Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі

Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 

Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі

7-га і 17-га лістапада ў Беларусі пройдуць чарговыя парламенцкія выбары, што выклікае неймаверны ажыятаж (насамрэч не). Ніжэй мы стварылі гайд, які дапаможа вам зразумець, ці будуць улады Беларусі абуджаць сонны парламент і як трэба глядзець на вынікі гэтых выбараў. 

Ці павысіцца роля парламента ў палітычнай сістэме

Выказванні Лукашэнкі аб змене Канстытуцыі і чуткі, што будучай спікеркай можа стаць Наталля Качанава, могуць спрыяць уяўленням аб тым, што беларускі парламент перастане быць маргінальным інстытутам. 

Але пакуль не бачна, каб улады планавалі павялічыць вагу парламента. 

Гэта было б заўважна па наменклатурнай вазе кандыдатаў у дэпутаты і іх далейшых амбіцыях. 

Белаконеў, Савіных, Ананіч ці Давыдзька не з’яўляюцца нулямі ў беларускай сістэме, але наўрад ці здольныя падняць Палату прадстаўнікоў вышэй у іерархіі. 

У выпадку ж, калі праз вылучэнне ад працоўных калектываў у выбарчых бюлетэнях з’явяцца больш уплывовыя людзі, то гэта будзе сведчыць і аб павелічэнні ўплыву парламента. Таксама істотным паказнікам будзе пазіцыя сярод чыноўнікаў і амбіцыі будучага спікера Палаты.

Ці памаладзее Палата прадстаўнікоў

Яшчэ адным індыкатарам магчымых зменаў у парламенце з’яўляецца ўзрост дэпутатаў. Палата прадстаўнікоў перастае быць пансіянатам для тых, хто неўзабаве збіраецца на пенсію. У 2016-ым доля людзей перадпенсійнага ўзросту (ад 51 да 60 гадоў) скарацілася да 46,4 % (у 2004-2016 гадах гэтая доля вагалася ад 49 % да 62 %). Пры гэтым вырасла колькасць дэпутатаў сярэдняга веку. 

Не варта, аднак, перабольшваць значэнне ўзросту будучых дэпутатаў. Адной з іх мае шанцы стаць “Міс Беларусь-2018”. Калі яна пройдзе ў Палату, то гэта будзе больш сведчыць пра далейшую дэградацыю парламента, чым пра яго амаладжэнне. 

Ці прызначаць апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў

Гульня ў дэмакратыю, знакам чаго можна назваць прысутнасць апазіцыі ў Палаце, не выклікала празмернага раздражнення, таму, хутчэй за ўсё, будзе працягнутая (хоць колькасць альтэрнатыўных дэпутатаў, калі яны і будуць прапушчаныя, будзе зноў у межах статыстычнай хібнасці.) 

Для Лукашэнкі камфортней мець справу з жанчынамі-апанентамі, таму яны, найверагодней, і будуць рэпрэзентаваць апазіцыю/грамадзянскую супольнасць.  Паводле Лукашэнкі, жанчыны – стабільнейшыя за мужчын. Менавіта таму ў беларускім парламенце кабеты маюць траціну месцаў, а ва ўсім свеце сярэдні паказнік прысутнасці жанчын у парламенце складае 23 %.)

Прызначэнне апазіцыі ў парламент будзе сведчыць, што ўлады гатовыя далей рабіць саступкі Захаду.

Адсутнасць жа альтэрнатыўных дэпутатаў зноў зробіць беларускі парламент маргінальным у вачах міжнароднай супольнасці.

Гэтага ўлады, хутчэй за ўсё, не хацелі б.

Што пакажа апазіцыя перад прэзідэнцкай кампаніяй

Тое, як апазіцыя правядзе гэтую кампанію, не паўплывае на выбарчы вынік, але пакажа, чаго чакаць ад прэзідэнцкай кампаніі ў 2020-ым. Пакуль што колькасць ахвотных уключыцца ў выбарчую кампанію выглядае салідна. Апазіцыя падала дакументы на рэгістрацыю 229 ініцыятыўных груп (агульная лічба ініцыятыўных груп – 503). Болей за тое, колькасць апазіцыйных кандыдатаў вырасце, паколькі зарэгістраваныя партыі яшчэ дадаткова вылучаць сваіх сяброў у кандыдаты ў дэпутаты. 

Пытанне ў тым, ці не з’яўляюцца гэтыя лічбы “нагонкай”, як надоі малака, каб стварыць уражанне.

Таму важным індыкатарам стане якасць гэтых кампаній. Асабліва гэта датычыць людзей, якія бяруць пад увагу ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі (як Андрэй Дзмітрыеў ці кіраўнікі структураў, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю).

Адметна, што сёлета ніводная апазіцыйная структура не байкатуе выбары, што сведчыць аб заняпадзе ідэі байкоту. Хоць вяртанне да яе магчымае, напрыклад, праз зняцце кандыдатур падчас кампаніі. 

