыкметай дэмакратызацыі. Але сам ён лічыў, што гэта вядзе да таго, што грамадства страціць еднасць, гэта стане трыумфам бясконцай, але пустой інтэлектуальнай зацікаўленасці.

“Людзі адначасова зацікавіліся ўсім і нічым” – пісаў філосаф у сваім дзённіку.

К’еркегор лічыў кепскім, што медыі вымушаюць людзей мець сваё меркаванне наконт усяго. “У выніку людзі будуць так перагружаныя інфармацыяй, што пачнуць адкладваць любыя рашэнні і дзейнасць”.

Такім чынам, калі ацэньваць уплыў новых медыяў на аўтарытарныя краіны, то сацыяльныя сеткі трэба ўспрымаць перадусім як сродак для зняцця стрэсу, а не як механізм палітычных зменаў.

Палітычны зрух патрабуе арыштаў, катаванняў і выгнання з універсітэтаў?

Цяпер не існуе адзінага і добрага плана таго, што рабіць з аўтарытарызмам.

На думку аўтара кнігі, небяспека інтэрнэт-актывізму ў аўтарытарных краінах палягае ў тым, што ў моладзі можа скласціся памылковае ўяўленне, нібыта існуе палітыка іншага гатунку – лічбавая, якая выражаецца ў сеткавых кампаніях, вострых лістах і твітах. Можна ўзнікнуць уражанне, што такая палітыка нашмат больш эфектыўная за тую, якую вялі апазіцыйныя рухі ў мінулым.

Падабаецца гэта ці не, але гэтыя рухі застаюцца часта адзінай надзеяй аўтарытарных грамадстваў на дэмакратызацыю. Больш за тое, Марозаў упэўнены, што заўважны палітычны зрух патрабуе прыняцця  не толькі традыцыйнай палітыкі, але і яе самых жорсткіх праяў: арыштаў, пагроз, катаванняў і выгнання з універсітэтаў. А гэта куды менш прывабна, чым баталіі ў інтэрнэце.

Ці ёсць у нас шанец?

Доступ да інфармацыі зрабіў самую інфармацыю не настолькі цікавай і каштоўнай.

Той жа самвыдат часу Халоднай вайны быў запатрабаваны праз тое, што яго было мала. Марозаў добра паказвае адваротны бок інтэрнэт-рэальнасці і можна нават пагадзіцца з тым, што “Твітар” ці “Фэйсбук” не ствараюць рэвалюцыі і не змяняюць грамадства.

Але ўсё насамрэч не так безнадзейна. Калі ж нешта адбываецца, калі ў людзей ёсць патрэба ў інфармацыі ды камунікацыі (не толькі падчас дэманстрацыяў), інтэрнэт істотна дапамагае. Анлайн-кампанія ў абарону кадэтаў #Пагоняпобач абараніла юнакоў. Праз інтэрнэт людзі дамовіліся супольна глядзець выступ Святланы Алексіевіч на Нобелеўскай цырымоніі і запоўнілі мінскія бары ды клубы, у інтэрнэце чытаюць таго ж Віктара Марціновіча.

Сеціва не прымусіць вас чытаць забароненых пісьменнікаў, мець густ і палітычныя інтарэсы, але дапаможа, калі вы асоба са сфармаванымі поглядамі.  

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Юлія Мядзвецкая · 16 Траўня
Што будзе з нашымі сацыяльнымі профілямі пасля смерці?
Што будзе з нашымі сацыяльнымі профілямі пасля смерці?
Тлумачым, як смерці змяняюць сацсеткі ды інтэрнэт-права.
Рыгор Астапеня· 20 Сакавіка
33 панчы з апошняй кнігі Юваля Харары
33 панчы з апошняй кнігі Юваля Харары
Найлепшае з “21 урока для 21 стагоддзя”.
Джэрэмі Шапіра (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 25 Кастрычніка 2018
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Тры высновы пра масавую камунікацыю, што робяць палітыкі ў ЗША і за мяжой на падставе досведу цяперашняга амерыканскага прэзідэнта.