Правілы парламенцкіх выбараў: што прымусіць дэпутатаў працаваць лепей?

Перл Лукашэнкі пра «ператрахіванне» парламента стане нечакана актуальным падчас дэмакратычных рэформаў. Пачаць будзе варта са зменаў таго, як абіраюцца дэпутаты, каб пазбегнуць потым эканамічнага і палітычнага феадалізму.
Стас Гарэлік· 17 Жніўня
Правілы парламенцкіх выбараў: што прымусіць дэпутатаў працаваць лепей?

Год таму адзіная кандыдатка ад беларускай апазіцыі ўсё ж такі атрымала месца ў Нацыянальным сходзе. Але ж для таго, каб парламентарыі перасталі проста ўхваляць прэзідэнцкія распараджэнні і пачалі рэальна прасоўваць рэформы, толькі прапускаць па пары чалавек – недастаткова. Для эканамічнага і палітычнага поспеху будучая беларуская дэмакратыя мае змяніць спосаб, якім фарміруецца заканадаўчая ўлада.

Замест дзейнай мажарытарнай сістэмы, дзе кожны дэпутат выбіраецца ў невялікай акрузе, трэба перайсці да прапарцыйнага прынцыпу. Пры ім супернічаюць менавіта партыі: яны атрымліваюць парламенцкія месцы адносна набраных па ўсёй краіне галасоў. Гэта можа знізіць карупцыю, а таксама – вымусіць палітыкаў прымаць законы для ўсіх, а не толькі на карысць сваіх спонсараў і лаяльных выбарцаў.

Тры прычыны абіраць дэпутатаў па-новаму

Дэмакратыі з прапарцыйнымі сістэмамі развіваліся на працягу двух мінулых стагоддзяў хутчэй. Іх эканомікі раслі штогод як мінімум на 1 % больш, чым у краінах з парламентамі, абранымі паводле мажарытарных правілаў. І на гэта ёсць тры тлумачэнні.

  • Грошы не ідуць на «дробязі»

Дзякуючы прапарцыйнаму прынцыпу партыі будуць імкнуцца прадставіць як мага больш грамадзян: таму што больш галасоў – больш мандатаў. Палітыкі будуць радзей лабіяваць лепшыя ўмовы толькі для аднаго горада ці для адной кампаніі на шкоду астатнім.

А вось пры мажарытарных выбарах кандыдаты наадварот дбаюць пра занадта вузкія патрэбы маленькіх акруг, ад якіх яны абіраюцца.   

Напрыклад, калі ў дэмакратычнай Беларусі захаваюцца сённяшнія электаральныя правілы, то прадстаўнікам, скажам, шабаноўскай і аўтазаводскай выбарчых акруг Мінска будзе выгадна абараняць завадскіх рабочых менавіта з гэтых раёнаў. І кандыдатам будзе не важна, што на ільготы не хапае бюджэту і што ў краіне ёсць другія прадпрыемствы са сваімі патрэбамі.

Пасля прыватызацыі трапляць у парламент змогуць і новыя «капіталісты», якія часам будуць папросту купляць галасы ў сваёй акругах. Так, ва ўкраінскай Радзе пасля выбараў 1994-га і 1998-га бізнесоўцы складалі каля траціны. У новай дэмакратыі, дзе закон яшчэ слабы, гэта можа дазволіць адзінкавым прадпрыемствам нелегальна атрымліваць выгадныя кантракты ці празмерныя субсідыі.

Напрыклад, расійскія губернатары ў 1990-ых адкрыта ўхвалялі кандыдатаў, якія балатаваліся ў Думу па мажарытарных акругах, каб выбіць з Масквы прэферэнцыі для сябе і сваіх спонсараў. Менавіта губернатары тады кантралявалі рэгіянальныя прыватызацыі і таму шчыльна працавалі з новымі ўладальнікамі.

  • Палітыка не мяняецца занадта рэзка

Так, праз некаторы час мажарытарныя сістэмы спараджаюць дзве моцныя партыі, якія аказваюцца здольнымі выставіць добрых кандыдатаў у шматлікія выбарчыя акругі. Злучаныя Штаты з рэспубліканцам і дэмакратамі ды Вялікабрытанія з лейбарыстамі і кансерватарамі – вядомыя прыклады, дзе спрацаваў гэты прынцып. Але ж такія супрацьстаянні, дзе выйграе толькі адна партыя, могуць тармазіць рэформы, гэтак патрэбныя беларускай эканоміцы.

