Бяссільны Саакашвілі і несексуальная праўда пра аўтсорс рэформаў

Кейс былога грузінскага прэзідэнта паказвае, што замежнікі няздольныя змяняць чужыя краіны.
Рыгор Астапеня· 22 Красавіка 2016
Бяссільны Саакашвілі і несексуальная праўда пра аўтсорс рэформаў

Раз на некалькі дзён Міхаіл Саакашвілі выходзіць у сваім фэйсбуку ў рэжым live, для таго каб публічна адлупцаваць карупцыянераў. Звонку гэта выглядае моцна – сур’ёзны чалавек разбіраецца з сур’ёзнай праблемай. Але насамрэч гэта адзнака сённяшняй слабасці Адэскага губернатара. Аўтар найбольш радыкальных рэформаў на постсавецкай прасторы вымушаны ратаваць грузы арэхаў ад карупцыянераў у сваёй жа вобласці.

За апошнія два гады грузінская рука рабіла ледзь не кожную значную рэформу ва Украіне.

Эка Згуладзэ з намесніцы міністра ўнутраных спраў Грузіі ператварылася ў намесніцу міністра Украіны і распачала рэформу паліцыі.  Дзякуючы ёй на ўкраінскіх вуліцах з’яўляюцца новыя праваахоўнікі. Давід Сакварэлідзэ, былы намеснік Галоўнага пракурора Грузіі ініцыяваў змены ў пракуратуры. Змены ў правілах дзяржаўных закупак – таксама вынік працы “грузінскага дэсанта»

Сам губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі нечага дасягнуў, нягледзячы на тое, што яго афіцыйныя паўнамоцтвы не такія вялікія. Ён адчыніў Цэнтр паслуг пра абласной адміністрацыі, які павінен дазваляць вырашаць усе адміністрацыйныя справы ў адным месцы. (З гэтага ён пачынаў і ў Грузіі.)

Праваахоўныя органы раз за разам пачынаюць новыя следствы па фактах карупцыі, памер кантрабанды паміж Украінай і Прыднястроўем зменшыўся, а палова былых чыноўнікаў былі звольненыя. Аэрапорт, за які так біўся губернатар, заняў першае месца па працэнтным прыросце пасажырапатоку. І што найбольш важнае – Саакашвілі атрымалася павялічыць кантроль над мытняй, хоць карупцыя там была заўсёды агромністай.

Паразы Міхаіла

З выгляду поспехі былога грузінскага прэзідэнта добра ўкладваюцца ў ідэю, што замежнікі здольныя змяняць іншыя краіны. Але на практыцы многія памкненні Саакашвілі засталіся на паперы ці ў яго гарачых выступах. Ніводнай сапраўды гучнай пасадкі буйнога карупцыянера пакуль не адбылося, карупцыя ў партах Адэсы крыху мадыфікавалася і зменшылася, але ўсё яшчэ буйная. Дарожная інфраструктура застаецца гіблай, а інвестыцыйнага буму дагэтуль не адбылося.

Прычына ў тым, што палітык на аўтсорсе, якім з’яўляецца сёння былы грузінскі прэзідэнт ва Украіне, няздольны змяніць краіну. Саакашвілі раз за разам натыкаецца на супрацьстаянне ўрада.

І нават унутры Блока Пятра Парашэнкі не можа разлічваць на падтрымку.

Калі Саша Баравік, дарадца кіраўніка Адэскай вобласці, кандыдаваў у мэры горада, то частка БПП вырашыла падтрымаць кандыдата, які раней належаў да “Партыі рэгіёнаў”. Саюзы, якія існавалі ў рэгіёне да прыходу Саакашвілі, куды важней за рэфарматарскія памкненні прадстаўніка каманды прэзідэнта.

У такіх умовах Саакашвілі ўжо асабліва і не спрабуе змяняць Адэскую вобласць і ўсё часцей канцэнтруецца на працы ў Кіеве, праводзячы “Антыкарупцыйныя форумы” альбо атакуючы цэнтральныя ўлады.

Шлях наверх альбо live у фэйсбуку назаўсёды

Калі былы грузінскі прэзідэнт толькі ўзначаліў Адэскую вобласць, то шмат хто пісаў, што ў Адэсе наагул ёсць такая традыцыя — запрашаць вонкавых людзей на кіраванне. І першыя поспехі новага губернатара стваралі казку, што змены звонку магчымыя.

З’яўляіся нават больш далёкія прапановы. Амерыканскі Foreign Policy у лютым апублікаваў артыкул, што Украіна павінна стварыць антыкарупцыйны орган, які меў бы большыя паўнамоцтвы, чым урад. Падобная Міжнародная камісія па барацьбе з безпакаранасцю дзейнічала ў Гватэмале і выставіла абвінавачванні, здаецца, ледзьве не ўсёй кіроўнай эліце, уключна з былым і дзейсным прэзідэнтамі.

Аднак, калі камісія скончыла працу і карупцыя зноў вырасла – гэта паказвае, што аўтсорс рэформаў мае абмежаваны патэнцыял. Пры гэтым, што сам адэскі губернатар далёка не звычайны аўтсорс – ён прыняў украінскае грамадзянства і стаў часткай украінскай палітычнай сістэмы. Але ў выніку наткнуўся на сцяну.

Прычына ў тым, што рэформа – гэта палітычная справа, а падыход  “прыйшоў і тэхнічна зрабіў рэформы” не працуе.

Патрэбныя палітычныя здольнасці ўнутры краіны, уплыў і папулярнасць. Магчыма, таму Саакашвілі і рыхтуе свой палітычны праект “Антыкарупцыйны форум” і вучыць украінскую. Бо стаміўся выходзіць у рэжым live у фэйсбуку, а хочацца ўжо заняць больш упэўненае месца ва ўкраінскай палітыцы і нарэшце пачаць рэформы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 11 Траўня
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Некалькі ідэй, як можна ўдасканаліць сістэму аховы здароў’я ў краіне.
Рыгор Астапеня· 10 Траўня
Наколькі Захад дапамог рэфармаваць Усходнюю Еўропу?
Наколькі Захад дапамог рэфармаваць Усходнюю Еўропу?
Працягваем наш адукацыйны праект «Рэформы F.A.Q.» — на гэты раз тлумачым, чаму ўплыў Захаду на ўсходнееўрапейскія рэформы не такі вялікі, як шмат хто думае.
Рыгор Астапеня· 10 Красавіка
Чаму завод Geely, БелАЭС і хакейныя палацы — гэта белыя сланы Беларусі
Чаму завод Geely, БелАЭС і хакейныя палацы — гэта белыя сланы Беларусі
Відэа, якое тлумачыць, чаму завод Geely і атамная электрастанцыя – гэта дрэнна для Беларусі.