Ці зменіцца роля “Белай Русі” і праўладных партый

“Белая Русь” і праўладныя партыі – гэта ў нейкім сэнсе чамадан без ручкі, які рэжым Аляксандра Лукашэнкі цягае ўжо доўгі час. Але пры гэтым колькасць прадстаўнікоў “Белай Русі” і праўладных партый павялічваецца. Гэта можа сведчыць аб тым, што ўлады ўжо абмалёўваюць абрысы змешанай выбарчай сістэмы (калі палова дэпутатаў будзе абірацца паводле партыйных спісаў). 

Аргументам на карысць гэтай думкі з’яўляецца паход на выбары кіраўніка “Белай Русі” Генадзя Давыдзькі, якi мае амбiцыi стаць спiкерам Палаты (што выглядае лагічна, бо ён будзе кіраўніком фармальнай парламенцкай большасці). Калі ў Давыдзькі атрымаецца, то гэта будзе сведчыць аб фармалізацыі паралельнай вертыкалі (хоць натуральна, што большасць чыноўнікаў належыць да “Белай Русі” толькі фармальна, і пра партыйную дысцыпліну казаць не выпадае).

Як улады будуць фальсіфікаваць выбары, а апазіцыя гэтаму супрацьстаяць

Відавочна, што ўлады будуць фальсіфікаваць вынікі выбараў, аднак стыль падману ўсё ж мае значэнне. Улады могуць дазволіць сапраўды ліберальную кампанію, забяспечыўшы патрэбны вынік толькі напрыканцы праз загон на датэрміновае галасаванне і дзякуючы непразрыстаму падліку галасоў. 

Але з другога боку ў апазіцыі больш магчымасцяў для супрацьстаяння гэтаму. На карысць апазіцыі граюць новыя тэхналогіі, якія дазваляюць хутка паведамляць праз фота/відэа/аўдыё пра парушэнні падчас кампаніі і пры падліку галасоў. Калі апазіцыйныя кандыдаты змогуць гэтым скарыстацца, то гэта можа змяніць падыход уладаў да правядзення прэзідэнцкай кампаніі (у лепшы бок, што ўлады пойдуць на большую празрыстасць, ці горшы, калі яны наадварот прыкруцяць гайкі). 

Як прымуць новы парламент на Захадзе

Хутчэй за ўсё, заходнія дзяржавы хацелі б выдаць ветліва-крытычныя водгукі пра парламенцкую кампанію: пакрытыкаваць за непразрыстасць вынікаў, пахваліць за паляпшэнні ў працэсе. На Захадзе прынята перабольшваць ролю беларускага парламента, таму, калі ўлады прапусцяць у Палату некалькі апазіцыянераў, то парламент можа разлічваць на працяг выхаду з ізаляцыі. Вылучэнне дыпламата Андрэя Савіных акурат і сведчыць пра далейшы план выкарыстання Палаты прадстаўнікоў для замежнапалітычнай дзейнасці.  

Цяперашні склад парламента (у 2016-2019 гадах) быў досыць актыўны ў пашырэнні міжнародных кантактаў. Пры гэтым больш актыўныя былі кантакты з заходнімі калегамі, чымся з еўразійскімі. Калі ўлады прапусцяць некалькі апазіцыянераў, то новы парламент, бадай, працягне актыўнасць і, магчыма, будзе імкнуцца ў Еўранэст – Парламенцкую асамблею Усходняга партнёрства.  

Ці стане парламент больш актыўны ў заканадаўчай сферы

Важна назіраць, ці новаму скліканню будзе даверана больш заканадаўчай ініцыятывы, якая да гэтага пераважна ішла ад урада і Адміністрацыі прэзідэнта.

Пры гэтым роля Адміністрацыі апошнім часам змяншаецца.

Калі ў 2008-ым лічба прынятых нарматыўных актаў, ініцыяваных прэзідэнтам, была 30 %, то ў 2017-ым – толькі 11 %. Таму дэпутаты, якія дагэтуль не праяўлялі сябе ў законатворчай дзейнасці, маглі б акурат запоўніць вакуум, які стварыла прэзідэнцкая адміністрацыя.  

Апроч таго, пра ініцыятыўнасць Палаты мог бы сведчыць працэс самаарганізацыі дэпутатаў (напрыклад, праз стварэнне дэпутацкіх груп), чаго ў папярэдніх скліканнях не назіралася.

Што будзе з Саветам Рэспублікі

Вышэйшая палата беларускага парламента, Савет Рэспублікі, грае яшчэ больш малазначную ролю, чым маргінальная Палата прадстаўнікоў. Аднак, з Міхаілам Мясніковічам, які стаў старшынём Савета Рэспублікі ў 2015-ым, вышэйшая палата займела новае жыццё, паколькі Мясніковіч са сваёй наменклатурнай вагой выцягнуў яе ўверх (у тым ліку на ўзроўні міжнародных кантактаў). 

Важнае пытанне на дадзены момант, ці адбудуцца змены на пасадзе спікера, наколькі раўназначнай будзе гэтая замена, бо калі не, то і роля Савета Рэспублікі, хутчэй за ўсё, скурчыцца.  

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 13 Кастрычніка
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Кулуары сесіі ПАРЕ, расейскія дэпутаты і праблемы беларускіх НДА.
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.