Былыя чыноўнікі ды прыхільнікі лукашэнкаўскага рэжыму могуць аформіць сваю вялікую постаўтарытарную партыю, як гэта здарылася ў дзясятках краін, у тым ліку постсацыялістычных. Хутчэй за ўсё, яе магчымыя перамогі на мажарытарных выбарах будуць весці да перапынкаў у рэформах і зігзагаў у эканамічнай палітыцы.

Як вынік, будзе назірацца падзенне эканамічнага росту: і мясцовыя бізнесоўцы, і замежныя інвестары чакаюць прадказальнасці. Менавіта такія наступствы дала жорсткая барацьба паміж дэмакратамі і экс-камуністамі ў некаторых краінах былога сацлагера: на працягу 1990-ых іх эканомікі развіваліся на 7 % марудней, чым там, дзе не было такой палярызацыі.

  • Перамога на выбарах каштуе менш

Пры мажарытарнай сістэме дэпутатам становіцца толькі адзін з кандыдатаў па акрузе – і часцяком у маладых дэмакратыях яны гатовыя здабыць галасы выбарцаў нелегальнымі метадамі. Асабліва «старацца» будуць ужо дзейныя парламентарыі з доступам да дзяржаўных рэсурсаў. Для просьбітаў са сваіх невялікіх раёнаў яны будуць здабываць выгадныя пасады, уладкоўваць іх дзяцей ва ўніверсітэты, выцягваць з казны сродкі на школы або шпіталі.

Адным з найбольш даследаваных кейсаў тут з’яўляецца Гана, «дэмакратычная зорка» Афрыкі, дзе выбары праводзяцца менавіта паводле мажарытарнага прынцыпу. У гэтай краіне дэпутаты і не хаваюць, што гэтак патрануюць сваіх выбарцаў, але і не бачаць у гэтым нічога незаконнага.

Аднак з цягам часу выбары сталі такімі дарагімі, што яны па кішэні толькі мясцовым бізнесоўцам ці іх пратэжэ.

Вядома, і ў мажарытарнай сістэмы ёсць свае плюсы. Напрыклад, яна лепш дапамагае выбарцам караць карумпаваных палітыкаў падчас выбараў. Праўда, эфект гэты вельмі нязначны, на ўзроўні сотых працэнта.

Куды больш важна, што выбары паводле прапарцыйнага прынцыпу могуць паменшыць узровень карупцыі, калі супернічаюць буйныя палітычныя партыі, прадстаўнікі якіх займаюць месцы ва ўрадзе па зразумелых правілах. Так выбарцам лягчэй знайсці адказных і зразумець, хто можа прыйсці ім на змену.

Таму разам з пераходам да прапарцыйнай сістэмы Беларусі будзе неабходна як мінімум усталяваць прахадны бар’ер, каб «адсекчы» дробныя партыі, што не змогуць займець падтрымку прынамсі 5 % выбарцаў. Гэтыя новыя правілы не гарантуюць, што беларускі парламент запрацуе на карысць эканомікі, але ж значна падвышаюць шанцы на такую эфектыўнасць.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Стас Гарэлік· 14 Верасня
Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў
Прысуд для эканомікі: Беларусь не можа развівацца без незалежных судоў
Правы беларусаў і іх эканамічныя памкненні мае ахоўваць не міліцыя на маршах, а сумленныя суды. Без іх стаць багатай краінай не атрымаецца.
Зміцер Лысюк· 11 Верасня
Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ
Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ
Вызначаем неабходныя культурныя складнікі неабходныя для нашай рэфарматарскай success story.
Стас Гарэлік· 26 Ліпеня
Чаму Беларусі не патрэбны прэзідэнт
Чаму Беларусі не патрэбны прэзідэнт
У Беларусі прэзідэнцкая ўлада ўмацоўваецца больш за 20 гадоў. Каб зрабіць эканоміку такой жа моцнай, свабодна абраць новага лідара будзе недастаткова, – трэба ў цэлым пазбавіцца ад сённяшняй формы кіравання.